Аршанскі авіярамонтны завод
РУП Аршанскі авіярамонтны завод — прадпрыемства па рамонце авіяцыйнай тэхнікі, заснаванае ў 1956 г. ў г.п. Балбасава (за 10 км ад Оршы). Заводам асвоены капітальны рамонт гелікоптэраў Мі-8, Мі-17, Мі-24, самалётаў Ту-134, а таксама асобных агрэгатаў авіяцыйнай тэхнікі. З 2013 г. вырабляе таксама серыйныя верталёты «Мі-8 МСБ».
Аршанскі авіярамонтны завод | |
---|---|
Тып | Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства |
Заснаванне | 24 снежня 1956 |
Размяшчэнне |
![]() |
Ключавыя постаці | генеральны дырэктар Павел Аляксандравіч Случак |
Галіна | авіяцыйная прамысловасць |
Прадукцыя | верталёт |
Колькасць супрацоўнікаў | 637 |
Матчына кампанія |
Матор Січ Сістэмы інвестыцый і інавацый |
Сайт | oarz.by |
Гісторыя Правіць
Перадгісторыя Правіць
15 ліпеня 1941 г., на станцыі Безаботнае (Ленінградская вобласць), быў створаны ў якасці 2-га авіярамонтнага цягніка Ваенна-паветраных сіл Балтыйскага флоту. Першым дырэктарам стаў ваенны тэхнік 1-га ранга Абрам Абекавіч Левін. Перад цягніком была пастаўлена задача забяспечыць аднаўленне і рамонт франтавой авіяцыі.
З 1941 па 1945 гг. на прадпрыемстве быў асвоены рамонт 33 тыпаў баявых самалётаў, у т. л. 6 замежнай вытворчасці, і 25 тыпаў авіярухавікоў. У прыватнасці, рамантаваліся такія самалёты, як Пе-2, Пе-3, І-16, МіГ-3, С-2, Р-5, УТІ-2, Як-9, ІІ-2, Як-9У, Як-1, Як-7У, ЛАГГ-3, Дуглас, Гарыкейн, Кіцігоук, Мэрлін, Аэракобра.
Канец вайны прадпрыемства сустрэла на Далёкім Усходзе, дзе рамантавала авіяцыю Ціхаакіянскага флоту ВМФ СССР, які ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях супраць Японіі.
Стварэнне завода і дзейнасць у перыяд СССР Правіць
З 24 снежня 1956 г. завод атрымлівае новае месца дыслакацыі — аэрадром «Балбасава» і новую назву — 571-ы авіярамонтны завод Міністэрства абароны СССР. Новай задачай прадпрыемства было засваенне рамонта бамбардзіроўшчыка дальняй авіяцыі Ту-16, на якія з 1955 г. быў пераведзены 402-гі тбап.
У перыяд з 1957 па 1985 гг. завод адрамантаваў 1726 самалётаў гэтага тыпу. У пачатку 1970-х гадоў на прадпрыемстве працавала каля 1200 працаўнікоў і ён з'яўляўся адным з найбуйнейшых заводаў па рамонту дальняй бамбардзіровачнай авіяцыі ў СССР.
У пачатку 1980-х гадоў заводам быў асвоены звышгукавы дальні бамбардзіроўшчык Ту-22МЗ і ў перыяд з 1982 па 1992 гг. было адрамантавана 68 самалётаў гэтага тыпу.
Дзейнасць у перыяд Беларусі Правіць
Пасля распада СССР ў рамках скарачэння ўзбраенняў самалёты Ту-22МЗ былі выведзены на тэрыторыю Расіі, а 571-ы авіярамонтны завод перададзены ў падпарадкаванне Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Прадпрыемства засталося без загрузкі вытворчых магутнасцяў і ў гэты час было прынята рашэнне асвоіць рамонт цывільнай авіяцыйнай тэхнікі. У выніку быў асвоены капітальны рамонт гелікоптэраў Мі-8 і Мі-24 розных мадыфікацый, самалётаў Ту-134, рамонт асобных агрэгатаў авіяцыйнай тэхнікі.
З 1996 г. завод быў перададзены ў падпарадкаванне Дзяржаўнага камітэта па авіяцыі Рэспублікі Беларусь і атрымаў сваю сучасную назву. Пасля пераўтварэння структуры дзяржаўных органаў РБ у 2006 г. прадпрыемства падпарадкоўвалася Дэпартамэнту па авіяцыі Міністэрства транспарта і камунікацый Рэспублікі Беларусь.
30 снежня 2011 году А. Лукашэнка падпісаў Распараджэнне № 335 аб продажы дзяржаўных 99,2% акцый завода ўкраінскаму публічнаму АТ «Мотор Січ» (59,5% за 12 млрд бел. руб.) і беларускаму ЗАТ «Сістэмы інвэстыцый і інавацый» (39,7% за 8 млрд бел. руб.)[1]. 28 студзеня 2012 г. Мінтранс Беларусі заключыў адпаведны дагавор з інвестарамі, якія 21 лютага аплацілі куплю акцый. Да канца года паступілі каля $14,6 млн укладанняў[2]. 23 верасня 2013 г. ў в. Баравая (Мінскі раён) завод прадставіў першы верталёт уласнай серыйнай вытворчасці «Мі-8 МСБ»[3]. На ім удалося паставіць 12 сусветных рэкордаў, у т.л. па вышыні гарызантальнага палёта — 9150 м[4].
У 2012—2016 гг. інвестары абавязаліся заінвеставаць у завод, па меншай меры, $12 млн, стварыць больш за 300 працоўных месц, адрамантаваць два інтэрнаты, а таксама даць каля BYR20 млрд (~$3,6 млн) на развіццё гарадскога пасёлка Балбасава.
11 ліпеня 2018 г., наведваючы прадпрыемства, А. Лукашэнка заявіў, што яно стала дзяржаўным, бо ў яго «ўласніка ўжо ... няма»[5]. Пра тое, што прадпрыемства збіраюцца вярнуць дзяржаве, стала вядома ў сакавіку, праўда, з неафіцыйных крыніц[6]. А ў маі генпракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні былога гендырэктара прадпрыемства і службовых асобаў украінскай фірмы[7]. Паводле народнага дэпутата Украіны В. Багуслаева, менавіта «мясцовы інвестар» адмовіўся выконваць сваю частку інвестыцыйных абавязанняў. Ён заявіў, што разумее «...адкуль гэта: узяць і забраць. На рынку можна толькі купіць або выкупіць. Так працуе ўся Еўропа. Трэба разлічыцца з акцыянерамі»
27 траўня 2023 года Украіна ўвяла санкцыі супраць Аршанскага авіярамонтнага завода[8]. У жніўні 2023 года да санкцый супраць завода далучылася Вялікабрытанія[9].
Вытворчасць Правіць
На дадзены момант завод ажыццяўляе працы па капітальным рамонце ваеннай і цывільнай авіяцыйнай тэхнікі: розных мадыфікацый гелікоптэраў Мі-8, Мі-17, Мі-24, самалётаў Ту-134А, Б, а таксама рамонт здымнага і нездымнага абсталявання, камплектуючых, агрэгатаў, сістэм і сродкаў вымярэння і кантрольна-праверачнай апаратуры.
Акрамя гэтага прадпрыемства ажыццяўляе мадэрнізацыю гелікоптэраў Мі-8 пад санітарны, дэсантны і іншыя варыянты, а таксама фарбаванне розных тыпаў паветраных судоў.
Асноўны рамонт авіяцыйнай тэхнікі ажыццяўляецца ў двух ангарах: ангар №1 — самы буйны спэцыялізаваны будынак для рамонту авіяцыйнай тэхнікі ў Беларусі, дазваляе прымаць самалёты класа Іл-76, карысная плошча 7100 м², вышыня створак 13,5 м; ангар №2 дазваляе рамантаваць паветраныя суды класа Ту-134 і гелікоптэры ўсіх тыпаў, карысная плошча 12800 м², вышыня створак 11 м.
У падпарадкаванні прадпрыемства знаходзіцца аэрадром класа «Б», даўжыня яго ўзлётна-пасадачнай паласы 3000 м, ён годны для эксплуатацыі паветраных судоў класаў Ан-124, Іл-76 і ніжэй. Аэрадром сертыфіцыраваны Дэпартаментам па авіяцыі Міністэрства транспарта і камунікацый РБ для прыёму паветраных судоў у дзённы час сутак.
Прадпрыемства мае Ліцэнзію Міністэрства абароны РБ на права ажыццяўляць дзейнасць, звязаную з прадукцыяй ваеннага прызначэння, а таксама Пасведчанне Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта Рэспублікі Беларусь на права ажыццяўляць знешнегандлёвую дзейнасць у адносінах да ваеннай авіяцыйнай тэхнікі.
Партнёрамі прадпрыемства з'яўляюцца дзясяткі фірмаў і арганізацый з 8 краін свету.
Дырэктары Правіць
- Уладзімір Троіцкі (2007—2015)
- Павел Аляксандравіч Случак (2015—)
Зноскі
- ↑ Лукашэнка прадаў Аршанскі авіярамонтны завод . Наша Ніва (9 студзеня 2012). Праверана 22 ліпеня 2018.
- ↑ Транспартнай галіне Беларусі ў 2013 годзе неабходна прыцягнуць $150 млн. прамых інвестыцыяў . Беларускае тэлеграфнае агенцтва (12 лютага 2013). Праверана 22 ліпеня 2018.(недаступная спасылка)
- ↑ Бута, Якаў. Вялікая авіяпрэм'ера . Белтэлерадыёкампанія (23 верасня 2013). Праверана 22 ліпеня 2018.(недаступная спасылка)
- ↑ Аршанскі авіярамонтны завод мае намер пачаць сэрыйную вытворчасьць верталётаў . Белтэлерадыёкампанія (28 лістапада 2014). Праверана 22 ліпеня 2018.
- ↑ Аршанскі авіярамонтны завод вяртаецца ва ўласнасць дзяржавы . Еўрарадыё (11 ліпеня 2018). Праверана 22 ліпеня 2018.
- ↑ Дзяржава можа вярнуць Аршанскі авіярамонтны завод . Еўрарадыё (22 сакавіка 2018). Праверана 22 ліпеня 2018.
- ↑ Генпракуратура пачала крымінальную справу на прадстаўнікоў фірмы «Матор Січ» . Еўрарадыё (15 мая 2018). Праверана 22 ліпеня 2018.
- ↑ Украина ввела санкции против 51 человека и 220 юридических лиц. В списке структуры РЖД и 19 белорусских предприятий (руск.). Настоящее Время (27 мая 2023).
- ↑ Вялікабрытанія сёння дадала шэсць пазіцый у санкцыйны спіс супраць Беларусі . Наша Ніва (8 жніўня 2023).