Сінча
Сінча́[1] (трансліт.: Sinča, руск.: Синча) — вёска ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці. Уваходзіць у склад Дубраўскага сельсавета. Месціцца за 10 км на поўдзень ад Мар’інай Горкі, 65 км ад Мінска, каля ракі Талька.
Вёска
Сінча
| ||||||||||||||||||||||
Гісторыя
правіцьРанняя гісторыя
правіцьУ 1710 годзе ўпамінаецца як моцна пацярпелая ў Паўночную вайну вёска ў складзе маёнтка Смілавічы-Бакшты ў Менскім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага[2]. У 1744 годзе ўласнасць М. Агінскай-Завішы.
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года тэрыторыя апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У XVIII стагоддзі нейкі час уласнасць Барэцкай, у складзе маёнтка Вомельна[3]. У 1800 годзе была капліца. У XIX стагоддзі ў Ігуменскім павеце Мінскай губерні. З другой паловы XIX стагоддзя ў Амяльнянскай воласці Ігуменскага павета.
Нейкі час уласнасць Бурзынскіх герба Трыўдар, пазней Ратынскіх герба Крыўда. Віктар Сармата Ратынскі ўдзельнічаў у паўстанні 1863 года, за што значная частка маёнтка была канфіскавана расійскімі ўладамі, аднак сам маёнтак застаўся ў Ратынскіх[4].
Увесну 1886 года адбыліся сялянскія хваляванні супраць адміністрацыі памешчыка. У 1891 годзе заснаваны вінакурны завод, у якім у 1913 годзе было 10 рабочых.
Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы было 2 крамы, побач аднайменны маёнтак Ратынскага, дзе быў вінакурны завод. У 1897 годзе маёнткам валодаў Баагім Ратынскі, сын Віктара[5]. У канцы XIX стагоддзя сяляне Сінчы апроч земляробства займаліся вырабам колаў, саней, ліпавых рагожак, а таксама пчалярствам у навакольных лясах[6].
У 1903 годзе адкрыта школа граматы.
У жніўні 1905 года адбылося сялянскае выступленне, распачатае з самавольнага выпасу жывёлы на пасевах Ратынскага[7]. Выступленне падаўлена салдатамі, арганізатары арыштаваныя[8].
Паводле перапісу 1917 года ў маёнтку былі 2 млыны і крупадзёрка. Апошнім уласнікам маёнтка быў Багдан Лукаш Ратынскі, сын Віктара[4].
Найноўшы час
правіцьЗ канца лютага 1918 года тэрыторыя акупаваная войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Амяльнянскай воласці накіроўвалі звароты ў Народны Сакратарыят Беларусі са скаргамі на дзеянні нямецкіх акупацыйных улад[9]. У снежні 1918 года занята Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны ў жніўні 1919 — ліпені 1920 гадоў пад акупацыяй Польшчы (Мінская акруга ГУУЗ).
З 31 ліпеня 1920 года ў Беларускай ССР. Маёнтак нацыяналізаваны. Школа граматы рэарганізавана ў школу 1-й ступені, у якой у 1922 годзе вучыліся 86 дзяцей, у тым ліку 26 дзяўчынак, працавалі 2 настаўнікі. З 1924 да 1965 года цэнтр Сінчанскага сельсавета.
У 1930-х гадах праведзена прымусовая калектывізацыя. У 1933 годзе быў створаны саўгас «Сінча», працавала кузня, маслабойня, стальмашня, шорная майстэрня.
У Другую сусветную вайну з канца чэрвеня 1941 года да пачатку ліпеня 1944 года пад акупацыяй Германіі. У ліпені 1943 года вёска спалена нямецкай уладай, забіта 16 чалавек[10].
Насельніцтва
правіць- 1800 год — 28 двароў, 180 жыхароў
- 1816 год — 37 двароў, каля 200 жыхароў
- 1897 год — 84 двары, 532 жыхары
- 1908 год — вёска, 101 двор, 647 жыхароў; маёнтак, 1 гаспадарка, 142 жыхары
- 1917 год — вёска, 118 двароў, 632 жыхары; маёнтак, 195 жыхароў
- 1960 год — 348 жыхароў
- 2002 год — 78 двароў, 163 жыхары
- 2010 год — 60 гаспадарак, 118 жыхароў
- 2012 год — 52 гаспадаркі, 111 жыхароў
- 2019 год — 106 жыхароў
Славутасці
правіць- Гаспадарчы двор маёнтка (XIX ст.)[11]
Страчаная спадчына
правіць- Сядзіба Ратынскіх (XIX ст.)
Крыніцы
правіць- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2003. — 604 с. ISBN 985-458-054-7. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Сінчы́, мн.
- ↑ НГАБ у Мінску, ф. 1727, воп. 1, спр. 7, с. 211
- ↑ Дапаможнік . helper.archonline.by. Праверана 27 снежня 2023.
- ↑ а б Dzieje rezydencji 1991, s. 147.
- ↑ Памяць 2003, с. 94.
- ↑ SgKP 1889, с. 616.
- ↑ Памяць 2003, с. 62.
- ↑ Памяць 2003, с. 720.
- ↑ Вялікі гістарычны атлас Беларусі : у 4 т. / Дзяржаўны камітэт па маёмасці Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства «Белкартаграфія»; рэдкалегія: В. Л. Насевіч (галоўны рэдактар) [і інш.]. — Т. 4 / [рэд. В.Л. Насевіч]. — Мінск: Белкартаграфія, 2018. — 270 с., іл. — ISBN 978-985-508-476-2. С. 19.
- ↑ Поиск - Белорусские деревни, сожжённые в годы Великой Отечественной войны . db.narb.by. Праверана 27 снежня 2023.
- ↑ Синча, усадьба: хоздвор (фото) . orda.of.by. Праверана 27 снежня 2023.
Літаратура
правіць- Сінча // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 8: Мінская вобласць, кн. 4 / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2013. — С. 181. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0735-9.
- Памяць: Пухав. р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Укл. А. А. Прановіч; Рэдкал.: А. М. Карлюкевіч і інш.. — Мінск: Беларусь, 2003. — 749 с. — ISBN 985-01-0251-9.
- Jelski A. Sińcza // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew (польск.). — Warszawa, 1889. — S. 616.
- Roman Aftanazy. Sińzca // Dzieje rezydencji na dawnych kresach Rzeczypospolitej (польск.). — drugie przejrzane i uzupełnione. — Wrocław: Ossolineum, 1991. — T. 1. Województwa mińskie, mścisławskie, połockie, witebskie. — s. 147—149. — 352 s. — ISBN 83-04-03713-0 (т. 1), ISBN 83-04-03701-7.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сінча