Моталь

аграгарадок у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці Беларусі
(Пасля перасылкі з Аграгарадок Моталь)

Мо́таль (трансліт.: Motaĺ, руск.: Мотоль) — аграгарадок у Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, на правым беразе ракі Ясельда[1]. Адміністрацыйны цэнтр Мотальскага сельсавета. Насельніцтва 4228 чал. (2005), паводле колькасці насельніцтва, трэцяя вёска вобласці пасля Альшан і Рубелі. Знаходзіцца за 21 км на поўнач ад Іванава, за 23 км ад чыгуначнай станцыі Янаў-Палескі. Аўтамабільная дарога на Іванава.

Аграгарадок
Моталь
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Вышыня цэнтра
280,4 м
Колькасць двароў
1739
Насельніцтва
4 228 чалавек (2005)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1652
Паштовы індэкс
225822
Аўтамабільны код
1
Моталь на карце Беларусі ±
Моталь (Беларусь)
Моталь
Моталь (Брэсцкая вобласць)
Моталь
Моталь на карце OpenStreetMap

Гісторыя правіць

Да нашай эры правіць

Людзі у мясцовасці, дзе цяпер знаходзіцца Моталь, з'явіліся яшчэ ў каменным веку, прыблізна 10800-10300 гадоў таму гэтая тэрыторыя была заселена насельніцтвам свідэрскай культуры. Амаль усе прылады працы таго часу былі зробленыя на пласцінках(чаго?), сякеры мелі авальную форму, канцавыя скрабкі, рознатыповыя разцы, праколкі, пласціны(чаго?) са скошаным рэтушшу канцом.

У 1960-я гады да найбольш дэталёвых работ на Палессі прыступіў В. Ф. Ісаенка, старшы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук Беларусі. Даследчык знайшоў на Палессі больш за 300 розначасовых помнікаў, больш за 20 з якіх размешчаны на тэрыторыі Іванаўскага раёна, каля вёсак Опаль, Упірава, Моталь, Тышкавічы, Адрыжын. В. Ф. Ісаенка ў басейне Ясельды толькі ў ваколіцах Моталя знайшоў 12 старажытных помнікаў (агулам вядома 28). Многія з іх у 1980-1990-я гады даследавала А. Г. Калечыц. Знойдзеныя матэрыялы знаходзяцца ў музеі «Нашы карані» і Брэсцкім абласным краязнаўчым музеі. Знаходкі належалі нёманскай культуры. У пачатку 2-га тысячагоддзя да нашай эры мясцовае насельніцтва пачало карыстацца першымі металічнымі прадметамі, спачатку меднымі, потым бронзавымі. У раннім бронзавым веку на захадзе Палесся існавала культура шнуравой керамікі. У раннім жалезным веку на захадзе Палесся фіксуецца існаванне насельніцтва паморскай і позняй лужыцкай культур. Лужыцкая культура існавала ў канцы бронзавага і пачатку жалезнага вякоў у плямёнаў, якія жылі на велізнай тэрыторыі ад Балтыкі да Дуная, ад ракі Шпрэе да Валыні.

У ваколіцах Моталя выяўлена і селішча ранняга жалезнага веку, знойдзены прадметы мілаградскай і зарубінецкай культуры.

Да Моталя на гэтым месцы правіць

Першапачаткова на месцы Моталя знаходзілася вёска Прохаў, якая, верагодна, была спалена ў час набегаў мангола-татараў. Затым адноўленае паселішча ўваходзіла ў склад Турава-Пінскага княства. У 1320 гадах разам з пінскімі землямі было далучана да Вялікага Княства Літоўскага вялікім князем Гедзімінам.

Першае пісьмовае згадванне правіць

Першае пісьмовае згадванне вёскі адносіцца да 1422 года — «За панам Даркам 14 чалавек у Моталі», — у актах Літоўскай метрыкі.

XVI стагоддзе правіць

Да пачатку XVI ст. Моталь уваходзіў у склад Пінскага княства, якое ўваходзіла ў склад Троцкага ваяводства. У 1520 годзе пінскі князь Фёдар Іванавіч Яраславіч перадаў вёску Успенскай Ляшчынскі царкве. Але пасля смерці Фёдара Яраславіча землі перайшлі ў спадчыну каралю Жыгімонту I Старому, які аддаў іх у пажыццёвае карыстанне сваёй другой жонцы Боне Сфорцы. Да 1554 года ў Моталі было пяць вуліц і адна праваслаўная царква з двума святарамі: Багданам Палікарпавічам і Багданам Малішчычам. Гарадскім войтам быў Станіслаў Шынвальскі. Да валочнай памеры ў Моталі жылі як дзяржаўныя, так і зямянскія сяляне.

У 1554 годзе Хвальчэўскі (хто такі раптам?) па распараджэнні каралевы Боны выселіў зямянскіх сялян на востраў (на другі бок Мотальскага возера). У гэтым жа годзе сяло Моталь атрымала статус мястэчка, было вызвалена на два гады ад павіннасцей. Каралева Бона некалькі разоў была ў мястэчку і ў 1555 годзе Моталь атрымаў права на самакіраванне. Паводле падання, у мястэчку быў пабудаваны палац для каралевы. Бонай Сфорца ў Моталі былі паселены рамеснікі з Італіі і Германіі. У сярэдзіне XVI ст. Моталь стаў адным з цэнтраў рамёстваў і гандлю, у мястэчку рэгулярна праводзіцца кірмаш. Да 1566 года ў склад Пінскага староства ўваходзіла 105 вёсак і сёл, 2 мястэчкі (у т.л. Моталь) і адзін горад — Пінск. У гэты час Моталь ўваходзіць у Дружылоўскае войтаўства. Моталь хутка развіваецца і к канцу XVI ст. у ім было 8 вуліц (Стара-Берасцейская, Глушэцкая, Спаская, Пінская, Мінская, Асаўніцкая, Нова-Берасцейская і Млыновая) і 178 двароў.

У перыяд другой рэвізіі ў 1564 годзе ў Моталі было ўжо чатыры праваслаўныя царквы: Спаская, Прачысценская, Пятроўская і Васкрасенская. У Моталі быў буйны рынак, пад яго адводзілася 1 морг і 2,5 прута зямлі. Межамі рынку былі: з паўднёвага боку вуліца Стара-Берасцейская, працягам якой была вуліца Пінская; з паўночнага боку ракі Піліна і Ясельда; з заходняга — праваслаўная царква і з усходняга боку мяжой рынку быў Васільеў пчальнік.

XVIII стагоддзе правіць

У 1706 годзе атрад шведаў спаліў мястэчка і забіў большасць насельніцтва.

28 лістападзе 1746 года польскі кароль Аўгуст III пацвярджае прывілеі мястэчка.

XIX стагоддзе правіць

З 1798 года Моталь мае статус фальварка, а з 1801 з'яўляецца валасным цэнтрам і казённым маёнткам. 26 лістапада 1802 года мястэчка Моталь перадаецца ў пажыццёвае валоданне без плацяжу ў казну кварты французскай прынцэсе дэ Брольі-Рэвель. Для ўліку маёмасці і ўстанаўлення новага падаткаабкладання ў 1803 годзе складаецца інвентар. Паводле інвентара ў 1803 годзе, у мястэчку было 6 вуліц — Пінская, Брэсцкая, Спаская, Старамлынская, Новабрэсцкая, Глушэцкая.

У цэнтры рынку стаяла ўніяцкая царква Праабражэння Гасподняга, каля яе знаходзілася званіца. Царква і званіца былі пакрытыя гонтай і абгароджаныя новым драўляным плотам. Частка дамоў, якія атачалі рынак, належала габрэям. Дамы мелі цагляныя коміны. За дамамі знаходзілася старая яўрэйская школа, а недалёка ад школы — яўрэйскія могілкі. За могілкамі стаяў бровар і шынок, які належаў яўрэям. Недалёка ад царквы стаялі дзве яўрэйскія крамы, а таксама невялікія дамы, у якіх жыла шляхта. Усе дамы мелі драўляныя дашчаныя платы, і толькі асобныя мелі платы з жэрдак. У асобных нізкіх месцах выкопваліся каналы, насыпаліся валы і рабіліся кладкі. На беразе ракі Ясельды знаходзілася два млыны.

У 1803 г. у мястэчку Моталь пражывала 708 мяшчан, з іх 299 мужчын і 327 жанчын, а таксама 63 яўрэі, але першымі ў інвентары мястэчка Моталь названы шляхцічы, 6 чалавек (4 мужчыны і 2 жанчыны):

  • Томаш Баброўскі — 50 гадоў
  • Марына Баброўская- 30 гадоў
  • Лукер'я Івашычэнкава — 56 гадоў
  • Матэвуш Івашычэнкаў — 12 гадоў
  • Іван Навіцкі — 54 гады

У 1812 г. мястэчка было абрабавана французскімі войскамі. Французская прынцэса дэ Брольі-Рэвель валодала мястэчкам Моталь да канца 1827, а 30 снежня 1827 года дэпартамент дзяржаўнай маёмасці Міністэрства фінансаў Расійскай імперыі накіроўвае Гродзенскай казначэйскай палаце царскі ўказ аб прыняцці мястэчка Моталь ў казённае ведамства з 12 красавіка 1828 года. Сваім указам імператар Мікалай ліквідаваў права валодання мястэчкам Моталь французскай прынцэсай дэ Брольі-Рэвель.

27 студзеня 1828 г. імператар падпісвае чарговы ўказ «Аб падараванні камандзіру 1-й брыгады 25-й пяхотнай дывізіі генерал-маёру Брайко ў Гродзенскай губерні мястэчка, званага Моталь, на 12 гадоў». У 1864 Моталь моцна пацярпеў ад пажару ў час падаўлення паўстання 1863—1864 гадоў, пажар пачаўся ў яўрэйскім квартале, былі знішчаны амаль усе будынкі. Уладамі былі выдзелены грошы на аднаўленне, але пайшлі яны на будаўніцтва Спаса-Праабражэнскай царквы, якая была пабудавана ў 1877 годзе па праекце архітэктара М. Барташэўскага пад наглядам архітэктара К. Увядзенскага[2].

Паводле царкоўнай кнігі, станам на 1871 год у Моталі было 274 двары і пражывала 2249 чалавек. У 1886 г. у Кобрынскім павеце была 31 воласць, сярод якіх Адрыжынская, Асаўніцкая, Варацевічская, Дружылоўская, Іванаўская, Мотальская і Апольская.

Тры падзелы Рэчы Паспалітай правіць

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Моталь ўваходзіць у склад Расійскай імперыі. У час паўстання Тадэвуша Касцюшкі адным з найбольш актыўных удзельнікаў быў Міхал Клеафас Агінскі, а Мотальскімі пасесіямі валодаў віленскі ваявода, вялікі гетман літоўскі Міхал Казімір Агінскі. Уладанні Агінскіх былі канфіскаваны і аддадзены верным Расіі ўладальнікам. У 1795 г. мястэчка ўваходзіць у склад Слонімскай, затым Літоўскай, а з 1801 года Гродзенскай губерні Расійскай імперыі.

XX стагоддзе правіць

1905 — хваляванні ў вёсцы, была нанесена шкода ўласнасці памешчыкаў суседніх вёсак Юргенсан і Калоднае. У 1913 адкрываецца вытворчасць чарапіцы і бетонных кольцаў. Верасня 1915 г. — частка насельніцтва эвакуіравалася. Салдаты двух бакоў, якія загінулі ў баях, пахаваныя каля царквы. Моталь заняты нямецкімі войскамі. У лютым 1919 г. у вёску прыходзяць польскія войскі, але ў ліпені 1920 г. Чырвоная Армія займае мястэчка і ўстанаўлівае савецкую ўладу, утвараецца Мотальскі валасны Савет сялянскіх дэпутатаў. Але ўжо ў сакавіку 1921 года па ўмовах Рыжскага дагавора Моталь аказваецца ў складзе Польшчы, уваходзіць у Драгічынскі павет Палескага ваяводства.

18 верасня 1939 года ў Моталі адбываецца выступленне супраць польскіх улад, і 21 верасня ў вёску ўваходзяць часткі Чырвонай Арміі. Усталёўваецца савецкая ўлада, утвараецца пасялковы Савет.

26 чэрвеня 1941 года ў Моталь ўвайшла нямецкая кавалерыя. Мясцовыя жыхары ствараюць партызанскія атрады. 1 жніўня 1941 года ў вёсцы з'яўляюцца эсэсаўцы, яны знішчаюць усё яўрэйскае насельніцтва, усіх камуністаў і спальваюць частку Моталя. 20 чэрвені 1943 г эсэсаўцы зноў з'яўляюцца ў вёсцы з мэтай вывазу жыхароў на працу ў Германію. З 28 сакавіка па 4 красавіка 1944 г. у ваколіцах Моталя адбываюцца баі паміж нямецкімі часцямі і атрадамі партызан, якія скончыліся паражэннем партызан. 6 красавіка 1944 года вёску займаюць нацысты, яны знішчаюць амаль усё насельніцтва і спальваюць Моталь. 16 ліпеня 1944 г. вёска вызвалена 55-й гвардзейскай стралковай дывізіяй генерал-маёра Турчынскага. Сфарміраваны Мотальскі пасялковы савет, 7 жніўня 1949 года ў вёсцы быў створаны калгас. У жніўні 1950 г. на базе калгаса і рыбалавецкай арцелі імя 17 верасня ствараецца калгас «40 год Кастрычніка». 16 ліпеня 1954 года статус Моталя паніжаны да вёскі, яго тэрыторыя ўключана ў Дзедавіцкі сельсавет, які пераймяноваецца ў Мотальскі, у Моталь перанесены цэнтр сельсавета[3]. 21 ліпеня 1980 года ў склад Моталя ўключаны вёскі Дзедавічы і Заазер’е[4].

Насельніцтва правіць

  • 1798—617 чал.
  • 1830—586 муж., з іх шляхты 3, духоўнага саслоўя 1, мяшчан-іўдзеяў 70, мяшчан-хрысціян і сялян 512[5];
  • 1886—2294 чал.
  • 1921 — 4390 чал.[6];
  • 1940—871 двор, 4275 чал. (паводле іншых звестак — 5550 чал.[7]);
  • 1979 — 5264 чал.[8];
  • 1997—1797 двароў, 4441 чал.[9] (паводле іншых звестак — 4684 чал.[8])
  • 2005—1739 двароў, 4228 чал.[10]

Трэцяя па велічыні вёска ў Брэсцкай вобласці (пасля Альшан і Рубелі), да 2005 года — другая (пасля Альшан).

Інфраструктура правіць

У Моталі працуюць 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, навучальна-вытворчы камбінат, дашкольная ўстанова, бальніца, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Турыстычная інфармацыя правіць

Моталь — традыцыйны цэнтр вырабу ручнікоў і кажухоў. Дзейнічаюць Мотальскі музей народнай творчасці і Музей археалогіі «Нашы карані». Працуюць аддзяленні «Беларусбанк» (банкамат) і «Белаграпрамбанк». Кафэ, рэстаран, кулінарыя і больш 20 крам. Гасцініца, стаянка для аўтамабіляў.

Штогод улетку ў жніўні ладзіцца Міжнародны кулінарны фестываль «Мотальскія прысмакі».

У вёску ходзяць аўтобусы з Янава-Палескага і Пінска.

Славутасці правіць

 
Хата Хаіма Вейцмана
 
Помнік ахвярам Першай сусветнай вайны

Каля Моталя знаходзяцца стаянкі каменнага і бронзавага вякоў (25 адзінак).

Страчаная спадчына правіць

  • Сінагога
  • Царква грэка-каталіцкая (XVIII ст.)

Герб правіць

 
Герб Моталя (неафіцыйны)

Геральдычны сімвал аграгарадка Моталь створаны 9 кастрычніка 2012 г. Афіцыйна незацверджаны.

Уяўляе сабой барочны шчыт, у блакітным полі якога выява рукі мешчаніна Понідзельца, які трымае грамату на вольнасць. На пячаці выява вужа з герба роду Сфорца. Над граматай — княжацкая карона. У аснову герба пакладзена мясцовая легенда пра мешчаніна, які цаной свайго жыцця захаваў права на самакіраванне мястэчка.

Вядомыя асобы правіць

У Моталі нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман (1874—1952).

Таксама з Моталя паходзяць амерыканскія музычныя прадзюсары Леанард Чэс[en] і Філіп Чэс[en], якія зрабілі вядомымі найбольш яскравых выканаўцаў блюзавай музыкі — Мадзі Уотэрса, Уілі Дзіксана[en], Како Тэйлар[en], Бо Дзідлі, Сані Бой Уільямсана[ru], Чака Беры.

У Моталі акрамя таго нарадзіліся:

Зноскі

  1. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2010.— 318 с. ISBN 978-985-458-198-9. (DJVU)
  2. Барановский Г.В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842-1892. С. 54-55 (руск.)
  3. Указ Президиума Верховного Совета Белорусской ССР от 16 июля 1954 г. Об упразднении городского поселка Мотоль, Ивановского района, Брестской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  4. Рашэнне выканкома Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 21 ліпеня 1980 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1980, № 31 (1657).
  5. Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 413.
  6. Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. T. 8: Województwo poleskie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny, 1924.
  7. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. С. 408.
  8. а б Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. С. 409.
  9. Павел Стасевіч. Моталь // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9. С. 222.
  10. Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 3, кн. 1. Брэсцкая вобласць / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2006. С. 406.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць