Яўген Канстанцінавіч Успенскі
Яўген Канстанцінавіч Успенскі (18 кастрычніка 1891, Вільня — 29 кастрычніка 1937, Мінск, турма НКВД) — беларускі фізік, грамадскі дзеяч і педагог.
Яўген Канстанцінавіч Успенскі | |
---|---|
Дата нараджэння | 18 кастрычніка 1891 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 кастрычніка 1937 (46 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Род дзейнасці | фізік |
Месца працы | |
Альма-матар |
Біяграфія
правіцьЗ сям'і службоўца. Скончыў Віленскую гімназію (1910), фізіка-матэматычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта (1915). З беларускім нацыянальна-вызваленчым рухам пазнаёміўся ў студэнцкія гады (з 1911) у Віленскім зямляцтве пры Маскоўскім універсітэце. Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у Бабруйску і Глуску: у гімназіях, школах, палітэхнікуме і педтэхнікуме, вёў фізіку і матэматыку. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі абраны ў бюро Настаўніцкага саюза.
Падчас нямецкай і польскай акупацыі ўваходзіў у Бабруйскую беларускую раду. Летам 1918 быў ініцыятарам першых настаўніцкіх курсаў у Бабруйску. У час польскай акупацыі — адзін са стваральнікаў Беларускага нацыянальнага камітэта. У 1921 уступіў у ВКП(б). Быў намеснікам, потым загадчыкам Бабруйскай палітасветы. Працаваў разам з Алесем Адамовічам, прымаў удзел у правядзенні беларусізацыі. У верасні 1922 па запрашэнні У. Ігнатоўскага пераехаў у Мінск. Прызначаны загадчыкам Галоўпалітасветы і Галоўпрафасветы пры наркаме асветы БССР.
Са студзеня 1923 — асістэнт, потым дацэнт кафедры фізікі педагагічнага факультэта БДУ. З мая 1924 — намеснік дэкана педагагічнага факультэта, загадчык фізіка-матэматычнага і прыродазнаўчага аддзяленняў. Увосень 1924 арганізаваў таварыства «Прэч непісьменнасць». З 1929 — дэкан фізіка-матэматычнага факультэта. У 1925-36 прафесар БДУ. Першы ў Беларусі пачаў выкладаць фізіку на беларускай мове. Быў дэлегатам навуковых з'ездаў у Маскве, Ленінградзе, Берліне. У 1931-36 супрацоўнік Фізіка-тэхнічнага інстытута БелАН. У кастрычніку 1935 выключаны з ВКП(б) за «прытупленне класавай пільнасці і адрыў ад партыйнага жыцця». З 1936 — прафесар і загадчык кафедры фізікі Гомельскага педінстытута. Асноўныя працы Успенскага прысвечаны квантавай тэорыі ядра атама, гісторыі і метадалогіі фізікі.
Арыштаваны 20.6.1937 у Мінску. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «актыўны член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай шпіёнска-тэрарыстычнай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 25.7.1957. Асабовая справа У. № 10764-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.