Жупра́ны[3] (трансліт.: Župrany, руск.: Жупраны, літ. Žiupronys) — аграгарадок у Ашмянскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Жупранскага сельсавета. Размешчаны за 10 км на ўсход ад Ашмян, на левым беразе ракі Ашмянкі.

Аграгарадок
Жупраны
Краіна
Вобласць
Раён
Сельсавет
Каардынаты
Першая згадка
Ранейшыя назвы
Зубраны
Насельніцтва
745[1] чалавек (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 1593
Паштовы індэкс
231102[2]
Аўтамабільны код
4
Жупраны на карце Беларусі ±
Жупраны (Беларусь)
Жупраны
Жупраны (Гродзенская вобласць)
Жупраны

Праз паселішча праходзіць рэспубліканская аўтадарога Барысаў — Вілейка — Ашмяны Р63.

Назва правіць

Сярод літоўскамоўных аўтахтонаў рэгіёна засведчаная форма Žiupronys, ад асновы Žiupr-. Сярод сучасных літоўскіх прозвішчаў засведчаны антрапонім Žiuprys. Ад яго пайшло і засведчанае ў беларускай антрапаніміі прозвішча Жупрэвіч.

Версію пра сувязь жупранскай назвы з зубрамі ўпершыню выказаў, абапіраючыся на фанетытычнае сугучча (Жупр- : зубр), паэт Ф. Багушэвіч (у нататцы 1885 г. у польскамоўны часопіс "Kraj"). Таксама не больш чым на фанетычным сугуччы грунтуецца версія пра сувязь з літоўскім žuobris "саха"[4][5].

Так жа сама быў утворанаы (з дапамогай пашыральніка -on-) і першапачатковы, балцка-літоўскі варыянт назвы Кушлянаў (< Kušlionys).

Гісторыя правіць

Першая пісьмовыя згадка датавана XV ст. У 1407 годзе вялікі князь Вітаўт даў Жупраны віленскаму ваяводзе Войцеху Манівіду. Пазней, каля 300 гадоў належала Радзівілам, апошні з дзевяці ўладальнікаў гэтага роду — Караль Станіслаў «Пане Каханку». Пасля перайшло да Чапскіх.

Мястэчка моцна пацярпела падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай. Калі ў 1652 годзе Багуслаў Радзівіл аддаваў Жупраны ў заклад за 40 000 злотых, то ў 1666 годзе пад заклад мястэчка змог пазычыць толькі 24 000 злотых[6].

У 1692—1694 гадах адноўлены мясцовы касцёл, пад кіраўніцтвам цесляра з Барунаў закладзены новыя сцены, з Вільні замоўлены жалезны крыж даўжынёй у сажань.

У канцы XVIII ст. у Жупранах было толькі 35 дамоў і тры вуліцы — Дворская, Сольская і Астравецкая.

У вайну 1812 года праз Жупраны ад Бярэзіны на Вільню адступалі напалеонаўскія войскі. Французы спалілі ў мястэчку 180 пабудоў, французскі генерал Філіп-Поль дэ Сегюр пісаў пра гэтыя падзеі і мястэчка ў мемуарах, прысвечаных напалеонаўскаму паходу:

  У Жупранах, той самай вёсцы, дзе імператар толькі на гадзіну размінуўся з рускім партызанам Сеславіным, салдаты цалкам палілі дамы проста каб пагрэцца на некалькі хвілін. Святло гэтых вогнішчаў прыцягвала некаторых з гэтых няшчасных, якіх празмерны холад і пакуты прывялі ў трызненне; яны беглі да іх, як вар'яты, і, скрыгочучы зубамі і смеючыся, як дэманы, кідаліся ў гэтыя печы, дзе і гінулі ў самых жудасных канвульсіях. Іх галодныя спадарожнікі глядзелі на іх без жаху; былі нават некаторыя, хто выцягваў гэтыя целы, знявечаныя і абпаленыя полымем, і гэта праўда, што яны адважыліся забрудзіць сабе рот гэтай агіднай ежай.
 

У 1854 годзе пачалося будаўніцтва мураванага Касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла. Мясцовыя сяляне прымалі ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў, падзеі адбываліся на рынкавай плошчы ў Жупранах.

У 1900 годзе у Жупранах пахаваны беларускі паэт Францішак Багушэвіч, магіла знаходзіцца на могілках за касцёлам.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора (1921) Жупраны ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства.

 
У цэнтры мястэчка, пачатак XX ст.

У 1939 годзе Жупраны ўвайшлі ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 года — цэнтр сельсавета Ашмянскага раёна.

У 1958 годзе ў вёсцы адкрыты помнік Багушэвічу, адзін з двух помнікаў паэту на тэрыторыі Беларусі. 22 сакавіка 1970 годзе адкрыты Музей Францішка Багушэвіча, дзе захоўваецца каля 300 экспанатаў, датычных жыцця класіка[4].

Насельніцтва правіць

  • 1885 год — каля 285 чал., 60 двароў.
  • 1931 год — 657 чал., 124 двары;
  • 1971 год — 423 чал., 121 двор;
  • 1993 год — 734 чал., 248 двароў[7];
  • 1997 год — 795 чал., 288 двароў[8].
  • 2010 год — 745 чал.

Інфраструктура правіць

У Жупранах ёсць паштовае аддзяленне, бібліятэка, Дом культуры, школа, сельсавет, дзіцячы сад, гандлёвы цэнтр, амбулаторыя[1].

Эканоміка правіць

Свінагадоўчая і малочнатаварная фермы, механізаваны двор[1].

Культура правіць

У школе дзейнічае Музей Францішка Багушэвіча.

Славутасці правіць

 
Магіла Ф. Багушэвіча

Вядомыя асобы правіць

Зноскі

  1. а б в Марына Сліж. Архіўная копія(недаступная спасылка). Рэгіянальная газета (25 лютага 2010). Архівавана з першакрыніцы 3 сакавіка 2016. Праверана 9 верасня 2011.
  2. Белпошта(недаступная спасылка)
  3. Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гродзенская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2004. — 469 с. ISBN 985-458-098-9 (DJVU).
  4. а б Лукша, Г. А памяць жыве: 25 гадоў музею Ф. Багушэвіча ў Жупранах // Роднае слова. — Мн.: 1995. — № 3. — С. 70—71.
  5. [1] Архівавана 10 лютага 2018.Віктар ШУКЕЛОВІЧ, Ці сапраўды Жупраны атрымалі назву ад зуброў? // «Ашмянскі веснік» ад 05.09.2017 Архівавана 10 лютага 2018.
  6. Czesław Jankowski. Powiat oszmiański: materjały do dziejów ziemi i ludzi. Cz. 1 — Kraków, 1896
  7. Валерый Шаблюк. Жупраны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 375.
  8. Жупраны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6). — С. 449.

Літаратура правіць

Спасылкі правіць