Адкрыццё Амерыкі
Адкрыццё Амерыкі — падзея, у выніку якой для жыхароў Старога Свету стала вядомай новая частка свету — Амерыка, якая складаецца з двух кантынентаў.
Экспедыцыі Хрыстафора Калумба
правіцьХрыстафор Калумб здзейсніў чатыры экспедыцыі ў Новы Свет, якія падрыхтавалі іспанскія Каталіцкія каралі ў надзеі адкрыць карацейшы заходні шлях для гандлю з Індыяй.
1-я экспедыцыя
правіцьПершая экспедыцыя Хрыстафора Калумба (1492—1493) у складзе 91 чалавека на суднах «Санта-Марыя», «Пінта», «Нінья» выйшла з Паласа-дэ-ла-Франтэра 3 жніўня 1492, ад Канарскіх астравоў павярнула на захад (9 верасня), перасекла Атлантычны акіян у субтрапічным поясе і дасягнула вострава Сан-Сальвадор у Багамскім архіпелагу, дзе Хрыстафор Калумб высадзіўся 12 кастрычніка 1492 (афіцыйная дата адкрыцця Амерыкі). 14-24 кастрычніка Хрыстафор Калумб наведаў шэраг іншых Багамскіх астравоў, а 28 кастрычніка-5 снежня адкрыў і абследаваў участак паўночна-ўсходняга ўзбярэжжа Кубы. 6 снежня Калумб дасягнуў в. Гаіці і рушыў уздоўж яго паўночнага берага. У ноч на 25 снежня флагманскі карабель «Санта-Марыя» сеў на рыф, але людзі выратаваліся. Калумб на караблі «Нінья» 4-16 студзеня 1493 г. завяршыў абследаванне паўночнага берага Гаіці і 15 сакавіка вярнуўся ў Кастылію.
2-я экспедыцыя
правіць2-я экспедыцыя (1493—1496), якую Хрыстафор Калумб узначаліў ужо ў чыне адмірала, і на пасадзе віцэ-караля зноў адкрытых земляў, складалася з 17 суднаў з экіпажам звыш 1,5 тыс. чалавек. 3 лістапада 1493 Калумб адкрыў астравы Дамініка і Гвадэлупа, павярнуўшы на паўночны захад, — яшчэ каля 20 Малых Антыльскіх астравоў, у тым ліку Антыгуа і Віргінскія, а 19 лістапада — востраў Пуэрта-Рыка і падышоў да паўночнага берага Гаіці. 12-29 сакавіка 1494 Калумб у пошуках золата здзейсніў заваявальны паход унутр Гаіці, прычым перасек хрыбет Кардыльера-Сентраль. 29 красавіка-3 мая Калумб з 3 суднамі прайшоў уздоўж паўднёва-ўсходняга берага Кубы, павярнуў ад мыса Крус на поўдзень і 5 мая адкрыў в. Ямайка. Вярнуўшыся 15 мая да мыса Крус, Калумб прайшоў уздоўж паўднёвага ўзбярэжжа Кубы да 84° заходняй даўгаты, выявіў архіпелаг Хардзінес-дэ-ла-Рэйна, паўвостраў Сапата і востраў Пінас. 24 чэрвеня Хрыстафор Калумб павярнуў на ўсход і абследаваў 19 жніўня-15 верасня ўвесь паўднёвы бераг Гаіці. У 1495 Хрыстафор Калумб працягнуў заваяванне Гаіці; 10 сакавіка 1496 пакінуў востраў і 11 чэрвеня вярнуўся ў Кастылію.
3-я экспедыцыя
правіць3-я экспедыцыя (1498—1500) складалася з 6 суднаў, 3 з якіх сам Хрыстафор Калумб павёў праз Атлантычны акіян каля 10° паўночнай шыраты. 31 ліпеня 1498 ён адкрыў востраў Трынідад, увайшоў з поўдня ў заліў Парыя, выявіў вусце заходняга рукава дэльты ракі Арынока і паўвостраў Парыя, паклаўшы пачатак адкрыццю Паўднёвай Амерыкі. Затым выйшаў у Карыбскае мора, падышоў да паўвострава Арая і 15 жніўня адкрыў востраў Маргарыта, а 31 жніўня прыбыў у горад Санта-Дамінга (на востраве Гаіці). У 1500 Хрыстафор Калумб быў па даносе арыштаваны і адпраўлены ў Кастылію, дзе быў вызвалены.
4-я экспедыцыя
правіць4-я экспедыцыя (1502—1504). Дамогшыся дазволу працягваць пошукі заходняга шляху ў Індыю, Калумб з 4 суднамі дасягнуў 15 чэрвеня 1502 вострава Марцініка, 30 ліпеня — Гандураскага заліва і адкрыў з 1 жніўня 1502 па 1 мая 1503 карыбскія берагі Гандураса, Нікарагуа, Коста-Рыкі і Панамы да заліва Ураба. Павярнуўшы затым на поўнач, 25 чэрвеня 1503 пацярпеў крушэнне ля вострава Ямайка; дапамога з Санта-Дамінга прыйшла толькі праз год. У Кастылію Хрыстафор Калумб вярнуўся 7 лістапада 1504.
Кандыдаты ў першаадкрывальнікі
правіцьПершаадкрывальнікамі Амерыкі могуць лічыцца:
- Першымі людзьмі, якія засялілі Амерыку, з'яўляюцца карэнныя індзейцы, якія перайшлі туды прыкладна 30 тыс. гадоў назад з Азіі па Берынгаву перашыйку.
- У X стагоддзі, каля 1000 г. — нарвежскія вікінгі на чале з Лейфам Эрыксанам.
Зноскі
Літаратура
правіць- Магидович И. П. История открытия и исследования Северной Америки. — М.: Географгиз, 1962.
- Магидович И. П. История открытия и исследования Центральной и Южной Америки. — М.: Мысль, 1963.
- Джон Ллойд и Джон Митчинсон. Книга всеобщих заблуждений. — Фантом Пресс, 2009.