Пераклады Бібліі на ўкраінскую мову
Пераклады Бібліі на ўкраінскую мову (укр.: Переклади Біблії українською мовою) — пераклады Бібліі, выкананыя ў розныя гістарычныя перыяды рознымі аўтарамі з мэтай зрабіць яе тэкст даступным на ўкраінскай мове.
Першым украінскім перакладам біблійных тэкстаў ва ўкраінскай гістарыяграфіі лічацца пераклады Евангелля (напрыклад, Перасопніцкае Евангелле і іншыя) на канцылярскую мову часоў ВКЛ, што вынікае з таго, што гэтая мова ва ўкраінскай гістарыяграфіі пазначаецца тэрмінам стараўкраінская мова (укр.: староукраїнська мова).
Пераклад Новага Запавету Піліпа Марачэўскага, выкананы ў 1860 годзе, але забаронены паводле Валуеўскага цыркуляра , быў выдадзены ў 1906 годзе. Вядомыя таксама пераклады Евангелля святароў прафесара Яраслава Лявіцкага (1921 год), Міхайла Краўчука (1937 год) і Феадосія Галушчынскага (1946 год).
Першы поўны пераклад Свяшчэннага Пісання распачаў у 1860 годзе Панцеляймон Куліш , але рукапіс згарэў падчас пажару. У другі раз ён распачаў яго разам з Іванам Пулюем (яму належыць пераклад Псалтыру) паводле грэчаскага тэксту Novum Testamentum Graece, Coloniae Agrippinae 1866, typis W. Hassel. Ім дапамог Іван Нячуй-Лявіцкі , які пераклаў Кнігу Руф, першую і другую Кнігу Параліпаменан, Кнігі Ездры, Неяміі, Эсфір і прарока Данііла. Пераклад выйшаў у свет у студзені 1904 года.
Другі поўны пераклад Бібліі належыць мітрапаліту Іларыёну (Івану Агіенку). У пачатковай рэдакцыі пераклад чатырох Евангелляў ён выканаў, пражываючы ў Галічыне (1922—1926) у горадзе Віннікі (зараз падпарадкаваны Львоўскай гарадскай радзе) і Львове. Стары Запавет перакладзены з яўрэйскага тэксту «Biblia Hebraica», а Новы — паводле грэчаскага тэксту «Novum Testamentum Graece» пад рэдакцыяй Эбергарда Нестле. Поўны пераклад Бібліі скончаны ўлетку 1940 года (апублікаваны ў чэрвені 1962 года). Трэці пераклад належыць грэка-каталіку Івану Хаменку, чацвёрты — Рафаілу Турканяку.
Першыя пераклады
правіцьПраз тое, што ва ўкраінскай гістарыяграфіі канцылярская мова часоў ВКЛ пазначаецца тэрмінам стараўкраінская мова, ва ўкраінскай гістарыяграфіі лічыцца, што першы пераклад выкананы ў валынскіх манастырах архімандрытам Рыгорам, гэта — Перасопніцкае Евангелле (1556—1561 гады). Пазнейшым часам датуюцца Евангеллі: Цяпінскага (1570—1580), Жытомірскае (1571), Негалеўскага (1581), Літкаўскае (1595) і іншыя. Зазначаныя пераклады базаваліся на лютэранскім тэксце Новага Запавету Секлюцыяна 1533 года, Сымона Буднага 1570 года і іншых. Асобныя ўрыўкі пераклаў Іанікій Галятоўскі (1688 год).
Адзін з першых перакладаў асобных частак Бібліі на сучасную украінскую літаратурную мову быў здзейснены толькі ў сярэдзіне XIX стагоддзя. На гэту надзвычай складаную працу адважыўся Піліп Марачэўскі — інспектар Нежынскай гімназіі вышэйшых навук князя В. Безбародкі.
У 1853 годзе Марачэўскі падаў на разгляд Імператарскай акадэміі навук створаны ім на базе палтаўскага вымаўлення «Словарь малороссийского языка». Працуючы над слоўнікам, ён пераканаўся, што ўкраінская мова, амаль поўнасцю выціснутая за тымі часамі са школы, мае практычна неабмежаваны запас словаў. Гэта падштурхнула Марачэўскага паспрабаваць перакласці на ўкраінскую мову Новы Запавет — мова цалкам гэта дазваляла. Марачэўскі бярэцца за пераклад, разумеючы пры гэтым, што пасля заканчэння перакладу яго чакаюць сур’ёзныя праблемы з выданнем. Таму ён вырашыў атрымаць падтрымку ўплывовых людзей царквы загадзя, для чаго звярнуўся да Мітрапаліта Ісідора: «…Пераклад на маларускую мову Евангелля бессумнеўна прынёс бы даволі важную карысць нашаму рэлігійнаму народу. З гэтаю мэтай я распачаў пераклад Евангелля на маларускую мову, звяраючы славянскі тэкст з тэкстам рускім, на лаціне, нямецкім, французскім і польскім…». Мітрапаліт Ісідор адказаў Марачэўскаму катэгарычнай адмовай: «Пасля нарады з Найсвяцейшым Сінодам паведамляю вам, што пераклад Евангелля, зроблены вамі ці кім-небудзь яшчэ, не можа быць дапушчаны да друку». Але Піліп Марачэўскі працягваў працу, спадзеючыся цяпер толькі на цуд. Пераклад чатырох Евангелляў Новага Запавету на ўкраінскую мову ён скончыў увосень 1861 года («Дзеянні Апосталаў», «Апакаліпсіс», «Псалтыр» былі перакладзеныя пазней).
Натхнёны надзеямі, Піліп Марачэўскі прадставіў свой пераклад на разгляд Акадэміі навук. Яго рэцэнзуюць вядомыя спецыялісты-акадэмікі і робяць выснову: «Евангелле, перакладзенае на маларускую мову Марачэўскім, ёсць у вялікай ступені знамянальнай працай, як з навукова-філалагічнага погляду, так і з рэлігійна-маральнага… Якасць, характар словаў і якасць словазлучэнняў украінскіх нідзе не скажае ані сутнасці, ані зместу думак… Без усялякага сумневу, пераклад Марачэўскага патрэбна з пазітыўным водгукам Акадэміі падаць на ўхваленне Найсвяцейшаму Сіноду і прасіць яго дазволіць адправіць рукапіс да друку». Сінод, не давяраючы думцы Акадэміі, пасылае пераклад на дадатковае рэцэнзаванне. Водгукі зноў пазітыўныя. Але, насуперак усім станоўчым водгукам, друкаванне перакладаў Марачэўскага ўлада катэгарычна забараніла.
Пра Піліпа Марачэўскага ўспомнілі толькі пасля рэвалюцыі 1905 года, пасмяротна. Тады Акадэмія навук вырашыла рэкамендаваць да друку ў Маскоўскай сінадальнай друкарні «Чацвераевангелле» на ўкраінскай мове. Увесну 1906 года пераклад выйшаў у свет, яго першы тыраж (5 000 экзэмпляраў) разышоўся ўмомант, і амаль адразу пачалося дадрукоўванне соцень тысяч экзэмпляраў. Аднак прозвішча аўтара перакладу ў кнігах не ўказвалася. «Чацвераевангелле» выдавалася таксама ў 1914 і 1917 гадах і нават ужывалася (непрацяглы час) у службах Праваслаўнай царквы ва Украіне. За мяжою пераклад быў выдадзены ў 1948 (Канада) і 1966 гадах (ЗША) — украінская дыяспара ацаніла пераклады Марачэўскага. У 1988 годзе новая, выпраўленая рэдакцыя тэксту была выдадзеная ва Украіне па бласлаўленні Маскоўскага патрыярха Пімена.
Агульная характарыстыка поўных перакладаў Бібліі на ўкраінскую мову
правіцьУ наш час існуе шэсць поўных (якія ўключаюць як Стары Запавет, так і Новы Запавет) перакладаў Бібліі на ўкраінскую мову. Гэта:
- пераклад Панцеляймона Куліша , Івана Пулюя, Івана Нячуй-Лявіцкага . Упершыню надрукаваны ў 1903 годзе.
- пераклад Івана Агіенкі. Упершыню надрукаваны ў 1962 годзе.
- пераклад Івана Хаменкі. Упершыню надрукаваны ў 1963 годзе.
- пераклад Філарэта.[1] Упершыню надрукаваны ў 2004 годзе.
- пераклад Аляксандра Гыжы. Упершыню надрукаваны ў 2013 годзе.[2][3]
- пераклад Рафаіла Турканяка.[4] Упершыню надрукаваны ў 2011 годзе.
Зноскі
- ↑ Гэты пераклад быў выкананы з рускамоўнага сінадальнага перакладу, здзейсненага пад эгідаю мітрапаліта Маскоўскага Філарэта (Драздова) 1876 года. Предстоятель Української Церкви: Патріарх — перекладач Біблії, богослужбової, житійної і морально-повчальної літератури українською мовою
- ↑ Біблія. Книги Святого Письма Старого і Нового Заповітів. Канонічні: в перекладі сучасною українською літературною мовою з паралельними місцями. Переклад з англ./пол.: Олександр Гижа. Київ: [б. в.]. 2013. 1209 стор. ISBN 978-966-2613-06-3
- ↑ Пры перакладзе гэтага тэксту было здзейснена параўнанне арыгіналу з украінскімі, англійскім і польскім перакладамі.
- ↑ Гэта пераклад «Астрожскай Бібліі», гэта значыць, ён быў здзейснены з царкоўнаславянскай мовы, а не з арыгіналу.