Цімафей Максімавіч Пецольд

(Пасля перасылкі з Ц. М. Пецольд)

Цімафей Максімавіч Пецольд (пры нараджэнні Томас Максавіч Пецольд; нар. 25 кастрычніка 1934, г. Мінск) — беларускі навуковец, спецыяліст у галіне будаўнічых канструкцый, будынкаў і збудаванняў. Доктар тэхнічных навук (1986), прафесар (1988). Акадэмік Беларускай інжынерна-тэхналагічнай акадэміі (1991), Беларускай акадэміі архітэктуры (1997).

Цімафей Максімавіч Пецольд
Дата нараджэння 25 кастрычніка 1934(1934-10-25) (89 гадоў)
Месца нараджэння
Бацька Макс Георгіевіч Пецольд[d]
Маці Ганна Нестараўна Старавойценка[d]
Навуковая сфера будаўнічыя канструкцыі
Месца працы
Навуковая ступень доктар тэхнічных навук (1986)
Навуковае званне
Альма-матар
Член у
Прэміі
Узнагароды

Біяграфія правіць

Паходжанне правіць

Дзед Георгій Эміліевіч Пецольд (1877—1941) працаваў выкладчыкам нямецкай мовы ў АССР Немцаў Паволжа. У час голаду 1920-1930-х гг. памерла ягоная жонка, і ён, атрымаўшы дазвол, разам з двума сынамі выехаў ў кірунку роднага Дрэздэна. У дарозе ён захварэў і страціў на шляху прытомнасць, праз што яго выкінулі разам з дзецьмі з цягніка ў Менску. Яго падабрала і выхадзіла Аляксандра Паўловіч (з Валахановічаў)[1]. У 19231930 гадах загадчык кафедры замежных моў БДУ[2]. Атрымаў кватэру ў доме «Асветнік-камунар»[1] (не захаваўся), пабудаваны працаўнікамі Наркамата асветы ў пачатку 1930-х гадоў на вуліцы Свярдлоўскай. Арыштаваны 20 мая 1938 года, асуджаны на 15 гадоў лагераў[3]. Пасля трохгадовага турэмнага зняволення быў расстраляны ў 1941 годзе ў Пяцігорску разам з другой жонкай, Аляксандрай Аўгустаўнай (1900—1941)[4], якая таксама была выкладчыцай нямецкай мовы.

Бацька Макс Георгіевіч Пецольд (1909—1957), сын Георгія Эміліевіча, ажаніўся з Ганнай Несцераўнай Ярота (са Старавойценкаў), дачкой Аляксандры Паўловіч ад першага шлюбу. Першы муж Ганны, эстонец Георгій Ярота, не вярнуўся з Масквы[1]. Макс Пецольд быў хірургам, працаваў галоўным ўрачом паліклінікі № 1 у Оршы. Арыштаваны ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны, 22 чэрвеня 1941 года. З прычыны хуткага наступу немцаў вывезены ў Саратаў. Асуджаны 29 красавіка 1942 года «асобай нарадай» як агент нямецкіх разведорганаў паводле арт. 58 КК РСФСР на 10 гадоў лагераў у Карагандзінскай вобласці[5]. Адбываў пакаранне ў Джэзказгане, вызвалены з лагераў 1956 годзе па «берыеўскай» амністыі. Пражыў яшчэ год[6].

Старэйшы брат бацькі, Эміль Георгіевіч Пецольд (1907—1938), выкладаў нямецкую мову ў ваенным вучылішчы, рэпрэсаваны як агент германскай разведкі[7].

Жыццё правіць

Том Максавіч Пецольд нарадзіўся 25 кастрычніка 1934 года. У 1942 годзе вывезены з Оршы на працы ў Ліцманштат (цяпер Лодзь) разам з маці і сястрой Маяй Георгіеўнай. Маці працавала на тэкстыльнай фабрыцы, якая абслугоўвала нямецкую армію. Дзяцей размеркавалі ў асобныя лагеры. Пасля Ганну Нестараўну ўзялі ў медыцынскі пункт, далі талоны на ежу і жыллё пры фабрыцы. Ёй удалося вывесці сваіх дзяцей з лагераў. Вярнуліся ў 1946 годзе на радзіму[6].

Пасля вайны маці працавала памочніцай санітарнага ўрача Мінскай санэпідэмстанцыі. Арыштаваная 24 верасня 1948 года, асуджаная 27 лістапада 1948 года паводле арт. 63-1 КК БССР на 5 гадоў ППЛ, на 5 гадоў п/п за тое, што ў перыяд акупацыі працавала перакладчыцай. Заменена на 10 гадоў у «Эльгене» на Калыме[8]. Пасля гэтага цётка Людміла Аляксандраўна Старавойценка змяніла Тому імя ў метрыцы на Цімафея Максімавіча[6].

У 1953 годзе скончыў сярэднюю школу № 4 у Мінску. У 1958 годзе скончыў Беларускі політэхнічны інстытут па спецыяльнасці «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва». У школьныя і студэнцкія гады займаўся плаваннем і водным пола, выступаючы за зборную рэспублікі. Пад кіраўніцтвам дацэнта Н. П. Фралова з захапленнем займаўся студэнцкай навуковай працай і па хадайніцтве яго і прафесара С. С. Атаева быў размеркаваны ў Інстытут будаўніцтва і архітэктуры АН БССР, створаны ў 1957 годзе.

У 1950-я гг. у ІБІА працавала вялікая колькасць маладых навукоўцаў, многія з якіх да прыходу ў навуку мелі за плячамі вопыт працы ў праектных і будаўнічых арганізацыях, сярод іх доктар тэхнічных навук І. М. Ахвердаў, кандыдаты тэхнічных навук М. П. Блешчык, Л. К. Лукша, К.  Сікержыцкі, І. В. Смех, І. М. Кедзіч, В. Ф. Залога, Л. Ф. Бярозаўскі, У. І. Скрыба і інш. Працаваў спачатку малодшым навуковым супрацоўніка, пасля стаў кіраўніком лабараторыі жалезабетонных канструкцый і навукова-эксперыментальнай базы інстытута. Браў удзел і кіраваў навуковымі даследаваннямі ў вобласці стварэння і ўкаранення папярэдне напружаных армацэментавых панэляў памерамі 3 х 12 м для пакрыццяў прамысловых будынкаў, жалезабетонных скляпенняў паўпрахадных каналаў цеплатрас, канструкцый пакрыццяў (фермаў і пліт) з лёгкіх бетонаў для прамысловых будынкаў, шматпустотных пліт стэндавага безапалубнага фармавання.

У 19621968 гг. Т. М. Пецольд займаўся пытаннямі стварэння тэорыі разліку і ўкаранення папярэдне напружаных канструкцый[ru], армаваных шклапластыкавай арматурай (пліты пакрыцця, шпалы, калоны). Даследаванні вяліся ў кантакце з вядучымі навукова-даследчымі і праектнымі інстытутамі СССР: навукова-даследчым інстытутам жалезабетону[ru] Дзяржбуда СССР (НДІЖБ), праектным інстытутам № 1 (ПІ-1), Цэнтральным навукова-даследчым інстытутам прамысловых будынкаў (ЦНДІпрамбудынкаў, г. Масква), Навукова-даследчым інстытутам будаўнічых канструкцый (НДІБК, г. Кіеў).

У 1968 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па даследаванні працы гнуткіх сціснутых папярэдне напружаных калон (навуковыя кіраўнікі — праф. Р. І. Бердзічэўскі і кандыдат тэхнічных навук А. А. Светаў з НДІЖБ).

Пасля з удзелам і пад кіраўніцтвам Т. М. Пецольда быў праведзены вялікі аб’ём выпрабаванняў новых жалезабетонных канструкцый (пліты тыпу «дынакор», безраскосныя папярэдне напружаныя фермы, блок-пакоі аб’ёмнага домабудавання, канструкцыі новых серый каркасаў ІІ-20 і ІІ-04 і інш.), якія ўпершыню ўкараняліся на будоўлях Беларусі. Акрамя гэтага, выконваліся працы па рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў.

З 1972 года загадчык кафедры «Будаўнічыя канструкцыі», з 1978 года  — «Жалезабетонныя і каменныя канструкцыі» БПІ. Актыўна займаўся ўдасканаленнем і абсталяваннем навукова-эксперыментальнай базы сучасным абсталяваннем, што дазволіла пашырыць аб’ём навуковых даследаванняў з наступным укараненнем у будаўніцтва прагрэсіўных жалезабетонных канструкцый і новых канструктыўных схем будынкаў і збудаванняў. Пры кафедры былі створаны дзве навукова-даследчыя лабараторыі, адна з якіх займалася навуковымі даследаваннямі ў вобласці стварэння новых канструкцый, другая — пытаннямі рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў.

З 1974 г. пад кіраўніцтвам Т. М. Пецольда пры ўдзеле НДІЖБ, праектнага інстытута «Белпрампраект», ПІ-1, Мінбуда і Мінэнерга БССР распачата комплексная праца па стварэнні, даследаванні і ўкараненні ў будаўніцтва танкасценных жалезабетонных канструкцый кальцавога і полага прамавугольнага сячэння, якія вырабляюцца метадам цэнтрыфугавання. У яе рамках праведзены шырокія эксперыментальныя даследаванні тэхналогіі цэнтрыфугавання танкасценных апорных канструкцый, распрацаваны і ўкаранёныя тэхналагічныя лініі з раменнымі і ролікавымі цэнтрыфугамі. Вялікі аб’ём тэарэтычных даследаванняў быў прысвечаны стварэнню тэорыі разліку танкасценных цэнтрыфугаваных канструкцый, вузлоў спалучэнняў элементаў і г.д. Для ўкаранення вынікаў названых даследаванняў у практыку праектавання распрацаваны адзіны ўніфікаваны сартымент цэнтрыфугаваных танкасценных канструкцый і пакет праграм для аптымальнага праектавання, створаны тыпавыя серыі калон аднапавярховых вытворчых будынкаў (бяскранавых і з маставымі кранамі), шматпавярховых вытворчых будынкаў і тэхналагічных эстакад прамысловых прадпрыемстваў. На Аршанскім камбінаце жалезабетонных канструкцый засвоены выпуск кальцавых і прамавугольных полых калон, бэлек і іншых элементаў. У БССР з выкарыстаннем цэнтрыфугаваных калон і рыгеляў пабудавана больш за 500 розных аб’ектаў і тэхналагічных эстакад. Вырабы выкарыстоўваліся таксама пры ўзвядзенні розных аб’ектаў Мінэнерга ў іншых рэгіёнах СССР. Цэнтрыфугаваныя вырабы, якія не патрабавалі даводкі на будуемых аб’ектах, дазволілі зэканоміць да 30 % арматурнай сталі і 40 % бетону, зменшыць энергаёмістасць канструкцый да 15 %, у 2 разы паменшыць кошт перавозкі.

У 1984 годзе Ц. Пецольд абараніў у НДІЖБ годзе доктарскую дысертацыю у вобласці даследаванняў і ўкараненні жалезабетонных канструкцый будынкаў і збудаванняў. У 1985 г. па ініцыятыве Пецольда ў інстытуце «Белпрампраект» створаны аддзел эксперыментальных канструкцый (АЭК). У цесным кантакце з навукоўцамі аддзел распрацоўваў новыя канструктыўныя сістэмы і канструкцыі будынкаў і збудаванняў. Так, пры навуковым кіраўніцтве Пецольда сумесна з НДІЖБ (прафесар У. А. Кляўцоў), Белпрампраектам (С. Г. Смірноў), ПІ-1 (Р. А. Гершанок) і ЦНДІпрамбудынкаў (А. Я. Розенблюм) упершыню ў практыку будаўніцтва ўкаранёныя каркасы аднапавярховых вытворчых будынкаў з дыяфрагмамі цвёрдасці. Гэта дазволіла, напрыклад, зменшыць расход бетону і арматуры да 20 % на будуемым філіяле МТЗ у Смаргоні.

З 2006 года ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва Цэнтрам навуковых даследаванняў і выпрабаванняў будаўнічых канструкцый (ЦНДВБК) БНТУ, а з 2007 г. працуе па сумяшчальніцтве галоўным навуковым супрацоўнікам ДП «Інстытут НДПТІБ імя С. С. Атаева», дзе працягвае кіраваць даследаваннямі і ўкараненнем новых канструктыўных сістэм індустрыяльнага домабудавання, аказвае навукова-практычную дапамогу ў пытаннях рэканструкцыі будынкаў і збудаванняў і падрыхтоўкі кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Акрамя таго, увесь час прыцягваецца кіраўніцтвам РУП «Галоўдзяржбудэкспертыза» для выканання экспертных заключэнняў па ўнікальных будаўнічых праектах.

Навуковая дзейнасць правіць

З’яўляецца аўтарам больш як 350 публікацый і нарматыўных дакументаў, дапаможнікаў, 37 вынаходстваў у вобласці будаўнічых канструкцый. Пад кіраўніцтвам Т. М. Пецольда была распачатая праца па гарманізацыі будаўнічых нормаў Беларусі па праектаванні бетонных і жалезабетонных канструкцый (СНБ 5.03.01-02 «Бетонныя і жалезабетонныя канструкцыі») з еўрапейскімі і іншымі нарматыўнымі дакументамі.

На базе шматгранных даследаванняў фарміравалася навуковая школа ў вобласці тэорыі і практыкі жалезабетону, новых канструктыўных сістэм будынкаў і збудаванняў. Пад яго навуковым кіраўніцтвам абаронены 23 кандыдацкія дысертацыі, у тым ліку 6 — замежнымі аспірантамі, у час кіраўніцтва кафедрай — 6 доктарскіх дысертацый.

Узначальвае экспертны савет у вобласці будаўніцтва і энергетыкі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь. З 1996 г. — старшыня савета Д02.05.09 пры Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце (БНТУ) па абароне доктарскіх дысертацый. Член савета Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (БрДТУ) па абароне кандыдацкіх дысертацый. У якасці апанента па шматлікіх доктарскіх і кандыдацкіх дысертацыях выступаў у Маскве, Ленінградзе, Кіеве, Харкаве, Палтаве, Мінску і Брэсце.

Кіраваў і ўдзельнічаў у праектаванні, рэканструкцыі і будаўніцтве больш як 1000 аб’ектаў жыллёвага, грамадзянскага і прамысловага прызначэння. Пад яго навуковым кіраўніцтвам пабудаваны Нацыянальная бібліятэка Беларусі і грамадска-гандлёвы цэнтр «Сталіца» на плошчы Незалежнасці ў Мінску, з’яўляўся навуковым кансультантам па праектаванні і будаўніцтву МКСК «Мінск-Арэна».

Грамадская дзейнасць правіць

Член калегіі і прэзідыума навукова-тэхнічнага савета Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Беларусі, прэзідыума Саюза будаўнікоў Рэспублікі Беларусь, намесніка старшыні БГА «Архітэктары і дзеячы будаўнічых навук», кіраўніка Нацыянальнага камітэта Рэспублікі Беларусь у Міжнароднай федэрацыі па бетоне (fib). Шмат гадоў уваходзіў у склад рэдкалегіі ўсесаюзнага часопіса «Бетон і жалезабетон»[ru] (Масква), у наш час з’яўляецца членам рэдакцыйных калегій і актыўным аўтарам часопісаў «Архітэктура і будаўніцтва», «Будаўнічая навука і тэхніка» (Мінск), «Веснік ПДУ» (Полацк), «Веснік БрДТУ» (Брэст), а таксама «Engineering structures and technologies» (Літва).

Узнагароды правіць

Ганараваны звання «Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь» (1992); узнагароджаны Граматай Вярхоўнага Савета БССР (1980); прэміяй Савета Міністраў БССР (1983), Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (1994); залатым (1986) і сярэбранымі (1967, 1977) медалямі ВДНГ СССР, ордэнам Пашаны (2008) і медалямі, Ганаровымі граматамі МінВНУ БССР, Міністэрства адукацыі, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Дзяржкамітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, нагрудным знакам у гонар 40-годдзя Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Ганаровы прафесар БрДТУ.

Сям’я правіць

Жонка — Вольга Мітрафанаўна Матусевіч, інжынер-будаўнік, праектыроўшчык, дачка і зяць — інжынеры-будаўнікі, кандыдаты тэхнічных навук, унук — выпускнік Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, матэматык-праграміст. Сястра, Мая Георгіеўна Ярота, 25 гадоў выкладала нямецкую мову ў Беларускім політэхнічным інстытуце, выйшла замуж за Арустама Аванесавіча Харазянца, спартсмена-баскетбаліста, які быў загадчыкам кафедры спартыўных гульняў у Беларускім дзяржаўным інстытуце фізічнай культуры.

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць