Мілаславічы

аграгарадок у Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці Беларусі

Міласла́вічы[2] (трансліт.: Milaslavičy, руск.: Милославичи) — аграгарадок у Клімавіцкім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Іпуць, адміністрацыйны цэнтр аднайменнага сельсавета.

Аграгарадок
Мілаславічы
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Ганна, Скрылінава
Вышыня цэнтра
184 м
Насельніцтва
558 чалавек[1] (2020)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2244
Аўтамабільны код
6
Мілаславічы на карце Беларусі ±
Мілаславічы (Беларусь)
Мілаславічы
Мілаславічы (Магілёўская вобласць)
Мілаславічы

Мілаславічы — былое мястэчка, колішні цэнтр павета і раёна. Знаходзіцца за 23 км на паўночны ўсход ад Клімавічаў, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Шасцёраўка (лінія Магілёў — Рослаўль); на аўтамабільнай дарозе Клімавічы — Макеевічы. На ўсход ад вёскі размяшчаецца Мілаславіцкае вадасховішча[3].

Гісторыя

правіць

Вялікае Княства Літоўскае

правіць

Упершыню згадваецца ў 1604 годзе як сяло ў Крычаўскай воласці Вялікага Княства Літоўскага, знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасці[4]. У 1725 годзе на землях Мілаславічаў, на правым беразе ракі Іпуць, было заснавана мястэчка Ганна, названае ў гонар яго ўладальніцы — Ганны Кацярыны Радзівіл з Сангушкаў. Тэрмін слабады мястэчку быў вызначаны на 15 гадоў. Згодна з інвентаром Крычаўскага староства за 1727 год, у Ганне, якое было таксама вядома як Скрылінава, налічвалася 87 дымоў, млын і сукнавальня, у 1737 годзе дзейнічала царква. Паводле інвентара староства 1747 года, цэнтрам паселішча быў рынак плошчай 1500 м², ад якога адыходзілі 4 вуліцы: Ганчарная, Ладзяшанская, Старэцкая, Шумяцкая і Лагавая, якая ішла над ракой[5].

Пад уладай Расійскай імперыі

правіць

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе сяло ўвайшло ў склад Расійскай імперыі і ў наступным годзе было аб’яднана з мястэчкам Ганнай пад агульнай назвай Мілаславічы. Тады ж паселішчу быў нададзены статус павятовага горада Магілёўскай губерні, аднак пасля зменаў у адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзеле ў 1777 годзе Мілаславічы ў спісе гарадоў не значыліся[6].

У 1779 годзе Мілаславічы — мястэчка ў Крычаўскім старостве Клімавіцкага павета Магілёўскай губерні, уласнасць памешчыка. Па звестках 1830 года, у мястэчку, якое на той час было цэнтрам воласці, працавалі 3 вадзяныя млыны, 4 карчмы, алейня, хлебазапасны магазін, двойчы на год адбываліся кірмашы. Частка жыхароў займалася кавальствам. Станам на 1858 год, паселішча знаходзілася ў дзяржаўнай уласнасці. У тым жа годзе быў заснаваны бровар, дзе ў 1884 годзе паставілі паравую машыну[6].

У красавіку 1884 года ў выніку пажару згарэла каля 70 двароў, царква, будынак валаснога праўлення і народнае вучылішча, страты склалі звыш 41 тыс. рублёў. Паводле вынікаў перапісу 1897 года, у Мілаславічах былі двухкласная земская і аднакласная царкоўнапрыходская школы, прыёмны пакой, хлебазапасны магазін, піцейны і малітоўны дамы, царква, а таксама 23 крамкі. 8 лістапада 1905 года жыхары Мілаславічаў і навакольных вёсак падчас хваляванняў знеслі млын і плаціну ў Макеевічах[6].

У 1917 годзе ў мястэчку быў створаны рэўкам, які ўзначаліў Я. Ф. Дуброўскі, аднак супраць яго з боку прыхільнікаў Часовага ўрада было арганізавана ўзброенае выступленне. Выступленне было задушана пасля тэлеграмы У. І. Леніну, які дапамог рэўкамаўцам зброяй, дастаўленай з Рослаўля. На той час у вёсцы дзейнічаў камітэт беднаты[6].

Найноўшы час

правіць

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Мілаславічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года, згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі, яны ўвайшлі ў склад БССР. 16 студзеня вёска разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі апынулася ў складзе РСФСР, але ў 1924 годзе, у выніку першага ўзбуйнення БССР, Мілаславічы вярнулі Беларусі, дзе 20 жніўня яны сталі цэнтрам сельсавета ў Клімавіцкім раёне.

У пачатку 1920-х гадоў у вёсцы былі створаны крэдытнае таварыства, масларобчая арцель, пункт па ліквідацыі непісьменнасці (1923), хата-чытальня (1924), урачэбны ўчастак (1926), а таксама таварыства па сумеснай апрацоўцы зямлі. Яшчэ 16 жніўня 1921 года пачало працаваць сельскагаспадарчае таварыства «Усход» (у 1925 годзе мела 95 га зямлі), у 1925 годзе значыліся таксама сельскагаспадарчыя прадпрыемствы «Векер» і «Вызваленне».

14 кастрычніка 1925 года ў Мілаславічах адбылася выстаўка, падчас якой былі прадэманстраваны дасягненні ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці. У канцы 20-х гадоў XX стагоддзя ў мястэчку знаходзіліся 2 кааператыўныя лаўкі, паштова-тэлеграфнае аддзяленне, лясніцтва, дзейнічала кінаўстаноўка (адкрылася ў 1926 годзе). У 1928 годзе для сямігадовай школы, дзе працавалі 10 настаўнікаў, было пабудавана новае памяшканне, меўся інтэрнат.

8 мая 1930 года быў утвораны калгас імя І. В. Сталіна, які па звестках 1932 года аб’ядноўваў 141 гаспадарку, меў 630 га ворнай зямлі. У 1929 годзе былі адкрыты абмулаторыя, аптэка, шавецкая арцель «Новая праца», працавалі 3 кузні. У перадваенны час у вёсцы быў узведзены новы будынак школы, пачала працу МТС, якая ў 1938 годзе мела 44 трактары[6].

 
Мілаславічы ў 1941 годзе

У часы Другой сусветнай вайны вёска да 27 верасня 1943 года была акупіравана нямецкімі войскамі. У жніўні 1941 года ў наваколлі вяліся баявыя дзеянні з удзелам 137-й стралковай дывізіі. У верасні 1943 года нацысты забілі 116 жыхароў, спалілі 88 двароў у Мілаславічах. У памяць аб гэтым перад будынкам сельсавета быў усталяваны абеліск, у брацкай магіле каля вёскі пастаўлены помнік 14 загінулым салдатам.

Пасля вайны Мілаславічы аднавіліся, у 1956 годзе да іх быў далучаны пасёлак Атрашэнкава. Станам на 1986 год, працавалі аптэка, бальніца, бібліятэка, гандлёвы цэнтр, дом культуры, дзіцячы сад-яслі, камбінат побытавага абслугоўвання насельніцтва, сярэдняя школа імя М. А. Старавойтава, паштовае аддзяленне, ферма буйной рагатай жывёлы, рамонтныя майстэрні[7].

Пасля рэстаўрацыі ў 2004 годзе аднавіла дзейнасць царква. У 2007 годзе вёсцы быў нададзены статус аграгарадка[8]. У 2008 годзе ў Мілаславічах быў знойдзены грашовы скарб колькасцю ў 150 манет, датаваных XVIII—XX стагоддзямі, які быў перададзены ў Клімавіцкі краязнаўчы музей[9].

Насельніцтва

правіць
  • XVIII стагоддзе: 1779 год — 51 двор, 382 жыхары; 1784 год — 54 двары, 355 жыхароў[6].
  • XIX стагоддзе: 1858 год — 88 двароў, 422 жыхароў; 1885 год — 63 двары, 490 жыхароў, з якіх 115 яўрэяў[10]; 1897 год — 205 двароў, 1403 жыхары[6].
  • XX стагоддзе: 1909 год — 199 двароў, 1561 жыхар у мястэчку Мілаславічах і 3 двары, 21 жыхар у фальварку Мілаславічах; 1926 год — 224 двары, 1119 жыхароў; 1940 год — 121 двор, 533 жыхары; 1986 год — 293 двары, 767 жыхароў; 1998 год — 262 двары, жыхары[7]; 1999 год — 285 двароў, 775 жыхароў[4].
  • XXI стагоддзе: 2007 год — 258 двароў, 702 жыхары[6]; 2015 год — 225 двароў, 632 жыхары[8]; 2019 год — 565 жыхароў[8]; 2020 год — 215 двароў, 558 жыхароў[1].

Насельніцтва

правіць

Дзейнічаюць амбулаторыя, аддзяленне паштовай сувязі, аптэка, бібліятэка, ДУА ВВК «Мілаславіцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа Клімавіцкага раёна», закусачная, комплексны прыёмны пункт, 3 крамы — дзяржаўная і 2 прыватныя, пажарны аварыйна-выратавальны пост № 13, цэнтр культуры і вольнага часу, цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва[1][8].

Эканоміка

правіць

Працуюць філіял Клімавіцкага лясгаса — Мілаславіцкае лясніцтва, участак ВКП «Камунальнік»[1].

Забудова

правіць

Праект планіроўкі і забудовы Мілаславічаў быў распрацаваны ў 1985 годзе. Планіроўка прамавугольная. Рака падзяляе вёску на паўночную і паўднёвую часткі. У паўночнай частцы ад галоўнай просталінейнай вуліцы на паўночны захад адыходзяць 2 просталінейныя кароткія вуліцы, злучаныя на поўначы крывалінейнай вуліцай з завулкамі. У паўднёвай частцы 2 крывалінейныя вуліцы амаль шыротнай арыентацыі злучаюцца ў цэнтры плыўна выгнутай вуліцай з завулкамі. Забудова двухбаковая, шчыльная, пераважна драўляная сядзібнага тыпу. На галоўнай вуліцы размяшчаюцца асноўныя мураваныя грамадскія будынкі. Частку забудовы складаюць 2-павярховыя 4-кватэрныя дамы. Гаспадарчы сектар знаходзіцца на паўночнай і ўсходняй ускраінах[6].

Славутасці

правіць

Вядомыя ўраджэнцы

правіць

Зноскі

правіць
  1. а б в г Сельскія Саветы дэпутатаў (руск.). Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт (1 студзеня 2020). Праверана 10 жніўня 2020.
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. — ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU)
  3. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Т. 3. — 599 с. — 10 000 экз.
  4. а б БелЭн 2000.
  5. ЭнцВКЛ 2010.
  6. а б в г д е ё ж з Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — С. 117
  7. а б Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 592 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. — С. 142
  8. а б в г Аграгарадок Мілаславічы (руск.). Клімавіцкі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 10 жніўня 2020.
  9. Скарб на гародзе . Наша ніва (23 ліпеня 2008). Праверана 10 жніўня 2020.
  10. Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VI: Malczyce — Netreba (польск.). — Warszawa, 1885. — S. 440.

Літаратура

правіць