Пётр Бакач
Пётр Рыгоравіч Бакач (1 красавіка 1907, в. Казейкі, Ізабелінская воласць, Ваўкавыскі павет Гродзенскай губерні — ?) — беларускі грамадска-культурны дзеяч, даследчык гісторыі беларускай літаратуры.
Пётр Бакач | |
---|---|
Род дзейнасці | палітык, філолаг, публіцыст, гісторык літаратуры |
Дата нараджэння | 1 красавіка 1907 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | невядома |
Месца працы | |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сям’і Рыгора Станіслававіча і Наталлі Бакачоў. Да 1921 года быў разам з сям’ёй у бежанстве ў Уфе.
Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Студэнт Віленскага ўніверсітэта. У 1929—1930 годзе праходзіў тэрміновую службу ў Войску Польскім.
Дзеяч нелегальнага «Змагання» ў Вільні. Cябра Віленскага камітэта БСРГ і сакратар пасла сойма Польскай Рэспублікі Браніслава Тарашкевіча. У лістападзе 1931 асуджаны на 4 гады зняволення ў гродзенскай турме. Пасля вызвалення выехаў у Прагу, скончыў Карлаў універсітэт, кандыдат філасофіі.
Браў удзел у працы беларускай эміграцыі ў Чэхаславакіі. Па словах Ларысы Геніюш, Бакач «быў добры беларус, харошы, скромны чалавек, вельмі бледны, вымучаны турмою, напэўна, і нездаровы. Ён нейк быў на пабягушках у пражскіх дзеячоў, іх нязьменны сакратар»[1]. Вядома, што Бакач адчуваў пастаянную нястачу грошай і яго фінансава падтрымліваў Васіль Русак. У Празе жыў па адрасе: Praha XI, Budovcova 8.
У лютым 1938 года Радай БНР быў прапанаваны на пасаду загадчыка Беларускага загранічнага архіва, але пытанне не было вырашана. З 1941 года тэхнічны супрацоўнік выдавецтва курсаў беларусаведы ў Празе. У 1943 годзе зноў была зроблена няўдалая спроба атрымаць згоду ад нямецкай акупацыйнай улады на прызначэнне П. Бакача загадчыкам Беларускага загранічнага архіва.
З вясны 1943 года ў Нямеччыне. Працаваў перакладчыкам на авіяцыйным заводзе ў Эрфурце (жыў па адрасе Grollmannstr. 3, bei Frau Kuehn), потым у службе «Вiнета» Міністэрства прапаганды ў Берліне. Пад канец 1943 года ўзначаліў берлінскі філіял БКС. 20 студзеня 1945 года ўведзены ў склад БЦР.
Пасля капітуляцыі Германіі арыштаваны савецкімі органамі ў Берліне. Асуджаны на 15 гадоў лагераў, высланы ў Магаданскую вобласць. Некаторы час быў у зняволенні разам з Юркам Луцкевічам.
Пасля смерці Сталіна вызвалены. У Беларусь не вярнуўся. Атрымаў медыцынскую адукацыю, працаваў лабарантам у пас. Нексікан, Магаданскай вобласці.
Творы
правіць- Bielarus-Weissruthenien: kurzer ethnographischer Entwurf. Prag: Weissruthenischer (krywitschen) Kulturverein Dr. F. Scaryna, 1939.
- Michal Zabejda-Sumický a jeho domov. V Praze: Běloruský kulturní spolek, 1940.
- Lehrbuch der deutschen Sprache für Weißruthenen. Berlin: Bernard & Graefe, 1941 (= Падручнік нямецкага языка для беларусаў).
- летам 1944 падрыхтаваў кнігу нарысаў па гісторыі беларускай літаратуры, якая мелася быць надрукавана на беларускай і нямецкай мовах (рукапіс страчаны)
- артыкулы ў часопісах «Іскры Скарыны» (Прага) і «Рэха» (Парыж):
- Аб Б. Тарашкевічу // Рэха. № 1 (1938).
Зноскі
- ↑ Ларыса Геніюш. Споведзь. Мн., 1993. C. 54.
Літаратура
правіць- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Ляхоўскі У. Маладзёвы рух паміж дзвюмя войнамі (1921—1939 гг.) // Спадчына. 2012. № 161. С. 65.
- Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939—1944). — Мн., 2002.