Масарабскі абрад

Масарабскі абрад (іспанскі абрад, вестгоцкі абрад, ісп.: rito mozárabe, visigótico o hispánico) — адзін з заходніх літургічных абрадаў, які практыкуецца ў некаторых гарадах Іспаніі, галоўным чынам у Таледа.

Кафедральны сабор Таледа, цэнтр сучаснай практыкі масарабскага абраду. Капліца справа адмыслова збудавана для цэлебрацый паводле масарабскага абраду

Назва абраду паходзіць ад слова масарабы (ісп.: mozárabes), якое абазначала хрысціян, што жылі на тэрыторыі мусульманскіх княстваў Іспаніі, але паколькі дадзены абрад паходзіць са старажытнага іспанскага ці вестгоцкага абраду, назвы «іспанскі» ці «вестгоцкі» ўжываюцца нароўні са словам «масарабскі». Асаблівы тып спеву, які практыкуецца ў масарабскім абрадзе, называецца масарабскім спевам.

Гісторыя

правіць

Ранняя гісторыя

правіць

Масарабскі абрад вельмі старажытны і ў асноўных сваіх рысах склаўся ў вестгоцкай Іспаніі яшчэ да арабскай заваёвы і з’яўлення саміх масарабаў[1]:610—611. Доўгі час меркавалі, што асаблівы літургічны абрад быў прынесены ў Іспанію заваёўнікамі — вестготамі, таму масарабскую літургію каталіцкія літургісты Новага часу часта называлі «гоцкай». Меркавалася таксама, што карэнныя жыхары Іспаніі выкарыстоўвалі да V стагоддзя рымскую імшу і толькі пад ціскам вестготаў-арыян прынялі новы абрад. Аргументам на карысць гэтай тэорыі былі шматлікія ўсходнія рысы масарабскай літургіі, не ўласцівыя заходнім літургічным абрадам; гэтыя рысы і маглі быць прынесеныя ў Іспанію вестготамі. Слабым месцам гэтай тэорыі былі тэалагічныя непаразуменні католікаў і арыян у Іспаніі, что зводзіла да нуля магчымасць запазычвання католікамі літургіі іх заваёўнікаў-ерэтыкоў[1]:612—613.

У цяперашні час гэтая версія адкінутая, і лічыцца пэўным, што масарабскі абрад ужо існаваў у Іспаніі да вестгоцкай заваёвы[1]:612—613 [2].

Усходнія рысы масарабскай літургіі сапраўды маглі пранікнуць у яе ў вестгоцкі перыяд, але яны з’яўляюцца вынікам бесперарыўных кантактаў іспанскіх каталіцкіх біскупаў, якія палемізавалі з арыянамі і кантактавалі з Візантыяй. У ліку гэтых біскупаў можна назваць Марціна Брагскага, які да абрання на пасаду жыў на Усходзе больш за 20 гадоў і пераклаў на лаціну ўсходнія саборныя правілы; Яна, біскупа Герундскага, гота паводле паходжання, які правёў у Канстанцінопалі 17 гадоў і вярнуўся адтуль супернікам арыян; Леандра Севільскага, сябра Папы Грыгорыя Вялікага і канстанцінопальскага патрыярха Яна IV[1]:612—613. Пра гэтых трох біскупаў вядома, что яны палемізавалі з арыянамі і пацярпелі за веру ад вестгоцкіх каралёў, а таксама ўносілі змены і выпраўленні ў іспанскую літургію[1]:612—613.

Дзейнасць Ісідора Севільскага

правіць
 
Ісідор Севільскі (карціна Мурылья)

Найбольшае значэнне для адзінага масарабскага абраду мелі працы Ісідора Севільскага, таму гэты абрад часта называюць таксама ісідарыянскім[1]:615. У сваёй кнізе De ecclesiasticis officiis («Пра царкоўныя службы») Ісідор падрабязна выклаў і патлумачыў сучасны яму парадак літургіі, а ва ўводзінах да кнігі адназначна назваў сапраўднымі складальнікамі і натхняльнікамі літургіі Святое Пісанне, традыцыю апосталаў і царкоўную традыцыю[1]:616—617.

Чацвёрты Таледскі сабор (633 год), які прайшоў пад кіраўніцтвам Ісідора, даручыў біскупу Севільі напісаць узорныя літургічныя кнігі для здзяйснення адзінага служэння па ўсім Вестгоцкім каралеўстве. У наступныя гады Ісідор Севільскі склаў імшал і брэвіярый, якія з’яўляюцца найважнейшымі помнікамі масарабскага абраду. Можна лічыць пэўным, што Ісідор не складаў новы парадак літургіі, а толькі правёў кампіляцыю існуючых мясцовых літургічных традыцый і на іх аснове выпрацаваў адзіныя для ўсяго каралеўства літургічныя кнігі[1]:615—616[2].

Аўтарытэт Ісідора Севільскага і яго літургічных кніг быў настолькі высокі, што наступныя змены масарабскага абраду, звязаныя з дзейнасцю біскупаў Яўгена Малодшага, Ільдэфонса і Юліяна Таледскіх і Кананцыя Паленцкага датычылі толькі напісання літургічных тэкстаў для новых царкоўных святаў ці новых кананізаваных святых[1]:615[2].

Масарабскі абрад пасля арабскай заваёвы

правіць
 
Альфонс VI, кароль Кастыльі і Леона, які замяніў на сваіх тэрыторыях масарабскі абрад на рымскі

Пасля ўварвання арабаў у Іспанію ў 711 годзе іспанскі абрад захоўваўся ў хрысціянскіх супольнасцях на захопленых тэрыторыях, а таксама на поўначы краіны, у раёнах, якія не былі акупаваны. У наступныя стагоддзі каралі Кастыліі, Леона і Навары дазволілі шэрагу кляштараў прыняць правілы святога Бенедыкта, што аўтаматычна прыводзіла да прыняцця імі і рымскага абраду. Тым не менш, на працягу Рэканкісты Кастыліі масарабскі абрад захоўваўся да кіравання караля Альфонса VI[2].

Сабор у Каянцы (1050 год) даў дазвол капітулам дыяцэзіяльных сабораў і братам манастыроў пераходзіць на рымскі абрад, аднак клірыкі і народ супраціўляліся рэформе[1]:617. 22 сакавіка 1071 года ў кляштары Сан-Хуан-дэ-ла-Пенья ў прысутнасці караля Санча Рамірэса і папскага легата Гуга Прастадушнага ў апошні раз у каралеўстве Арагон адбылася служба паводле масарабскага абраду[3]. Гэты ж манарх, заняўшы наварскі пасад у 1076 годзе, распаўсюдзіў рымскі абрад і на гэтае каралеўства[2]. У 1080 годзе Альфонс VI склікаў у Бургасе сабор духавенства Кастыльі і Леона, на якім было вырашана перайсці з масарабскага на рымскі абрад[2]. Пра непапулярнасць рэформы кажуць два захаваныя паданні пра Божы суд, які супраціўляўся рэформе. Паводле рашэння караля ў 1077 годзе адбыўся паядынак двух рыцараў, якія абаранялі адпаведна рымскі і масарабскі абрады, і перамог у бітве «масарабскі» ідальга[2]. У 1085 годзе масарабскі і рымскі імшалы паводле распараджэння Альфонса VI былі кінутыя ў агонь, і масарабская кніга не згарэла, але кароль, тым не менш, аб’явіў аб перамозе рымскага імшала[2].

У перыяд сарацынскага гасподства ў Іспаніі з’явілася назва «масарабы», якая абазначала хрысціян, што жылі пад мусульманскай уладай. У Таледа хрысціянам было дазволена захаваць за сабой шэсць храмаў (святых Марка, Лукі, Себасцьяна, Торквата, Эўлаліі і Юсты), якія і сталі ў далейшым цэнтрамі масарабскага абраду[1]:610—611[2]. У 1085 годзе Альфонс VI адняў Таледа ў сарацынаў, і ва ўсіх адбудаваных ці асвечаных гарадскіх храмах была ўведзеная літургія паводле рымскага абраду. У тых жа шасці храмах, якія належалі масарабам падчас мусульманскай улады, Альфонс VI дазволіў захаваць гістарычную літургію[1]:611[2]. Такі ж прывілей кароль даў каралеўскай базіліцы Сан-Ісідора ў Леоне[1]:611.

Цягам далейшай Рэканкісты каралі Кастыліі і Арагона прымусова ўводзілі на вызваленых тэрыторыях рымскі абрад, таму па меры адступлення мусульманаў на поўдзень змяншалася і тэрыторыя распаўсюджання масарабскага абраду[2]. Адзіным выключэннем з гэтага правіла была Кордава: масарабскай супольнасці гэтага горада Фердынанд III дазволіў у 1236 годзе захаваць гістарычную літургію. Аднак цягам наступнай паловы стагоддзя масарабская супольнасць пакінула горад, які, у сваю чаргу, быў заселены выхадцамі з Кастыліі, таму масарабскі абрад у Кордаве таксама знік[1]:611.

Такім чынам, да канца XIII стагоддзя адзіным месцам, дзе захаваўся масарабскі абрад, стаў Таледа. Прывілеі, дараваныя Альфонса VI, паслядоўна пацвярджаліся каралямі Альфонса VII (1118 год), Педра Жорсткім (1350 год), Энрыке II (1379 год), Ізабелай I і Фердынандам Каталіцкім (1480 год)[2]. У такой сітуацыі абрад быў асуджаны на паступовае выміранне: літургічныя кнігі псаваліся, іх гоцкая мова была незразумелая большасці клірыкаў, вусная традыцыя масарабскага спеву была страчаная[1]:618.

Адраджэнне масарабскага абраду пры кардынале Хіменесе

правіць
 
Кардынал Франсіска Хіменес дэ Сіснерас

У 1500 годзе кардынал Хіменес, арцыбіскуп Таледа, са згоды каралевы Ізабелы Кастыльскай сабраў у Таледа навукоўцаў, якія ведалі гоцкую мову, і даручыў ім правесці рэвізію захаваных масарабскіх літургічных кніг, паправіць знойдзеныя недакладнасці, не скажаючы арыгінальны тэкст, і перавесці іх на лаціну. У тым жа годзе Хіменес выдаў масарабскі імшал (Missale mixtum secundum regulam Beati Isidori, dictum Mozarabes), а ў 1502 годзе — брэвіярый[1]:619. У капліцы Цела Хрыста кафедральнага сабора Таледа Хіменес заснаваў калегію з 13 святароў для штодзённага здзяйснення набажэнстваў па выдадзеных масарабскіх кнігах[2]. Далей Хіменес дамогся ад Папы Юлія II дазволу на выкарыстанне масарабскага абраду[1]:619. У 1517 годзе Радрыга дэ Талавэра заснаваў капліцу Сан-Сальвадор у саборы Саламанкі і таксама заснаваў там масарабскія набажэнствы[2]. У 1567 годзе масарабскі абрад быў адроджаны ў царкве Марыі Магдалены ў Вальядалідзе[2].

У 1553 годзе Папа Юлій III урэгуляваў пытанне пра змяшаныя шлюбы католікаў рымскага і масарабскага абрадаў. Дзеці, народжаныя ў такіх шлюбах, павінны былі наследаваць абрад бацькі, а жонкі — пераходзіць у абрад мужа. Выключэнне было зробленае для адзіных дачок і наследніц масарабскіх сем’яў: яны мелі права захаваць свой абрад і выхаваць у ім сваіх дзяцей[2].

У выніку дзейнасці Хіменеса масарабскі абрад атрымаў другое нараджэнне і законнае месца ў Каталіцкай царкве Іспаніі. Кампілятары Хіменеса не ўнеслі значных зменаў у арыгінальныя тэксты, таму масарабскі абрад (у адрозненне ад амбразіянскага ці брагскага, якія працягвалі знаходзіцца пад ціскам рымскага абраду ў наступныя стагоддзі) быў рэканструяваны ў выглядзе, максімальна набліжаным да таго, якім ён быў пры Ісідоры Севільскім[1]:620—621.

Рэформы XX стагоддзя

правіць

Яшчэ адну рэформу абрад перанёс у сярэдзіне XX стагоддзя — ён быў рэфармаваны па тых жа прынцыпах, што і рымскі. Папа Ян Павел II дазволіў выкарыстанне масарабскага абраду па ўсёй Іспаніі, аддаўшы канчатковае рашэнне па гэтым пытанні мясцовай канферэнцыі біскупаў. У 1992 годзе першы том новага масарабскага імшала быў прадстаўлены Яну Паўлу II і ім ухвалены; 28 мая таго ж года, у свята Унебаўшэсця Пана, Папа ўпершыню здзейсніў у Рыме масарабскую імшу[4].

Зараз масарабскі абрад рэгулярна выкарыстоўваецца ў дыяцэзіі Таледа, перыядычна ў горадзе Саламанка і іншых гарадах Іспаніі.

 
 
 
Базіліка Сан-Ісідора (Леон) — адна з нешматлікіх цэркваў, дзе захаваўся масарабскі абрад пасля рэформаў Альфонса VI Стары сабор Саламанкі, у якім знаходзіцца капліца Талавэра — яшчэ адзін цэнтр масарабскага абраду Царква Санта-Марыя-Маддалена ў Вальядалідзе — гістарычны цэнтр масарабскай літургіі

Асаблівасці

правіць

У абрадзе прысутнічаюць шматлікія рысы сінагагальнага габрэйскага набажэнства, таксама відавочны ўплыў рымскага абраду, па шматлікіх аспектах масарабскі абрад пераклікаецца з галіканскім абрадам[1]:621—623. Царкоўны спеў масарабскага абраду называюць масарабскім спевам.

Парадак імшы значна адрозніваецца ад рымскага, а ў некаторых выпадках не мае паралеляў ні ў адным з вядомых зараз літургічных абрадаў. Сярод асаблівасцяў можна вылучыць наступныя:

  • Папярэднія малітвы і Confiteor адрозніваюцца ад прынятых у рымскім абрадзе.
  • На літургіі заўсёды былі тры чытанні, у тым ліку адно са Старога запавету[1]:630рымскі абрад старазапаветнае чытанне ўвайшло толькі пасля рэформаў Папы Паўла VI).
  • Алілуя спяваецца пасля, а не перад евангельскім чытаннем[1]:632 [5].
  • Складаная структура знака супакою, якая мае паралелі толькі з галіканскім абрадам[1]:638—639.
  • Літургія ўтрымлівае значную колькасць зменных малітваў, у тым ліку сем з імшала Ісідора Севільскага, у эўхарыстычным каноне зменнымі з’яўляюцца тры малітвы (у рымскім — адна)[6], у візантыйскім[7] і іншых усходніх абрадах[8] — ніводнай).
  • Анафара мае наступную структуру: уступны дыялог, прэфацыя, Sanctus і Post Sanctus, першая эпіклеза, устаноўчыя словы і анамнеза, другая эпіклеза, даксалогія[9][10]
  • У складзе анафары няма інтэрцэсіі, якая выдзеленая ў асобную частку і здзяйсняецца ў пачатку Эўхарыстычнай літургіі пасля аферторыя перад знакам супакою[10].
  • Сімвал веры чытаецца пасля анафары[1]:644—645, а не перад ёй, як у візантыйскім і сірыйскім абрадах, ці пасля чытанняў, як у рымскім. Тэкст сімвала веры мае адрозненні[11].
  • Літургічны тэкст утрымлівае шэраг неперакладзеных грэцкіх выразаў.
  • Эўхарыстычны хлеб пераламляецца на дзевяць ці сем частак, якія выкладаюцца на патэне ў форме крыжа[1]:645 [12].

Існуюць таксама адрозненні ў структуры літургіі гадзін.

Структура імшы масарабскага абраду

правіць

Пачатковыя абрады

правіць
  • Антыфона Лк 15:17-19 — парафраза прыпавесці пра блуднага сына: «Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою; прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх. Колькі наймітаў у доме айца майго маюць удосталь хлеба, а я гіну з голаду; устану і пайду да айца майго і скажу яму: прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх»[1]:623.
  • Kyrie eleison, Ойча наш.
  • Антыфона: Пс 18:13-14, Пс 101:2.
  • «Божа, які робіш дастойных з недастойных, справядлівых з несправядлівых і чыстых з нячыстых, ачысці сэрца маё і цела маё ад усялякай нячыстасці і думкі грахоўнай. Зрабі мяне дастойным і карысным слугой перад алтарамі Тваімі. Дазволь мне на гэтым алтары, да якога я, недастойны, асмельваюся прыступіць, прынесці прыемныя табе ахвяры за грахі, і злачынствы, і незлічоныя штодзённыя мае правіны, і за грахі ўсіх жывых і памерлых вернікаў, і тых, хто даручыў сябе маім малітвам…»[1]:623—624
  • Ave Maria. «У імя Пана нашага Езуса Хрыста. Амэн. Ласка Святога Духа няхай будзе з вамі»[1]:624.
  • Антыфона (чытаецца наперамен святаром і народам): Пс 42, Пс 117:1.
  • Confiteor.
  • Антыфона (чытаецца наперамен святаром і народам): Пс 84:7-8, Пс 117:1.
  • Малітвы каля алтара.

Літургія слова

правіць
  • Prelegendum (або officium) — антыфона на ўваход, аналагічная рымскаму інтроіту[1]:628 [13]
  • Gloria.
  • Малітва вернікаў[1]:630 [13].
  • Святар: «Міласэрнасцю Тваёй, Божа наш, благаслаўлёны, які жывеш і ўсім кіруеш на вякі вечныя». Народ: «Амэн» (спецыфічнае для масарабскага абраду благаслаўленне, якое паўтараецца некалькі разоў на працягу літургіі)[1]:630.
  • Першае чытанне са Старога запавету.
  • Psallendo (даслоўна «для спеву») — прыблізны аналаг рымскага рэспансорыя[1]:631.
  • Другое чытанне з апостала.
  • Працэсія з Евангеллем.
  • Трэцяе чытанне з Евангелля.
  • Казанне.
  • Laudes («хвалы» — аналаг спеву «Алілуя»)[1]:632.

Літургія Эўхарыстыі

правіць
  • Praeparatio oblationem (пар. Аферторый) — канчатковае прыгатаванне хлеба і віна, якое мае складаную структуру і плаўна пераходзіць у Intercessio sollemnes:
    • ціхія малітвы святара падчас спеву Laudes, каджэнне;
    • святар: «Дапамажыце мне, браты, вашымі малітвамі і памаліцеся пра мяне Богу». Народ: «Няхай дапаможа табе Айцец, і Сын, і Дух Святы»;
    • зменная антыфона Sacrificium, падчас якой святар абмывае рукі і чытае ціхую малітву аб ачышчэнні;
    • Oratio Missae — зменная малітва (першая малітва Ісідора Севільскага);
    • святар: «Міласэрнасцю Тваёй, Божа наш, благаслаўлёны, які жывеш і ўсім кіруеш на вякі вечныя». Народ: «Амэн»;
    • «Hagios, Hagios, Hagios, Kyrie o Theos» («Святы, святы, святы, Пане Божа» — грэцкі тэкст, які ўвайшоў у літургію без перакладу);
    • Alia oratio — зменная малітва за жывых і памерлых (другая малітва Ісідора Севільскага). Успамін святых.
  • Intercessio sollemnes — інтэрцэсія, якая ў іншых абрадах звычайна з’яўляецца часткай анафары:
    • Diptycha: Nomina offerentium — тры малітвы-просьбы з успамінам духавенства, пералічэннем апосталаў і іншых святых;
    • Oratio post nomina — зменная малітва «пасля вымаўлення імёнаў» (трэцяя малітва Ісідора Севільскага);
    • завяршэнне «Бо Ты жыццё жывых, здароўе хворых і спакой усіх памерлых верных на вечныя вякі вякоў. Амэн»[1]:632—637[13].
  • Абрад спакою таксама мае складаную структуру з аналогіямі ў галіканскім абрадзе:
    • oratio ad pacem — зменная малітва спакою (пятая малітва Ісідора Севільскага);
    • благаслаўленне народа, якое паказвае важнасць моманту: «Ласка ўсемагутнага Бога Айца, спакой і любоў Пана нашага Езуса Хрыста, і еднасць Святога Духа няхай будзе з усімі вамі». «Падавайце спакой»;
    • народ тройчы адказвае: «Спакой пакідаю вам, спакой мой даю вам: не так, як свет дае, Я даю вам» (Ян 14:27). «Запаведзь новую даю вам, каб любілі адзін аднаго» (Ян 13:34);
    • святар: «Давайце пацалунак любові і спакою, каб быць вам гатовымі да прыняцця Святога Сакраменту Божага»; наступае знак супакою[1]:638—639 [13].
  • Анафара:
    • уступны дыялог;
    • Illatio — зменная, даволі вялікая малітва, аналагічная прэфацыі (разам з малітвай Post Sanctus і ўспамінам Апошняй Вячэры гэта чацвёртая малітва Ісідора Севільскага);
    • Sanctus з невялікімі тэкставымі зменамі;
    • Post Sanctus — зменная малітва;
    • Adesto, adesto Jesu — першая эпіклеза;
    • Enarratio Institutionis — устаноўчыя словы і анамнеза;
    • другая эпіклеза Oratio post Pridie — зменная малітва (шостая малітва Ісідора Севільскага);
    • даксалогія «Па Тваёй волі, святы Пане, бо Ты ўсё гэта вельмі добрае для нас, недастойных слугаў Тваіх, асвячаеш, ажыўляеш, благаслаўляеш і нас надзяляеш, няхай будзе яно благаслаўлёна Табой, Богам нашым, на вякі вечныя»;
    • заключнае благаслаўленне народа[1]:639—644[13].
  • Народ спявае сімвал веры: у ім грэцкае слова Omoousion («адзінасутны») пакінутае без перакладу[1]:644—645. Падчас спеву адбываецца ламанне асвечанага хлеба. Паводле адной з традыцый, атрымліваецца дзевяць часцінак на ўспамін дзевяці падзеяў з жыцця Хрыста: уцелаўленне, нараджэнне, абразанне, аб’яўленне, мука, смерць, уваскрасенне, слава, царства. Часцінкі выкладваюцца на патэне ў выглядзе крыжа (пяць па вертыкалі, а астатнія чатыры — па гарызанталі)[1]:645 [13].
  • Зменная малітва перад «Ойча наш» (сёмая малітва Ісідора Севільскага)[1]:646.
  • Ойча наш.
  • Аб’яднанне Цела і Крыві Хрыста: часцінка «царства» апускаецца ў келіх[1]:647—648[13].
  • Тры зменных і адно нязменнае благаслаўленне («Міласэрнасцю Тваёй, Божа наш, благаслаўлёны, які жывеш і ўсім кіруеш на вякі вечныя»)[1]:648—649[13].
  • Камунія духавенства і народа[1]:649—651[13].
  • Заключныя благаслаўленні і падзякі.

Літургічны год

правіць

Літургічны год у масарабскім абрадзе, як і ў рымскім і амбразіянскім, пачынаецца ў першую нядзелю Адвенту. Масарабскі Адвент налічвае шэсць нядзеляў, гэта значыць, на дзве нядзелі больш, чым у рымскім, і набліжаецца па працягласці да візантыйскага. Пачатак Адвенту ў масарабскім абрадзе прыпадае на першую нядзелю пасля дня святога Марціна (11 лістапада)[14].

Асаблівасцю масарабскага абраду з’яўляецца дата свята Звеставання — 18 снежня (пэўнае падабенства да амбразіянскага абраду, які святкуе Звеставанне ў шостую нядзелю Адвенту). Гэтую дату ўстанавіў Дзесяты Таледскі сабор (656 год), бо традыцыйная для большасці абрадаў дата 25 сакавіка выпадала на Вялікі пост ці Велікодны перыяд[14]. Другой назвай гэтага свята з’яўляецца «Virginis de la O», звязанае са шматразовым гучным і працяглым гукам «о», які суправаджаў спеў гімнаў святочных нешпараў. Гэтае «о» выказвала радасць тых, хто жыў на зямлі, тых, хто знаходзіўся ў чысцы, і анёлаў на нябёсах аб надыходзячым Нараджэнні Хрыста[14]. Таксама нестандартную дату меў успамін мучаніцтва святога Яна Хрысціцеля, які ў масарабскім абрадзе адзначаецца 24 верасня[14]. Пад уплывам рымскага абраду імшал Хіменеса (1500 год) утрымлівае і звыклыя даты гэтых святаў (25 сакавіка і 29 жніўня), але брэвіярый 1502 года захаваў традыцыйныя масарабскія даты, таму літургічны год стаў святкаваць два Звеставанні і два дні мучаніцтва Яна Хрысціцеля[14].

Аб’яўленне адкрывае цыкл з дзевяці нядзеляў, якія нумаруюцца, напрыклад: першая пасля Аб’яўлення. Гэты цыкл часткова накладаецца на Вялікі пост[14].

Вялікі пост у масарабскім абрадзе пачынаецца ў Папяльцовую сераду, але наступная нядзеля, хоць і называецца Dominica prima Quadragesima, яшчэ мае ў літургіі і афіцыі спеў Алілуя. На нешпарах гэтага дня спяваецца так званае Alleluia Perenne — бясконцае Алілуя. Гэта паказвае, што ў старажытнасці пост пачынаўся пасля гэтых нешпараў[14].

Набажэнствы Вялікага тыдня запазычаныя, у асноўным, з рымскага абраду, але захаваліся і некаторыя спецыфічныя асаблівасці. Так, у Пальмавую нядзелю на літургіі адбываецца Traditio Symboli (даслоўна, перадача сімвала веры) — размова, якая раней папярэднічала хросту катэхуменаў. У Вялікую пятніцу на дзявятай гадзіне праводзіцца пакаянны абрад, які суправаджаецца шматкротнымі ўскліканнямі «Indulgentia!», што прыпамінае пра старажытны парадак пакаяння верных. На пасхальнай службе замест рымскага Exsultet спяваецца асаблівы гімн[14].

Масарабскі літургічны год утрымлівае чатыры дадатковыя пасты: тры дні перад Аб’яўленнем (6 студзеня), чатыры дні перад Пяцідзесятніцай, па тры — перад днямі святога Кіпрыяна (13 верасня) і святога Марціна (11 лістапада), прычым усе чатыры склаліся яшчэ да часоў Ісідора Севільскага[14].

Літургія гадзін

правіць

Службы кананічных гадзін у масарабскім абрадзе дзеляцца на Ordo cathedralis (царкоўны абрад) і Ordo monasticus (манастырскі абрад). Ordo cathedralis адпавядае вялікім гадзінам рымскага абраду і складаецца з ютрані (Officium matutinum) і нешпараў (Officium vespertinum). Ordo monasticus мае дзённую гадзіну (трэцюю, шостую і дзевятую), а таксама камплету. Назвы Ordo cathedralis і Ordo monasticus склаліся з той прычыны, што ютрань і нешпары гістарычна служыліся ва ўсіх цэрквах, а малыя гадзіны — толькі ў кляштарах[15].

Акрамя таго, масарабскі абрад існуе ў дзвюх традыцыях, якія ўмоўна называюцца кастыльская (традыцыя А) і таледская (традыцыя В). Адрозненні мала датычаць літургіі, а ў асноўным праяўляюцца ў паслядоўнасці афіцыя[15]

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф х ц ч ш э ю я аа аб ав аг ад ае аё аж аз аі ак ал ам Собрание древних литургий восточных и западных. Анафора: евхаристическая молитва. — М.: Даръ, 2007. — С. 610—653. — 1024 с. — (Духовная академия). — 3 000 экз. — ISBN 978-5-485-00134-6.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м н о п Jenner, H. Mozarabic Rite-1. History and origin (англ.). — Сайт, прысвечаны масарабскаму абраду. Архівавана з першакрыніцы 12 снежня 2011. Праверана 17 сакавіка 2010.
  3. Менендес Пидаль, Рамон. Сид Кампеадор. — С. 52.
  4. EL RITO HISPANO-MOZARABE (ісп.)(недаступная спасылка). — Официальный сайт архиепархии Толедо. Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2002. Праверана 17 сакавіка 2010.
  5. М. С. Желтов, С. В. Титов, Г. Статис. Аллилуиарий // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2001. — Т. II. — С. 30-34. — 752 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-89572-007-2.
  6. Последование мессы Novus Ordo (руск.)(недаступная спасылка). — Тематический портал «Католичество». Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2003. Праверана 17 сакавіка 2010.
  7. Евхаристический канон литургий Иоанна Златоуста и Василия Великого (руск.)(недаступная спасылка). — Литургия.ру. Архівавана з першакрыніцы 22 ліпеня 2002. Праверана 17 сакавіка 2010.
  8. Виктор Алымов. Лекции по исторической литургике (руск.)(недаступная спасылка). — Библиотека Якова Кротова. Архівавана з першакрыніцы 16 чэрвеня 2010. Праверана 17 сакавіка 2010.
  9. Волков А. А. Повествование о Тайной вечере в анафоре испано-мосарабского обряда // Вестник ПСТГУ. Серия I. Богословие, философия. М.: Издательство ПСТГУ, 2011. Выпуск 2 (34). С. 20-33.
  10. а б М. С. Желтов. Анафора // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2001. — Т. II. — С. 179—289. — 752 с. — 40 000 экз. — ISBN 5-89572-007-2.
  11. Missale Mixtum secundum regulam beati Isidori dictum mozarabes: Praefatione, notis et appendice ab A. Lesleo S. J. sacerdote ornatum. Pars prima / A. Lesley. — Roma, 1755. — С. 6.
  12. Missale Mixtum... Pars prima / A. Lesley. — Roma, 1755. — С. 5.
  13. а б в г д е ё ж з Jenner, H. Mozarabic Rite-5. The Mass (англ.). — Сайт, прысвечаны масарабскаму абраду. Архівавана з першакрыніцы 12 снежня 2011. Праверана 17 сакавіка 2010.
  14. а б в г д е ё ж з Jenner, H. Mozarabic Rite-3. The liturgical year (англ.). — Сайт, прысвечаны масарабскаму абраду. Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2011. Праверана 17 сакавіка 2010.
  15. а б Jenner, H. Mozarabic Rite-4. The Divine office (англ.). — Сайт, прысвечаны масарабскаму абраду. Архівавана з першакрыніцы 12 снежня 2011. Праверана 17 сакавіка 2010.

Літаратура

правіць
  • Католическая энциклопедия. Т. 3. М., 2007.
  • Кунцлер, Михаэль. Литургия Церкви = Die Liturgie der Kirche. — Христианская Россия, 2001. — Т. 2. — ISBN 5-94270-013-3.
  • Собрание древних литургий восточных и западных. Анафора: евхаристическая молитва. — М.: Даръ, 2007. — С. 610—653. — 1024 с. — (Духовная академия). — 3 000 экз. — ISBN 978-5-485-00134-6.

Спасылкі

правіць