Архіўная справа ў Беларусі

Архіўная справа ў Беларусі — спецыфічная галіна дзяржаўнай дзейнасці, якая ахоплівае палітычныя, прававыя і іншыя навуковыя пытанні працы архіўных інстытутаў (архіўны менеджмент, прынцыпы адбору, фарміравання і выкарыстанне архіўнага фонду, тэхналогіі захоўвання дакументаў на розных носьбітах і да т.п.).

Гісторыя правіць

Першым цэнтралізаваным дзяржаўным архівам на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь быў Віцебскі цэнтральны архіў старажытных актавых кніг, які пачаў дзейнічаць у 1863 г. Ён быў створаны для захоўвання актавых кніг судовых устаноў былой Рэчы Паспалітай за перыяд з XVI да канца XVIII стагоддзя на тэрыторыі, якая знаходзілася ў межах Віцебскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў Расійскай імперыі. Актавыя кнігі па Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях захоўваліся ў Віленскім цэнтральным архіве старажытных актавых кніг. Да канца XIX стагоддзя ў Віцебскім архіве было засяроджана больш за 1800 актавых кніг, у Віленскім — больш за 23 000 кніг, з якіх значная частка адносілася да тэрыторыі Беларусі. 1 студзеня 1903 г. Віцебскі архіў быў ліквідаваны, а ўсе дакументы перададзены ў Віленскі архіў[1].

Найноўшы час правіць

Фарміраванне сеткі дзяржаўных архіваў аднавілася ў гады савецкай улады ў умовах, калі ўсходняя частка Беларусі (Віцебская і Магілёўская губерні) часова знаходзіліся ў складзе РСФСР, а Заходняя Беларусь (былыя Гродзенская, частка Віленскай і Мінскай губерняў) — у складзе Польшчы. У жніўні 1919 г. у Віцебску і Магілёве былі створаны губернскія архівы, у якіх захоўваліся фонды мясцовых дзяржаўных устаноў былой Расійскай імперыі. На тэрыторыі былой Мінскай губерні савецкая ўлада канчаткова зацвердзілася ў ліпені 1920 г. Там была ўтворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. У жніўні 1922 г. быў створаны Цэнтральны архіў Беларусі (Цэнтрархіў), які з’яўляўся галоўным органам кіравання архіўнай справай і падпарадкоўваўся Цэнтральнаму Выканаўчаму Камітэту БССР[1].

Да пачатку 1924 г. у Мінску пры Інстытуце гісторыі Камуністычнай партыі (Гістпарце) быў створаны таксама партыйны архіў, які захоўваў дакументы ЦК КП(б)Б і мясцовых партыйных камітэтаў, пачынаючы з 1918 г[1].

У сакавіку 1924 г., пасля ўключэння ў склад БССР часткі тэрыторыі былых Віцебскай і Магілёўскай губерняў, Цэнтрархіву былі падпарадкаваны Віцебскае і Магілёўскае архіўныя бюро з іх архівамі. У тым жа годзе ў БССР было ўведзена новае адміністрацыйнае дзяленне: замест губерняў і паветаў засноўвалі акругі і раёны. У кожнай акрузе ствараўся дзяржаўны архіў. Да канца 1924 г. у Беларусі дзейнічалі, акрамя Цэнтральнага архіва ў г. Мінску, 9 акруговых архіваў — Бабруйскі, Барысаўскі, Віцебскі, Калінінскі, Магілёўскі, Мазырскі, Аршанскі, Полацкі і Слуцкі. У 1926 г. быў створаны Мінскі акруговы архіў. Тады ж у склад БССР была перададзена частка тэрыторыі былой Гомельскай губерні РСФСР, а існуючы са снежня 1923 г. Гомельскі губернскі архіў быў ператвораны ў акруговы архіў[1].

У 1927 г. Цэнтрархіў быў ператвораны ў Цэнтральнае архіўнае ўпраўленне пры Прэзідыуме ЦВК БССР. Тады ж у складзе Адзінага дзяржаўнага архіўнага фонду БССР былі вылучаныя дзве катэгорыі дакументаў: гістарычныя дакументы (да кастрычніка 1917 г.) і дакументы савецкага перыяду. Для захоўвання гістарычных дакументаў былі створаны 3 гістарычных архіва (у Віцебску, Мінску і Магілёве), у якія былі перададзены дакументы губернскіх і павятовых устаноў Расійскай імперыі. Для захоўвання дакументаў цэнтральных органаў савецкай улады 28 мая 1927 г. быў створаны Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі (ЦАКР) БССР. Захоўваліся і акруговыя архівы. Усяго да канца 1929 г. дзяржаўныя архівы БССР захоўвалі звыш 3 млн спраў[1].

У кастрычніку 1930 г. адбылася рэарганізацыя архіўнай сеткі БССР. Былі створаны Віцебскае (з 1933 г. — Паўночна-Беларускае), Гомельскае (з 1933 г. — Паўднёва-Беларускае) і Магілёўскае (з 1933 г. — Усходне-Беларускае) аддзяленні Цэнтральнага архіўнага кіравання. У Магілёў быў пераведзены ЦАКР БССР, у Віцебску і Гомелі створаны мясцовыя (міжраённыя) архівы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Акруговыя архівы былі ліквідаваны, а іх дакументы перададзены ў міжраённыя архівы: з Бабруйскага, Мінскага, Магілёўскага, Аршанскага акруговых архіваў — у ЦАКР, з Віцебскага і Полацкага — у Віцебскі архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі, з Гомельскага і Мазырскага — у Гомельскі архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі (знаходзіўся ў прыгарадзе Гомеля Навабеліцы). Пры ЦАКР арганізоўваўся архіў кінафільмаў. У Мінску застаўся гістарычны архіў. З снежня 1935 г. пачалося стварэнне раённых архіваў, але яны былі створаны толькі ў некаторых раёнах[1].

З 1 красавіка 1936 г. Паўночна-Беларускае і Паўднёва-Беларускае аддзяленні Цэнтральнага архіўнага кіравання былі ліквідаваны. Мясцовыя міжраённыя архівы ператвораны ў аддзяленні ЦАКР БССР. Да гэтага часу ў дзяржаўных архівах захоўвалася каля 5 млн адзінак захоўвання. У 1938 г. у БССР было ўведзена абласное дзяленне. Пры кожным абласным выканаўчым камітэце ствараліся абласное архіўнае ўпраўленне і абласны архіў. Цэнтральны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі стаў называцца Цэнтральным дзяржаўным архівам Кастрычніцкай рэвалюцыі (ЦДАКР БССР). Пры ім быў аддзел фотакінадакументаў. У Магілёве 5 ліпеня 1938 г. быў створаны Цэнтральны гістарычны архіў, у якім былі сканцэнтраваны ўсе дакументы з тэрыторыі БССР да 1917 г. У жніўні — верасні 1938 г. архіўная сетка Беларусі была перададзена ў вядзенне Народнага камісарыята ўнутраных спраў (НКУС). Цэнтральнае архіўнае ўпраўленне было пераўтворана ў архіўны аддзел НКУС БССР, абласныя архіўныя кіраванні — у архіўныя аддзяленні абласных упраўленняў НКУС. Тады ж, у сувязі з ліквідацыяй Гістпарта, Цэнтральны партыйны архіў перайшоў у непасрэднае падпарадкаванне ЦК КП(б)Б[1].

У верасні 1939 г. да БССР была далучана Заходняя Беларусь, якая раней уваходзіла ў склад Польшчы. Тады ж у Мінск былі перавезены дакументы Віленскага архіва старажытных актаў (каля 1,3 млн спраў). На далучанай тэрыторыі з пачатку 1940 г. пачалі дзейнічаць Баранавіцкі, Беластоцкі, Брэсцкі, Вілейскі і Пінскі абласныя архівы. У лютым 1940 г. на базе гарадскога архіва ў Гродне быў утвораны філіял Цэнтральнага гістарычнага архіва БССР. У сакавіку 1940 г. пры абласных камітэтах КП(б)Б былі створаны абласныя партархівы. У сакавіку 1941 г. у Мінску быў створаны Цэнтральны архіў фотафонакінадакументаў[1].

Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны дзяржаўная архіўная сетка БССР аб’ядноўвала 3 цэнтральных архіва і 1 філіял, 10 абласных і 192 раённых архіва. У іх захоўвалася звыш 8 млн спраў (у тым ліку ў цэнтральных і абласных — каля 7,5 млн спраў), а працягласць стэлажных паліц у 26 архіўных будынках складала больш за 42 км. У партыйных архівах захоўвалася каля 220 тыс. спраў. Акрамя гэтага, вялікая колькасць гістарычных дакументаў (у тым ліку архіў князёў Радзівілаў, вывезены з г. Нясвіжа ў 1939 г., і дакументы Віленскага архіва актавых кніг) знаходзіліся ў гістарычным архіве Акадэміі навук БССР[1].

Нямецкая акупацыя і пасляваеннае аднаўленне правіць

У выніку нямецкай акупацыі 1941—1944 гг. дзяржаўныя архівы Беларусі страцілі каля 3,7 млн спраў. Частка дакументаў была вывезена акупацыйнымі ўладамі за межы БССР. Пасля вайны каля 1 млн спраў удалося адшукаць і вярнуць назад. У гады вайны з Мінска ў Вільню былі перавезены старажытныя актавыя кнігі па беларускай тэрыторыі, якія былі вернуты ў 1950-я гады і папоўнілі фонды Цэнтральнага гістарычнага архіва ў Магілёве і яго філіяла ў г. Гродна. ЦДАКР БССР пасля вызвалення тэрыторыі Беларусі ў 1944 г. быў пераведзены з Магілёва ў Мінск. Партыйны архіў ЦК КП(б)Б, эвакуяваны ў гады вайны, быў рээвакуіраваны ў Магілёў і ў 1945 г. уключаны ў структуру Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б, у чэрвені-ліпені 1956 г. пераведзены ў Мінск. У гэты архіў былі ўключаны многія дакументы ваеннага часу, у тым ліку якія адносяцца да гісторыі антыфашысцкага падполля і партызанскага руху ў Беларусі. З 1947 г. сталі аднаўляць абласныя партыйныя архівы[1].

У 1956 г. Архіўнае ўпраўленне ўступіла ў Міжнародны савет архіваў. У сакавіку 1960 г. яно было выведзена з падпарадкавання Міністэрства ўнутраных спраў і падпарадкавана Савету Міністраў БССР. Тады ж быў створаны Цэнтральны дзяржаўны архіў літаратуры і мастацтва (ЦДАЛМ), а філіял гістарычнага архіва ператвораны ў самастойны Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў у Гродне. Сетку дзяржаўных архіваў склалі 5 цэнтральных архіваў (ЦДАКР, Цэнтральныя дзяржаўныя гістарычныя архівы ў Магілёве і Гродне, ЦДАЛМ і Цэнтральны Дзяржаўны архіў фотафонакінадакументаў), 6 абласных архіваў (Брэсцкі, Віцебскі, Гомельскі, Гродзенскі, Мінскі і Магілёўскі), філіялы Брэсцкага абласнога архіва ў Пінску і Мінскага абласнога архіва ў Маладзечне (ператвораныя з былых абласных архіваў пасля скасавання Пінскай і Маладзечанскай абласцей), 8 гарадскіх і 161 раённы архіў. У іх знаходзілася каля 5,6 млн спраў, а працягласць стэлажоў складала ў 1960 г. 33 км[1].

У лістападзе 1963 г. былі ліквідаваны гарадскія і раённыя архівы, а на іх базе былі створаны 16 міжраённых філіялаў абласных архіваў. Філіялы дзяржаўнага архіва ў Брэсцкай вобласці былі створаны ў Баранавічах, Кобрыне, Пінску; архіва Віцебскай вобласці — у Глыбокім, Оршы, Полацку; Гомельскай вобласці — у Жлобіне, Мазыры, Рэчыцы; Гродзенскай вобласці — у Лідзе, Навагрудку; Мінскай вобласці — у Барысаве, Маладзечне, Слуцку; Магілёўскай вобласці — у Бабруйску, Крычаве. У тым жа годзе Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў быў пераведзены з Магілёва ў Мінск. У 1964 г. у яго былі ўключаны дакументы нясвіжскага архіва Радзівілаў і некаторыя іншыя фонды дарэвалюцыйнага часу, раней якія знаходзіліся ў архіве Мінскай вобласці[1].

У маі 1968 г. быў створаны Цэнтральны дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі. У верасні 1972 г. Архіўнае ўпраўленне стала называцца Галоўным архіўным упраўленнем пры Савеце Міністраў БССР (Галоўархіў). Да канца 1975 г. у падведамных Галоўархіву дзяржаўных архівах захоўвалася 6,8 млн спраў, у тым ліку ў 6 цэнтральных архівах — каля 2 млн.

Партыйныя архівы працягвалі заставацца па-за структуры дзяржаўных архіваў. У верасні 1990 г. на базе аб’яднання партыйных архіваў Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ і Мінскага абкама КПБ быў створаны Цэнтральны партыйны архіў Кампартыі Беларусі[1].

У незалежнай Беларусі правіць

Пасля здабыцця незалежнасці Рэспублікай Беларусь у канцы 1991 — пачатку 1992 гг. у дзяржаўныя архівы былі перададзены больш за 3 млн спраў з цэнтральнага і абласных партыйных архіваў. Агульная колькасць захоўваемых дакументаў дасягнула 12 млн адзінак. У красавіку 1992 г. былы Цэнтральны партыйны архіў КПБ і Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў у Мінску былі аб’яднаны ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Абласныя партыйныя архівы Брэсцкай і Віцебскай абласцей былі далучаны да адпаведных дзяржаўных архіваў, а партыйныя архівы Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей пераўтвораны ў філіялы дзяржаўных архіваў[1].

У кастрычніку 1992 г. Галоўнае архіўнае ўпраўленне было пераўтворана ў Камітэт па архівах і справаводстве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (Белкамархіў). У траўні 1993 г. ЦДАКР перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны архіў, а Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў у Гродне — у Беларускі дзяржаўны гістарычны архіў[1].

У 1994 г. быў прыняты Закон «Аб Нацыянальным архіўным фондзе і архівах у Рэспубліцы Беларусь» (у 1998 г. у Закон былі ўнесены змены і дапаўненні і ён быў прыняты ў новай рэдакцыі)[1].

У чэрвені 1995 г. ранейшы Нацыянальны архіў быў расфармаваны. Комплекс дакументаў былога Цэнтральнага партыйнага архіва быў перададзены ў Беларускі дзяржаўны архіў, ператвораны ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Дакументы былога партыйнага архіва Мінскай вобласці былі перададзены ў дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, а на базе фондаў былога Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Мінску утвораны Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Тады ж Беларускі дзяржаўны гістарычны архіў быў перайменаваны ў Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне[1].

У 1996 г. філіялы абласных архіваў былі ператвораны ў занальныя дзяржаўныя архівы, а былыя партыйныя архівы Гомельскай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей — у Дзяржаўныя архівы грамадскіх аб’яднанняў. У студзені 1997 г. Белкамархіў ператвораны ў Дзяржаўны камітэт па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь (Дзяржкамархіў), яго старшыня уведзены ў склад Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь[1].

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 516 ад 24 верасня 2001 г. Дзяржкамархіў ператвораны ў Нацыянальны цэнтр па архівах і справаводстве (Цэнтрархіў), падпарадкаваны Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь[1].

3 чэрвеня 2002 г. выйшаў Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 282, па якому Нацыянальны цэнтр па архівах і справаводстве ператвораны ў Камітэт па архівах і справаводстве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь[1].

5 мая 2006 г. у адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 289 Камітэт па архівах і справаводстве пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь далучаны да Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Быў створаны Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, які ў цяперашні час з’яўляецца кіруючым органам у галіне архіўнай справы і арганізацыі справаводства на тэрыторыі Беларусі[1].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у ф Гісторыя архіўнай справы ў Беларусі . Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.