Іві́са, таксама распаўсюджана Ібіца (ісп.: Ibiza, катал.: Eivissa) — востраў на захадзе Міжземнага мора. Частка Балеарскага архіпелага. Разам з некалькімі суседнімі астраўкамі складае Пітыускую групу. Уваходзіць у склад Іспаніі. Агульная плошча - 571,76 км². Насельніцтва (2011 г.) - 134 460 чал. Частка вострава (11 231 га) унесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Івіса
ісп. Ibiza, кат. Eivissa
IBZ Luft.JPG
Выгляд з паветра
Характарыстыкі
Плошча571,7641 км²
Насельніцтва134 460 чал.
Шчыльнасць насельніцтва235,17 чал./км²
Размяшчэнне
38°59′ пн. ш. 1°25′ у. д.HGЯO
АкваторыяМіжземнае мора
Краіна
Івіса (Іспанія)
Івіса
Івіса
Лагатып Вікісховішча Аўдыё, фота і відэа на Вікісховішчы

ГеаграфіяПравіць

Івіса — самы буйны востраў Пітыускага архіпелага. Ён месціцца ў 455,5 км на паўднёвы ўсход ад Мадрыда, сталіцы Іспаніі. Займае 571,76 км². Цягнецца на 40,41 км з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад.

Востраў Івіса ўзнік у выніку субдукцыі Еўрапейскай і Афрыканскай тэктанічных пліт. З-за складаных геалагічных працэсаў і змен узроўня мора некалькі разоў на працяглы перыяд апынаўся пад вадзяной паверхняй і ператвараўся ў падводнае плато, на якім мільёны гадоў запасіліся арганічныя асадкі. У выніку паверхня Івісы складзена пераважна скалістымі напластаваннямі вапнякоў і дробнымі асадкавымі пародамі. Цэнтральная частка вострава гарыстая. Найвышэйшы пункт — гара Са-Талая (475 м). Берагі перарэзаны скалістымі мысамі. Вылучаюцца доўгія пясчаныя пляжы.

Клімат мяккі міжземнаморскі. Сярэдняя тэмпература студзеня +11,9°C. У жніўні яна падвышаецца да +26,3°C. Дзякуючы марскім вятрам спякота не адчуваецца нават у дзённыя летнія гадзіны.

ПрыродаПравіць

Прырода вострава Івіса тыповая для міжземнаморскага рэгіёна. На востраве сустракаюцца невялікія хваёвыя лясы, дзе можна сустрэць некалькі відаў хвой, ядловец, шыпшыну, мірт, сунічнае дрэва, лаванду, лаўр, камфоравае дрэва і інш. Усяго налічваецца каля тысячы відаў раслін. Наземная фаўна бедная, уключае птушак, амфібій і казурак. Воды каля Івісы насяляюць кіты, марскія чарапахі, розныя рыбы.

Для аховы прыроды на востраве Івіса створаны 2 нацыянальныя паркі.

ГісторыяПравіць

З IX ст. да н. э. востраў Івіса наведвалі фінікійцы, якія здабывалі тут соль. У 654 г. да н. э. карфагеняне стварылі на востраве сталую калонію Эбус (меркавана ў гонар бога Беса). У 123 г. да н. э. заваяваны рымлянамі. У IV ст. захоплены вандаламі. У V ст. далучаны да Візантыі.

У 707 г. востраў Івіса трапіў у склад Кордаўскага эмірата. Арабы пабудавалі на ім магутную крэпасць з 7 вежамі і 3 брамамі, якая пазней ператварылася ў верхнюю частку горада Івіса. Востраў выкарыстоўваўся імі пераважна як месца здабычы і вытворчасці салёнай рыбы. Лічыцца, што арабская культура моцна паўплывала на розныя бакі жыцця сучасных астравіцян, у тым ліку на традыцыйная мужчынскія строі, а таксама архітэктуру.

У 1110 г. востраў захапілі нарвежскія крыжакі, якія перадалі яго ў склад Сіцылійскага каралеўства. У 1235 г. Івіса перайшла пад кіраванне Арагона. З-за выгнання мусульман востраў спусцеў, таму арагонскія, а потым іспанскія ўлады стымулявалі сюды перасяленне з Каталоніі. Жыхары Івісы лічаць, што на іх востраве нарадзіўся Хрыстафор Калумб. Да 1715 г. яны карысталіся правам аўтаноміі. У 1554 г. для абароны ад паўночнаафрыканскіх карсараў былі пабудаваны муры вакол адзінага ў тыя часы порта.

У складзе Іспаніі Івіса лічылася важным астраўным цэнтрам рыбалоўства, здабычы солі, вырошчвання збожжавых культур і вінаграду. У XVIII - першай палове XX стст. існавала сталая эміграцыя астрвіцян у краіны Паўднёвай Амерыкі. З 1960-х гг. развіваецца турызм.

ЭканомікаПравіць

Асноўная галіна эканомікітурызм, які аказвае моцны ўплыў на іншыя сферы, у тым ліку сельскую гаспадарку, транспарт і будаўніцтва. На поўдні вострава дзейнічае аэрапорт. Порт горада Івіса злучаны сталымі паромнымі пераправамі з Пальма-дэ-Мальёрка, суседнім востравам Фарментэра, Баселонай, Валенсіяй і Дэніяй.

КіраваннеПравіць

Востраў Івіса з'яўляецца часткай аўтаномнай супольнасці Балеарскія астравы. Падзяляецца на 5 муніцыпалітэтаў. Агульнае кіраўніцтва вострава здзейсняецца праз Раду вострава Івіса, якая працуе на тэрыторыі муніцыпалітэта горад Івіса.

КультураПравіць

 
Выкананне традыцыйнай музыкі

Толькі каля паловы жыхароў вострава Івіса з'яўляюцца тубыльцамі. Яны размаўляюць на асобным дыялекце каталонскай мовы, маюць свае культурныя традыцыі. Адзін з іх — групавы танец ібісенка. Лічыцца, што ён узнік у сялянскім асяроддзі і быў прысвечаны культу вады. Мясцовая музыка ўвабрала старадаўнія арабскія традыцыі. На Івісе не распаўсюджаны струнныя інструменты, але папулярны барабан і кастаньеты. Пад музыку выконваюцца гістарычныя і любоўныя балады, аднак галоўным у іх выкананні з'яўляецца не тэкст песень, а сама музыка. Кухня тыповая міжземнаморская з перавагай салодкіх ласункаў, рысу і рыбы.

Астанія жыхары Івісы — прыезджыя рабочыя, у тым ліку выхадцы з Андалусіі і мігранты з іншых краін, часовыя і сталыя перасяленцы. Сярод апошніх нямала вядомых асоб. На востраве Івіса жылі брытанскі музыкант Сід Вішэс, амерыканскі кінарэжысёр Орсан Уэлс, амерыканскі пісьменнік-фантаст Роберт Шэклі і інш. Акрамя таго, востраў наведвае вялікая колькасць турыстаў. Яны аказваюць значнае ўздзеянне на распаўсюджванне новых відаў моды, музычных і кулінарных інтарэсаў. Пад уплывам агратурызма на Івісе з'явіліся сялянскія гаспадаркі, якія падтрымліваюць старыя звычаі апрацоўкі зямлі і адмаўляюцца ад механізацыі. Для забаў турыстаў арганізуюцца карнавалы, жартоўныя баі памідорамі, адчыняюцца сучасныя музычныя клубы. Івіса шырока вядома сваім начным жыццём, фестывалямі транс-музыкі, тэхна і E.D.M.

У 1999 г. частка вострава агульнай плошчай 11 231 га была ўнесена ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У яе склад уваходзяць месцы археалагічных раскопак і прыродныя аб'екты.

СпасылкіПравіць

  Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб'ект № 417
рус.англ.фр.