Касцёл Святога Андрэя (Нарач)

Касцёл Святога Андрэя Апостала — рымска-каталіцкі касцёл у аграгарадку Нарач (Кабыльнік) Мядзельскага раёна, Мінскай вобласці, помнік неаготыкі[1]. Належыць да Будслаўскага дэканата Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пры касцёле дзейнічае місія кармелітаў босых(руск.) бел..

Каталіцкі храм
Касцёл Святога Андрэя Апостала
Андрэеўскі касцёл і званіца
Андрэеўскі касцёл і званіца
54°56′19″ пн. ш. 26°41′14″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Вёска Нарач
Канфесія Каталіцтва
Епархія Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
Ордэнская прыналежнасць Кармеліты
Архітэктурны стыль Неаготыка
Дата заснавання 1897
Будаўніцтва 18971901 гады
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 612Г000443шыфр 612Г000443
Стан дзейнічае
Сайт Афіцыйны сайт

ГісторыяПравіць

 
Касцёл у Кабыльніку на гравюры Ромера, пачатак XIX ст.

Гісторыя парафіі і драўлянага касцёлаПравіць

Паводле Курчэўскага, князі Свірскія ў 1463 годзе здзейснілі фундацыю на касцёл у Кабыльніках: надалі адну траціну жыхароў, шмат вёсак і засценкаў, азёр і рэк. Паводле Пжылагоўскага, у 1464 годзе князі Свірскія збудавалі ў сваім маёнтку драўляны касцёл у гонар святога Андрэя Апостала. Ксяндзу для ўтрымання касцёла і на ўласныя патрэбы падаравалі 9 азёр і адну раку, яйкі, масла, сыр і інш.

У зборніку старажытных грамат пад назвай «Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej = Codex diplomaticus ecclesiae cathedralis necnon Dioeceseos Vilnensis». - T. 1. 1387—1507. — (Krakow, 1932) змешчаны тры граматы адносна касцёла Св. Андрэя у Малым Мядзелі:

  • 21 мая 1434 года — дароўная грамата вялікага князя літоўскага Жыгімонта Кейстутавіча;
  • 20 сакавіка 1440 года — зацвярджальная грамата вялікага князя адносна рэктара касцёла Марцiна Дабрылоўскага;
  • 22 чэрвеня 1463 года — дароўная грамата Андрэя Пецькавіча, князя Свірскага, каноніка віленскага і плябана ў Варнянах.

Аднак у каментарыях да гэтых грамат, складальнікі зборніка адзначалі, што яны фальсіфікаты. Таму пытанне пра дакладную дату заснавання касцёла застаецца адкрытым.

Паводле "Падымных рэестраў Віленскага ваяводства за 1690 год", Кабыльніцкая парафія ў 1667 годзе налічвала 26 1/6 дымоў, а ў 1690 годзе - 369 дымоў. Кабыленская парафія ахоплівала значную колькасць навакольных абшараў: Занарач, ашмянскай падкамаранкі вяльможнай пані Данілевічавай; Казінец, гродзенскага чэсніка пана Фларыяна Урбановіча; Памошша, пана Байкоўскага; Кузьмічы, пані Кацярыны Ракіцкай; Чэцьверць, пана Міхала Свірскага; Варанец, таксама пана Свірскага; Ёдуці Лабініе (напэўна, Бледне), арандаваў пан Міхал Свірскі; Чэцьверць, пана Яна Казіміра Калантая (альбо Калумдая); Рудашаны, пана Казіміра Свірскага; Ленеўшчызну, пана Канстантына Піскуна Варанецкага; Ёдуці (Ёдупу) пана Юрыя Лапы; Сямёнаўшчызну пана Станіслава Шышлы; Ніўе (Нухве) пана Марціна з толыхва (?) з братам; Чэцьверць Радзівілаўскі пана Юр'я Двароўскага (альбо Тваркоўскага); Рудашаны пана Юрыя Івашкевіча; надзел айца Эмануэля Ламановіча, прасбітара царквы занарацкай і вузлянскай; Сямёнаўшчызну, паноў Станіслава і Барталамея Шышлаў; Барклаўшчызну, пана Гедройця; Даўцюны, пана Тызенгаўза; Кабыльнікі і Камароўшчызну, пана Агінскага; Кабыльнікі, пана падскарбія ВКЛ; Крывец, пана Урбановіча; Касялоўшчызну, пана Юшкевіча; Казінец, пана Сулістроўскага; кабыленскую плябанію[2]. У 1690 годзе кабыленскай плябаніі належыла 11 дымоў. 

У 1746 годзе касцёл быў рэканструяваны на сродкі Марціна Аскеркі[3], кашталяніча навагрудскага. У гэтыя часы касцёл апісваюць як святыню «немалых памераў», інтэр'ер якой упрыгожвалі 6 алтароў. Пасля пажару 1862 г., касцёл аднаўляецца «коштам плябана Людвіга Мініцкага і Тытуса Свентаржэцкага». У святыні былі 3 алтары, у галоўным з якіх знаходзіўся абраз Маці Божай з Дзіцяткам Ісусам у срэбнай шаце з пазалочанымі элементамі.

Паводле звестак «Памятнай кніжкі Віленскай губерні" за розныя гады адміністратарам Кабыленскага касцёлу быў Уладзіслаў Руткоўскі, а ў 1872 годзе адміністратарам касцёла 4 кл. ў Кабыльніку быў Станіслаў Сульжынскі. У 1874 годзе ўжо настаяцелем Кабыленскай парафіі быў Іосіф Бержанскі; у 1881 годзе — Антоній Грэковіч; у 1886 годзе — Міхал Ардынскі.

У 1896 годзе драўляны касцёл згарэў.

Мураваны касцёлПравіць

 
Касцёл у Кабыльніку, каля 1919

1897 г., 2 верасня — побач з месцам, дзе знаходзіўся будынак старога касцёла, быў закладзены падмурак новай мураванай святыні. Галоўны арганізатар будоўлі — ксёндз Ігнат Расалоўскі. Фундатары — мясцовыя парафіяне. Паводле ўспамінаў Альбіны Маліноўскай з Малой Сырмежы, чырвоную цэглу прывозілі з Паставаў, лес для будаўніцтва даў пан Скірмунт з Шэметава. Захаваўся абразок з запісам на адвароце, што Ян Койра ахвяраваў 5 долараў на цэглу для храму.

9 верасня 1901 г. будаўніцтва храма было скончана, а сам касцёл быў асвечаны. 9 лістапада 1903 года Папам Рымскім Піем Х ардынатарам Віленскай дыяцэзіі быў прызначаны біскуп Эдвард Роп. 13 чэрвеня 1904 г. яго ўрачыста інтранізавалі ў кафедральным саборы св. Станіслава ў Вільні. Першай візітацыяй падчас яго дзейнасці стала паездка ў Кабыльнік і асвячэнне новага будынка касцёла. 25 ліпеня 1904 года храм быў ім кансекраваны(руск.) бел..

У 1907 годзе пробашчам касцёлу па-ранейшаму быў Iгнацый Расалоўскi. У 1908—1913 гг. пробашчам касцёла і вікарыем у Кабыльніцкім касцёле быў ксёндз Адам Плескачэўскі, а ў 1915 годзе — Ян Сілевіч.

Пра касцёл у гады Першай сусветнай вайны ўзгадваецца ва ўспамінах местачковага жыхара Маліноўскага:

«Спачатку ў 1915 годзе немцы жылі ў касцёле, дзе палілі печкі. Затым касцёл пачаў дзейнічаць па прызначэнні. Адзін раз у тыдзень маліліся ў касцёле цывільныя, нашыя людзі, з 11 гадзін немцы каталіцкай, а пазней лютэранскай веры… 16 сакавіка 1916 года ля касцёлу з боку могілак упалі дзве бомбы. Усё шкло ў касцёле выпала, параніла людзей».

Пры Польшчы ў храме працавалі арганісты. Пражывалі арганісты ў двухкватэрным драўляным доме па вуліцы Першамайскай (зараз дом № 58). У 1919—1925 гг. арганістам у касцёле працаваў Ігнаці Антонавіч Кучынскі. У 1930 годзе ў мястэчка прыехаў арганіст Браніслаў Казіміравіч Каравацкі[4], які скончыў навучанне пры Арцыдыяцэзіяльным касцёле каталіцкай грамады г. Вільні. Пры ім быў створаны касцельны хор, у якім удзельнічала звыш за 40 чалавек, у тым ліку: Ян Бжазоўскі, Ванда Галіеўская, Антоні Жукоўскі, Сабіна Місюк, Ёсіф Мураўскі, Ян Валай, Браніслава Пяткевіч, Андрэй Пляшак, Геля Тункевіч, Казімер Жалубоўскі, Зімніцкі і інш.

У 1943 годзе мясцовы ксёндз Паўловіч быў закатаваны савецкімі партызанамі за дапамогу польскім партызанам Арміі Краёвай (асвячаў штандар брыгады «Кміцыца»). Пахаваны на касцельным цвінтары.

У 1950-я гг. — храм спрабавалі зачыніць камуністычныя ўлады, пробашча парафіі кс. Пятра Васючонка пасадзілі ў турму, але вернікі праводзілі набажэнствы самі.

Цяпер пры касцёле ў Нарачы дзейнічае місія кармелітаў босых(руск.) бел..

22 жніўня 2004 г. адзначалася 570-годдзе пабудовы першага драўлянага касцёла і стагоддзе кансекрацыі новага будынка касцёла. Цэлебраваў галоўную Еўхарыстыю ксёндз кардынал Казімір Свёнтак.

22 жніўня 2019 года ў касцёле адкрылі мемарыяльную дошку ў памяць пра Марыю Качыньскую, жонку восьмага Прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага, якая была тут ахрышчана 21 жніўня 1942 года і якая загінула разам з мужам у авіякатастрофе пад Смаленскам 10 красавіка 2010 года. Паколькі хата сям’і Марыі Качыньскай (у дзявоцтве Мацкевіч) — леснічоўка ў Махаве ў ваколіцах Нарачы — не захавалася, месцам для ўшанаваньня памяці застаўся касцёл, у якім яна прыняла сакрамэнт хросту. З ініцыятывай усталяваць мемарыяльную дошку выступіла пасольства Польшчы ў Беларусі. У памятнай цырымоніі бралі ўдзел афіцыйныя прадстаўнікі Польшчы — віцэ-маршалак Сейму Рышард Тэрлецкі, амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі. Вёў урачыстую імшу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінскі і Магілёўскі.

АрхітэктураПравіць

 
Фасад касцёла

Касцёл Святога Андрэя — прыклад неаготыкі пачатку XX стагоддзя. Храм мае тыповыя элементы гэтага стылю: стылізаваныя контрфорсы, акно-ружу, спічастыя вокны[1]. У вырашэнні алтарнага фасада, некаторыя даследчыкі бачаць рысы новага стылю «мадэрн».

Гэта трохнефавая бязвежавая базіліка, накрытая двухсхільным дахам, з гранёнай апсідай на ўсходзе. Лініі дахавага завяршэння паўтарае двухсхільны шчыт алоўнага фасада, які расчленены двума прафіляванымі контрфорсамі[1]. Дэкаратыўную кампазіцыю завяршаюць арачныя нішы і вялікі спічасты праём дзвярэй[1]. Дапаўняюць гатычную трактоўку храма чатыры вежы-пінаклі складанага профілю на шчыце галоўнага фасада, пояс аркатурнага фрыза і ступенчатыя контрфорсы паміж спічастымі вокнамі, што рытмічна разбіваюць бакавыя фасады[1].

Цікавым прыкладам храмавай архітэктуры, і напамінам пра драўляны касцёл з'яўляецца барочная драўляная званіца, адрэстаўраваная ў 1925 i 1995 гг. Гэта квадратнае ў плане 3-яруснае каркасна-зрубавае збудаванне пад шатровым дахам з'яўляецца помнiкам народнага драўлянага дойлiдства. Пры перабудове ў XIX ст. нададзены асобныя рысы класiцызму[5].

Інтэр'ерПравіць

 
Інтэр'ер касцёла, галоўны неф

У галоўным алтары захоўваецца велічны старажытны абраз Маці Божай з Дзіцем Ісусам y левай руцэ i скіпетрам у правай (адрэстаўраваны ў 1902 годзе ў Вільні). Абразы ў бакавых алтарах напісаныя Браніславам Камінскім: злева — абраз патрона касцёла Св. Андрэя (1903 г.), справа — Св. Роха (1907 г.). Каля сцяны левага нефа ўстаноўлены алтар Св. Антонія, таксама выкананы ў неагатычным стылі з дубу ў пачатку XX стагоддзя.

У касцёле стаіць арган 1902 года, што налічвае 2426 труб (2400 гукавых і 26 дэкаратыўных). Асаблівасцю аргана з'яўляецца наяўнасць спецыяльнага ўстройства «Tremola», праз які інструмент можа выдаваць характэрны дрыжачы гук «жаласнага» тэмбру.

У 1901 годзе, у гонар заканчэння будаўніцтва касцёла, з бронзы была адліты памятная эмблема ў выглядзе пласціны і бронзавы дыск на мармуровым квадраце (умураваны ў пятую злева ад уваходу калону). Тэкст пласціны гучыць у перакладзе з польскай наступным чынам: «На памяць шчасліва скончанага стагоддзя ад Нараджэння Хрыстова і ўратавання свету. ХІХ ст. — 1901 год». Дыск на мармуровай пліце сімвалізуе Зямлю акружаную сферай (абадком), на якой узвышаецца крыж.

У гонар гістарычнай падзеі адкрыцця храма ў першую калону злева ад галоўнага алтара была ўмуравана мармуровая табліца. У вольным перакладзе з лацінскай мовы тэкст табліцы гучыць наступным чынам:

«Богу Усемагутнаму касцёл драўляны св. Андрэя Апостала ў Кабыльніку быў пабудаваны князямі Свірскімі ў 1463 г. Затым пробашч Ігнацій Расалоўскі ў пачатку 1897 г. заклаў вуглавы камень пад новы касцёл, будаўніцтва якога скончыў у 1901 годзе. Асвяціў біскуп барон дэ Роп у 1904 годзе». Дадзеная табліца ручной работы ў пачатку 90-х была заменена на фабрычную настаяцелем парафіі а. Аўгустынам Квяткоўскім.

Мемарыяльная дошка ў памяць Марыі Качыньскай адкрыта ў 2019 годзе, выканана ў форме разгорнутай кнігі. На адной старонцы надпіс па-беларуску, на другой — па-польску.

ЦвінтарПравіць

На цвінтары каля касцёла знаходзяцца тры пахаванні з надпісамі на польскай мове: магіла ксяндза Казіміра Паўловіча (пам. 19.09.1943 г.), магіла ксяндза Яна Панятоўскага (пам. 17 ліпеня 1921 г.), магіла Лявона Кісяля (пам. 21.12.1882 г. у 66 год).

16 кастрычніка 2008 года з нагоды 30-годдзя абрання кардынала Караля Вайтылы Папам Рымскім Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, сімвалічна ў 18.45 гадзін (час абрання Папы) асвяціў помнік Вялікаму Папу, усталяваны на прыкасцельнай тэрыторыі. Гэты помнік Яну Паўлу II стаў восьмым па ліку ў Беларусі[6].

КантактыПравіць

  • Адрас: д.2а, вул. Завадская, а/г Нарач, Мядзельскі раён, Мінская вобласць, Рэспубліка Беларусь. Паштовы індэкс: 222396
  • Тэлефон: +375 17 974 65 20, адміністратар: +375 29 695 80 01. Электронны адрас: naracz@tut.by
  • Вэб-сайт: http://naracz.na.by/

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 343-344. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  2. Литовская метрика. Реестры подымного Великого княжества Литовского. Виленьское воеводство. 1690 год/ под ред. А. Рахуба. - Варшава, 1989. - С.122-124.
  3. Марцін Тэадор Аскерка
  4. КАРАВАЦКІ Браніслаў Казімеравіч
  5. Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  6. НОВОСТИ.TUT.BY Освящением памятника Иоанну Павлу II начнется в Беларуси празднование 30-летия его понтификата (руск.) 

ЛітаратураПравіць

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭН, 1993. — 620 с. ISBN 5-85700-078-5
  • Кулагін А. М. Адраджэнне готыкі. — Мн., 1993. — 71 с.
  • Кулагін А. М. Эклектыка. Архітэктура Беларусі другой паловы XIX — пачатку XX ст. — Мн.: Ураджай, 2000. — 304 с. іл. ISBN 985-04-0350-0
  • Яфімава В. Храм на зямлі, святыня ў сэрцы// Нарачанская зара. — № 126—128. — 14 жніўня 2004 г.
  • Каспаревский Ч. Юбилейные празднества 1900-летия Рождества Христова и торжества в честь открытия и консекрации нового каменного костела. Санкт-Петербург, 5 апреля 2004 г. (рукопись);
  • Каспаревский Ч. Орган Нарочанского костела. — Санкт-Петербург, 25.01.2001 г. (рукопись).

СпасылкіПравіць