Сядзібна-паркавы комплекс Трэмбіцкіх (Інтэрнацыянальны)

Пала́цава-па́ркавы ко́мплекс Трэмбі́цкіх — рэшткі сядзібна-палацавага комплексу ў пасёлку Інтэрнацыянальны Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[1].

Славутасць
Палацава-паркавы комплекс Трэмбіцкіх
52°29′37″ пн. ш. 24°28′49″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
пасёлак Інтэрнацыянальны
Тып будынка сядзіба
Архітэктурны стыль класіцызм
Заснавальнік Вінцэнт Трэмбіцкі
Будаўніцтва канец XVIII — пачатак XIX стст.
Будынкі
сядзіба • бровар
Прыдзелы гаспадарчыя пабудовы
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 113Г000610шыфр 113Г000610
Стан занядбаны
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Лінова стала ўладаннем генерала Пятра Румянцава, які хутка распрадаў гэтыя землі. Лінова набыў Вінцэнт Трэмбіцкі (1762—1842) гербу «Слепаўрон», кобрынскі лоўчы і шамбелян апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста[2]. На мяжы XVIII—XIX стагоддзяў ён збудаваў тут сядзібу ў класічным стылі, у якой жылі чатыры пакаленні роду. Гэта быў цагляны аднапавярховы будынак, накрыты чатырохсхільным дахам.

Толькі ў пачатку XX стагоддзя, калі сядзіба стала цеснай для ўсіх нашчадкаў, тагачасны ўласнік Уладзіслаў Трэмбіцкі заняўся яе перабудовай. Былі прыбудаваны бакавыя крылы, аднак у працэсе будоўлі не хапіла сродкаў на поўную рэалізацыю задумкі, да таго ж яе здзяйсненню зашкодзіў выбух Першай сусветнай вайны, і змены атрымаліся не надта ўдалымі[3].

У сярэдзіне XIX стагоддзя ў доме была вялізная бібліятэка, якая належала бібліяфілу Уладзіславу Трэмбіцкаму, брату ўласніка Лінова Багуслава. Не маючы добрага дому ў сваім маёнтку ў Мікітычах, Уладзіслаў захоўваў кнігі ў Ліноўскім маёнтку. З цягам часу іх колькасць дасягнула некалькі тысяч тамоў, у асноўным польская і французская літаратура. У бібліятэцы былі кнігі і рукапісы са збораў Міхаіла Баброўскага, набытыя ў 1847 годзе. Па смерці Уладзіслава Трэмбіцкага яго бібліятэка амаль цалкам была прададзена Замойскім і апынулася ў Варшаве (у 1944 года загінула ў часе пажару). Рэшткі кніг былі вывезены немцамі пасля акупацыі Пружаншчыны ў Першую сусветную вайну[4].

За савецкім часам у класіцыстычным палацы Трэмбіцкіх размяшчалася кантора крухмальнага завода[5] (які паўстаў у памяшканнях бровару). Аднак пасля таго, як завод збанкрутаваў, сядзіба паступова разбуралася.

Апісанне правіць

 
Галоўная частка фасада левага крыла

Палац з'яўляўся цэнтрам кампазіцыі. У пачатку XX стагоддзя быў перабудаваны ў духу сядзібнай архітэктуры XIX стагоддзя. Даўжыня будынку складала 110 м. Цэнтральная частка двухпавярховая (16×10 м), бакавыя крылы аднапавярховыя (19×11 м). На адной кароткай восі размяшчаліся пад'езная алея, партэр і палац, аднак новыя прыбудовы, закладзеныя Уладзіславам, парушылі восевую сіметрыю: правае крыло недабудавалі, і яно адрознівалася ад астатняй часткі палацу.

Цэнтральны ўваход у сядзібны дом меў масіўны порцік, першы паверх якога складалі 5 аркадаў, над якімі ўзвышаліся 4 калоны з трохвугольным франтонам. Сярэдні рызаліт паркавага фасаду аднапавярховы, мае прасторную тэрасу. Левае крыло двухпавярховае, з невялікім гаўбцом і калонамі.

 
Печа
 
Аздабленне столі

Інтэр'еры памяшканняў вылучаліся разнастайнасцю і багаццем аздаблення. У цэнтральным холе стаялі мармуровыя бюсты Нерона і Агрыпіны, столь пакрытая выразанымі з дрэва кесонамі. Па сценах сталоўкі, якая адначасна служыла бальнай залай, віселі партрэты сем'яў Трэмбіцкіх і Ажэшкаў. Сцены «цёмнага» салона былі аклеены цёмнымі шпалерамі, а мэбля абцягнутая цёмна-зялёным сукном. У «ясным» салоне мэбля была абабітая чырвоным атласам.

Парк правіць

Плошча парку складае 3 га. Планіроўка выцягнутая. Да сядзібы вяла ліпавая алея шырынёй 20 м, якая пачыналася ад галоўнай алеі з конскага каштану. З усходняга боку ад уязной алеі размяшчалася стайня. У 1921 годзе ў сядзібе быў пабудаваны бровар, да якога вяла другая алея з ліпы крымскай і буйналістай. З боку завода праходзіў вузкі канал, прызначаны для адводу лішкаў вады ў Мухавец.

Па абодва бакі сіметрычна будынку сядзібы стаялі дзве брамы. На партэры між брамамі і хатай раслі клёны, грабы, ясені, дубы, ліпы, конскія каштаны, ракіта залацістапабегавая, арэхі грэчаскія, сосны крымскія. Невялікі сядзібны парк дапаўняўся садам.

Сучасны стан правіць

Дом патрабуе тэрміновага капітальнага рамонту. Толькі частка яго перакрыта і выкарыстоўваецца. Бровар захаваўся, і да нядаўняй пары ў ім дзейнічаў крухмальны завод.

Паркавы партэр бессістэмна засаджаны дрэвамі, якія закрываюць выгляд на фасад сядзібы. Захаваліся дрэвы ўзростам больш за 150 гадоў.

3 студзеня 2012 года сядзіба разам з крухмальным заводам была прададзена з аўкцыёну за 1,1 млрд рублёў (130 000 долараў). Пераможцам стаў расійскі бізнесоўца Бліноў, якія з'яўляецца суўладальнікам беларуска-расійскай фірмы. Адной з умоў продажу была захаванасць сядзібы ў якасці аб'екту гісторыка-культурнай спадчыны[6].

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць