Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны

дзяржаўная ўстанова адукацыі Беларусі

Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны (Скарынаўскі цэнтр) — дзяржаўная ўстанова адукацыі Беларусі, якая існавала ў 1991—2004 гадах.

Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны
Абрэвіятура ННАЦ
Краіна
Адміністрацыйны цэнтр Мінск
Адрас Цэнтральны раён, Рэвалюцыйная вул., д. 15
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта развіццё беларускай культуры
Тып арганізацыі асветная
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Афіцыйныя мовы беларуская
Кіраўнікі
Кіраўніца Любоў Уладыкоўская-Канаплянік
Намеснік Ігар Захаранка
Навуковая сакратарка Вераніка Каламійцава[1]
Заснаванне
Дата заснавання 1991
Ліквідацыя
Дата скасавання 2004
Колькасць супрацоўнікаў 24 (2004 год)[2]
Асноўныя асобы Уладзімір Конан, Адам Мальдзіс, Генадзь Цыхун
Матчыная арганізацыя Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт
Даччыныя арганізацыі Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, Тэрміналагічная камісія, Скарынаўскае брацтва
Пераемнік Інстытут культуры Беларусі[d]
skc.edu.by

Дзейнасць правіць

Асноўныя напрамкі дзейнасці:

  • гісторыя і тэорыя беларускай культуры;
  • распрацоўка беларускай тэрміналогіі;
  • праблемы выяўлення, вяртання і супольнага выкарыстання беларускіх матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, што знаходзяцца па-за межамі краіны;
  • стварэнне інфармацыйнага банку ў галіне адукацыі, навукі, гісторыі, культуры, рэлігіі Беларусі ды інш.

Пры Нацыянальным цэнтры з 1991 года дзейнічала Міжнародная асацыяцыя беларусістаў[3].

З 1993 года ў Цэнтры збіралася інфармацыйная база даных у дзесяці галінах:

  • адукацыя;
  • гісторыя;
  • дыяспара;
  • краязнаўства;
  • культура;
  • навука;
  • нацыянальныя супольнасці;
  • персаналіі;
  • рэстытуцыя;
  • сувязі паміж культурамі Беларусі і замежных краін[4].

У 1993 годзе ў Цэнтры была створаная бібліятэка з калекцыяй выданняў беларускай дыяспары, фонды якой папаўняліся за кошт падарункаў, па кнігаабмене, з дапамогай сувязяў Цэнтра з аб’яднаннямі беларусаў замежжа[3]. Самыя раннія беларускамоўныя выданні ў калекцыі — кнігі ваеннага і паваеннага часоў (1940-я гады), надрукаваныя ў лагерах для перамешчаных асоб[5]. Найбольшую частку складалі беларускія выданні ў ЗША.

На аснове сабранай базы Скарынаўскі цэнтр выдаў шасцітомны энцыклапедычны даведнік «Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах» (2000), сем зборнікаў «Вяртанне», 29 зборнікаў «Беларусіка=Albaruthenica», каля сотні нумароў інфармацыйна-аналітычнага бюлетэня «Кантакты і дыялогі», зборнікі, прысвечаныя культурнаму ўзаемадзеянню краін і народаў[6].

З сабраных з дапамогай беларусаў з усяго свету карцін, скульптур, тканін, дакументаў, кніг і іншых прадметаў у 1993 года быў створаны музей «Беларусь у свеце»[7]. Пры перадачы збораў музея педагагічнаму ўніверсітэту частка экспанатаў знікла[8].

Супрацоўніцтва правіць

Сумесныя даследаванні са Скарынаўскім цэнтрам ладзілі звыш 200 беларусазнаўцаў з 23 краін Азіі, Паўночнай Амерыкі і Еўропы. Супрацоўнічалі з навуковымі ўстановамі Ізраіля і ЗША (Беларускі інстытут навукі і мастацтва), а таксама такіх краін Еўропы, як Латвія, Літва, Польшча (Варшаўскі ўніверсітэт і Інстытут Цэнтральнай і Усходняй Еўропы У Любліне), Расія (Інстытут славяназнаўства і балканістыкі РАН) і Украіна, Англія (Беларуская бібліятэка і музей імя Францыска Скарыны), Балгарыя, Італія, Германія і Францыя. Да 2002 года зладзілі 45 міжнародных навуковых канферэнцый і выдалі 40 кніг. Сумесна з «Міжнароднай асацыяцыяй беларусістаў» зладзілі 3 міжнародныя кангрэсы беларусістаў[9].

Склад правіць

На 2004 год Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр імя Францыска Скарыны (ННАЦ) налічваў 6 аддзелаў:

  1. гісторыі і тэорыі беларускай культуры;
  2. праблем хрысціянства і нацыянальнага развіцця;
  3. культурных узаемасувязяў і беларускай дыяспары;
  4. сацыяльна-палітычнай культуры і грамадскай думкі Беларусі;
  5. беларускай навуковай тэрміналогіі;
  6. інфармацыйна-асветніцкі.

Сярод загадчыкаў аддзелаў былі кандыдат гістарычных навук Сяргей Віцязь, доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан, доктар фізіка-матэматычных навук Генадзь Пятроўскі і прафесар Генадзь Цыхун. Таксама навуковымі супрацоўнікамі былі дактары навук Анатоль Грыцкевіч, Мікалай Крукоўскі і Леанід Лыч. У Скарынаўскім цэнтры працавала бібліятэка, якая ўключала: рукапісны фонд, 2) збор выданняў беларускай дыяспары; 3) фонд фота- і фонадакументаў; 4) дасье выразак з перыёдыкі; 5) картатэку постацяў, паселішчаў, краін, дыяспары і рэстытуцыі; 6) камп’ютарную базу даных; 7) пастаянную выставу «Беларусы ў свеце» з больш як 2000 экспанатаў. На захоўванні знаходзіліся мастацкія творы Валерыя Дзевіскібы, Яна Кузьміцкага, Пятра Мірановіча, Галіны Русак, Тамары Стагановіч і Вячкі Целеша. Пры ННАЦ дзейнічалі: грамадскае аб’яднанне «Міжнародная асацыяцыя беларусістаў» («МАБ»), Тэрміналагічная камісія Міністэрства адукацыі Беларусі і Скарынаўскае брацтва[10].

Гісторыя правіць

Ідэя стварэння Інстытута Беларусі з’явілася ў прафесара Адама Мальдзіса пасля ўбачання ім дзейнасці Славацкай маціцы[11]. Навукова-асветніцкі цэнтр (ННАЦ) быў створаны ў 1991 годзе па рашэнні ЦК КПБ у межах мерапрыемстваў, прысвечаных 500-годдзю беларускага першадрукара Францыска Скарыны[12]; Адам Мальдзіс стаў яго першым дырэктарам. Першапачаткова ННАЦ дзейнічаў пры Інстытуце літаратуры Акадэміі навук. Размяшчаўся ў Мінску па адрасе вул. Рэвалюцыйная, 15[13] — у тым самым будынку, дзе ў савецкія часы дзейнічаў Інбелкульт.

З 1993 года Цэнтр быў перададзены з Акадэміі навук у падпарадкаванне Міністэрства адукацыі[14]. Гэта абмежавала магчымасці яго дзейнасці, у якую ўваходзіла далёка не адукацыя[12][15]. У 2002 года праз недахоп фінансавання Цэнтр быў вымушаны скараціць штат супрацоўнікаў да 20 чалавек (на 40 %)[16].

У 2004 годзе Нацыянальны навукова-асветніцкі цэнтр стаў структурным падраздзяленнем педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, пазбавіўшыся рэгістрацыі як юрыдычная асоба[14].

Пасля канчатковай ліквідацыі зборы Цэнтра былі схаваныя, картатэкі і друкаваныя выданні перададзеныя на захаванне ў Нацыянальную бібліятэку[17] і музей літаратуры і мастацтва[18][19], экспанаты музея «Беларусы ў свеце» — у Нацыянальны гістарычны музей[6]. Пазней частка сабраных збораў, датычная беларускай дыяспары, была перададзена ў Інстытут культуры Беларусі[d][20].

Кіраўнікі правіць

Крыніцы правіць

  1. Каардынаты. Скарынаўскі Цэнтр (28 сакавіка 2004). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2008. Праверана 29 ліпеня 2021.
  2. Навуковыя супрацоўнікі. Скарынаўскі Цэнтр (28 сакавіка 2004). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2008. Праверана 29 ліпеня 2021.
  3. а б Крывашэй 2019, с. 302.
  4. А. Мальдзіс 2012, с. 61.
  5. Дзенісенка 2020, с. 256.
  6. а б А. Мальдзіс 2012, с. 62.
  7. Серадзюк, Дзіяна. «Мы павінны думаць аб узеамаразуменні». Культура, Ідэі і людзі. «Звязда» (19 ліпеня 2013). Праверана 28 ліпеня 2021.
  8. Серадзюк, Дзіяна. Другое жыццё «Беларусаў у свеце». Грамадства. «Звязда» (30 ліпеня 2013). Праверана 28 ліпеня 2021.
  9. Супраца. Скарынаўскі Цэнтр (28 сакавіка 2004). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2008. Праверана 29 ліпеня 2021.
  10. Структура. Скарынаўскі Цэнтр (28 сакавіка 2004). Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2008. Праверана 29 ліпеня 2021.
  11. Генадзь Цыхун: «Вайтовіч падтрымлівае такую ідэю». Архіў. Наша Ніва (24 кастрычніка 2002). Праверана 28 ліпеня 2021.
  12. а б Прыгодзіч, Зіновій. Адам Мальдзіс: «Беларуская цывілізацыя мае даўнія традыцыі». Культура, Літаратура. «Звязда» (27 жніўня 2015). Праверана 28 ліпеня 2021.
  13. Гістарычная забудова XIX стагоддзя. Будынак №15 (Інбелкульт). Гістарычныя замалёўкі. Мінская спадчына. Праверана 28 ліпеня 2021.
  14. а б Смялоўская, Ялянта. Ліквідацыя Цэнтра імя Ф. Скарыны ў Мінску. Польскае Радыё (7 красавіка 2004). Праверана 28 ліпеня 2021.
  15. Аксак, Валянціна. Націск на Скарынаўскі цэнтр. Сёння на Свабодзе. Радыё Свабода (25 студзеня 2001). Праверана 28 ліпеня 2021.
  16. Абакунчык, Галіна. Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Францыска Скарыны скарачае амаль палову супрацоўнікаў. Сёння на Свабодзе. Радыё Свабода (30 красавіка 2002). Праверана 28 ліпеня 2021.
  17. Дзенісенка 2020, с. 254—255.
  18. Крывашэй 2019, с. 303.
  19. Архіўная копія(недаступная спасылка). Фонды. Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. Архівавана з першакрыніцы 1 сакавіка 2021. Праверана 30 кастрычніка 2021.
  20. А. Мальдзіс 2012, с. 63.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць