Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ
Факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ — структурнае падраздзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Заснаваны ў 1934 годзе. У складзе факультэта 7 кафедр, 2 навукова-даследчыя лабараторыі, Музей землязнаўства.
Геаграфічны факультэт | |
---|---|
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт | |
Заснаваны | 1934 |
Дэкан | Алена Генадзеўна Кальмакова[1] |
Месцазнаходжанне | Беларусь, Мінск, вул. Ленінградская, 16 |
geo.bsu.by (руск.) (англ.) (бел.) |
Факультэт рыхтуе спецыялістаў па дысцыплінах: геаграфія (навукова-педагагічная дзейнасць), геаграфія (напрамак — геадэмаграфія), геалогія і разведка месцазнаходжаняў карысных выкапняў, ГІС (геаінфармацыйныя сістэмы), ГІС (напрамак — зямельна-кадастравыя, з 2015), гідраметыяралогія, геаэкалогія, космааэракартаграфія (з 2011).
Гісторыя
правіцьГеаграфія як вучэбная дысцыпліна ў БДУ выкладалася на рабфаку з 1921 года. Першыя выкладчыкі-географы — Я. Гурвіч (да 15.10.1922), М. Шкляеў, А. А. Смоліч. У 1923 годзе на педагагічным факультэце арганізаваны «кабінет мясцовага краю», загадчыкам якога стаў А. А. Смоліч, а пад кіраўніцтвам М. Ф. Бліадухо створаны кабінет мінералогіі і крышталяграфіі. У маі 1924 года па прапанове А. А. Смоліча для ўсіх студэнтаў педагагічнага факультэта было ўведзена вывучэнне геаграфіі Беларусі. У 1933 годзе пад кіраўніцтвам акадэміка АН БССР Я. М. Афанасьева створана кафедра глебазнаўства.
Як самастойнае структурнае падраздзяленне БДУ факультэт заснаваны ў 1934 годзе і меў назву «геолага-глебава-геаграфічнага факультэта». У 1937 годзе факультэт быў перайменаваны ў геаграфічны. У 1954 годзе на базе факультэта створана геаграфічнае таварыства БССР, пасля — Геаграфічнае таварыства Беларусі. Для правядзення навучальных палявых практык па асноўных фундаментальных навуках геаграфічнага цыкла ў 1973 годзе ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці створана геаграфічная станцыя «Заходняя Бярэзіна». У 2019 годзе геаграфічны факультэт перайменаваны ў факультэт геаграфіі і геаінфарматыкі. Акрамя таго, былі змененыя назвы шэрагу кафедраў.
Дэканы факультэта
правіць- Ф. Ф. Дзербенцаў (1934—1935);
- Казакоў (1935—1936);
- Ануфрый Нестаравіч Андрушчанка (1936—1938);
- Іван Сцяпанавіч Жылінскі (1939–1941)
- Васіль Аляксеевіч Дзяменцьеў (1943—1947);
- Мікалай Тарасавіч Раманоўскі (1947—1955);
- Іван Іванавіч Трухан (1958—1962);
- Мікалай Тарасавіч Раманоўскі (1962—1983);
- Расціслаў Афанасьевіч Жмойдзяк (1983—1998);
- Іван Іванавіч Пірожнік (1998—2013);
- Дзмітрый Леанідавіч Іваноў (2013—2017);
- Мікалай Васільевіч Клебановіч (2017—2019);
- Дзмітрый Міраслававіч Курловіч (2019-2022).
- Алена Генадзеўна Кальмакова (з 2022)
Структура
правіцьКафедры
правіць- геаграфічнай экалогіі (падрыхтоўка студэнтаў спецыяльнасці «Геаэкалогія»);
- геадэзіі і космааэракартаграфіі (падрыхтоўка студэнтаў спецыяльнасці космааэракартаграфія);
- рэгіянальнай геалогіі (падрыхтоўка студэнтаў спецыяльнасці «Геалогія» па спецыялізацыях «Геалагічная здымка, пошукі і разведка карысных выкапняў», «гідрагеалогія і інжынерная геалогія»);
- агульнага землязнаўства і гідраметэаралогіі (падрыхтоўка студэнтаў спецыяльнасці «гідраметэаралогіі»);
- глебазнаўства і геаінфармацыйных сістэм (падрыхтоўка студэнтаў спецыяльнасці «Геаінфармацыйныя сістэмы (ГІС)», «ГІС ваеннага прызначэння» (курсанты ваеннага факультэта); падрыхтоўка студэнтаў спецыяльнасці «Геаграфія» па спецыялізацыі «Геаграфія глебаў», «зямельныя рэсурсы»);
- фізічнай геаграфіі свету і адукацыйных тэхналогій (падрыхтоўка студэнтаў спецыяльнасці «Геаграфія» па спецыялізацыі «Фізічная геаграфія»);
- эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі (падрыхтоўка студэнтаў спецыяльнасці «Геадэмаграфія», «Геаграфія» па спецыялізацыі, «Турызм і экскурсійны менеджмент»);
Навукова-даследчыя лабараторыі:
правіць- Навукова-даследчая лабараторыя (НДЛ) возеразнаўства;
- НДЛ экалогіі ландшафтаў.
Прафесарска-выкладчыцкі склад
правіцьНа кастрычнік 2009 года прафесарска-выкладчыцкі склад налічваў 75 чалавек:
- 15 дактароў навук (з іх 10 прафесараў)
- 41 кандыдат навук (з іх 36 дацэнтаў і 5 старэйшых выкладчыкаў)
- 19 старэйшых выкладчыкаў, выкладчыкаў і асістэнтаў без навуковай ступені.
У складзе НДЛ працуюць 18 супрацоўнікаў (у тым ліку 1 доктар навук і 4 кандыдаты навук). Сумяшчаюць выкладчыцкую дзейнасць 33 чалавекі (8 дактароў навук і 18 кандыдатаў навук). Суадносіны студэнты/выкладчыкі, з улікам сумяшчальнікаў — 9 студэнтаў на аднаго выкладчыка, без уліку — 14.
Студэнцкае жыццё
правіцьЖыллёвыя ўмовы
правіцьІншагароднія студэнты геаграфічнага факультэта маюць магчымасць атрымаць месца ў інтэрнаце БДУ. На факультэце працуе камісія па жыллёва-бытавых пытаннях студэнтаў. У 2007—2015 гадах географы жылі па адрасе вул. Кастрычніцкая, 2 (інтэрнат № 2). Да гэтага часу частка студэнтаў (пераважна першакурснікаў) атрымлівала месцы ў інтэрнаце № 3 (вул. Курчатава, 6), які знаходзіцца за МКАД. З 2015 года студэнты-географы засяляюцца ў інтэрнат № 11 (пр. Дзяржынскага, 87), які ўваходзіць у склад Студэнцкай вёскі і размешчаны каля станцыі метро Пятроўшчына.
У параўнанні з 2008/09 навучальным годам колькасць месцаў, выдзеленых для геаграфічнага факультэта, скарацілася на 28 %, што абумоўлена павелічэннем агульнай колькасці студэнтаў БДУ і закрыццём шэрагу інтэрнатаў на рамонт. У 2009 годзе з 466 іншагародніх студэнтаў геафака (з іх 176 чалавек пастаянна пражывалі ў сельскай мясцовасці) месцам у інтэрнаце былі забяспечаны толькі 150 чалавек.
Веснік факультэта «Экватар»
правіцьЗаснаваны ў пачатку 2006 года па ініцыятыве дэканата факультэта. У той момант студэнцкаму жыццю востра не хапала ўласнага друкаванага выдання, аднак, з прычыны нізкага ўзроўню арганізацыі студэнтаў актыўна займацца праблемай ніхто не хацеў. Тады намеснік дэкана М. В. Кухарчык выбраў з ліку студэнтаў 1-2 курсаў адказных рэдактараў: Ю. Губарава, А. Малокіна, Е. Рыбіна і М. Шчарбакову. Яны далі весніку новае імя (раней выданне нерэгулярна выходзіла пад назвай «Мерыдыян») і выпусцілі два нумары (сакавіцкі і майскі), прысвечаныя географам-франтавікам). Публіцыстычны і эстэтычны характар выдання выклікалі нараканні з многіх бакоў. Змест нумароў кантраляваўся дэканатам і знаходзіўся далёка ад патрэбаў студэнтаў у цікавай і карыснай інфармацыі. Наклад выдання быў моцна абмежаваны: у асноўным распаўсюджваўся па кафедрах, у дэканаце, а таксама вывешваўся на дошцы аб’яваў на першым паверсе паўднёвага крыла будынка факультэта.
Моцны штуршок для развіцця веснік атрымаў восенню 2006 года, калі ў склад рэдкалегіі увайшоў студэнт 4 курса Павел Чумакоў. Яго імя звязана са змяненнем рэдакцыйнай палітыкі, прыцягненнем журналістаў з ліку студэнтаў, карэнным змяненнем дызайну (набліжэнне яго да выдавецкіх стандартаў) і выхадам на масавы рынак: у гэты перыяд максімальныя наклады дасягалі 100—150 асобнікаў. У моцны бок змяніўся і змест весніка: старонка навін, пасланні галоўнага рэдактара, цікавыя інтэрв’ю з выкладчыкамі і студэнтамі, надзённыя артыкулы, рэдакцыйныя праекты (напрыклад, карта з месцамі нараджэння выкладчыкаў факультэта), гумарыстычная геаграфічная паэзія. У сувязі з рэбрэндынгам весніка, прымаецца рашэнне абнуліць яго нумарацыю. Нумар за лістапад 2006 года становіцца першым. Вясной 2008 года веснік геафака «Экватар» прыняў удзел у штогадовым конкурсе выданняў БДУ, якое прайшло ў цэнтры «Брыганціна».
Восень 2008 года «Экватар» сустрэў без большай часткі старой рэдкалегіі: Павел Чумакоў выпусціўся з універсітэта, Ю. Губарава, А. Малокін і А. Безручонак з’ехалі на гадавыя стажыроўкі за мяжу. Перад Марыяй Шчарбаковай паўстала пытанне аб папаўненні кадраў для працягу плённай працы. Яна была абрана рэдактарам весніка. Андрэй Безрученак, знаходзячыся ў Партугаліі, выконваў вёрстку і дызайн. Артыкулы для «Экватара» пачалі актыўна пісаць студэнты малодшых курсаў: Дзмітрый Валадзько, Алена Качубей, Валерый Жук, Яўген Шавялёў. У лютым 2010 года рэдактарам «Экватара» стаў Андрэй Безручонак, а Шчарбаковай паехала на стажыроўку ў Анкару. У гэты час газета стала выходзіць рэгулярна з паўнатой 8-12 старонак. Былі перапрацаваныя канцэпцыі дызайну, зместу артыкулаў і моўнае пытанне: від весніка стаў больш яркім і сучасным, а артыкулы пачалі друкавацца пераважна на беларускай мове. Восенню 2010 года «Экватар» стаў лепшай маланакладнай газетай БДУ.
Значныя змены ў працы газеты адбыліся ў 2011 годзе. «Экватар» стаў выдавацца цалкам на беларускай мове, змяніўся дызайн. Змены адбыліся і ў рэдкалегіі. Са старога складу застаўся толькі Дзмітрый Валадзько. Рэдактарам стала Марына Карней, прыйшлі новыя людзі — Ніна Літвінка, Вікторыя Койпіш, Ягор Левачоў. Вясной 2011 года рэдкалегія весніка прыняла ўдзел у «Зімовай школе студэнцкай журналістыкі» на САК «Брыганціна». «Экватар» заняў першае месца ў намінацыі «За арыгінальнасць і творчы падыход».
Веснік выходзіў накладам у 120 асобнікаў з перыядычнасцю раз у месяц. Артыкулы ахопліваюць шырокі спектр тэматык, цікавыя студэнтам і выкладчыкам. З лістапада 2022 года выходзіць у фармаце тэлеграм-канала[2].
Будынак геаграфічнага факультэта
правіцьБудынак геаграфічнага факультэта, які ўваходзіць у Комплекс будынкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, размешчаны ў раёне Плошчы Незалежнасці ў Мінску па адрасе вул. Ленінградская, 16. Разам з астатнімі будынкамі ўніверсітэцкага гарадка ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.
Вучэбная геаграфічная станцыя «Заходняя Бярэзіна»
правіцьВучэбная геаграфічная станцыя (геабаза) знаходзіцца ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці, на беразе Заходняй Бярэзіны. Служыць месцам правядзення вучэбных практык для студэнтаў геаграфічнага і біялагічнага факультэтаў БДУ.
Музей землязнаўства
правіцьМузей землязнаўства — структурнае падраздзяленне факультэта, яўляецца навучальным музеем па землязнаўству і геалогіі, экспанаты ахопліваюць навукі геаграфічных і геалагічных цыклаў. У музеі праводзяцца заняткі студэнтаў геаграфічнага, хімічнага, фізічнага і біялагічнага факультэтаў БДУ.
Зноскі
Спасылкі
правіць- Факультэт на афіцыйным сайце БДУ Архівавана 10 лютага 2022.
- Афіцыйны сайт факультэта Архівавана 21 красавіка 2018.
- Архіў нумароў весніка геафака БДУ «Экватар» Архівавана 25 лістапада 2017.