Адкрыць галоўнае меню

Лісты Кміты-Чарнабыльскага

Лісты Кміты-Чарнабыльскага - 30 лістоў-данясенняў Філона Кміты-Чарнабыльскага за 15731574 гады, дасланых з Оршы ў Вільню, якія з'яўляюцца гістарычнымі дакументам эпохі, помнікам старажытнай беларускай літаратуры.[1] Галоўны прадмет белетрызаваных лістоў — падзеі ад 1573 да 1574 гадоў на ўсходняй мяжы, а таксама аналіз становішча ў Маскоўскім княстве. Пра апошнія, як вынікае з тэксту лістоў, аўтар даведваўся ад сваіх агентаў «шпегаў», што дзейнічалі ў суседняй краіне. Ф. Кміта-Чарнобыльскі акумуляваў звесткі, апрацоўваў іх, а затым дасылаў сінтэзаваныя даклады Панам-Радзе (ураду) Вялікага Княства Літоўскага і найбольш уплывовым дзяржаўным асобам. Вылучаюцца лісты да троцкага кашталяна А. Валовіча, у якіх выяўленая асоба аўтара, яго індывідуальны стыль, жыццё і побыт служылай шляхты.

АпісаннеПравіць

Першы ліст датуецца 1573, а апошні — 1574. Лісты напісаны на старабеларускай мове з выкарыстаннем прыказак і прымавак, народных сродкаў гумару і сатыры. Лісты Ф. Кміты-Чарнобыльскага адрозніваюцца тэматычнай разнастайнасцю, багаццем сюжэтаў і шматстайнасцю матываў.[2] Аўтар імкнуўся прадставіць і асвятліць з дастатковай глыбінёй ключавыя падзеі свайго часу. Тэматыка лістоў — службовыя данясенні пра ваенна-палітычную сітуацыю на ўсходніх межах краіны. Раскрываецца становішча ў Маскоўскай дзяржаве, планы Івана IV, руска-татарскія зносіны і інш.

Эпісталярная спадчына Ф. Кміты-Чарнобыльскага належыць да сінкрэтычных помнікаў пісьменства; у іх спалучаюцца эпічны і публіцыстычны пачаткі, літаратурна-мастацкі і гістарычны дыскурсы.[2] У публіцыстычных устаўках Ф. Кміта-Чарнобыльскі, побач з разнастайнымі самаацэнкамі і апраўданнямі, уздымаў грамадска-палітычныя праблемы, прапаноўваў напрамкі змен ваенна-абарончай дактрыны ВКЛ.

Упершыню паведамленне аб лістах было зроблена гісторыкам і археографам І. Грыгаровічам на пасяджэнні Археаграфічнай камісіі ў Санкт-Пецярбургу 25 лістапада 1842. І. Грыгаровіч выявіў рукапісны зборнік XVI ст., які ўтрымліваў 31 ліст Ф. Кміты-Чарнабыльскага за 15731574 гады. На пасяджэнні ён прадставіў пералік і змест гэтых лістоў, адзначыў іх каштоўнасць для вывучэння гісторыі Расіі і Рэчы Паспалітай. У выніку найбольш каштоўныя з пункту гледжання камісіі лісты было вырашана надрукаваць у серыі «Акты, относящиеся к истории Западной России»[3].

У творах Ф. Кміты-Чарнобыльскага дамінавала ваенна-мілітарная тэматыка. Пісьменнік шырока распавядаў пра ваенныя злучэнні Маскоўскага княства: іх склад паводле нацыянальнасці, рэгіёны фарміравання, тыпы ваенных аддзелаў, іх перадыслакацыі і перамяшчэнні, колькасць, віды ўзбраенняў.

Аўтар спыняўся на падзеях мабілізацыі і ваенных прыгатаваннях ва ўсходняй дзяржаве. У лісце за 30 чэрвеня 1574 паведамляў пра прымусовы набор у маскоўскае войска людзей з заваяваных смаленскіх абшараў. Акрэслівліся ваенна-стратэгічныя задачы збройных фарміраванняў. Характарызуючы маскоўскую ваенную групоўку, сканцэнтраваную каля Смаленска, ён зазначаў, што яна мае намер пачаць наступ на перакопскіх і чэраміскіх татараў, корпус якіх рухаўся на Смаленск і Полацк. Аўтар паведамляў пра задуму маскоўскага князя авалодаць Астраханню, а ў лісце да Паноў-Рады апісваў планы маскоўскіх ваяводаў ажыццявіць ваенны паход на шведскія землі. Пры гэтым ён не выключаў, што вораг можа павярнуць на беларускія тэрыторыі. У лісце за 2 сакавіка акцэнт зроблены на з'яўленні ваенных аддзелаў у Смаленску: «люду, де, военного немало до Смоленска прибыло». У лісце ад 1 чэрвеня 1574 ахарактарызавана размяшчэнне аб'яднаных ваенных фарміраванняў — татараў і маскоўцаў, іх гатоўнасць да баявых дзеянняў ва ўрочышчы Авечыя Лужкі і ў вярхоўях Акі. У лісце да М. Радзівіла за 16 чэрвеня 1574 года Ф. Кміта-Чарнобыльскі падаў, на падставе данясенняў агентаў, дэталёвае апісанне ваеннай перадыслакацыі ў раён Серпухава і ўзбярэжжа Акі.

Важная асаблівасць лістоў — імкненне акрэсліць у іх колькасныя параметры войскаў, склад паводле месцаў фарміравання. Ф. Кміта-Чарнобыльскі, як правіла, фіксаваў тэрытарыяльныя набыткі маскоўскіх князёў. Часцей за ўсё паведамляў пра заваяванне новых земляў у форме сціслых даведак. Так, пра здабыццё Казані маскоўскім князем сказана: «Казань одержал». Пісьменнік распавядаў пра паводзіны маскоўскіх заваёўнікаў на акупаваных тэрыторыях. Ён яскрава апісаў сітуацыю ў заваяваным маскоўскім войскам Смаленска: паведаміў пра прыбыццё ў горад вялікай колькасці варожых сіл, якія з дапамогай узбороеных прыставаў пачалі зганяць у горад людзей з наваколляў, з мэтай прымусіць іх адбудоўваць астрог — адзін з галоўных элементаў абарончай сістэмы горада.

Ф. Кміта-Чарнобыльскі асвятляў не толькі варожыя фарміраванні, але і становішча войскаў ВКЛ. Ён распавядаў пра Аршанскі гарнізон («почат»), які складаўся з 50 казакаў, акцэнтуючы ўвагу на цяжкасці з іх фінансавым утрыманнем. Пісьменнік раскрываў ваенныя сутыкненні, якія адбываліся ў тагачаснай Усходняй Еўропе, на мяжы паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Маскоўскім княствам. Аўтар зафіксаваў падзеі ўварвання шведскіх войскаў на маскоўскія землі. Ён адзначыў разгубленасць Івана IV, яго няздольнасць аказаць адэкватнае супраціўленне захопніку.

На старонках лістоў Ф. Кміта-Чарнобыльскі звяртаўся да палітычнай тэматыкі. Увага аддадзена соймавым справам і зменам палітычнага кіраўніцтва. Шмат месца адведзена палітычным інтрыгам у суседнім Маскоўскім княстве. Пісьменнік гаворыць пра кадравыя рашэнні і змены ў кіраванні Ноўгарадам Вялікім, куды намеснікам быў накіраваны сын маскоўскага князя: «А сына, де, старшого князя великий посадил на царстве на Новегороде Великом».

Ф. Кміта-Чарнобыльскі ў лісце за 5 жніўня 1574, адрасаваным А. Валовічу, звярнуўся да падзей раптоўнага ад'езду з ВКЛ вялікага князя Генрыха Валуа. Пісьменнік выказаў сваё стаўленне да ганебнага ўчынка манарха, ахарактарызаваў яго як найвялікшую абразу гонару шляхты ВКЛ, зазначыўшы, што падобнага факту, калі манарх пакідаў сваіх падданых, гісторыя яшчэ не ведала. Аўтар таксама распавёў пра рэакцыю на ўчынак манарха ў Маскоўскім княстве, якая выявілася ў забурэннях на мяжы і вялікім «шмеру» сярод маскоўскіх палітычных колаў.

У мастацкай форме, яскрава перадаў Ф. Кміта-Чарнобыльскі атмасферу палітычнага крызісу ў Вялікім Княстве Літоўскім у перыяд безгаспадарання, які ўзнік пасля ад'езду Генрыха Валуа. У лісце за 5 жніўня 1574, адрасаваным А. Валовічу, ён падкрэсліваў, што ў перыяд пасля ад'езду манарха ўсё ў краіне пайшло наперакасяк: пачаўся бедлам, парушыліся грамадкая мараль і традыцыі, зніклі справядлівасць, сумленнасць, ахвярнасць, цнатлівасць, а замест іх запанавалі — бяспраўе, эгаізм, зласлівасць, скнарасць. Краіна апынулася ў тупіку, на мяжы развалу і поўнага заняпаду. У іншым лісце за 18 жніўня 1574 Ф. Кміта-Чарнобыльскі падаў больш стрыманае вытлумачэнне ад'езду Генрыха Валуа, выказваючы спадзяванне на яго хуткае вяртанне ў Княства пасля пахавання брата.

Асвятляючы ўнутрыпалітычныя падзеі, аўтар засяроджваецца на шляхецкіх з'ездах. У лісце, адрасаваным віцебскаму ваяводу Станіславу Пацу, паведамляецца пра з'езд у Моркаве, дзе былі зацверджаныя земскія пастановы для ўнясення паправак у Статут.

У творах Ф. Кміты-Чарнобыльскага адлюстраваныя тагачасныя міжнародныя дачыненні. Пісьменнік раскрыў характар і шматлікія аспекты дыпламатычных стасункаў у Еўропе, перадусім Цэнтральнай і Усходняй, у другой палове XVII ст. Ён асвятляў візіты паслоў і ганцоў Вялікага Княства Літоўскага ў Маскву. У трох лістах за жнівень-верасень 1574 раскрываюцца асаблівасці пасольскай місіі Завадскага і Мацвея Пратасовіча ў Маскоўскае княства.

На другім месцы ў творах знаходзілася асвятленне дыпламатычных інтрыг Масквы. У лісце за 13 сакавіка 1574 пісьменнік адлюстраваў падзеі перамоў паміж маскоўскім князем, з аднаго боку, і пасламі Казанскага і Астраханскага царства — з другога. Аўтар праліў святло на змест таемных дамоў маскоўскага цара з нагайцамі, якім ён паабяцаў спрыяць у вайне з ВКЛ. У допісах адлюстраваныя перамовы Маскоўскага княства з Швецыяй. Таксама акцэнтавна ўвага на дачыненнях Масквы з татарамі.

Асаблівы акцэнт зроблены на асвятленне візітаў паслоў маскоўскага цара да манарха Вялікага Княства Літоўскага. Пісьменнік раскрыў шматлікія аспекты пасольскай місіі на чале з Фёдарам Елчанінавым. У лісце да С. Баторыя, за 27 ліпеня 1580, Ф. Кміта-Чарнобыльскі часткова закрануў дыпламатычную тэму, апавядаючы пра чаканне маскоўскіх паслоў у Оршы.

Ф. Кміта-Чарнобыльскі падаваў звесткі пра пасольствы іншых краін, якія перасякалі землі ВКЛ. У лісце да М. Радзівіла за 16 чэрвеня 1574 ён распавёў пра шлях малдаўскага пасла які, якія вяртаўся з Масквы на радзіму. У лісце да Паноў-Рады за 18 жніўня 1574 асвятляецца вяртанне з Масквы праз усходнія рубяжы ВКЛ другога малдаўскага пасла — Івана Лагафета.

На старонках лістоў адлюстраваныя падзеі некалькіх важных пасольскіх візітаў. У цэнтры ўвагі Ф. Кміты-Чарнобыльскага — міждзяржаўныя дачыненні паміж Вялікім Княствам Літоўскім, Маскоўскім княствам, Швецыяй, Польшчай, Францыяй, Астраханскім і Казанскім царствамі, Крымскім ханствам, Ватыканам. Апісанні пасольстваў шматпланавыя. Пісьменнік надае вялікае значэнне колькасным параметрам, дакладна інфармуе пра склад вялікіх пасольстваў і дыпламатычных місій, абавязкова называе кіраўнікоў. Як правіла, пісьменнік паведамляў пра дасягненне пасламі або ганцамі апошняй кропкі візіту.

Шмат увагі ў лістах аддаецца раскрыццю прыгодаў і здарэнняу, якія адбываліся з пасламі ў дарозе. У лісце за 1 сакавіка 1574 аўтар асвятляе канфлікт у Смаленску паміж пасламі маскоўскага цара і месцічамі, які скончыўся раненнямі і забойствамі. У лісце за 1 чэрвеня 1574 ён паведамляў пра незразумелую затрымку маскоўскіх паслоў у Смаленску, якія вярталіся дамоў.

Абавязковы кампанент сюжэтаў пра пасольскія місіі — раскрыццё асаблівасцей афіцыйных прыёмаў і перамоў, развітанняў. У лісце да Паноў-Рады за 18 жніўня 1574 аўтар сцісла распавёў пра прыём у Маскве пасланцаў ВКЛ. Аб асаблівасцях перамоў ён пісаў у лісце за 28 жніўня 1574. У лісце за 10 верасня 1574 аўтар толькі прыгадаў факт перамоў паслоў ВКЛ з маскоўскім князем.

Абавязковы кампанент сюжэтаў міжнароднай тэматыкі — вынікі перамоў, змест падпісаных пагадненняў. У лісце за 28 жніўня 1574 аўтар распавядаў пра вынікі перамоў паслоў ВКЛ з маскоўскім князем, якія скончыліся падпісаннем мірнага пагаднення.

Лісты Ф. Кміты-Чарнобыльскага, насычаная дэталямі і разнастайнымі падрабязнасцямі. Але ў сукупнасці апісанні пасольстваў уключаюць восем асноўных частак: раскрыццё намераў і планаў манархаў накіраваць дыпламатычную місію ў іншую краіну; пералік складу пасольстваў, «почата», купцоў і іншых удзельнікаў місіі; акрэсленне паўнамоцтваў кіраўнікоў; апісанне храналогій перамяшчэння і маршрутаў, перыпетыяў і складанасцей паслоў у дарозе; асвятленне асноўных пытанняў, якія абмяркоўваліся падчас дыскусій, раскрыццё характару аргументаў, якія выказваліся кожным з бакоў, узаемных прэтэнзій і ўльтыматумаў; падсумаванне візітаў, фармуляванне асноўных вынікаў дыпламатычных місій, дасягнутыя пагадненні.[2]

Асвятляючы міжнародныя дачыненні, аўтар паведамляў пра сувязі на рэгіянальным узроўні, згадваў частыя кантакты паміж кіраўнікамі гарадоў, што знаходзіліся на мяжы суседніх краін. У прыватнасці, ён піша пра частыя візіты ў Оршу прадстаўнікоў смаленскага ваяводы, з мэтай урэгулявання памежных канфліктаў.

У творах Ф. Кміты-Чарнобыльскага знайшлі адлюстраванне гандлёвыя дачыненні паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам. У лісце за 17 сакавіка 1574 аўтар падаў сюжэт пра карону для маскоўскага князя, вырабленую ў Швецыі за неверагодна высокі кошт.

На старонках лістоў Ф. Кміты-Чарнобыльскага прысутнічала ўрбаністычная тэматыка. Пісьменнік падаў, перадусім, каларытныя апісанні Аршанскага замка, стан яго абарончых збудаванняў. Ён указаў на поўную занядбанасць фартэцыі: непадрыхтаванасць да баявых дзеянняў гармат, адсутнасць неабходных, на выпадак аблогі, запасаў правізіі. У іншым месцы адзначана катастрафічнае становішча каралеўскага палаца, які без належнага дагляду амаль згніў. Пісьменнік, магчыма, згушчаў фарбы, гаворачы: у выпадку, калі вялікі князь наведаецца ў горад, то яму недзе будзе спыніцца і не будзе чым харчавацца, бо ў паграбах няма правіянту. У лісце да Паноў-Рады Ф. Кміта-Чарнобыльскі ахарактарызаваў сацыяльна-эканамічнае становішча Оршы, указаў на адсутнасць у горадзе службовых людзей, якія б паўсталі на абарону горада ў выпадку варожага нападу.

На старонках лістоў Ф. Кміты-Чарнобыльскага шмат персанажаў. Асаблівы прадмет увагі пісьменніка — маскоўскі манарх Іван IV. Аўтар паведамляў пра месцы яго знаходжання, пераезды, атачэнне. Пісьменнік падрабязна спыняецца на палітычных рашэннях і дзеяннях Івана IV, ваенных планах, загадах і распараджэннях, а таксама — унутраных перажываннях і эмоцыях маскоўскага манарха.

На старонках лістоў адлюстраваная дзейнасць тагачасных «шпегаў» — сакрэтных агентаў ВКЛ на Маскоўскіх землях. Сярод іх фігуруюць Іван Труба, Аляксей Надавец, Юрка Жалажковіц, Ламанік, Аксён Драновіч. Пісьменнік раскрыў механізмы сувязі паміж ім, як каардынатарам усходняй разведвальнай сеткі, і агентамі. Аўтар паведаміў, што кантакты ажыццяўляліся праз спецыяльных пасыльных, якія дастаўлялі інфармацыю вусна ці пісьмова. Ён раскрыў аператыўныя асаблівасці працы «шпегаў», характар задач, якія ставіліся перад імі: у першую чаргу здабыццё звестак аб ворагу — «певных и неомыльных». Акцэнт зроблены на матэрыяльным і фінансавым забеспячэнні іх дзейнасці. Раскрыта спецыфіка арганізацыі ваеннай разведкі сярод маскоўскіх аддзелаў, якую ажыццяўляў нейкі Ламанік.

Адна з рысаў творчага метаду Ф. Кміты-Чарнобыльскага — аўтабіяграфічнасць. Аўтар раскрываў прынцыпы ўласнай дзяржаўнай дзейнаоці. Ён зазначаў, што заўжды імкнуўся ўсё ўзгадняць, дакладна прадумваць і аналізаваць, не займаўся палітычнай і дыпламатычнай самадзейнасцю. Настойліва аспрэчваў абвінавачанні ў супрацоўніцтве на карысць маскоўскага князя, што прэтэндаваў на прастол Вялікага Княства Літоўскага пасля ад'езду Генрыха Валуа. У лісце да А. Валовіча за 1 чэрвеня 1574 аўтар раскрыў свае паводзіны, задумы і ўчынкі, якія скіроўваліся на клопат пра Айчыну. Ён распавёў пра свае заслугі перад Бацькаўшчынай, паскардзіўшыся, што іх ніхто належным чынам не ацаніў. Сярод сваіх слынных спраў ён назваў разгром войскаў Шуйскага і Сярэбранага, а таксама вызваленне-выкуп за ўласны кошт палонных.

Шмат разоў аўтар гаворыць пра ўласнае матэрыяльнае становішча. Амаль у кожным лісце скардзіцца на невыноснае жыццё, амаль ультыматыўна прапануе каму-небудзь іншаму пакаштаваць нялёгкага хлеба дзяржаўнага службоўца, акцэнтуе ўвагу на немагчымасць разлічыцца за паслугі ганцоў, выплаціць ганарар вайскоўцам, адрамантаваць гарадскія абарончыя збудаванні. Ф. Кміта-Чарнобыльскі ўказваў, што з-за дзяржаўных спраў ён не меў магчымасці ўпарадкаваць уласную гаспадарку, у выніку чаго Чарнобыльскі маёнтак раскрадзены і расцягнуты. Пісьменнік гаворыць пра свой адчай, апошнюю мяжу трывання, гатоўнасць скласці паўнамоцтвы старасты Оршы, усё кінуць. Аўтар нязменна просіць выплаціць яму ганарар за дзяржаўную службу, а ў лісце да Паноў-Рады акцэнуе ўвагу на немагчымасць утрымоўваць на службе нанятых казакаў.

Аўтабіяграфічнасць у мастацкай тканцы лістоў выявілася ў непасрэднай гаворцы пра сябе і ўласныя праблемы.

БібліяграфіяПравіць

Лісты Ф. Кміты-Чарнабыльскага ўпершыню апублікаваны ў 1844, найбольш поўна з навуковымі каментарыямі — у 1975.

Зноскі

  1. В. Чамярыцкі (1999)
  2. 2,0 2,1 2,2 І. Саверчанка (2010)
  3. Журнал Министерства народного просвещения. — 1842. — Ч. 33. — Отд. III. — С. 41—45.

СпасылкіПравіць