Суражская партызанская зона

Суражская партызанская зона — тэрыторыя на паўночным усходзе Віцебскай вобласці, якую кантралявалі партызаны. Складвалася на працягу студзеня — сакавіка 1942 года ў ходзе наступальных дзеянняў партызанскіх атрадаў пад кіраўніцтвам М. П. Шмырова, Д. Ф. Райцава, А. П. Дзіка, М. Ф. Біруліна (пазней ўсе ў складзе 1-й Беларускай партызанскай брыгады), М. І. Дзьячкова (пазней у складзе 2-й Беларускай партызанскай брыгады імя П. К. Панамарэнкі). Партызаны разграмілі ў дзясятках вёсак мясцовыя акупацыйныя органы, вызвалілі ўсходнюю частку Мехаўскага і Гарадоцкага раёнаў, паўночна-ўсходнюю частку Віцебскага і паўночную Суражскага раёнаў. Дапамогу партызанам у вызваленні ўсходняй часткі зоны аказалі 21-я стралковая брыгада і 62-і асобны лыжны батальён 4-й ударнай арміі Калінінскага фронту, да перадавых пазіцый якой да 29 верасня 1943 года прымыкаў 40-кіламетровы ўчастак Суражскай партызанскай зоны. Да лета 1942 года межы зоны значна пашырыліся, ахапілі вялікую тэрыторыю ў чатырохвугольніку СуражВіцебскГарадокУсвяты. У яе ўваходзілі Суражскі раён (за выключэннем райцэнтра), частка Мехаўскага, Гарадоцкага, Віцебскага і Лёзненскага раёнаў агульнай плошчай 3 тысячы км². У канцы верасня 1942 года гітлераўцы падцягнуўшы свежыя сілы ліквідавалі Віцебскія вароты. Нягледзячы на гэта, Суражская партызанская зона працягвала існаваць да снежня 1943 года, хоць яе тэрыторыя некалькі звузілася.

Гісторыя правіць

Зону абаранялі партызанскія брыгады 1-я Беларуская, імя А. Ф. Данукалава, 2-я Беларуская імя Панамарэнкі, імя Кутузава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, 1-я Віцебская і некаторыя іншыя партызанскія фарміраванні. Агульнае кіраўніцтва ўсёй баявой і гаспадарчай дзейнасцю ў зоне ажыццяўлялі Суражскі падпольны РК КП(б)Б і спецыяльны штаб на чале з сакратаром райкама І. Ф. Бардзіянам, а таксама Гарадоцкі, Віцебскі, Мехаўскі, Лёзненскі падпольныя райкамы КП(б)Б, адноўленыя мясцовыя органы савецкай улады (Суражскі і Мехаўскі райвыканкамы, шматлікія сельсаветы) пад агульным кіраўніцтвам Віцебскага падпольнага абкама КП(б)б, Паўночна-Заходняй аператыўнай групы ЦК КП(б)Б, камандавання Калінінскага (да 20 кастрычніка 1943) і 1-га Прыбалтыйскага франтоў.

Зона знаходзілася пад пастаянным баявым уздеяннем 59-га нямецкага армейскага корпуса (13 батальёнаў). Апрача яго карныя аперацыі супраць партызан і мясцовага насельніцтва зоны вялі камендатуры Смаленска (5 батальёнаў), 201-я ахоўная дывізія, 205-я пяхотная дывізія, 19-ы паліцэйскі полк СС і іншыя. Перыядычна да карных аперацый супраць зоны прыцягваліся часткі 3-й танкавай арміі. З чэрвеня 1942 па чэрвень 1943 гадоў гітлераўцы правялі супраць партызан зоны 11 карных аперацый («Белы мядзведзь», «Грамавы ўдар», «Шаравая маланка», «Майская навальніца», «Дождж на Сёмуху», «Вясенні карагод» і іншыя). Паўднёвыя межы зоны ўздоўж правага берага Заходняй Дзвіны (у межах Суражскага і часткова Віцебскага раёнаў) і да поўначы і паўднёвага ўсходу ад вусця ракі Лужаснянка па сістэме азёраў Вымна, Вослепна, Мядзесна, Цёста ўтрымлівала 1-я Беларуская партызанская брыгада. Яна першай сустрэла ў пачатку чэрвеня 1942 года наступленне 59-га нямецкага армейскага корпуса і дала магчымасць мясцовым партыйным і савецкім органам ажыццявіць эвакуацыю больш за тысячу сямей за лінію фронту. Карнікі ў зоне баявых дзеянняў спалілі каля 2 тысяч сялянскіх дамоў, знішчылі школы, бальніцы, расстралялі больш за 20 захопленых імі жыхароў, ператварыўшы раён карнай экспедыцыі ў зону «выпаленай зямлі». У канцы студзеня 1943 года нямецкім войскам удалося акружыць на поўдні ад ракі Аўсянка каля 9 тысяч партызан з брыгад «Аляксея», 1-й і 2-й Беларускіх, 3-й Смаленскай, Багушэўскай, асобнай дыверсійнай імя У. І. Леніна, 1-й Віцебскай, імя Кутузава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола, да 650 байцоў розных спецгруп і армейскіх разведчыкаў. У выніку баёў партызаны вымушаны былі на час пакінуць зону і выйсці ў суседнія раёны Віцебскай вобласці, а часткай сіл — за лінію фронту. Баі з карнікамі ў зоне працягваліся яшчэ некалькі месяцаў. У снежні 1943 года значная частка зоны была вызвалена войскамі 1-га Прыбалтыйскага фронту ў выніку Гарадоцкай аперацыі, калі большасць партызанскіх фарміраванняў, якія засталіся ў зоне, злучыліся з Чырвонай Арміяй.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць