Негроідная раса

(Пасля перасылкі з Чорная раса)

Вялікая негроідная раса — адна з чатырох вялікіх чалавечых рас. Да эпохі Вялікіх геаграфічных адкрыццяў прадстаўнікі негроіднай расы насялялі пераважна Афрыку на поўдзень ад Сахары, хаця ў розныя эпохі былі вядомы і ў іншых частках свету, у тым ліку ў Еўропе. У выніку гандлю рабамі і працэсу міграцый шырока прадстаўлены ў Амерыцы, некаторых краінах Паўднёвай Азіі і Блізкага Усходу. У наш час жывуць ва ўсіх частках свету. Складаюць не меней за 8% усёй чалавечай папуляцыі[1].

Афраамерыканская сям'я
"Афрыканскія нацыі": цемнаскурыя афрыканцы сфатаграфаваныя нямецкай энцыклапедыяй Meyers Konversation-Lexikon (1885-1890).

Этымалогія правіць

Назва негроіднай расы паходзіць ад лац.: niger ("чорны"). У еўрапейскіх краінах чарнаскурых выхадцаў з Афрыкі здаўна называлі "неграмі". Упершыню паняцце "негроід" было ўведзена ў 1859 г.[2] У канцы XIX ст. замацавалася ў антрапалогіі.

Паходжанне правіць

Той факт, што людзі сучаснага тыпу паходзяць з Афрыкі, можа сведчыць пра тое, што ўсё чалавецтва да перасялення ў Азію і іншыя мацерыкі было протанегроідным. Архаічнасць негроіднай расы падкрэсліваецца яе прыстасаванасцю да ўмоў трапічнага пояса. Аднак прамых доказаў таго, што першыя людзі сучаснага тыпу былі протанегроіднымі пакуль няма.

Генетыкі не выявілі ў прадстаўнікоў негроіднай расы сведчанняў аб метысацыі з неандэртальцамі, якая адбывалася ў Еўропе і Азіі[3]. Аднак згодна даследаванням групы генетыкаў, якія праводзіліся ў Афрыцы на працягу 1999 - 2009 гг., ДНК некаторых груп негроідаў утрымоўвае сведчанні аб змяшэнні іх прамых продкаў з іншымі архаічнымі відамі чалавека 20 тысяч — 80 тысяч гадоў таму[4].

Характэрныя рысы правіць

Негроідная раса адрозніваецца разнастайнасцю прыкмет, фактычна падзяляецца на некалькі малых рас. Згодна класіфікацыі Я. Рагінскага, негроіды разам з аўстралоідамі складаюць адзіную экватарыяльную расу, для якой характэрны цёмны колер скуры, хвалістыя або кудлатыя валасы, шырокі нос, прагнатызм (высунутыя наперад сківіцы) і г. д.[5] Аднак дадзеная класіфікацыя аспрэчваецца некаторымі сучаснымі антраполагамі. Яны абапіраюцца на сцверджанні генетыкаў аб найбольшай генетычнай аддаленнасці паміж прадстаўнікамі аўстралоіднай і негроіднай рас[6][7][8].

Класічнымі характэрнымі рысамі негроідаў[9] з'яўляюцца:

  • Цёмны або вельмі цёмны колер скуры
  • Цёмны колер вачэй
  • Шырокія вочы з высунутымі вочнымі яблыкамі
  • Кудлатыя або спіральна завітыя валасы
  • Малая колькасць валасоў на твары і целе
  • Шырокі ў крылах нос з нізкім пляскатым пераноссем
  • Тоўстыя вусны з нібы вывернутай слізістай абалонкай
  • Моцны альвеалярны прагнатызм
  • Кароткі корпус цела з доўгімі канечнасцямі
  • Вузкі таз з прыкметным паяснічным лардозам

Эфіопская малая раса правіць

Прадстаўнікі эфіопскай малой расы насяляюць пераважна паўночны ўсход Афрыкі, жывуць уздоўж узбярэжжа Чырвонага мора і Індыйскага акіяна, у гарах Эрытрэі і Эфіопіі, у памежных раёнах Судана і Кеніі. Для іх характэрны высокі рост, хударлявы целасклад, вузкі высокі твар, нізкія арбіты вока, высокае пераноссе, значна меней поўныя, чым у астатніх негроідаў, вусны, хвалістыя валасы. Знешнее падабенства з паўднёвымі еўрапеоідамі спарадзіла заявы некаторых антраполагаў пра значнае ўздзеянне на прадстаўнікоў эфіопскай малой расы перасяленцаў з Аравійскага паўвострава і Паўночнай Афрыкі[10]. Аднак параўнальныя генетычныя даследаванні жыхароў Эфіопіі, Эрытрэі і Емена абвяргаюць гэтую думку. Яны паказалі, што генафонд насельнікаў афрыкансканскага ўзбярэжжа Чырвонага мора вельмі адрозніваецца ад аравійскага, ён фарміраваўся на мясцовай глебе[11]. Расавыя адрозненні жыхароў Эфіопіі выяўляюцца ўжо ў глыбокай старажытнасці.

Негрыльская малая раса правіць

Прадстаўнікі негрыльскай малой расы — пігмеі, што насяляюць зону трапічных лясоў Афрыкі. Яны адрозніваюцца малым ростам, кароткімі нагамі, доўгімі рукамі, яшчэ больш шырокім, але выцягнутым носам, развітым валасяным покрывам цела. Нізкі рост пігмеяў, як і іншых асобных невысокіх груп людзей, звычана тлумачаць экалагічнымі ўмовамі жыцця ў трапічным лесе. Гэта спалучаецца з прыстасаванасцю імунітэта да спецыфічных для дадзенай зоны хвароб. Генетыкі выявілі, што продкі пігмеяў адасобіліся ад астатніх негроідаў ужо 70 — 60 тысяч гадоў таму, але 5 — 4 тысячы гадоў таму ўзнавілі кантакты. Цікава, што жанчыны-пігмеі часцяком нараджаюць агульных дзяцей з суседзямі-банту, аднак жанчыны-банту рэдка нараджаюць ад мужчын-пігмеяў, што таксама тлумачыцца генетычнымі асаблівасцямі[12].

Бушменская малая раса правіць

Бушменская малая раса або капоідная малая раса прадстаўлена бушменамі і некаторымі іншымі народамі кайсанскай групы. Бушмены жывуць пераважна ў раёне пустыні Калахары. Яны маюць невысокі рост, жаўтлява-бурую скуру, пляскаты твар, вузкія вочы (часам з эпікантусам), малую ніжнюю сківіцу. Лардоз спалучаецца са значным тлушчаадкладаннем на ягадзіцах, асабліва ў жанчын. У дарослых рана развіваецца маршчыністасць скуры. Такія спецыфічныя адрозненні ад астатніх негроідаў вымушаюць некаторых антраполагаў вылучаць бушменскую малую расу ў асобную вялікую расу[13].

Археалагічныя раскопкі і этналагічныя даследаванні паказваюць, што ў старажытнасці капоіды былі значна больш распаўсюджаны ў Афрыцы, у тым ліку жылі на поўнач ад экватара. Генетыкі выявілі, што блізкімі па паходжанню да бушменаў з'яўляюцца некалькі груп афрыканскага насельніцтва ў раёне Чырвонага мора і Заходняй Афрыкі. Вялікая генетычная разнастайнасць бушментаў можа сведчыць пра тое, што яны — найбольш старажытны пласт насельніцтва Афрыкі, які развіваўся бесперапынна[14].

Зноскі правіць

  1. THE ORIGIN OF HUMAN “RACES” AND BLOOD GROUPS Архівавана 4 сакавіка 2016.
  2. etymonline.com
  3. Neanderthals, Humans Interbred, DNA Proves Архівавана 7 сакавіка 2016.
  4. NICHOLAS WADE, Genetic Data and Fossil Evidence Tell Differing Tales of Human Origins
  5. Хомутов А. Е., Антропология. — Ростов н/Д: «Феникс», изд. 3-е, 2004. С. 282—283
  6. Станислав Дробышевский, Родственны ли австралийцы негроидам?
  7. The Genetic Origins of the Andaman Islanders
  8. Geographic Variation in Human Mitochondrial DNA from Papua New Guinea
  9. Апісанне даецца згодна з: Хрисанфова Е. Н. Антропология: учебник / Е. Н. Хрисанфова, И. В. Перевозчиков. — 4-е изд. — М.: Изд-во Моск. ун-та: Наука, 2005. — С. 282
  10. The Mediterranean race in East Africa
  11. http://www.ncbi.nlm.nih.gov/pmc/articles/PMC1182106/
  12. Jennifer Welsh, Why Pygmies of Africa Are So Short
  13. Хрисанфова Е. Н. Антропология: учебник / Е. Н. Хрисанфова, И. В. Перевозчиков. — 4-е изд. — М.: Изд-во Моск. ун-та: Наука, 2005. — С. 283
  14. World's most ancient race traced in DNA study

Спасылкі правіць