Сядзібна-паркавы комплекс Ельскіх (Замосце)

Сядзі́ба Е́льскіх у Замо́сці — колішні сядзібна-паркавы комплекс у Замосці, цяпер Пухавіцкі раён, Мінская вобласць.

сядзіба
Сядзіба Ельскіх у Замосці
53°34′14″ пн. ш. 27°41′19″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Замосце
Заснавальнік Аляксандр Каралевіч Ельскі
Дата пабудовы 1860-я
Вядомыя насельнікі Аляксандр Ельскі
Стан зруйнаваны
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

 
Рэшткі сядзібнага парку

Маёнтак Замосце належаў Прозарам. Разам з Дудзічамі перайшоў у 1785 годзе да Станіслава Ельскага, пазней — да яго сына Караля. Сядзіба будавалася ў 1860-я гады Аляксандрам, малодшым сынам Караля, які атрымаў у спадчыну маёнтак з некалькімі фальваркамі ў 1857 годзе[1].

Пасля смерці Аляксандра ў 1916 годзе, маёнтак перайшоў да яго сына Яна.

Архітэктура правіць

Сядзіба размяшчалася на прыпаднятай тэрасе ракі Пціч і ўключала сядзібны дом, парк з невялікімі вадаёмамі, фруктовы сад, гаспадарчы дом з трынаццаццю пабудовамі[1].

Сядзібны дом быў прамавугольным у плане, аднапавярховым, драўляным, на высокім цокалі, з гонтавым дахам. Галоўны фасад упрыгожваў ганак з чатырма калонамі. У параднай зале віселі гравюры і партрэты[1].

У доме была абсталявана хатняя капліца, у якой прыезджыя святары тайна хрысцілі ўніятаў, якіх у той час пераследавалі[1].

Да дому праз вялікі сад вяла галоўная ўязная алея. Другая шырокая алея з белай таполі вяла па краі сядзібы. Дом быў абкружаны невялікім пейзажным паркам, які меў нескладаную водную сістэму з двух вадаёмаў[1].

Музей правіць

У 1864 годзе Аляксандрам Ельскім былі створаны бібліятэка і музей старажытнасцей, у фондах якога было каля 7 тыс. кніжак, 20 тыс. рукапісаў, больш за 1 тыс. гравюр, калекцыя карцін, зборы манет, медалёў, прадметаў археалагічных знаходак[2]. Збор у Замосці ўключаў палотны заходнееўрапейскіх мастакоў (Паала Веранезэ, Марчэла Бачарэлі, Норбліна, Давіда Тэнірса, Рубенса), а таксама беларускіх і польскіх мастакоў (Юзафа Пешкі, Францішка Смуглевіча, Сымона Чаховіча, Язэпа Аляшкевіча, Валенція Ваньковіча, Апалінарыя Гараўскага, Яна Дамеля)[3].

У музеі былі рэчы і прадметы Міцкевіча, Касцюшкі, Манюшкі. Сярод гістарычных рэліквій у музеі былі медалі, ордэны, слуцкія паясы, аўтографы сусветна вядомых людзей (Напалеона, Людовіка XVI, Вашынгтона, Пятра I)[3].

Бібліятэка і музей перад Першай сусветнай вайной былі вывезены ў Кракаў, частка апынулася ў Варшаве. Сёння калекцыі часткова страчаныя, часткова рассеяліся па свеце. Кнігі Ельскага і прадметы збору ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, у Кіеве, Львове, Уроцлаве, Кракаве. Відаць, асобныя прадметы захоўваюцца ў архіве Ватыкана[4].

Сучаснасць правіць

Частка воднай сістэмы з паркам захавалася. Паркавыя насаджэнні здзічэлі. Вакол падмурку дома растуць старыя клёны і здзічэлыя ружы.

Галерэя правіць

Зноскі

  1. а б в г д Федорук 2000, с. 330.
  2. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 492. — 576 с.: іл. — ISBN 985-6302-33-1.
  3. а б Федорук 2000, с. 331.
  4. Федорук 2000, с. 332.

Літаратура правіць

  • Дзеля блізкіх і прышласці : матэрыялы міжнар. навук.-практ. канф. «Універсітэты Ельскіх» (да 165-годдзя з дня нараджэння Ельскіх), Мінск, 7 кастр. 1999 г. / Бел. ун-т культуры ; рэдкал.: (адк. рэд.) А.У. Пазнякоў [і інш.]. — Мінск: Бел. ун-т культуры; рэкламна-выдав. фірма «Ковчег», 1999. — 156 с.
  • Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.

Спасылкі правіць