Уладзімір Мікалаевіч Перцаў

беларускі гісторык, акадэмік АН БССР (1940), заслужаны дзеяч навукі БССР (1944)
(Пасля перасылкі з Уладзімір Перцаў)

Уладзі́мір Мікала́евіч Пе́рцаў (15 (27) ліпеня 1877, Курск — 3 чэрвеня 1960) — беларускі гісторык. Акадэмік АН БССР (1940). Доктар гістарычных навук (1935), прафесар (1921), заслужаны дзеяч навукі БССР (1944), член беларускай дэлегацыі ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (1945), дэпутат другога-пятага скліканняў Вярхоўнага Савета БССР па Бярэзінскай выбарчай акрузе (1947—1960)[1]. Лічыцца адным з самых вядомых беларускіх гісторыкаў[2][3][4][5][6][7][8], заснавальнікам медыявістыкі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце[9].

Уладзімір Мікалаевіч Перцаў
Дата нараджэння 15 (27) ліпеня 1877
Месца нараджэння
Дата смерці 3 чэрвеня 1960(1960-06-03) (82 гады)
Месца пахавання
Грамадзянства
Род дзейнасці навуковец
Месца працы
Навуковая ступень доктар гістарычных навук (1935) і акадэмік Акадэміі навук Беларускай ССР (1940)
Навуковае званне
  • прафесар[d] (1921)
Альма-матар
Узнагароды
ордэн Леніна ордэн Леніна ордэн Леніна ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга медаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
Ганаровая грамата Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Біяграфія правіць

 
Першыя прафесары БДУ, 1922 год (злева направа):
Ніжні рад: С. З. Кацэнбоген, А. М. Вазнясенскі, М. М. Нікольскі, У. І. Пічэта, У. М. Ігнатоўскі, Я. Ю. Лёсік, А. А. Міхайлоўскі;
Сярэдні рад: І. М. Салаўёў, С. Я. Вальфсон, Я. І. Барычэўскі, А. А. Савіч, Д. А. Жарынаў, Я. К. Успенскі, І. Я. Герцык;
Верхні рад: У. М. Перцаў, М. М. Шчакаціхін, В. В. Якунін, М. М. Піятуховіч.

Нарадзіўся 15 (27) ліпеня 1877 года ў Курску ў сям’і спадчынных дваран Мікалая Ніканоравіча і Марыі Дзмітрыеўны Перцавых[10]. Сям’я мела 300 дзесяцін зямлі ў сяле Шумакова і двухпавярховых дом у Курску[10]. Аднак, па дакументах і ўспамінах Перцава, жылі яны не заможна[10]. Бацька, паводле Перцава, «сярэдні служачы»[11], меў чын стацкага саветніка і быў членам апякунскай рады жаночай прагімназіі[12].

У 1888 — чэрвені[10] 1895 гадоў Уладзімір па патрабаванні бацькі скончыў поўны курс Курскага рэальнага вучылішча[12][13][11]. Смерць бацькі ў 1890 годзе ўскладніла матэрыяльны стан сям’і[12][14]. Бацькі хацелі каб Уладзімір абраў тэхнічны кірунак дзейнасці, паводле Перцава, ён паступіў у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, але дакументамі гэта не пацверджана[10]. У 1896 годзе, 4 чэрвеня Перцаў прыняты канцылярскім служачым у Курскую дваранскую апеку, але служба ад пачатку не заладзілася, ужо 10 жніўня ён узяў месячны водпуск, а 18 кастрычніка выйшаў у адстаўку[10]. У 1897 годзе навучаўся ў Варшаўскім ветэрынарным інстытуце[10], пра гэта Перцаў пісаў у сваёй афіцыйнай аўтабіяграфіі:

  Мяне прыцягвалі да сябе гуманітарныя навукі, але доступ ва ўніверсітэты ў той час для скончыўшых рэальнае вучылішча быў зачынены. Я стаў рыхтавацца да іспыту экстэрнам за курс гімназіі, пакуль жа паступіў спачатку ў Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, потым у Варшаўскі ветэрынарны інстытут. У 1897 годзе я вытрымаў экзамен на атэстат сталасці і паступіў у лік студэнтаў Маскоўскага ўніверсітэта на гісторыка-філалагічны факультэт. Ва ўніверсітэце я займаўся ў прафесараў В. В. Віпера, П. Г. Вінаградава і М. С. Карэліна, напісаўшы ў кіраваных імі семінарах шэраг работ у неабавязковым парадку. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях я два разы падвяргаўся выключэнню з універсітэта (у 1899 і 1901 гг.), прычым пасля кароткага (2-х тыднёвага) зняволення ў Бутырскай перасылачнай турме кожны раз падвяргаўся высылцы з Масквы ў Курск пад наглядам паліцыі. Адзін час я страціў нават надзею скончыць універсітэцкі курс у Расіі і ў 1901 годзе на сабраныя ўрокамі грошы, з частковай дапамогай маёй маці (бацька памёр у 1890 г.) здзейсніў паездку за мяжу. Я слухаў лекцыі ў Венскім і Берлінскім універсітэтах, але недахоп сродкаў заахвоціў мяне вярнуцца ў Расію, дзе я быў зноў прыняты ва ўніверсітэт[15][13][16]  

Напэўна, нягледзячы на памкненні бацькоў, болей цікаўнасці Уладзімір меў да гуманітарных навук. У маі-чэрвені 1897 года ён даздаў у 2-й Харкаўскай гімназіі іспыты па старажытных мовах і ў ліпені 1897 года паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. У савецкі час у афіцыйнай біяграфіі Перцаў пісаў, што за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях двойчы (1899 і 1901) выключаны з універсітэта. У сакавіку 1899 года Перцаў і праўда выбыў з ліку студэнтаў, але ў кастрычніку быў адноўлены, прычым з 3-га семестра на 5-ы. Паводле дакументаў, гэта было зроблена як выключэнне для Перцава праз яго высокія балы, а таксама бо лішні год «па стане здароўя і праз брак сродкаў быў бы яму дужа цяжкім». Пра выключэнне ў 1901 годзе ў асабістай справа няма сведчанняў.[10]

У 1903 годзе скончыў Маскоўскі ўніверсітэт і атрымаў дыплом. Быў пакінуты на кафедры ўсеагульнай гісторыі ў прафесара Р. Ю. Віпера для падрыхтоўкі да прафесарскага звання (з атрыманнем стыпендыі)[13][17]. Таксама Перцаў працаваў настаўнікам у прэстыжным камерцыйным вучылішчы Мазінга ў Малым Знаменскім завулку[10]. Жыў літаральна за рогам вуліцы ад вучылішча, у даходным доме Фяцісава на Знаменцы (№ 13, кв. 11), за 15 хвілін павольнай хады ад універсітэта[10]. Як згадваў сам Перцаў «ужо ў канцы 1903 года Маскоўскі граданачальнік адмовіў мне ў выдачы пасведчання пра палітычную добранадзейнасці, матывуючы гэта маім удзелам у бытнасць студэнтам у студэнцкіх хваляваннях»[14][13]. Выкладчыцкую дзейнасць Перцаў змог аднавіць толькі ў 1905 годзе ў сувязі з рэвалюцыяй 1905—1907 гадоў. Выкладаў у камерцыйным вучылішчы Цэсарэвіча Аляксея ў Замаскварэччы і ва французскім вучылішчы пры каталіцкай парафіі Св. Людовіка на Лубянцы[10]. Акрамя гэтага чытаў лекцыі працоўным Замаскварэчча.

У 1908 годзе Перцаў пасяліўся зусім паблізу ўніверсітэта (Газетны завулак, дом Кепен, № 6). Але яго новае месца працы — жаночая гімназія Гельбіг — размяшчалася каля Калужскай плошчы, на іншым канцы горада. У 1909 годзе Перцаў жыў ужо побач гімназіі, у доме Шышкіна (№ 25) па Дзенежным/Стараманетным завулку. У 1912—1913 гадах Перцаў пэўны час жыў на Вялікай Прэсні (№ 36), затым год на Астожынцы, дзе жыў і яго будучы калега Уладзімір Пічэта. Перад рэвалюцыяй Перцаў працаваў у Земляробчай школе на Смаленскім бульвары і жыў па 2-м Спасаналіўкаўскім завулку (№ 9).[10]

З навуковай працы, як згадваў сам Перцаў, «у прамежак паміж 1903—1917 гг. мною было напісана каля 20 буйных работ на гістарычныя тэмы ў розных выданнях, часопісах і зборніках і, акрамя таго, шмат дробных рэцэнзій і аглядаў гістарычнай літаратуры таксама ў часопісах і некаторых зборніках»[14][18]. Да 1917 года апублікаваў каля 150 прац[13][19].

У 1918 годзе разам з У. І. Пічэтам, калегам па гістарычна-філалагічнаму факультэту ўніверсітэта М. М. Нікольскім, У. М. Дзьякавым і іншымі навукоўцамі выехаў у Заходнюю вобласць, дзе ўвайшоў у склад Вучонага савета Смаленскага дзяржаўнага універсітэта. Абраны 7 лістапада 1918 года прафесарам кафедры гісторыі Германіі[17]. Прыкладна тым самым часам Перцаў працаваў у Маскоўскім педагагічным інстытуце, Смаленскім і Віцебскім інстытутах народнай адукацыі[13].

Улетку 1921 года прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да адкрыцця Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта[20]. Абраны 1 кастрычніка 1921 года прафесарам кафедры ўсеагульнай гісторыі БДУ (адначасова быў прафесарам кафедры народнай гаспадаркі БДУ)[21]. У кастрычніку 1921 года Уладзімір Перцаў упершыню прыехаў у Мінск[22]. У першы час працы ў БДУ выкладаў на факультэце грамадскіх навук, чытаючы курсы па гісторыі Новага часу на розных аддзяленнях[22]. Увесну 1922 года разам М. М. Нікольскім звярнуўся ў праўленне БДУ з просьбай дапамагчы з пераездам сям’і ў Мінск на пастаяннае месца жыхарства[22]. Пераезд адбыўся ў чэрвені 1922 года[22]. Гэтым жа летам Перцаў стаў выкладаць і на педагагічным факультэце БДУ, які быў выдзелены з факультэта грамадскіх навук. Асобныя лекцыі чытаў на працоўным факультэце[22].

У 1922 годзе ўдзельнічаў у стварэнні двух паказальных школ пры БДУ — з навучанне на беларускай і ідыш[22]. Восенню-зімой 1922 года і, напэўна, у 1923 годзе па даручэнні кіраўніцтва БДУ прымаў маёмасць Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута[22][23]. Віцебскае, а таксама Смаленскае аддзяленне інстытута зачынілі для падтрымкі новага універсітэта і для уніфікацыі адукацыі ў маладой рэспублікі. У аддзяленнях захоўваліся багатыя фонды літаратуры і гістарычных крыніц. Перцаў выявіў у Віцебску бібліятэку і музей[24]. 8 тысяч тамоў бібліятэкі ўтрымлівалі ў сабе ў асноўным кнігі на латыні і польскай мове з езуіцкіх калегіумаў, рукапісы па гісторыі супрацьстаяння праваслаўя і каталіцызму і ў цэлым па гісторыі Беларусі[24]. У музеі захоўваліся ў асноўным іконы старога пісьма, а таксама знаходкі археалагічных і этнаграфічных экспедыцый па Беларусі[24]. На працягу кастрычніка, лістапада і снежня вяліся доўгія бюракратычныя перапіскі[23]. Аднойчы Віцебскі губернскі выканаўчы камітэт як член камісіі па перадачы маёмасці нават адмяніў пастанову цэнтральных органаў улады БССР, чым стварыў юрыдычны тупік. Тым не менш, маёмасць была перададзена, і Праўленне БДУ асабліва адзначыла асабістую заслугу Перцава ў гэтай справе[22].

Шмат гадоў удзельнічаў у працы прыёмнай камісіі БДУ, за што яго не раз заахвочвалі грашыма (напрыклад, у 1923 годзе яму выдалі прэмію ў 110 рублёў[22]. Пра матэрыяльны стан таго часу сведчыць, у прыватнасці, выдадзенае 20 чэрвеня 1920 года Перцаву пасведчанне, «что гражд. В. Н. Перцев отправляется в служебную командировку в гор. Витебск и нуждается в дорожном чайнике» (руск.)[25]. Таксама Перцаў займаўся навукова-асветнай працай сярод рабочых і салдат[22]. Яго публічная лекцыя на тэму «Аграрнае пытанне на Захадзе» 16 студзеня 1927 года сабрала вялікую аўдыторыю, якая, як адзначыў А. І. Малюгін, ледзь умясцілася ў актавай зале ўніверсітэта[22].

Пасля вылучэння педфака БДУ у асобны Вышэйшы педагагічны інстытут Уладзімір Перцаў перайшоў на працу ў новую ВНУ[26]. Там з 1 жніўня 1931 і (з перапынкамі) да 1947 года ён працаваў прафесарам і загадчыкам кафедры гісторыі Захаду (з 1934 года — усеагульнай гісторыі)[26][27]. Таксама У. М. Перцаў працаваў у Інстытуце народнай гаспадаркі[14].

Пасля ўтварэння ў 1934 годзе гістарычнага факультэта БДУ Уладзімір Перцаў вярнуўся ў Белдзяржуніверсітэт[27]. Па сукупнасці навуковых публікацый 5 чэрвеня 1935 года рашэннем кваліфікацыйнай камісіі Народнага Камісарыята асветы БССР Перцаву было нададзена званне доктара гістарычных навук[26][27]. У 1939—1955 гадах (з невялікімі перапынкамі) ён загадваў кафедрай гісторыі сярэдніх вякоў; у 1955—1960 гадах узначальваў аб’яднаную кафедру гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў[2]. Абраны 11 красавіка 1940 года правадзейным членам АН БССР[27][28].

Пра працу Перцава ў 1930-х гадах А. І. Малюгін пісаў наступнае[29]:

  У першыя гады існавання гістарычнага факультэта БДУ Уладзімір Мікалаевіч працаваў на ім па сумяшчальніцтве, бо асноўным месцам працы быў педінстытут. Але кіраўніцтва ўніверсітэта пайшла на незвычайны крок, апісаны ў тлумачальнай запісцы да штатнага фармуляра на 1937/38 навучальны год: «Профессор Перцев В. Н. зачислен штатным работником по Белорусскому Государственному Университету, несмотря на то, что он зачислен штатным работником и по Минскому пединституту; это объясняется тем, что в БГУ нагрузка по древней и средней истории очень большая (600 профессорских часов в год), а другого работника по этим предметам у нас нет». Такому каштоўнаму і незаменнаму спецыялісту быў усталяваны павышаны персанальны аклад.

У 1930-я гг. Уладзімір Мікалаевіч чытаў лекцыі ў БДУ, педінстытуце, Інстытуце народнай гаспадаркі, на шэрагу курсаў. Паказальная фраза, аброненая на адной з нарад актыву БДУ ў сувязі з недахопам выкладчыкаў: «Возьмем, к примеру, профессора Перцова, он читает и у нас, и в Институте нацменьшинств, и во многих других местах, когда приходит в Университет после 6-7 лекций…».

<…>

У дакладной запісцы Л. Ф. Цанавы ад 2 чэрвеня 1939 г. на імя першага сакратара ЦК КП (б)б П. К. Панамарэнка было адзначана, што У. М. Перцаў настроены па-антысавецку, вядзе контррэвалюцыйную прапаганду, у выкладанні робіць акцэнт на гісторыю Германіі. Яму таксама ўзгадалі захапленне партыяй кадэтаў у дарэвалюцыйны час. У выніку ўзнагароду [у гонар 35-годдзя навукова-педагагічнай дзейнасці] тады так і не ўручылі, што было найменшым злом з усіх магчымых.

Гэта быў не адзіны выпадак пільнай увагі органаў да паважанага прафесара. Яшчэ ў 1932 г. ён праходзіў па дакументах АДПУ як «антысавецкі элемент». У яго характарыстыцы, напісанай не пазней за 1937 г., адзначаны такога роду «недахопы»: «… марксісцкай метадалогіяй валодае недастаткова. Адсюль у галіне абагульненняў т. Перцаў не дае таго, што патрабуецца ад гісторыка-марксіста. У грамадскім жыцці прымае недастатковае удзел». Зразумела, што такія водгукі змушалі Уладзіміра Мікалаевіча апраўдвацца: «артыкулы і кнігі, напісаныя ў асноўным да 1930 г., не заўсёды і не ва ўсім задавальнялі патрабаванням марксісцка-ленінскай метадалогіі». Але варта адзначыць, што і ў наступных выданнях сваіх работ ён працягваў прытрымлівацца тых самых поглядаў, за якія яго крытыкавалі ідэолагі. Зрэшты, непахвальныя водгукі аб пазіцыі Уладзіміра Мікалаевіча не перашкодзілі беларускім акадэмікам 11 красавіка 1940 г. абраць яго сапраўдным членам Акадэміі навук БССР. Да 1941 г. У. М. Перцаў, разам са сваім даўнім калегам і таварышам М. М. Нікольскім, — адна з найбольш знакавых асобаў усяго ўніверсітэта і, безумоўна, вядучы навуковы супрацоўнік Акадэміі навук. А значыць — усёй Беларусі.

 

24 чэрвеня 1941 года эвакуіраваўся з Мінска ў Курск. Да кастрычніка працаваў прафесарам у Курскім педагагічным інстытуце. У кастрычніку пераехаў у горад Сарапул Удмурцкай АССР. З 15 снежня 1941 па 1 верасня 1943 гады працаваў прафесарам і загадчыкам кафедры ўсеагульнай гісторыі Удмурцкага педінстытута. У верасні 1943 года пераехаў у Падмаскоўе і стаў працаваць прафесарам і загадчыкам кафедры гісторыі сярэдніх вякоў Беларускага ўніверсітэта на станцыі Сходня пад Масквой. З 1 снежня 1943 да 1959 года працаваў акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук АН БССР[30][31].

У маі—чэрвені 1945 года Уладзімір Перцаў у складзе беларускай дэлегацыі прыняў удзел у працы ўстаноўчай канферэнцыі ААН у Сан-Францыска. Подпіс Перцава стаіць пад дакументам аб стварэнні ААН. Таксама падчас знаходжання ў ЗША ён правёў шэраг сустрэч з прадстаўнікамі навуковых і палітычных колаў Штатаў, дамаўляючыся аб навуковых кантактах і абмене літаратурай. Пасля 1945 года Перцаў прымаў удзел у шэрагу міжнародных з’ездаў і кангрэсаў, уключаючы I агульнаславянскі кангрэс навукоўцаў-славістаў у сакавіку 1948 года ў Маскве і II Усесаюзны кангрэс прыхільнікаў міру ў кастрычніку 1950 года[32][33].

Аўтар шэрагу навучальных работ па ўсеагульнай гісторыі Новага часу, «Падручніка старажытнай гісторыі» для дарэвалюцыйных гімназій (1912 — Частка 1. Гісторыя Грэцыі; 1916 — Частка 2. Гісторыя Рыма). Адзін з аўтараў і рэдактараў «Гісторыі Беларускай ССР» (Т. 1, 1954; 2-е выд. 1961), раздзелаў па гістарыяграфіі Беларусі ў «Нарысах гісторыі гістарычнай навукі ў СССР» (т.. 1-3, 1955—1963). Адзін з аўтараў Энцыклапедычнага слоўніка Гранат і Вялікай Савецкай Энцыклапедыі. Аўтар навуковых прац «Англія ў ХІХ стагоддзі» (1917), «Дынастыя Гогенцолернаў» (1918), «Эканамічнае развіццё Англіі ў XIX ст.» (1924), «Германія ў XVIII ст.» (1953), шэраг прац па гісторыі Беларусі. За ўсё жыццё Перцаў апублікаваў 272 работы (артыкулаў, рэцэнзій, кніг)[27][34].

Памёр 3 чэрвеня 1960 года. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках побач з магілай жонкі.

Пасля смерці Перцава на кафедры гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў з большага працавалі яго вучні, а пасля — вучні вучняў[35].

Сям’я правіць

Жонка — Наталля Уладзіміраўна Перцава (5 верасня 1888 — 17 мая 1950).

Узнагароды правіць

У. М. Перцаў быў узнагароджаны трыма ордэнамі Леніна (1944, 1949, 1951), ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга (1957), званнем Заслужанага дзеяча навукі БССР (1944), Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР (1951), медалём «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне»[33][35].

Ушанаванне памяці правіць

З 1995 года кожны няцотны год у гонар У. М. Перцава і М. М. Нікольскага праводзіцца канферэнцыя «Лістападаўскія чытанні»[16].

Зноскі

  1. Ботвинник 1978, с. 123—124.
  2. а б Интеллектуальная элита Беларуси 2017, с. 181.
  3. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12 2001, с. 306.
  4. Беларусь 1995, с. 576—577.
  5. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5 1999, с. 468.
  6. Республика Беларусь: В 6 т. Т. 6 2008, с. 34—35.
  7. Ботвинник 1978.
  8. Paszuto 1962.
  9. Еўтухоў 2005, с. 28.
  10. а б в г д е ё ж з і к л Баринов 2022.
  11. а б Евтухов 2015, с. 53.
  12. а б в Ботвинник 1978, с. 3.
  13. а б в г д е Интеллектуальная элита Беларуси 2017, с. 182.
  14. а б в г Евтухов 2015, с. 54.
  15. Евтухов 2015, с. 53—54.
  16. а б Гістфак. Да 70-годдзя заснавання 2004, с. 88.
  17. а б Прафесары і дактары навук БДУ 2001, с. 217.
  18. Ботвинник 1978, с. 8—19.
  19. Ботвинник 1978, с. 129—139.
  20. Интеллектуальная элита Беларуси 2017, с. 182—183.
  21. Прафесары і дактары навук БДУ 2001, с. 217—218.
  22. а б в г д е ё ж з і к Интеллектуальная элита Беларуси 2017, с. 183.
  23. а б Яноўскі 2005, с. 14—15.
  24. а б в Яноўскі 2005, с. 14.
  25. Ботвинник 1978, с. 21.
  26. а б в Интеллектуальная элита Беларуси 2017, с. 184.
  27. а б в г д Прафесары і дактары навук БДУ 2001, с. 218.
  28. Интеллектуальная элита Беларуси 2017, с. 186.
  29. Интеллектуальная элита Беларуси 2017, с. 184—186.
  30. Интеллектуальная элита Беларуси 2017, с. 186—187.
  31. Ботвинник 1978, с. 127.
  32. Интеллектуальная элита Беларуси 2017, с. 188.
  33. а б Ботвинник 1978, с. 127—128.
  34. Ботвинник 1978, с. 129—147.
  35. а б Интеллектуальная элита Беларуси 2017, с. 189.

Літаратура правіць

На беларускай мове:

  1. Еўтухоў, І. А. У. М. Перцаў - заснавальнік медыявістыкі ў БДУ // Вытокі гістарычнай навукі БДУ: Зборнік навуковых артыкулаў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава і 70-годдзю гістарычнага факультэта БДУ. — 2005. — С. 27—32. — ISBN 985-485-202-4.
  2. Перцаў Уладзімір Мікалаевіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 12: Палікрат — Праметэй / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 12. — С. 306. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0198-2 (т. 12).
  3. Пе́рцаў Уладзімір Мікалаевіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 576—577. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
  4. Перцаў Уладзімір Мікалаевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1999. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0141-9.
  5. Перцаў, Уладзімір Мікалаевіч // Гістарычны факультэт. Да 70-годдзя заснавання. — 2004. — С. 88—89. — ISBN 985-485-332-2.
  6. Прафесары і дактары навук Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта / Склад. А. А. Яноўскі. — Мн.: БДУ, 2001. — 339 с. — ISBN 985-445-542-4.
  7. Рэвяка, К. А., Сушкевич, Л. П. Уладзімір Мікалаевіч Перцаў – педагог і вучоны // Матэрыялы выкладчаска-студэнцкай канферэнцыі "Лістападаўскія сустрэчы" у гонар М. М. Нікольскага і У. М. Перцава (14–15 лістапада 1995 г.). — 1996. — С. 18—25.
  8. Яноўская, В. В. «Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці…»: Кастусь Каліноўскі — артыкул У. М. Перцава як партрэт у рамках часу // Российские и славянские исследования : Научный сборник. Выпуск 8. — 2013. — С. 135—144.
  9. Яноўскі, А. А. Гартаючы архіўныя старонкі (М. М. Нікольскі і У. М. Перцаў на пачатку дзейнасці БДУ) // Вытокі гістарычнай навукі БДУ: Зборнік навуковых артыкулаў, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння акадэмікаў М. М. Нікольскага і У. М. Перцава і 70-годдзю гістарычнага факультэта БДУ. — 2005. — С. 9—16. — ISBN 985-485-202-4.

На рускай мове:

  1. Ботвинник, М. Б. В. Н. Перцев. — Мн.: Наука и техника, 1978. — 152 с.
  2. Евтухов, И. О. История древней (доорденской) Пруссии в научном наследии В. Н. Перцева // Материалы VI Международной научной конференции в честь академиков АН БССР Н. М. Никольского и В. Н. Перцева. 7–9 апреля 2005 г., Минск. — 2005. — С. 174—178.
  3. Евтухов, И. О. История Пруссии в трудах В. Н. Перцева // Журнал Белорусского государственного университета. История = Journal of the Belarusian State University. Historical sciences.. — 2017. — С. 10—16. — ISBN 2520-6338.
  4. Евтухов, И. О. В. Н. Перцев (1877–1960) // Кафедра истории древнего мира и средних веков БГУ. К 80-летию создания. — Мн.: БГУ, 2015. — С. 53—66. — ISBN 978-985-566-128-4.
  5. Лившиц, Г. М. Владимир Николаевич Перцев – крупный ученый и замечательный педагог // Вопросы истории древнего мира и средних веков. — 1977. — С. 14—18.
  6. Малюгин, О. И. Владимир Николаевич Перцев: Основоположник изучения средневековой и новой истории в Беларуси // Интеллектуальная элита Беларуси. Основоположники белорусской науки и высшего образования (1919–1941). — 2017. — С. 181—189. — ISBN 978-985-566-387-5.
  7. Малюгин, О. И. Медиевистика в Белорусском государственном университете: история и современность // Vox medii aevi: Электронный научный журнал о Средних веках и медиевистике. — 2017. — С. 190–205.
  8. Малюгин, О. И. Первые годы деятельности БГУ в воспоминаниях академика В. Н. Перцева // Веснік БДУ. Серыя 3, Гісторыя. Эканоміка. Права.. — 2016. — С. 17—25. — ISBN 2308-9172.
  9. Острога, В. А. Перцев Владимир Николаевич // Республика Беларусь: энциклопедия: В 6 томах. — 2008. — Т. 6. — С. 34—35. — ISBN 978-985-11-0407-5.
  10. Память: Ист.-дакум. хроника Минска. В 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БелТА, 2001.

На польскай мове:

  1. Paszuto, W. Władymir Nikołajew Piercew (1877-1960) // Rocznik Białostocki. — 1962. — Т. 3. — С. 560—561.

Спасылкі правіць