Ноўгарад-Северскае княства
Ноўгарад-Северскае княства або Северскае княства — удзельнае княства Рурыкавічаў, размяшчалася ў басейне сярэдняй Дзясны, яе прытокаў Снова, Сейма і іншых. Сталіца — Ноўгарад-Северскі. Буйнейшыя гарады і цэнтры яго ўдзельных княстваў — Курск, Пуціўль, Рыльск, Трубчэўск.
Гістарычная дзяржава | |
Ноўгарад-Северскае княства | |
---|---|
1097 — 1523
|
|
Сталіца | Ноўгарад-Северскі |
Рэлігія | праваслаўе |
Насельніцтва | севяране (пазней сеўрукі), полаўцы |
Форма кіравання | манархія |
Гісторыя | |
• 1097 | Заснавана |
• 1164 | Уласная дынастыя |
• 1362 | Увайшло ў склад Вялікага Княства Літоўскага |
• 1405 | Ліквідавана ў складзе Вялікага Княства Літоўскага |
• 1454 | Адноўлена ў складзе Вялікага Княства Літоўскага |
• 1503 | Увайшло ў склад Вялікага Княства Маскоўскага |
• 1523 | Ліквідавана ў складзе Вялікага Княства Маскоўскага |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Утварылася як удзел Чарнігаўскага княства ў 1097 годзе. З 1164 года пад уладай асобнай галіны Рурыкавічаў. У XIV—XVI стст. у складзе Вялікага Княства Літоўскага. Канчаткова ліквідавана ў 1523 годзе падчас ліквідацыі ўдзелаў у Маскоўскай дзяржаве.
Гісторыя
правіцьУ складзе Чарнігаўскага княства
правіцьБыло вылучана ў асобнае княства на Любецкім з’ездзе князёў у 1097 годзе. Горад Ноўгарад-Северскі стаў цэнтрам вялікага ўдзельнага княства ў складзе Чарнігаўскага княства, правы на якое пасля міжусобнай вайны сярэдзіны 1090-х гадоў былі прызнаны іншымі князямі за нашчадкамі Святаслава Яраславіча. Першым князем (1097—1115) быў Алег Святаславіч.
Да сярэдзіны XII стагоддзя Ноўгарад-Северскі, як правіла, займаўся другім па старшынстве нашчадкам Святаслава Яраславіча. У перыяд кіеўскага княжання Усевалада Ольгавіча ў ім княжылі яго малодшыя браты Ігар і Святаслаў. Падчас міжусобіцы пасля смерці Усевалада Ольгавіча княства ледзь не апынулася разам з Чарнігаўскім пад уладай Давыдавічаў. Пасля гібелі Ізяслава Давыдавіча ў баях за Кіеў (1161) і смерці на чарнігаўскім княжанні Святаслава Ольгавіча (1164) паміж яго сынам Алегам і старэйшым пляменнікам Святаславам Усеваладавічам было заключана пагадненне, пасля якога ўдзелы Ноўгарад-Северскага княства (Курск і іншыя) успадкоўваліся нашчадкамі Святаслава Ольгавіча, удзелы ўласна Чарнігаўскага (Старадуб і іншыя) — нашчадкамі Усевалада Ольгавіча. Вотчынныя правы на Чарнігаў пры гэтым захоўвалі абедзве галіны, на Кіеў — толькі Усеваладавічы.
Пры Святаславічах
правіцьЗ северскіх князёў найбольшую гістарычную ролю адыграў Ігар Святаславіч (гады кіравання 1180—1198), які ўдзельнічаў ва ўзяцці Кіева войскамі Андрэя Багалюбскага ў 1169 годзе, у барацьбе супраць смаленскіх князёў у 1180 годзе, у паходах на полаўцаў у 1184 і 1185 гадах. Ён стаў асноўным героем «Слова пра паход Ігараў» і вядомай оперы «Князь Ігар». Сыны Ігара, быўшы пляменнікамі апошняга галіцкага князя па маці, княжылі ў Галіцкім княстве ў 1206—1211 гадах, за расправу над баярамі двое з іх былі павешаны пасля паражэння ад венгерскіх і польскіх войск, якія падтрымалі прэтэнзіі на галіцкі сталец малалетняга Данілы Раманавіча.
Паводле адной з версій[1], на чарнігаўскім княжацкім з’ездзе ў 1206 годзе Ольгавічы (у прысутнасці Мсціслава Раманавіча смаленскага) прынялі рашэнне аб заняцці Ноўгарад-Северскага стальца нашчадкамі Усевалада Ольгавіча, а на долю Святаславічаў засталося Пасем'е і дапамога першых у атрыманні імі Галіча.
Пасля мангольскага спусташэння Чарнігаў і Ноўгарад-Северскі страцілі сваё ранейшае значэнне, тэрыторыя ўвайшла ў склад Бранскага княства пад уладай нашчадкаў Рамана Міхайлавіча Старога, затым нашчадкаў Глеба Расціславіча Смаленскага. Паўднёвыя княжацкія цэнтры прыйшлі ў заняпад пасля вяртання ардынскага войска з паходу супраць Літвы (1275), паўстання супраць ардынскага баскака Ахмата, крывавай міжусобіцы і карнага паходу ардынскіх войскаў (1283—1285). Курск стаў кіравацца баскакам, Пуціўль згадваецца напачатку XIV стагоддзя сярод кіеўскіх «прыгарадаў» (пуціўльскія Ольгавічы, меркавана, займалі ў той перыяд акрамя Пасем’я таксама Кіеўскае і Пераяслаўскае княствы, але пацярпелі паражэнне ад літоўскага князя Гедзіміна).
У складзе Літвы
правіцьКаля 1355 годзе Альгерд «паваяваў» Бранск, пасля чаго яму падпарадкаваліся і многіях іншыя ўдзелы, на якія распадалася чарнігава-северскае княжанне. У 1362 годзе да Літвы была далучана Севершчына.
Усе чарнігава-северскія землі Альгерд падзяліў на тры ўдзелы: сыну свайму Дзмітрыю ён даў Чарнігаў і Трубчэўск, Дзмітрыю-Карыбуту малодшаму — Бранск і Ноўгарад-Северск, пляменніку Патрыкею Нарымонтавічу — Старадуб Северскі.
З прычыны пераходу старэйшага брата Дзмітрыя на службу да маскоўскага князя ўзімку 1379/80 г., Чарнігаўшчына была перададзена ў валоданне Карыбуту. Пасля ўзыходжання на літоўскі сталец Вітаўта ў 1392 годзе Карыбут адмовіўся прысягаць і сабраўшы войска, пайшоў супраць яго. Сышліся войскі ў месцы, званым Дакудава[2]. Войска Карыбута было разбіта, князь бег у Навагрудак. Вітаўт, сабраўшы войска, пайшоў да Навагрудка і, узяўшы горад, захапіў у палон князя з княгіняй і дзецьмі[3]. Пазней Карыбут прымірыўся з Вітаўтам, быў адпушчаны і браў удзел у яго ваенных кампаніях[4]. У 1393 годзе Карыбут ізноў заехаў у Ноўгарад-Северскі.
Праз год адмовіўся плаціць даніну Вітаўту, але той разбіў непакорлівага князя і другі раз узяў у палон. Карыбута пасадзілі ў вязніцу ў Вільні, але дзякуючы хадайніцтву сваякоў ён быў вызвалены. У 1393/1394 г. Дзмітрый-Карыбут быў пазбаўлены ўдзела ў Севершчыне і яго месца заняў намеснік Фёдар Любартавіч, які трохі раней пазбаўлены ўладанняў на Валыні. Карыбут жа атрымаў ад Вітаўта Валынскія гарады — Браслаў, Вінніцу, Сакалец і Крамянец[5].
У 1420 годзе Свідрыгайла атрымаў у валоданне Ноўгарад-Северскі і Бранск, дзе кіраваў на працягу 10 гадоў. У 1430 годзе, пасля смерці Вітаўта, незалежніцкая партыя абвясціла Свідрыгайла вялікім князем літоўскім, што было прызнана і Ягайлам. Свідрыгайла павёў сябе, як самастойны князь, чым выклікаў незадаволенасць Ягайлы і польскіх паноў. У 1435 годзе Свідрыгайла разбіты ў бітве пад Вількамірам на рацэ Святой[6][7].
У 1392—1430 гадах у кіраванне Вітаўта ад ардынскай улады быў вызвалены Курск. Северскія землі на поўдзень ад ракі Сейма былі перададзены ў кіраванне нашчадкам Мамая, якія перайшлі на літоўскую службу.
Казімір IV у 1454 годзе даў Ноўгарад-Северскі і Рыльск «у кармленне» Івану Дзмітрыевічу Шамякіну, уцекачу з Масквы, яго сын Васіль Іванавіч разам з княствам перайшоў у падданства Маскоўскага князя Івана III. Пераход шэрагу князёў з літоўскага падданства ў маскоўскае справакаваў вайну Маскоўскага княства з Літвой.
У складзе Рускай дзяржавы
правіцьПаводле перамір’я 1503 года Ноўгарад-Северскі перайшоў да Вялікага Княства Маскоўскага. Апошні ўдзельны князь Ноўгарада-Северскага Васіль Іванавіч Шамякін быў абвінавачаны ў здрадзе, памёр у няволі ў 1523 годзе, пасля чаго княства страціла ўсякую самастойнасць.
Пасля далучэння Северскіх земляў (Северскага княства, Чарнігаўскага, Пераслаўскага) у 1517—1523 гадах да Маскоўскай дзяржавы ў тытуле цара Івана IV Васільевіча з’явіўся дадатак «Северныя страны Повелитель», гэта значыць усіх Северскіх зямель уладар. Уладанне заставалася ў тытуле расійскіх цароў да 1917 года.
У 1672 годзе ў «Тытулярніку» з’явіўся малюнак герба «Паўночнай краіны». У 1699 годзе на малюнку дзяржаўнай пячаткі Расіі аўстрыйскі дыпламат І. Г. Корб намаляваў герб «Seweia»[8] (Севея).
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ Л.Войтович Князівські династії Східної Європи
- ↑ Дакудава — вёска на рацэ Нёман, у 15 км ад горада Ліда, у наш час знаходзіцца ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці Беларусі
- ↑ Хроніка Быхаўца
- ↑ Нікалаеў М. Карыбут // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 64. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- ↑ Хронас
- ↑ Свидригайло Ольгердович // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона
- ↑ Свидригайло // Большая энциклопедия русского народа.
- ↑ Дзённік падарожжа ў Маскоўскую дзяржаву
Літаратура
правіць- Тропин Н. А. Южные территории Чернигово-Рязанского порубежья в XII—XV вв.: Автореф. дисс. …доктора ист. наук. М., 2007.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ноўгарад-Северскае княства
- Шабульдо Ф. М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского
- Северскае княства (Літванія) Архівавана 14 студзеня 2012.