Гістарычны факультэт БДУ

структурнае падраздзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Гістарычны факультэт БДУ — структурнае падраздзяленне Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

Гістарычны факультэт
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
Эмблема
Будынак Гістарычнага факультэта БДУ
Будынак Гістарычнага факультэта БДУ
Англійская назва Faculty of History of the BSU
Заснаваны 1934
Дэкан Аляксандр Каханоўскі
Месцазнаходжанне  Беларусь, Мінск, вул. Чырвонаармейская, 6
Адрас Мінск, вул. Чырвонаармейская, 6
hist.bsu.by

Гісторыя

правіць

З 1921 па 1934 год спецыялістаў па гісторыі рыхтавалі на двух факультэтах універсітэта: факультэце грамадскіх навук і педагагічным. Гістарычны факультэт адкрыўся ў 1934 годзе, яго першым дэканам стаў акадэмік АН БССР Васіль Шчарбакоў. Першапачаткова факультэт складаўся ўсяго трох кафедраў: гісторыі СССР і БССР, гісторыі старажытнага свету (якой кіраваў прафесар Мікалай Нікольскі) і сярэдніх вякоў (загадчык прафесар Уладзімір Перцаў). Першапачатковы штат факультэта складаўся з 18 выкладчыкаў (1 акадэмік, 2 прафесары, 10 дацэнтаў, 1 аспірант, 4 выкладчыка замежных моў). Першы набор склаў 67 студэнтаў. У 1930-1940-я гг. факультэт знаходзіўся на другім паверсе біялагічнага корпуса ўніверсітэцкага гарадка БДУ (цяперашні будынак геаграфічнага факультэта). У канцы 1940-ых — пачатку 1950-ых факультэт быў у тым жа будынку, аднак пазней ён не аднойчы пераязджаў: 1952—1954 гг. — у хімічным корпусе ўніверсітэцкага гарадка БДУ (сённяшні НДІ ядзерных праблем БДУ); 1954—1958 гг. — у будынку юрыдычнага факультэта па вул. Хмяльніцкага; 1958—1961 гг. — у доме № 1 БДУ[1] на сённяшняй Чырвонаармейскай, 6; 1960-ыя-1990-ыя гг. — у галоўным корпусе БДУ.

З 1937 годзе на факультэце дзейнічае кафедра гісторыі новага і найноўшага часу (краін Еўропы і Амерыкі), якую да 1987 года бяззменна ўзначальваў прафесар Леў Шнеерсон. Гэта адзіная кафедра, якая не зведала рэарганізацыі за час існавання факультэта і захавала сваё першапачатковае найменне. У 1955 годзе адбылося аб’яднанне кафедры гісторыі старажытнага свету з кафедрай гісторыі сярэдніх вякоў у адну кафедру. У 1973 годзе была заснавана кафедра археалогіі і дапаможных гістарычных дысцыплін пад кіраўніцтвам прафесара Эдуарда Загарульскага[2].

З 1992 года зноў займае дом № 1 БДУ па Чырвонаармейскай вуліцы[1]. У 1992 годзе была створана кафедра крыніцазнаўства і музеязнаўства, якую ўзначаліў прафесар Уладзімір Сідарцоў. Падчас рэарганізацыі кафедры расійскай і славянскай гісторыі ў 1998 годзе была сфармавана кафедра гісторыі Расіі на чале з прафесарам Ігарам Аржахоўскім і кафедра гісторыі паўднёвых і заходніх славян, якую ўзначаліў дацэнт Анатоль Салькоў. У 2000/01 навучальным годзе агульнаўніверсітэцкая кафедра палітычнай гісторыі (былая кафедра гісторыі КПСС) увайшла ў склад кафедры гісторыі Беларусі новага і навейшага часу[2]. У 2001 годзе падчас рэарганізацый утварылася кафедра этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў. Першым загадчыкам стаў Павел Церашковіч. У 2008 годзе яго змяніў Тадэвуш Навагродскі.

За 1991—2000 гады агульная колькасць выкладчыкаў факультэта вырасла з 58 да амаль ста, у тым ліку колькасць дактароў і кандыдатаў гістарычных навук павялічылася з 9 і 42 да 17 і 64 адпаведна. Колькасць публікацый вырасла з 91 публікацыі аб’ёмам 115 друкаваных лістоў у 1991 годзе да 325 публікацый аб’ёмам 456 друкаваных лістоў у 2000 годзе[3].

Пры факультэце дзейнічаў шэраг аддзяленняў, якія затым аформіліся ў асобныя факультэты: філасофска-эканамічнае — у 1989 годзе, міжнародных адносін — у 1995 годзе. Напачатку 1990-х гадоў на факультэце былі створаны дзве навучальныя лабараторыі — інфарматыкі і тэхнічных сродкаў навучання, пазней была заснавана навучальная лабараторыя музеязнаўства.

Перыяд з 1999 па 2004 год быў для факультэта часам актыўнага пошуку формаў удасканалення яго арганізацыйнай структуры. У выніку былі зменены функцыі намеснікаў дэкана і прынята Палажэнне пра дэканат.

Будынак

правіць

Першы ўніверсітэцкі будынак пабудаваны ў 1863—1867 гг. як дом купца Сакера і яго сям’і. На зямельным ўчастку месцілася некалькі аб’ектаў: двухпавярховы дом, які злучаўся з аднапавярховым флігелем (стаяў перпендыкулярна адносна дома і на пачатак XX ст. ужо меў тры паверхі), драўляны аднапавярховы дом і сарай. У галоўным будынку, пасля дазволу апекуна Віленскай навучальнай акругі, які быў дадзены ў студзені 1906 г., размясцілася прыватная з правамі ўрадавай мужчынская гімназія С. П. Зубакіна і К. В. Фальковіча. У гады Першай сусветнай тут знаходзіўся вайсковы лазарэт. У 1918—1919 гг. гімназія была нацыяналізавана і такім чынам у 1921 г. будынак трапіў у рукі ўніверсітэта.[1]

Паводле ўспамінаў М. Б. Кроля, да пачатку працы БДУ, задумвалася перадача гімназіі Фальковіча медыцынскага факультэта пад хірургічную і тэрапеўтычную клініку, аднак гэтым планам не было наканавана спраўдзіцца.

У «Доме № 1 БДУ» з лета 1921 г. размяшчалася праўленне (рэктарат) універсітэта, канцылярыя, універсітэцкая бібліятэка, сталярная майстэрня і рабочы факультэт. С. Я. Вальфсон пісаў: «Маленькі — чатыры квадратовых сажняў — пакой у будынку былой гімназіі Фальковіча, цяпер Праўленне будучага Ўнівэрсітэту, на рагу Магазыннай і Чырвона-армейскай вуліц… У пакойчыку — чалавек 15 прафесароў і выкладчыкаў, заўтра — 30 кастрычніка 1921…». Як піша Алег Антонавіч Яноўскі: «у гэтым будынку за некалькі тыдняў да афіцыйнага адкрыцця БДУ пачаліся заняткі на яго рабочым факультэце». Тут жа фактычна на працоўным месцы (у маленькім пакоі на 2-м паверсе) некаторы час жыў першы рэктар універсітэта У. І. Пічэта. Акрамя гэтага, у будынку знаходзіліся кватэры навукова-тэхнічных работнікаў БДУ.[1]

А. А. Яноўскі піша, што менавіта ў гэтым «Доме» вырашаліся ўсе галоўныя пытанні ўніверсітэцкага будаўніцтва, сюды прыязджалі першыя прафесары, каб быць прынятымі на працу. Тут не раз бываў А. Р. Чарвякоў, тут жа чытаў свае лекцыі В. Г. Кнорын. З 1921 г. у Доме № 1 праходзілі пасяджэнні навуковых колаў, дзейнічалі навуковыя таварыствы «Гісторыі і старажытнасцяў», «Навуковае таварыства БДУ», праводзілі публічныя навуковыя чытанні, адбываліся сустрэчы студэнцтва з Купалам і Коласам. А ў 1930-я гады ў былой гімназіі ўжо размяшчаўся Камуністычны інстытут журналістыкі БССР імя С. М. Кірава.[1]

Будынкі моцна пацярпелі на пачатку Вялікай Айчыннай — ад іх засталіся толькі сцены. Пасля вайны, паводле плана архітэктара А. Я. Кудравіцкага, двухпавярховы дом чакаў знос — на ягоным месцы ўзводзіўся чатырохпавярховы будынак, а трохпавярховы флігель павінны былі адрамантаваць і аб’яднаць з новым корпусам. Такі абноўлены комплекс планавалі перадаць Інстытуту замежных моў, аднак сітуацыя змянілася і ў 1951 г. гэтае месца перайшло да Міністэрства гандлю. Праз 2 гады было прынятае рашэнне аб размяшчэнні тут тэхнікума савецкага гандлю і школы гандлёва-кулінарнага вучнёўства. У новым будынку павінны былі асталявацца лабараторыі хіміі, фізікі, мікрабіялогіі, тэхналогіі гатавання ежы, а таксама шэраг навучальных аўдыторый.[1]

У выніку план Кудравіцкага быў рэалізаваны — у 1953—1957 гг. на «базе разбуранай каробкі» паўстаў новы чатырохпавярховы неакласічны корпус (аўтар праекта — Я. Р. Шапіра), які аб’ядналі з адноўленым трохпавярховым флігелем. Для размяшчэння тэхнікума былі падрыхтаваны спецыяльныя кабінеты, хімічная, мікрабіялагічная, тэхналагічная лабараторыі, бібліятэка і фізкультурная зала, аднак малады рэктар Антон Сеўчанка дамогся, каб будынак перадалі ўніверсітэту. У гэтым, так званым «гуманітарным» корпусе знаходзіліся гістарычны, філалагічны і юрыдычны факультэты БДУ. Пасля 1961 г. застаўся толькі філалагічны факультэт. З 1992 года гэта будынак гістарычнага факультэта БДУ.[1]

Сучаснасць

правіць

На сённяшні дзень гістарычны факультэт БДУ з’яўляецца кіроўным у Беларусі цэнтрам па падрыхтоўцы педагагічных і навуковых кадраў гісторыкаў, архівістаў, музеязнаўцаў, дакументазнаўцаў. Выкладчыкі факультэта адыгралі вялікую ролю ў фарміраванні нацыянальнай гістарычнай школы і стварэнні нацыянальнай канцэпцыі гісторыі[4]. Падтрымліваюцца навуковыя кантакты з універсітэтамі Масквы, Кіева, Вільнюса, Львова, Іены, Бохума, Уроцлава, Варшавы, Любліна, Познані, Будапешта.

З пачатку сваёй дзейнасці факультэт падрыхтаваў звыш 10 тыс. спецыялістаў[5]. Штогод гэты лік павялічваецца прыкладна на 250 чалавек. Падрыхтоўка студэнтаў ажыццяўляецца па чатырох спецыяльнасцях — гісторыя (па кірунках), гісторыка-архівазнаўства, музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны (па кірунках), дакументазнаўства (па кірунках), рэгіёназнаўства. Навучанне вядзецца на двух плынях — беларускамоўнай і рускамоўнай і доўжыцца чатыры гады (на завочным аддзяленні — пяць). З трэцяга курсу студэнты навучаюцца па абраным кірунку і спецыялізацыі.

Асноўнымі навуковымі кірункамі, у рамках якіх вядуцца даследаванні навуковых супрацоўнікаў факультэта, з’яўляюцца гісторыя Беларусі, палітычная гісторыя славянскіх краін, этна-культурныя працэсы ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, гістарыяграфія, крыніцазнаўства, метады гістарычнага даследавання, гістарычная інфарматыка, гісторыя антычнага хрысціянства, гісторыя краін Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі, германістыка, музейная праца, яе гісторыя.

На факультэце працуе 118 выкладчыкаў (з іх 19 прафесараў і 75 дацэнтаў)[6]. Колькасць студэнтаў — каля 2000 чалавек[6].

Структура

правіць

У складзе факультэта 9 кафедр:

Кафедра Загадчык
Кафедра гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў прафесар Сцяпан Цемушаў
Кафедра гісторыі Беларусі новага і навейшага часу дацэнт Ганна Маскевіч
Кафедра гісторыі Расіі прафесар Алег Яноўскі
Кафедра гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў дацэнт Наталля Кошалева
Кафедра гісторыі новага і навейшага часу прафесар Уладзімір Кошалеў
Кафедра гісторыі паўднёвых і заходніх славян дацэнт Анатоль Салькоў
Кафедра крыніцазнаўства прафесар Сяргей Ходзін
Кафедра археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін дацэнт Паліна Курловіч
Кафедра этналогіі, музеялогіі і гісторыі мастацтваў дацэнт Андрэй Латушкін
На факультэце таксама дзейнічаюць
  • гістарычны музей;
  • літаратурнае аб’яднанне;
  • дзве студэнцкія навукова-даследчыя лабараторыі;
  • асацыяцыя выпускнікоў факультэта.

Кіраўніцтва факультэта

правіць
Дэкан
Намеснікі дэкана
  • Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце — Аліна Верамейчык;
  • Намеснік дэкана на грамадскіх пачатках па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях — Ірына Лебедзева;
  • Намеснік дэкана на грамадскіх пачатках па навуковай рабоце і міжнародным супрацоўніцтве — Віталь Рэпін.

Дэканы факультэта

правіць

Музей гістарычнага факультэта

правіць

У складзе факультэта маецца гістарычны музей — адзін з пяці музеяў універсітэта, які з’яўляецца вучэбна-дапаможным падраздзяленнем універсітэта.

На аснове музейных калекцый арганізавана вучэбная і навукова-даследчая дзейнасць студэнтаў, якія пішуць курсавыя і дыпломныя работы. Тут жа студэнты праходзяць музейную практыку. Таксама ў музеі праводзяцца вучэбна-практычныя заняткі па прадметах «Археалогія Беларусі», «Нумізматыка Беларусі», «Этналогія», «Гісторыя матэрыяльнай культуры Беларусі», «Культура старажытнага свету».

Экспазіцыя складаецца з трох частак: этнаграфічнай, археалагічнай і нумізматычнай. Найбольшую цікавасць у наведвальнікаў заўсёды выклікае нумізматычная калекцыя, якую на працягу многіх гадоў збіраў беларускі гісторык Валянцін Рабцэвіч.

Крыніцы

правіць

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць