Вадзяны арэх плывучы

від раслін
(Пасля перасылкі з Вадзяныя арэхі)

Вадзяны арэх плывучы, Чылім (Trapa natans) — аднагадовая водная расліна сямейства Вадзянаарэхавыя (Trapaceae), паходзіць з паўднёвых раёнаў Еўразіі і Афрыкі.

Вадзяны арэх плывучы
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Trapa natans L.

Ахоўны статус

Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  27170
NCBI  22666
EOL  582969
GRIN  t:36824
IPNI  614405-1
TPL  kew-2519351

Расце ў азёрах, затоках і старыцах рэк з павольным цячэннем, вырастае да 5 м у даўжыню. У расліны характэрны плод, які вонкава нагадвае галаву быка, з адным буйным крухмалістым насеннем. Дзеля гэтага насення расліна культывуецца ў Кітаі, як мінімум, ужо тры тысячы гадоў. Насенне чыліму варыцца і ўжываецца як лёгкая закуска.

Вадзяны арэх плаваючы, вадзяныя арэхі, калёныя арэхі[3], каменныя арэхі[4].

Апісанне

правіць
 
Чылім. Батанічная ілюстрацыя з кнігі О. В. Тамэ «Flora von Deutschland, Österreich und der Schweiz», 1885

Аднагадовая травяністая расліна з разеткай лісця дыяметрам 10—30 см, якая плавае на вадзе, і тонкім разгалінаваным падводным сцяблом даўжынёй 60—160 см, каля асновы з пучкамі доўгіх ніткападобных каранёў.

Сцябло чыліма знаходзіцца пад вадой, развіваецца вясной з плада і дасягае паверхні вады. Мае 3,6-5 м у даўжыню. Карані зеленаватыя, пёрыста-галінастыя, размешчаны на пагружаным у ваду сцябле і маюць выгляд падводных лісцеў.

Расліна мае два тыпу лісцяў: першы тып — падводнае — рэдукаванае, супраціўнае, лінейнае, рана ападае, размешчана ўздоўж сцябла вышэй каранёў, знаходзіцца ў тоўшчы вады; другое — надводнае — скурыстае, рамбічнае, няроўназубчастае, на доўгіх чаранках з пухіравата-ўздутымі поласцямі, якія ўтрымліваюць разетку лісця на вадзе. Ліставыя пласцінкі авальнай або рамбічнай формы, скурыстыя, няроўназубчастыя па краях, 2-3 см даўжынёй, размяшчаюцца на ўздутых да часу паспявання пладоў хвосціках 5-9 см даўжынёй, якія забяспечваюць ім дадатковую плавучасць.

Кветкі адзіночныя, белыя, знаходзяцца ў пазухах лісця, апыляюцца насякомымі. У кветцы па чатыры чашаліснікі, пялёсткі і тычынкі. Песцік адзін.

Плод — цвёрдая арэхападобная касцянка з 4 або 2 рогападобнымі выступамі (адсюль народная назва расліны — «чортаў арэх»), на канцах якіх востразазубраныя калючкі (лёгка абламваюцца), 2-2,5 см у папярочніку. На адной расліне да 10—15 пладоў.

Распаўсюджанне і экалогія

правіць
 
Зараснікі чыліма на возеры (Кітай)
 
Зараснікі чыліма на возеры Бабічак (польск.: Babiczak), Польшча

Чылім мае шырокі арэал, які ўключае амаль усю Афрыку, многія раёны Азіі (Турцыя, Грузія, Казахстан, Кітай, В’етнам і Японія, Індыя і Пакістан) і Еўропы (цэнтр, ўсход і поўдзень).

Месцы росту: прыбярэжныя зоны слабапраточных або стаячых эўтрофных вадаёмаў, часцей поймавыя азёры і старыцы, затокі рэк глыбінёй 50—200 см, на глеістым грунце ў вадзе, багатай жалезам. Утварае шчыльныя зараснікі, часам расце невялікімі групамі і адзіночнымі экзэмплярамі.

У Расіі сустракаецца ў еўрапейскай частцы, на поўдні Заходняй Сібіры, на Далёкім Усходзе. Усюды параўнальна рэдкі. З-за прамысловага збору пладоў магчыма поўнае знікненне.

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя ў Расіі, па звестках Энцыклапедычнага слоўніка Бракгаўза і Ефрона, рос у некаторых месцах густа, напрыклад, у дэльце Волгі, каля Пензы і інш., і служыў там прадметам гандлю; ў іншых месцах вымер, так, напрыклад, у Тросценскім возеры Маскоўскай губерні; ды і наогул гэтая расліна ўжо тады лічылася знікаючай[5].

На Беларусі рэліктавы від, які знаходзіцца ў астраўных участках росту і асобных лакалітэтах на паўночна-ўсходняй мяжы арэалу — асноўныя месцазнаходжанні сканцэнтраваны ў паўднёва-ўсходняй і паўночна-ўсходняй частцы краіны (расце на азёрах Цёста, Азярок[6], Сіньша[7], Старуха[8] і інш.).

Вырошчваецца акварыумістамі.

Асаблівасці біялогіі

правіць

Цвіце ў ліпені — жніўні, пладаносіць у верасні. Размнажэнне насеннае і вегетатыўнае. Самаапыляльнік. Насенне можа заставацца жыццяздольным на працягу 12 гадоў, хоць часцей за ўсё прарастае ў першыя два гады. Расліна размнажаецца пладамі, якія аддзяляюцца ад сцябла і разносяцца цячэннем у іншыя месцы. Для прарастання насення патрэбен перыяд спакою 4—6 месяцаў і прагрэў вадаёму не ніжэй 10—12 °C.

Занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі з 1981 года. Расліна была ўключана ў Чырвоную кнігу РСФСР, але была выключана з Чырвонай кнігі Расіі ў 2008 годзе. У 2021 годзе вадзяны арэх быў выключаны з Чырвонай кнігі Украіны, бо расліна захапіла Кіеўскае і Канеўскае вадасховішчы і стала пагрозай для рыбы[9].

Зноскі

  1. Ужываецца таксама назва Пакрытанасенныя.
  2. Пра ўмоўнасць аднясення апісанай у гэтым артыкуле групы раслін да класа двухдольных гл. артыкул «Двухдольныя».
  3. Киселевский А. И. Латино-русско-белорусский ботанический словарь. — Мн.: «Наука и техника», 1967. — С. 132. — 160 с. — 2 350 экз.
  4. Чоловский К. Опыт описания Могилевской губернии. По программе и под редакцией А. С. Дембовецкого, кн. I. Могілев.
  5. Рогульники // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  6. Рэдкія і экзатычныя(недаступная спасылка) // Родная прырода Архівавана 8 мая 2012.
  7. Артыкул у Чырвонай кнізе Беларусі Архівавана 2 чэрвеня 2017. (руск.)
  8. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 163. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
  9. З «Червоної книги» вилучили рослину, яка вбиває Київське водосховище

Спасылкі

правіць
  Гэты від занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваецца законам.
III катэгорыя (VU)