Валянцін Канстанцінавіч Лукашоў

Валянці́н Канстанці́навіч Лукашо́ў (25 чэрвеня 1938, Ленінград — 8 чэрвеня 1998, Швецыя) — беларускі геахімік, член-карэспандэнт, доктар геолага-мінералагічных навук, прафесар. Навуковец у галіне тэарэтычных і прыкладных праблем геахіміі, наватар і арганізатар даследаванняў у шэрагу яе накірункаў.

Валянцін Канстанцінавіч Лукашоў
Дата нараджэння 25 чэрвеня 1938(1938-06-25)
Месца нараджэння
Дата смерці 8 чэрвеня 1998(1998-06-08) (59 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Канстанцін Ігнатавіч Лукашоў
Род дзейнасці геахімік, географ, хімік
Месца працы
Навуковая ступень доктар геолага-мінералагічных навук
Навуковае званне
Альма-матар

Біяграфія

правіць

Валянцін Канстанцінавіч Лукашоў нарадзіўся ў Ленінградзе ў сям’і рэктара Ленінградскага ўніверсітэта, прафесара Канстанціна Ігнатавіча Лукашова.

Адукацыя

правіць

У 1961 з адзнакай скончыў геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Будучы студэнтам, узначаліў студэнцкую навуковую суполку на факультэце і правёў першыя самастойныя літалагічныя і геахімічныя даследаванні.

Праца і даследаванні

правіць

Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў у Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР (пазней рэарганізавана ў Інстытут геахіміі і геафізікі) на пасадах малодшага (19611965), старэйшага навуковага супрацоўніка (19651969), загадчыка сектара (19691971), а з 1972 ён — загадчык лабараторыі геахіміі гіпергенеза Інстытута геахіміі і геафізікі АН БССР (цяпер Інстытут геалагічных навук НАН Беларусі).

Даследаванне чацвярцічных адкладаў

правіць

Валянцін Лукашоў распрацоўваў многія аспекты выкарыстання геахімічных індыкатараў для характарыстыкі геалагічных працэсаў. У 19641965 ён знаходзіўся ў доўгатэрміновай камандзіроўцы ў Польшчы з мэтай вывучэння геахімічных асаблівасцяў чацвярцічных адкладаў гэтай краіны і іх карэляцыі з аднаўзроставымі адкладамі ў Беларусі. Матэрыялы, сабраныя ў Польшчы, былі выкарыстаны ў доктарскай дысертацыі «Геохимические особенности четвертичного литогенеза в палеогеографических условиях Белорусского Полесья и смежных территорий», якую ён паспяхова абараніў у 1969, і манаграфіі «Геохимия четвертичного литогенеза» (1970).

Палеагеаграфічныя рэканструкцыі

правіць

У 1972 выйшла ў свет манаграфія «Геохимические индикаторы процессов гипергенеза и осадкообразования», у якой усебакова разгледжаныя магчымасці выкарыстання геахімічных паказчыкаў пры палеагеаграфічных рэканструкцыях старажытных умоў літагенеза, рудаўтварэння і пошуку карысных выкапняў. Па ініцыятыве Валянціна Лукашова сумесна з геолагамі Закаўказзя геахімічныя індыкатары былі выкарыстаныя для карэляцыі ўмоваў фарміравання гліністых парод (выдзялення інтэрвалаў у стратыграфічным разрэзе кайназою, якія адпавядаюць ледавіковым эпохам плейстацэну на Усходне-Еўрапейскай раўніне. Лукашоў стаў арганізатарам экспедыцый, падчас якіх сумесна з вучонымі Расіі, Украіны і Малдовы вывучаліся кайназойскія адклады Малдовы, Адэскай вобласці, Крыма, Кубані.

Іншыя даследаванні

правіць

Сумесна з літоўскімі геолагамі Лукашоў праводзіў даследаванні ў Балтыйскім рэгіёне (Калінінградская вобласць Расіі і Літва) з мэтай выкарыстання геахімічных метадаў для высвятлення ўмоў назапашання і захавання бурштыну. Вынікам даследаванняў стала манаграфія «Литогеохимические фации кайнозоя запада Русской платформы» (1974). У 19751978 Валянцін Лукашоў прыняў удзел у вывучэнні глыбакаводных адкладаў з дна Чорнага мора, праведзеным экспедыцыяй «Гломар Чэленджэр», і як вынік — калектыўная манаграфія «Геохимия позднекайнозойских осадков Черного моря» (1982).

Методыкі пошука карысных выкапняў

правіць

У гэтыя ж гады ён вёў сумесныя даследаванні з геахімікамі Бурацкага геалагічнага ўпраўлення і Бурацкага геалагічнага інстытута РАН, неаднаразова выязджаў у Забайкалле, дзе вывучаў спецыфіку гіпергенных працэсаў і ўтварэння кор выветрывання на карэнных пародах. Адным з першых Лукашоў выкарыстаў гюравыя растворы для характарыстыкі геахімічных асаблівасцей кор выветрывання, што дало магчымасць лепш спазнаць працэсы ўтварэння другасных арэолаў рассейвання над руднымі радовішчамі. Ім распрацаваны новы геахімічны метад пошука карысных выкапняў з выкарыстаннем штучных сарбентаў, які дазваляе эфектыўна весці пошукі радовішчаў у закрытых рэгіёнах. Метад выклікаў вялікі інтарэс і быў апрабіраваны ў больш як 20 геолагаразведачных арганізацыях і інстытутах. Адна з мадыфікацый метаду лягла ў аснову пошукаў золата (на яе атрымана аўтарскае пасведчанне) і прайшла паспяховае выпрабаванне ў Саянах. Па выніках даследаванняў з сарбентамі Лукашоў напісаў манаграфію «Искусственные сорбенты в экспериментальной и прикладной геохимии» (1992). У пытаннях геахімічных пошукаў карысных выкапняў Лукашоў набыў высокі аўтарытэт у свеце.

Экалагічныя даследаванні

правіць

У канцы 1970-х гадоў В. К. Лукашоў засяродзіў сваю ўвагу на ахове навакольнага асяроддзя. Навуковая камандзіроўка ў Канаду (1977), рабочая нарада «Геахімічныя метады маніторынга» ў Мінску (1978) і іншыя мерапрыемствы садзейнічалі разуменню праблем сучаснага тэхнагенеза. Пад кіраўніцтвам Лукашова былі праведзеныя першыя эколага-геахімічныя здымкі Мінска і абласных цэнтраў Беларусі. У выніку гэтых даследаванняў з’явілася манаграфія «Загрязнение тяжёлыми металлами окружающей среды г. Минска» (1996).

На пачатку 1980-х гадоў Валянцін Лукашоў пад кіраўніцтвам бацькі Канстанціна Лукашова ўдзельнічаў у стварэнні новага для Беларусі навуковага напрамку — медыцынскай геахіміі, якая моцна звязана з праблемамі тэхнагенеза. З першых дзён пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС В. К. Лукашоў з супрацоўнікамі праводзілі інтэнсіўныя даследаванні радыёактыўнасці глебавага покрыва і іншых кампанентаў ландшафту, а таксама прадуктаў харчавання, вывучалі рухавасць радыёнуклідаў з дапамогай паслядоўных выцяжак і штучных сарбентаў. В. К. Лукашоў у шэрагу публікацый зрабіў доўгатэрміновы прагноз паводзін радыёнуклідаў у ландшафтах Беларусі. Манаграфія «Геологические аспекты охраны окружающей среды» (1987) з’явілася адной з першых у гэтым напрамку і атрымала высокую адзнаку.

У апошнія гады Лукашовым развіваўся напрамак вывучэння форм знаходжання металаў у мінералах і пародах зоны гіпергенеза. Атрыманыя дадзеныя па геахіміі цынка, кадмія, свінца, хрома, марганца і іншых металаў у покрыўных адкладах Беларусі маюць вялікае значэнне для рашэння прыродаахоўных, медыка-біялагічных і геолага-пошукавых праблем.

Манаграфія «Географические очерки природы Беларуси» (1983), вучэбны дапаможнік «Геохимия ландшафтов» (1972) — унёсак Лукашова ў беларускую геаграфічную навуку.

На працягу многіх гадоў Лукашоў з’яўляўся старшынёй Прыбалтыйска-Беларускай секцыі Міжведамаснага савета МінГеа СССР і АН СССР па праблеме «Навуковыя асновы геахімічных метадаў пошукаў радовішчаў карысных выкапняў», уваходзіў у склад рэдакцыйнага савета міжнароднага часопіса «Аррііесі ОеосЬетізІгу» (?) і ў рабочую групу «Геологическая медицина» Міжнароднага геалагічнага саюза. В. К. Лукашоў вёў актыўную педагагічную працу — чытаў лекцыі ў Беларускім дзяржаўным і Мінскім педагагічным універсітэтах, а таксама ва ўніверсітэтах краін Балтыі і Канады.

Бібліяграфія

правіць

Вынікі даследаванняў Лукашова апублікаваныя ў больш чым 300 навуковых працах, уключаючы 25 манаграфій, выдадзеных у краінах былога СССР, ЗША, Францыі, Нідэрландах і Польшчы.

Смерць

правіць

8 чэрвеня 1998 года за межамі Беларусі, на міжнароднай сустрэчы геахімікаў у Швецыі раптоўна спынілася яго сэрца.

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць