Солтан Аляксандравіч
Солтан Аляксандравіч, хроснае імя Аляксандр (? — да 22 студзеня 1495) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, дыпламат. Падскарбі дворны гаспадарскі (1474—1482), маршалак гаспадарскі (1482—1495), намеснік слонімскі (1483—1490), новагародскі (1486—1487), бельскі (1492—1495).
Солтан Аляксандравіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Пераемнік | Іван Літавор Храптовіч | ||||||
Смерць | 1495 | ||||||
Род | Солтаны | ||||||
Бацька | Аляксандр Юр’евіч | ||||||
Дзеці | Аляксандр Солтанавіч | ||||||
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьСын падскарбія земскага літоўскага Аляксандра Юр’евіча.[1]
З маладосці, напэўна, служыў пры двары караля Казіміра. Сваім дваранінам, які паломнічае да Труны Гасподняй, называе яго кароль у рэкамендацыйным лісце (пашпарце) да еўрапейскіх валадароў, выданым у Гродне 20.4.1467 года. У канцы 1467 года пан Солтан ужо пры двары святарымскага імператара Фрыдрыха III, дзе засведчыў жаданне наведаць іншыя краіны і вучыцца рыцарскаму майстэрству, і 1.12.1467 года ў Вінер-Нойштаце атрамаў імператарскі рэкамендацыйны ліст. Потым падарожнічаў па Італіі, пэўны час быў пры двары сіцылійска-неапалітанскага караля Фердынанда ў Паццуолі, 5.3.1468 года атрымаў і яго ліст.[1]
Потым быў пры двары Папы Паўла II, які асабіста прыняў яго ў унію, не патрабуючы паўторнага хрышчэння, толькі ўрачыстага адмаўлення «аблуды грэкаў». На загад Папы кардынал Вісарыён зрабіў для пана Солтана трансумпт (завераную копію) акта Фларэнційскай уніі. Ад імя Папы 15.3.1468 года ў Рыме яму выданы праезны ліст з блаславеннем падарожжа ў Іерусалім з 10 слугамі. Напэўна, адразу адправіўся да Святых месцаў у Палесціну, крыніцы не згадваюць яго болей за паўгода. Па словах Цёлака, у Іерусаліме паўтарыў адмаўленне «аблуды грэкаў» пры атрыманні стужкі Ордэна Труны Гасподняй[2]. Магчыма, атрымаў толькі стужку, адмысловы знак Ордэна[2], але пазней называўся рыцарам Ордэна.[1]
У снежні 1468 года зноў у Італіі, пры двары міланскага герцага Галеаца Марыя Сфорца, які выдаў яму ліст да іншых валадароў. Праз Кастылію, дзе пры двары караля Энрыке IV атрымаў Ордэн Стужкі, выправіўся ў Партугалію. На думку В. і А. Паравічыні, паводле паломніцкай традыцыі, мусіў наведаць грабніцу апостала Якава ў Сант’яга-дэ-Кампастэла, але крыніцы гэта не адзначаюць. З Партугаліі, з лістом караля Афонсу V ад 17.3.1469 года, праз двор французскага караля Людовіка XI у Туры, прыбыў да двара бургундскага герцага Карла Смелага ў Куртрэ. Добразычліва прыняты, 24.5.1469 года атрымаў урад герцагскага «радцы і шамбяляна» (consiliarium et cambellanum). З лістом герцага Карла наведаў двор англійскага караля Эдуарда IV, таксама добра прыняты і 4.6.1469 года ў Віндзары адораны залатым рыцарскім ланцугом з прывілеем.[1]
Праз недарэчнасць лацінскага перакладу XVII ст. замест Ордэна Стужкі, пан Солтан стаў уяўным кавалерам Ордэна Залатога Руна, анахранічнага іспанскага, што да апошняга часу даецца ў літаратуры[2]. Напрыклад, Г. Люлевіч з агаворкамі, што ордэн Залатога Руна быў родавым паданнем Солтанаў, адзначае гэта ў артыкуле PSB[1]. Абыходзячы недарэчнасць, пэўны час лічылі яго рыцарам бургундскага Ордэна Залатога Руна, аднак прыняцці да яго добра дакументаваны і В. і А. Паравічыні абверглі магчымасць такога.
Падарожжа пана Солтана, а ў 1471 годзе і яго брата Івана, мела прыватны пробны характар і адлюстроўвала жаданне часткі праваслаўнай вялікалітоўскай арыстакратыі прыняць унію, як думаюць, дзеля пашырэння сваіх правоў. Тым жа часам кароль Казімір і Паны-Рада на афіцыйным ўзроўні не пачыналі перамоў з Рымам, бо яны маглі перашкодзіць актуальным тады планам далучэння Вялікага Ноўгарада.[2]
Вярнуўся ў Княства ў 1469—1470 годзе. Узнавіў службу пры двары, 28.2.1476 года згадваецца з урадам падскарбія дворнага літоўскага (vicethezaurarius Lithwanicus). Напэўна, разам з братамі быў адным з ініцыятараў з’езду праваслаўных князёў, паноў і духавенства ў 1476 годзе ў Вільні, дзе абмяркоўвалася пытанне ўніі з каталіцкай царквой паводле правілаў Фларэнційскага сабору. Не браў удзел у з’ездзе, але сярод іншых падпісаў пасланне да Папы Сікста IV ад 14.3.1476 года па яго выніках[3][4][5]. Летам 1476 года з дваром караля Казіміра быў у Мальбарку, у 1477—1478 гадах у розных месцах Польшчы.[1]
Каталіцкае духавенства ў Вільні недаверліва паставілася да прыняцця пана Солтана ў каталіцтва без паўторнага хрышчэння, бо не меў пра гэта папскай булы, яго не толькі не прынялі ў абшчыну, але і з амбона кафедральнага сабора назвалі сабакам[2]. Напэўна, гэта адбілася на яго стаўленні да ідэі ўніі і каталіцтва агулам.
Пазней быў маршалкам гаспадарскім, згадваецца з урадам 23.11.1482 года, займаўся між іншым раздачай гаспадарскіх узнагарод і аплат — тавараў і грошаў са скарбу. На ўрадзе маршалка гаспадарскага быў да канца жыцця. Адначасова намеснік слонімскі (1482—1490) і наваградскі (1486—1487), затым да канца жыцця намеснік бельскі (з 1492). Разам з братам Андрэем 6.8.1486 года засведчыў наданні кн. Сафіі Зубравіцкай і яе сястры кн. Марыяны Трабскай віленскаму сабору Прычыстай Багародзіцы і кіеўскаму мітрапаліту Сімяону.[1]
Вельмі актыўны ў канцы валадарства караля Казіміра, заўсёды быў пры двары падчас частых прыездаў гаспадара ў Княства. Шчодра ўзнагароджваўся за службу, вядома шмат наданняў яму тавараў і грошаў, а таксама маёмасці, згадваюцца прынамсі сенажаць на рацэ Шашоні каля яго «двара» і стаў на рацэ Лясной пад Бярэсцем.[1]
На пачатку 1486 года, разам з пісарам гаспадарскім Пятрашкам Любічам, быў паслом да вял.кн. маскоўскага Івана III, мэтай пасольства, напэўна, была дыпламатычная падтрымка вял.кн. цвярскога Міхаіла Барысавіча, праз маскоўскую пагрозу ўцеклага ў Княства. Таксама паслы мусілі ўзняць пытанне пра памежныя наезды маскоўскіх падданых. Урэшце, пасольства атрымала толькі прапанову вял.кн. Івана III пра памежны з’езд для разгляду двухбаковых крыўд.[1]
Адразу па смерці кар. Казіміра, чэрвенем 1492 года, разам з біскупам луцкім Янам Пудзелкам, ад імя паноў-рады і каралевіча Аляксандра быў паслом да каронных паноў. Пасольства мусіла паведаміць палякам пра смерць караля, заклікаць іх да рады і дапамогі. Паны-рада заяўлялі пра прыязнь і захаванне папярэдніх дамоўленасцяў саюзу супраць усіх ворагаў, нагадвалі рашэнне караля Казіміра пра раздзяленне польскага і вялікалітоўскага стальцоў паміж сынамі. Ад імя каралевіча Аляксандра раілі палякам, паводле волі нябожчыка караля, выбраць на польскі сталец каралевіча Яна Ольбрахта. Таксама паведамлялі, што неўзабаве адбудзецца вялікалітоўскі сойм на якім вялікім князем абяруць каралевіча Аляксандра.[1]
Пан Солтан уваходзіў у бліжэйшую раду пры каралевічы. Пацверджаннем высокага стану былі буйныя наданні ад вял. кн. Аляксандра[1]. Напэўна, яшчэ ў 1492 годзе, атрымаў «двор» Вербую з «прыселкамі» Гнойна, Магільна, дзве Рудзі, Блажэнікі, Краснаселкі ва Уладзімірскім павеце, а 20.3.1493 года «двор» Жыровічы са шматлікімі прыселкамі ў Слонімскім павеце[1].
Памёр ў Вільні, паміж 17.5.1494 года, калі як «намеснік бельскі Солтан» быў сярод сведкаў прывілея, і 22.1.1495 года, калі названы нябожчыкам. Паводле Цёлака, перад смерцю загадаў пазваць да сябе бернардынаў[1], але быццам слугі не выканалі яго волю. Напэўна, склаў тастамент, бо стрыечны брат Багдан Міхайлавіч атрымаў ад яго ў спадчыну прынамсі сяло Дзёгці ва Уладзімірскім павеце, а непаўналетняга сына апекавалі не родныя дзядзькі ці іх сыны, а стрыечны брат па цётцы Літавор Храптовіч.
У спадчыну сыну пакінуў прынамсі «двор» Жыровічы, «двор» Воўчын, «дварэц» Шашкіньскі , «двор» Нясвіж і «двор» Вербскі. Таксама меў маёнткі на Падляшшы і ва Уладзімірскім павеце на поўдзень ад Уладзіміра.
Быў калятарам цэркваў і манастыроў, прынамсі царквы і манастыра ў Троках[1] і Сімяонаўскага манастыра ў Бярэсці, напэўна, і іншых. Верагодна, таму меў патрэбу ў богаслужбовых кнігах і трымаў на сваім «двары» Шэшкіне калі Вільні скрыпторый. На думку М. Нікалаева, адзіны скрыпторый тагачаснай Вільні, дзе парапісванне кніг здзяйснялася працяглы час і рознымі асобамі-прафесіяналамі[6]. На час смерці толькі ўласна пры пане Солтане былі кнігі Правілаў Рыгораўскіх, Рыгор Багаслоў, Евангелле, «золатам пісаны» Псалтыр, Псалтыр з паследаваннем, Посная i Кветная Трыёдзі, аднак, не вядома дзе яны былі перапісаны. Скрыпторый на «двары» Шэшкіне дзейнічаў і пры яго сыне — Аляксандры Солтанавічы. Вядома прынамсі шэсць кніг з запісам пра заказ іх перапісвання панам Солтанам.
- Псалтыр тлумачальны (1485—1487), перапісаны ва Уладзіміры, датаваны годам, індыктам і часам епіскапа Даміана, год не адпавядае індыкту, год і індыкт не адпавядаюць часу епіскапа Даміяна, які згаданы ў 1487 годзе, а ў 1485 і 1487 гадах згаданы яго папярэднік і пераемнік.
- Мінея службовая на студзень-люты (1487)
- Мінея службовая на сакавік-красавік (1487)
- Мінея службовая на май-чэрвень (1488), выказвалася думка, што быў перапісаны поўны год, але Мінеі за ліпень-снежань цяпер не вядомы.
- Пролаг вершаваны на сакавік-жнівень (1496)
- Пролаг вершаваны на верасень-люты (1496), працяг папярэдняй, скончаны ўжо па смерці пана Солтана Аляксандравіча і ён у ім запісаны як Солтан Солтанавіч.
Сям’я
правіцьСустракана, жонкай пана Солтана называюць Васілісу з Храптовічаў, сястру Івана Літавора Храптовіча, напрыклад, так падае Г. Люлевіч у PSB[1]. Сам пан Літавор, аднак, называў пана Солтана дзядзькам, то бок яго маці была солтанавай сястрой. Там жа Г. Люлевіч адзначае і другія памылковыя звесткі пра жонку — Тышкевічаўну[1]. Жонка пана Солтана не вядома імем і паходжаннем, памерла раней за яго, бо пасля смерці самога Солтана згадваюцца скрыні з яе каштоўнасцямі пад яго пячаткай.
Меў адзінага сына Аляксандра, якога непаўналетнім пакінуў на апеку свайму пляменніку пану Літавору Храптовічу. Сустракана, называюць і іншых сыноў, напрыклад, Г. Люлевіч у PSB дае яшчэ трох — Міхаіла, Іосіфа і Грыньку[1]. Названыя Г. Люлевічам асобы, аднак, сыны не пана Солтана Аляксандравіча, а лагойскага баярына Солтана.
Ад імя пана Солтана Аляксандравіча род яго нашчадкаў называўся Солтанамі. Родныя браты Солтана і іх нашчадкі такое прозвішча не ўжывалі, але ў сучаснай літаратуры частку з іх ўмоўна далучаюць да гэтага роду, тое ж тычыцца агульнага іх продка Аляксандра Юр’евіча.
Багдан | Пётр | ЗАГОРАЎСКІЯ | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Міхаіл | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
N дачка | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Іван | Дзмітрый | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Андрэй | Настасся | Лукаш | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
N дачка | Давід | Даніла | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Аляксандр Юр’евіч | Солтан | Аляксандр | Іван | Яраслаў | Геранім | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Іван | Іван | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Іван | N дачка | Аляксандр | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Іван | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Юрый | Богуш | Рыгор | БАГУШЭВІЧЫ ?ПАЧАПАЎСКІЯ | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
N дачка | Міхаіл | ||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
Крыніцы
правіць- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Lulewicz 2000–2001.
- ↑ а б в г д Астахов 2019.
- ↑ Галенчанка Г. Я. Пасланне да папы рымскага Сікста IV 1476 г. Паходжанне помніка // Наш радавод. Кн.8. — Гродна-Беласток, 1999 (2000). — С. 79-107.
- ↑ Lulewicz, H. Problem identyfikacji… S. 97-115.
- ↑ Гудзяк Б. Криза і реформа. Киівська митрополія, Царгородьский патріархат і генеза Берестейськоі уніі. — Львів, 2000. — С. 58-103.
- ↑ Нікалаеў М. В. Кірылічнае кнігапісанне ў Вільні ў XV — першай палове XVI ст. // Спадчына № 3, 1993. — С. 47-50.
Літаратура
правіць- Вяроўкін-Шэлюта У. Солтаны // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 620. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Byliński J. Zagraniczne studia Polaków w epoce staropolskiej // Jezuicka Ars historica. Prace ofiarowane Księdzu Profesorowi Ludwikowi Grzebieniowi SJ. — Kraków, 2001. — S. 98-99/
- Lulewicz H. Problem identyfikacji postaci na Rusi litewskiej w drugiej połowie XV wieku // Swiat pogranicza. — Warszawa, 2003. — S. 97–115.
- Lulewicz H. Sołtan Aleksandrowicz // Polski słownik biograficzny. — Warszawa-Kraków: 2000–2001. — Т. XL.
- Астахов М. А. Загадочный испанский орден литовского шляхтича XV века // Средние века. — 2019. — Т. 80. — № 1. — С. 159—183.
- Бубнов Павел, протодиакон. Древнейшие рукописные церковные книги Солтана Александровича Жировичского XV в. // Труды Минской духовной академии. — 2018. — № 15. — С. 173—183. — (История Церкви). — Библиогр.: с. 182—183 (15 назв.) и в подстроч. примеч. — Рез. англ.
- Aleksander Sołtan. Szambelan Karola Zuchwałego i Kawaler Złotego Runa // Przegląd Poznański, T. 33. — 1862. S. 68.
- Paravicini А., Paravicini W. «Alexander Soltan ex Lithuania, ritum Grecorum sectans»: Eine ruthenisch-polnische Reise zu den Höfen Europas und zum Heiligen Land, 1467—1469 // Zwischen Christianisierung und Europäisierung: Beiträge zur Geschichte Osteuropas in Mittelalter und früher Neuzeit. — Stuttgart, 1998. — P. 377—378.