Соф’я Слуцкая

(1585—1612) княгіня слуцкая і капыльская
(Пасля перасылкі з Соф'я Алелькаўна)

Соф’я Алелькавіч, у шлюбе Радзівіл (1 мая 1585 — 19 (29) сакавіка 1612) — вялікалітоўская арыстакратка з роду Алелькавічаў. Прылічана да святых Рускай праваслаўнай царквой.

Соф’я Слуцкая
Нараджэнне 1 (11) мая 1585
Смерць 19 (29) сакавіка 1612 (26 гадоў)
Месца пахавання
Род Алелькавічы і Радзівілы
Бацька Юрый Юр’евіч Слуцкі
Маці Барбара з Кішкаў[d]
Муж Януш Радзівіл[1]
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Паходжанне

правіць

Пачынальнік роду Аляксандр (Алелька), сын кіеўскага князя Уладзіміра, унук вялікага князя літоўскага Альгерда. Алелькавічы мелі дынастычныя сувязі з вялікімі князямі маскоўскімі, праз Настассю, дачку вялікай княгіні маскоўскай Соф’і Вітаўтаўны. Дзед Соф’і — Юрый, вызначаўся набожнасцю, уласнаручна перапісаў Евангелле для слуцкага Траецкага манастыра, сабраў багатую бібліятэку. З трох яго сыноў прыхільнасць праваслаўю захаваў толькі старэйшы — бацька Соф’і, князь Юрый IIІ Юр’евіч, жанаты з Барбарай[2] з Кішак. У гэтым непрацяглым шлюбе нарадзілася дачка Соф’я — апошняя з Алелькавічаў.

Біяграфія

правіць
 
Абраз з Мінскага кафедральнага сабора

У раннім узросце страціла маці, адразу за ёй пайшоў з жыцця і бацька. Апеку над сіратой, уладальніцай вялікай латыфундыі, здзяйснялі сваякі Хадкевічы — староста жамойцкі Юрый, а пасля яго смерці кашталян віленскі і староста берасцейскі Геранім. Пасля смерці дзядзькаў Аляксандра (1591) і Яна Сымона (1592) да Соф’і перайшло ўсё Слуцкае княства са Слуцкам і Капылём.

Хадкевічы пазычылі ў князёў Радзівілам значныя грашовыя сумы і хацелі выкарыстаць сваю апеку, выплаціўшы даўгі пасагам малалетняй Соф’і, таму і сасваталі 11-гадовую дзяўчынку за прадстаўніка біржанскай галіны Януша Радзівіла, сына віленскага ваяводы Крыштафа. Перад вяселлем абвастрыліся фінансавыя спрэчкі двух родаў, Хадкевічы скасавалі заручыны сваёй выхаванкі. Аднак Радзівілы рашуча заявілі, што не жадаюць адмаўляцца ад нявесты. Спрэчкі ледзь не выліліся ў баявыя дзеянні. Пры пасрэдніцтве караля Жыгімонта ІІІ Вазы бакі паразумеліся. Хадкевічы адмовіліся ад апекі, атрымалі 360 000 злотых і 500 валок зямлі, іх даўгі скасаваны[2]. Новы дзень вяселля прызначылі на 1 кастрычніка 1600 года, на свята Пакрова Багародзіцы. Соф’я Слуцкая і Януш Радзівіл павянчаліся ў адным з храмаў Бярэсця.

Княгіні даводзілася падоўгу заставацца адной, бо Януш Радзівіл удзельнічаў спачатку ў шведскай, а пазней — у маскоўскіх войнах. Памерла 19 сакавіка 1612 года падчас родаў, пахавана ў Слуцкім Траецкім манастыры.

Паводле праваслаўнай царкоўнай гісторыі, Соф’я апекавала праваслаўе ў Вялікім Княстве Літоўскім, асабліва ў Слуцку, не толькі аказвала матэрыяльную і маральную падтрымку духавенству і слуцкім вернікам, якія аб’ядналіся ў Праабражэнскае брацтва, каб процістаяць Берасцейскай уніі, але і сама брала ўдзел у гэтай дзейнасці. Быццам Соф’я выдзяляла сродкі для пабудовы праваслаўных храмаў і шпіталяў для бедных, паломнічала ў святыя мясціны. Княгіня пры дапамозе мужа атрымала каралеўскі прывілей, які абараняў праваслаўных вернікаў у яе ўладаннях ад далучэння да царкоўнай уніі. Паводле царкоўнага падання, неўзабаве па смерці княгіні, сярод гараджан пайшлі чуткі пра цуды, якія адбываліся каля яе труны, і тады пачалося шанаванне Соф’і як мясцовай святой, але кананізавалі яе толькі ў 1984 годзе. Цяпер мошчы Соф’і захоўваюцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы ў Мінску. Дзень яе памяці — 1 красавіка.

У культуры

правіць

Персанаж рамана Юзафа Крашэўскага «Апошняя са слуцкіх князёў» (1841) і гістарычнай драмы Уладзіслава Сыракомлі «Магнаты і сірата» (1859).

Зноскі

правіць

Літаратура

правіць
  • Минчук, А. Праведная София, княгиня Слуцкая / Минчук Алла // Минские епархиальные ведомости. 1997. № 2. С. 56-60.
  • Праведная София, княгиня Слуцкая (1612) // Собор белорусских святых. Мн., 1997. С. 38-43.
  • Масляніцына, І. Соф’я Алелькавіч (Слуцкая) / Ірына Масляніцына // На рубеже столетий. 1998. № 3. C. 18-19.
  • Праведная Сафія, княгіня Слуцкая // Начаткі праваслаўя. Мн., 1998. С. 109.
  • Рублеўская, Л. Апошняя з Алелькавічаў : драм. паэма : у 3 дз. / Людміла Рублеўская // Праваслаўе. 1998. № 7. С. 106—125.
  • Вайтовіч, А. Праведная Сафія, княгіня Слуцкая / Аляксей Вайтовіч // Алеся. 1999. № 11. С. 19.
  • Кенька, М. І стала ў Слуцку Сафія / Міхась Кенька // Бібліятэка прапануе. 2001. № 1. С. 4-6.
  • Радзівіл Соф’я, Соф’я Слуцкая // Рэлігія і царква на Беларусі : энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 275.
  • Радзівіл Соф’я// Энцыкл. гісторыі Беларусі : у 6 т. Мн., 2001. Т. 6, кн. 1. С. 61.
  • Радзівіл (Алелька-Радзівіл) Соф’я // Асветнікі зямлі Беларускай, Х — пач. ХХ ст. : энцыкл. давед. Мн., 2001. С. 344—345.
  • Яскевіч, А. Падзвіжнікі і іх святыні : духоўная культура старажыт. Беларусі / Алена Яскевіч; навук. рэд. У. П. Вялічка, М. П. Касцюк; маст. афарм. В. П. Масцераў. — Мн. : Полымя, 2001. — 368 с. : іл. С. 96-97.
  • Праведная София, княгиня Слуцкая / подгот. протоиерей Георгий Дзичковский // Гаспадыня. 2003. № 4. С. 30-31.
  • Бабкова, В. Тры дакументы пра Зафею Слуцкую // Архіварыус. Зборнік навуковых паведамленняў і артыкулаў. — Мн.: БелНДІДАС, 2004. Вып. 2.
  • Скеп’ян, Н. Князі Слуцкія. — Мн., 2013.

Спасылкі

правіць