Нарач (аграгарадок, Мядзельскі раён)

аграгарадок у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці Беларусі

На́рач[2] (трансліт.: Narač, руск.: Нарочь; да 1964 года Кабы́льнік) — аграгарадок у Мядзельскім раёне Мінскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Нарацкага сельсавета. Насельніцтва аграгарадка складае 2 581 чалавек (2010).

Аграгарадок
Нарач
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Ранейшыя назвы
да 1964Кабыльнік
Вышыня цэнтра
196 м
Насельніцтва
  • 2 255 чал. (2013)[1]
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1797
Паштовы індэкс
222395
Аўтамабільны код
5
Нарач на карце Беларусі ±
Нарач (аграгарадок, Мядзельскі раён) (Беларусь)
Нарач (аграгарадок, Мядзельскі раён)
Нарач (аграгарадок, Мядзельскі раён) (Мінская вобласць)
Нарач (аграгарадок, Мядзельскі раён)

Тапонім Кабыльнік, магчыма, звязаны са шляхцічам Васілём Кабыліным, якому граматай вялікага князя Жыгімонта Старога ад 12 снежня 1522 года была пацверджана купля ў князёў Пятра і Андрэя Свірскіх маёнтка Жары, у Людвіка Свірскага — «зямлі пустоўскай на імя Трухаўшчына» (Труханкі) і ў Пятра Свірскага «зямлі пустоўскай на імя Якубоўшчына на Едупе» (Рэдупля). У суседнім Пастаўскім раёне ёсць назва Кабыльнішкі. Таксама назва можа паходзіць ад польскага kobylak — «конскае шчаўе».

Варыянты напісання назвы ў гістарычных крыніцах Кабельнікі, Кабыльнікі.

У 1964 годзе савецкія ўлады змянілі назву паселішча на Нарач, што прычыніла блытанне з аднайменным курортным пасёлкам або самім возерам Нарач.

Гісторыя

правіць

Вялікае Княства Літоўскае

правіць

Паводле некаторых звестак, упершыню Кабыльнік упамінаецца ў XV стагоддзі пад назвай Мядзел Малы (лац. Medal Minor). Аднак, у наш час не атрымалася знайсці дакументальных пацвярджэнняў гэтаму. Ускосная спасылка ёсць у кнізе польскага гісторыка Юзафа Вольфа, даследнік сцвярджае, што на месцы сучаснай вёскі Швакшты размяшчаўся «двор Замяделье» князя Пятра Свірскага (сярэдзіна XV ст.).

У 1463 годзе ў Кабыльніку збудавалі драўляны касцёл (перабудоўваўся ў 1736 годзе). 11 красавіка 1527 года А. М. Свірскі і яго жонка Соф’я прадалі «добры свае дзедзічныя Мядзела і Кабыльнікі» ваяводу віленскаму Альберту Гаштольду і яго нашчадкам за 300 коп «вечным правам». У 1579 годзе «имением Кабыльникъ» валодае «Княжна Мстиславская, Настася Михайловна» якая перадае іх у вечнае ўладанне свайму мужу Стэфану Збаражскаму. Пазней Кабыльнік знаходзіўся ў прыватным валоданні князёў Збаражскіх (XVI ст.), Храпавіцкіх (XVII ст.), Козелаў і Абрамовічаў (XVIII ст.). Вялікі пісар літоўскі Людвік на Бакштах Хамінскі прадаў Кабыльнік кашталяну ашмянскаму Марціну Аскерку. Ад Аскеркаў маёнтак перайшоў у валоданне Антонія Свентажэцкага.

У выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1555—1556 гадоў Кабыльнік увайшоў у склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства. На 1641 год у мястэчку было 19 дамоў.

 
А. Ромер. Стары касцёл, 1880 г.

У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) улетку 1708 года праз Кабыльнік і Мядзел праходзіў 11-тысячны корпус шведскага генерала Адама Людвіга Левенгаўпта ў кірунку Даўгінава (прыбыў на двухтыднёвы пастой 15 жніўня).

У час паўстання Тадэвуша Касцюшкі ў Кабыльніку размяшчаўся авангард 27-га Завілейскага палка паўстанцаў (генерал-маёр Ксаверы Зяньковіч). Неўзабаве ў Кабыльніку былі сканцэнтраваны асноўныя сілы Завілейскага палка ў колькасці больш за 700 чалавек з трыма гарматамі. Аднак, пасля начной атакі войскамі генерала Германа, паўстанцы мусілі адступіць да Міхалішкаў.

Расійская імперыя

правіць
 
Кабыльніцкая сінагога (1915—1918)

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795 год) Кабыльнік апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, у Свянцянскім павеце Віленскай губерні. На 1847 год Кабыльнік уваходзіў у склад двух аднайменных маёнткаў. Першая частка мястэчка складалася з 8 двароў і знаходзілася ў валоданні пана Свентажэцкага. Тут працавалі вадзяны млын і вінакурня (з 1845 года). Таксама, апроч гэтай часткі мястэчка, да першага маёнтка належалі 4 вёскі і 2 засценкі. Другая частка Кабыльнікаў належала да іншага маёнтка, уладання братоў Шышкаў. Тут было 17 двароў. Таксама да другога маёнтка належала яшчэ адна вёска. На 1860 год у Кабыльніку было 45 двароў.

У час нацыянальна-вызвольнага паўстання (1863—1864) у красавіку 1863 года каля Кабыльніка прайшоў аддзел паўстанцаў у колькасці 100 чалавек на чале з Густавам Чаховічам. Месцам для сваёй базы аддзел абраў пушчу ля возера Нарач, дзе меў намер злучыцца з паўстанцамі Лявона Чаховіча. Расійскія ўлады наладзілі карныя пошукі. У Кабыльнік прыбылі дзве роты лейб-гвардыі грэнадзёрскага палка і 15 казакоў на чале з палкоўнікам Розлачам.

У 1866 годзе ў мястэчку Кабыльнік і двух аднайменных фальварках налічваліся 33 дамы. На 1885 год у Кабыльніку было 17 двароў, дзейнічалі касцёл, царква і сінагога; працавалі багадзельня, 4 крамы, карчма; праводзіліся 5 кірмашоў на год, а таксама таржок па аўторкам. У 1892 годзе адкрылася народнае вучылішча. На 1903 год у мястэчку існавалі скарбовая вінная крама, прыёмны пакой, паштовая станцыя на дарозе Камаі — Кабыльнік. У пачатку XX стагоддзя ў Кабыльніку былі млын, рыбаводныя сажалкі каля сядзібна-паркавага комплексу. У 1905—1913 гадах у мястэчку працавала вінакурня на паравым рухавіку.

 
Кабыльнік, 1916

За часамі Першай сусветнай вайны ў верасні 1915 года Кабыльнік занялі войскі Германскай імперыі, нямецка-расійскі фронт усталяваўся каля Пасынак (6 км на ўсход ад мястэчка). У панскім маёнтку размяшчаўся штаб нямецкага 21-га ўзмоцненага корпусу пад камандаю генерала Аскара фон Гуцьера, у склад якога ўваходзілі 5 дывізій і 1 брыгада. Корпус вызначыўся ў нарачанскай бітве ў сакавіку 1916 года. У царкве месціўся шпіталь для параненых. Забітых нямецкіх і расійскіх салдат хавалі на каталіцкіх могілках на поўнач ад вёскі. Кабыльнік злучылі вузкакалейкай з Лынтупамі, Паставамі і возерам Мядзел. Каля мястэчка дзейнічаў нямецкі ваенны аэрадром.

Найноўшы час

правіць

25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай Кабыльнік абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП (б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР.

У 1919 годзе ў Кабыльнік увайшлі польскія войскі, 11 ліпеня 1920 года мястэчка занялі бальшавікі. У кастрычніку 1920 года Кабыльнік апынуўся ў складзе Сярэдняй Літвы, пазней — міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе стаў цэнтрам гміны Пастаўскага павета Віленскага ваяводства. На 1931 год у мястэчку дзейнічалі касцёл, царква і сінагога, працавалі цагельня, млын з лесапілкай, аптэка і пажарнае дэпо, у аўторкі праводзіліся таргі, раз на месяц — кірмаш. У міжваенны час у Кабыльніку працавала прыватная гарбарня (апрацоўваліся скуры авечак і цялят для вырабу абутку), прадпрыемства апрацоўкі воўны, 2 кузні, 2—3 сталяркі (у адной вырабляліся лыжы), 2 варштаты для рамонту ровараў, майстэрні вырабу колаў і тавараў з бляхі, 2 пякарні, 2 мясныя крамы, малакарня і 2 рэстараны. На 1939 год у мястэчку было 10 вуліц.

У 1939 годзе Кабыльнік увайшоў у БССР. 12 кастрычніка 1940 года статус паселішча панізілі да вёскі, якая стала цэнтрам сельсавета Мядзельскага раёна Вілейскай (з 20 верасня 1944 года — Маладзечанскай) вобласці.

У Другую сусветную вайну ў чэрвені 1941 года Кабыльнік акупавалі войскі Трэцяга рэйха. У 1942 годзе нацысты канчаткова знішчылі мясцовых яўрэяў. Улетку 1943 года немцы і паліцаі пакінулі Кабыльнік. Карыстаючыся гэтым, паселішча захапілі чырвоныя партызаны, падначаленыя дэпутату Вярхоўнага Савета БССР падпалкоўніку Фёдару Маркаву. У час сваёй акцыі партызаны павыганялі з хат местачкоўцаў, а сам Кабыльнік і палац Свентажэцкіх спалілі. Савецкія партызаны таксама забілі мясцовага ксяндза Паўловіча.

У 1947 годзе ў Кабыльніку з’явіліся радыёвузел і спіртовы завод; працавалі шпіталь, лясгас, млын, рыбакамбінат. У 1949 годзе савецкія ўлады стварылі калгас «Перамога». У гэты час у вёсцы працавалі сукнавальня, хлебапякарня, 3 крамы, лекарскі ўчастак, аптэка, клуб, бібліятэка, пошта, хата-чытальня. З 20 студзеня 1961 года Кабыльнік знаходзіцца ў складзе Мінскай вобласці. 30 ліпеня 1964 года вёска Кабыльнік была перайменавана ў вёску Нарач[3]. На 1997 год у Нарачы было 1009 двароў, на 1999 год — 800. У 2000-я гады Нарач атрымала афіцыйны статус аграгарадка.

Славутасці

правіць

Вядомыя асобы

правіць

Зноскі

  1. http://myadel.gov.by/uploads/files/000160_467589__selskij_sovet.doc
  2. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU)
  3. Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР ад 30 ліпеня 1964 г. Аб перайменаванні некаторых населеных пунктаў Беларускай ССР // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1964, № 23 (1063).

Спасылкі

правіць