Нурагічная цывілізацыя

Нурагі́чная цывіліза́цыя, або нурагічная культура — цывілізацыя бронзавага і жалезнага вякоў на востраве Сардзінія ў Міжземным моры. Сфарміравалася і развівалася ў XVIII — III стст. да н. э. Назва паходзіць ад характэрных для яе помнікаў абарончага дойлідства — нураг.

Нурагічны комплекс Сербісі

Паходжанне правіць

Распаўсюджаны 2 асноўныя версіі паходжання нурагічнай цывілізацыі. Першая сцвярджае, што яе вытокі трэба шукаць ва ўсходняй частцы Міжземнамор’я. Першасна яна абапіралася на старажытнагрэчаскую міфалогію, якая прыпісвае засяленне Сардзініі героям Арыстэю і Іалаю. Другім важным доказам, заўважаным аўтарамі эліністычнага перыяда, было падабенства нураг на толасы. Паўсаній меркаваў, што мелася 3 буйныя міграцыі перасяленцаў на Сардзінію: з Паўночнай Афрыкі, Грэцыі і Іберыі. Але ў XX ст. у пошуках вытокаў нурагічнай цывілізацыі даследчыкі скіравалі свой позірк болей на Блізкі Усход і Малую Азію. Выказваліся думкі, што вобраз Іалая мае фінікійскае паходжанне. У якасці нашчадкаў старажытнага насельніцтва Сардзініі бачылі шардана, вядомых з пісьмовых крыніц Старажытнага Егіпта і Асірыі.

Сучасныя археолагі сапраўды выявілі доказы сувязяў Сардзініі з Усходнім Міжземнамор’ем. Напрыклад, волава для выплаўлення бронзы прывозілі з Кіпра. Вядомы адзінкавыя знаходкі мікенскай керамікі. Аднак у астатнім нурагічная цывілізацыя мела мясцовы фундамент, які папярэднічаў узгадкам пра шардана, росквіту Мікенскай цывілізацыі і фінікійцаў.

Перыядызацыя правіць

Культура Бонанара правіць

Культура Бонанара, або Нурагічная I, займае перыяд 1800 — 1500 гг. да н. э. і супадае з пачаткам бронзавага веку. Для яе характэрны протанурагі — простыя канструкцыі, што ўяўлялі сабою паднятыя платформы з лесвіцамі і калідорамі. Узнікае яшчэ адзін тып помнікаў — магільні гігантаў.

Культура Бонанара шчыльна звязана з археалагічнымі культурамі Сіцыліі, Корсікі, Апенінскага паўвострава і поўдню Францыі. Яе носьбіты ўжывалі медзь, срэбра, бронзу, займаліся жывёлагадоўляй, у меншай ступені земляробствам. Распаўсюджваюцца новыя земляробчыя культуры — вінаград і масліны.

Нурагічны перыяд II правіць

Нурагічны перыяд II (1500 — 1200 гг. да н. э.) вядомы пачаткам будаўніцтва адзінкавых нураг (nuraghi monotorre) без спадарожных вёсак. Звычайна гэта складаныя канічныя канструкцыі з граніту. Яны ўключалі камеры, падобныя на мікенскія толасы, калідоры, лесвіцы з дадатковымі пляцоўкамі. Хаця функцыі нураг да нашых дзён з’яўляюцца спрэчнымі, мяркуецца, што яны прызначаліся для адной сям’і правадыра або старэйшыны.

Нурагічны перыяд III правіць

Перыяд паміж 1200 г. да н. э. і 900 г. да н. э. вызначаецца будаўніцтвам нурагічных комплексаў з некалькіх вежаў, злучаных разам. Прыкладам з’яўляецца комплекс Пальмавера каля Альгера, дзе ў другой палове IX ст. да н. э. да старой нурагі перыяда II была прыбудавана яшчэ адна. Пры гэтым старая нурага была адрамантавана з дапамогай пясчанікавых блокаў. Дзве нурагі злучаліся праз унутраны двор і калідор з нішамі. Комплекс уключаў некалькі хацін, у тым ліку вялікую хаціну для сустрэч з алтаром і каменнай лавай уздоўж сцен. Другі нурагічны комплекс Лоса на ўсходзе Сардзініі быў пабудаваны на гранітным плато. Ён складаўся з нурагі і бастыёна, акружанага мурамі.

Адбываецца росквіт металургічнай вытворчасці. Важным рамяством становіцца ліццё бронзавых вырабаў, у тым ліку шматлікіх статуэтак і халоднай зброі. Медзь для бронзы здабывалі на востраве. Доўгі час заставалася незразумелым, адкуль бралі волава. Хімічны аналіз паказаў, што яно завозілася з Кіпра. Гэта сведчыць пра шырокія сувязі астравіцян з вонкавым светам.

Нурагічны перыяд IV правіць

У перыяд паміж 900 г. да н. э. і 538 г. да н. э. на ўзбярэжжы Сардзініі з’явіліся фінікійскія калоніі, з’явіліся тавары з Блізкага Усходу, пачалася здабыча і апрацоўка жалеза. Нурагі больш не будаваліся. Аднак нурагічныя комплексы толькі пашыраліся. Вакол іх узводзілі ўмацаваныя вёскі і храмы. Комплекс Санта-Віторыя ў цэнтральнай Сардзініі займаў каля 20 га. Многія комплексы ўключалі сажалкі, меркавана рытуальныя.

Позняя нурагічная культура правіць

З 540 г. да н. э. Карфаген прадпрымаў спробы заваявання вострава. Гасдрубал I падначаліў паўднёвую і частку цэнтральнай Сардзініі. У заваяваных раёнах нурагічная культура саступіла месца паўночнаафрыканскай. Пасля Першай пунічнай вайны Сардзінія была ўключана ў склад старажытнарымскай дзяржавы. Некаторы час у горных мясцовасцях носьбіты нурагічнай культуры захоўвалі сваю тоеснасць, аднак паступова адбылася раманізацыя тубыльцаў. Нурагічныя комплексы пакідаліся, выкарыстоўваліся жывёлагадоўцамі, у некаторых выпадках прыстасоўваліся для жылля або храмаў.

Архітэктура правіць

Асноўныя архітэктурныя помнікі нурагічнай цывілізацыі:

  • Нурагі і нурагічныя комплексы, якія ўключалі некалькі веж, злучаных мурамі.
  • Нурагічныя вёскі — невялікія па плошчы паселішчы з надзвычай шчыльнай забудовай, прыдатнай для абароны, што ўзводзіліся вакол нурагаў. Колькасць круглявых дамоў у нурагічных вёсках вагалася ад 40 да 200. Іх дыяметр прыкладна роўны 4 м або 5 м, але таўшчыня сцен дасягае 1,75 м. Над дамамі ўзвышаліся канічныя дахі.
  • Сажалкі, абкладзеныя каменнем. Мяркуецца, што мелі рытуальны характар.
  • Магільні гагантаў.

Грамадства правіць

У прадстаўнікоў нурагічнай цывілізацыі адсутнічала свая пісьмовасць. Антычныя пісьмовыя звесткі тычацца толькі позняга перыяда. Таму рэканструкцыя грамадства нурагічнай цывілізацыі абапіраецца пераважна на дадзеныя археалогіі.

Прадстаўнікі нурагічнай цывілізацыі ведалі земляробства, вырошчвалі збожжавыя культуры, вінаград, аліву, дыні. Аднак большая частка паверхні Сардзініі ў той час лепей была прыстасавана для жывёлагадоўлі. Астравіцяне трымалі кароў. Выявы гэтых жывёлін знойдзены на керамічных і бронзавых вырабах. Сельская гаспадарка была магчыма ў выпадку кантролю водных рэсурсаў. Многія нурагі будаваліся каля водных крыніц, мелі свае сажалкі і калодзежы, абаранялі даліны і важныя горныя праходы.

Першапачаткова нурагічная кераміка не мела ўпрыгожванняў, пазней на паверхні рабілі вертыкальныя канаўкі. Цікава, што керамічны посуд быў аднастайным на ўсёй тэрыторыі Сардзініі.

На Сардзініі здабывалі медзь, свінец і іншыя каштоўныя металы. Прадстаўнікі нурагічнай цывілізацыі былі выдатнымі майстрамі, якія займаліся плаўленнем медзі і бронзы ў зліткі і розныя прадметы, у тым ліку зброю. Яны маглі абменьвацца на іншаземныя тавары, напрыклад, на волава, неабходнае для вырабу бронзы. Знаходкі цяжкіх якараў сведчаць пра тое, што сардзінцы здаўна ведалі мараплаўства. З пачаткам 1 тысячагоддзя да н. э. паступова фарміруецца мясцовы арыгінальны стыль бронзавых статуэтак з выявамі людзей, жывёл, караблёў, пабудоў. Дзякуючы дэталям статуэтак мы маем уяўленне пра вопратку і заняткі астравіцян. Некаторыя выявы ў плашчах з кіямі вучоныя атаясняюць з правадырамі. Сустракаюцца статуэткі жанчын, пастухоў, воінаў, паляўнічых і г. д. У 1974 г. на захадзе Сардзініі былі знойдзены вялікія скульптуры людзей з пясчаніку да 2,5 м у вышыню, зробленыя ў перыяд паміж XI ст. да н. э. і VIII ст. да н. э.

Даследчыкі мяркуюць, што носьбіты нурагічнай цывілізацыі не мелі адзінай дзяржавы і былі падзелены на невялікія тэрытарыяльныя фарміраванні на чале з правадырамі. Выявы сведчаць, што мясцовая культура была даволі ваенізавана. Цэнтрамі фарміраванняў маглі з’яўляцца нурагічныя комплексы, хаця спачатку нурагі выкарыстоўваліся малымі групамі, не болей за адну сям’ю. У іх захоўвалі найбольш каштоўныя прадметы. Улада правадыра была тэакратычнай. Рэлігія займала важнае месца ў жыцці людзей, што можа патлумачыць магчымасці правадыроў рэкрутаваць для сумеснай працы вялікую колькасць падданых.

Паводле грэчаскіх і рымскіх аўтараў, у другой палове 1 тысячагоддзя да н. э. Сардзінію насялялі 3 народы. На поўначы жылі корсы з суседняй Корсікі. Мяркуюць, што яны мелі лігурыйскае паходжанне. Значную частку вострава займалі балары, пазней заваяваныя карфагенянамі. Іх атаясняюць з нашчадкамі выхадцаў з Іберыйскага паўвострава або Балеарскіх астравоў. Поўдзень і ўсход насялялі іліенцы, якіх грэкі лічылі нашчадкамі Іалая або нават траянцаў.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць