Гісторыя Малайзіі

Ранні перыяд правіць

Гісторыкі сцвярджаюць, што продкі сучасных малайзійцаў прыйшлі ў Малайзію з поўдня Кітая паміж 2500 і 1000 да н.э.

У пачатку нашай эры дзякуючы ўзмацненню міжнароднага гандлю Малакскі праліў стаў ідэальным месцам для сустрэчы індыйскіх і кітайскіх купцоў. Індыйскія гандлёвыя караблі прыплывалі з паўднёва-заходнімі, а кітайскія — з паўночна-усходнімі вятрамі. І тыя, і іншыя затрымваліся на некаторы час у праліве, а са зменай кірунку ветру адпраўляліся назад. З-за стабільных камерцыйных сувязей з насельніцтвам краін, што размяшчаліся па абодва бакі праліва, пачалі ўзнікаць гандлёвыя селішчы, дамінантную ролю ў гаспадарчым жыцці рэгіёна мелі асобныя групы купцоў.

У перыяд з VII стагоддзя па XI стагоддзе самай магутнай дзяржавай у рэгіёне Малакскага праліва была Шрывіджая, якая знаходзілася ў паўднёва-усходняй частцы выспы Суматра. Надпісы на камянях, якія навукоўцы адносяць да VII стагоддзя, былі выяўлены на тэрыторыі гэтага каралеўства і з'яўляюцца найстаражытнейшым варыянтам малайскай мовы.

Малакскі султанат і пазнейшыя дзяржавы правіць

У канцы XIV стагоддзя дзяржава Шрывіджая трапіла пад уплыў інданезійскай імперыі Маджапахіт, а потым і зусім спыніла існаванне разам з Маджапахітам. У 1402 (ці 1403) годзе на паўвостраве Малака прынцам Маджапахіта Парамешварам быў заснаваны Малакскі султанат са сталіцай у Малацы. Ужо ў першыя гады існавання Малакскі султанат быў дыпламатычна прызнаны кітайскім імператарам, што паспрыяла яго выжыванню і росквіту. Прыняцце Малакай іслама ў сярэдзіне XV стагоддзя, у якасці дзяржаўнай рэлігіі, забяспечыла ёй падтрымку з боку індыйскіх і арабскіх мусульман.

XV стагоддзе стала перыядам росквіту Малакскага султанату, які арыентаваўся на развіццё міжнароднага гандлю і выканання функцыі галоўнага складовага і перавалачнага пункта ва ўсёй Паўднёва-Усходняй Азіі. Уплыў мясцовых купцоў-мусульманаў на выспах Малайскага архіпелага быў такім вялікім, што малайская мова ператварылася ва ўніверсальны спосаб камунікавання і шырання ісламу ў рэгіёне.

 
Руіны партугальскіх варот Сант'яга ў г. Малака

Партугальцы, якія жадалі ўзяць пад свой кантроль гандаль вострымі заправамі, у 1498 годзе здзейснілі плаванне ў Індыю; ужо ў 1509 годзе партугальская экспедыцыя Дыёгу Лопіша дэ Сікейры дасягнула Малакі, а ў 1511 горад быў узяты штурмам войскамі Афонсу д’Албукеркі. Султан і яго прыхільнікі змушаны былі ратавацца ўцёкамі. Праз некалькі гадоў прадстаўнікі кіруючай дынастыі Малакі абралі сваім месцам знаходжання Джахор на крайнім поўдні паўвострава. Тады на тэрыторыі Малакскага паўвострава сфармаваліся некалькі султанатаў, з якіх самым магутным стаў Джахор.

Але новая дзяржава знаходзілася ў небяспечным становішчы. Апроч пагрозы з боку партугальцаў, якія да таго часу замацаваліся ў Малацы, султанат увесь час падвяргаўся нападам з боку свайго праціўніка — султанату Ачэх, які існаваў на поўначы вострава Суматра. Аднак Джахор паспяхова адбіваў нападу, а пасля таго, як у саюзе з Галандыяй у 1641 годзе адваяваў у партугальцаў Малаку, яго ўплыў пашырыўся на паўднёвую, цэнтральную і ўсходнюю Малаю і ўсходні бераг Суматры.

Развал малайскага свету і вонкавая інтэрвенцыя правіць

У 1699 султана Джахора забілі яго ўласныя прыдворныя, нягледзячы нават на тое, што дэрхака (здрада свайму манарху) заўсёды лічылася цяжкім злачынствам. Новым спадчыннікам забітага быў абраны бендахар, але ён не быў каралеўскага паходжання. Менавіта нейкі Раджа Кечыл з населеных народам мінангкабаў раёнаў Суматры абвясціў сябе сынам забітага кіраўніка, які нарадзіўся пасля яго смерці. У 1718 годзе, скарыстаўшыся падтрымкай мясцовага насельніцтва, ён сабраў войска і штурмам узяў сталіцу Джахора, якая ў той момант знаходзілася на архіпелагу Рыау.

Сям'я зрынутага бендахара засталася без саюзнікаў і звярнулася за дапамогай да ўцекачоў бугісам, якія прыбылі з поўдня Сулавесі, захопленага галандцамі. Дзякуючы ім паўстанцы былі пабіты, а тэрыторыя Джахора разам са сталіцай ізноў трапіла пад кантроль зрынутага кіраўніка.

 
Галандская плошча (XVIII у.) ст г. Малака.

Галандская Ост-Індская кампанія асцерагалася магчымага саюяа бугусаў з англічанамі. У 17561758 гадах, а потым у 17831787 гадах паміж галандцамі і бугусамі адбываліся ўзброеныя сутыкненні. У выніку быў падпісаны нераўнапраўны дагавор, які фактычна ператварыў Джахор у васальную дзяржаву. Султан Джахора Махмуд прапанаваў іланунам разграміць галандцаў, на што тыя пагадзіліся. Яны прыбылі на вялікіх, добра ўзброеных шхунах, і разбурылі ўсе галандскія ўмацаванні на Рыау, захапіўшы архіпелаг. Пасля гэтага на прапанову Махмуда пакінуць астравы яны адказалі адмовай. З архіпелага змушаны быў бегчы сам султан, бо ён баяўся помсты з боку галандцаў і не хацеў выконваць абавязкі перад племем іланунаў.

З часам, памірыўшыся з Галандыяй, султан вярнуўся на Рыау. Аднак у канцы XVIII стагоддзя ад султанату Джахор адлучыліся султанаты Паханг, Кедах, Трэнгану і Селангор. Пасля смерці султана Махмуда ў 1812 годзе на трон сталі прэтэндаваць абодва яго сыны. Бугісы і галандцы падтрымвалі малодшага, а малайцы і англічане — старэйшага. У 1819 годзе англічане зрабілі старэйшага сына кіраўніком Сінгапура. Неўзабаве Сінгапур дзякуючы развіццю гандлю абагнаў па развіцці Рыау.

Брытанскае каланіяльнае валоданне правіць

Хочучы спачатку Вялікабрытанія бачыла ў Сінгапуры толькі гандлёвы пункт на шляхі дастаўкі брытанскіх тавараў у Кітай, яна хутка ацаніла ўсе плюсы яго размяшчэння ў заліве. Адначасна з шыраннем уплыву Вялікабрытаніі на паўвостраве Малака брытанскія купцы занялі дамінантнае становішча. У выніку сутычак у зоне алавяных шахтаў у султанаце Перак Вялікабрытанія ў 1874 годзе дамаглася падпісання Пангкорскага дагавора, па якім брытанскі саветнік меў права даваць рэкамендацыі (насіхат) кіраўніку Перка. Пангкорскі дагавор паслужыла мадэллю для ўсталявання аналагічных пагадненняў з султанатамі Селангор, Негры-Сембілан і Паханг.

 
Стары чыгуначны вакзал у г. Куала-Лумпур (брытанская эра, канец XIX ст.)

Першым англійскім каланіяльным дзяржаўным утварэннем на кантыненце ў 1826 годзе стаў Стрэйтс-Сетлментс. У яго склад уваходзілі Сінгапур, Малака, Пінанг і правінцыя Уэслі. У 1896 годзе Перак, Селангор, Негры-Сембілан і Паханг з'ядналіся ў федэрацыю. У 1914 годзе ў склад Брытанскай Малаі быў улучаны султанат Джахор.

У першай палове XX стагоддзя дабрабыт Брытанскай Малаі будаваўся на здабычы волава і вытворчасці каўчуку. Англійскія фундатары масава ўкладалі грошы ў перспектыўную калонію. Нястачу працоўнай сілы кампенсаваў прыток імігрантаў з Кітая і Індыі. Становішча кожнай з этнічных груп калоніі вызначалася іх працай. Англічане займалі найвышэйшую ступень, бо займалі кіроўныя пасады, ніжэй стаялі кітайцы, якія галоўным чынам гандлявалі, здабывалі карысныя выкапні і сачылі за плантацыямі, яшчэ ніжэй — індусы, якія былі рознапрацоўнымі, якія працавалі галоўным чынам на чыгунках і вытворчасці каўчука, а самы ніжні пласт займалі малайцы, якія займалі нязначныя пасады ў мясцовым чынавенскім апараце і працавалі ў палях ці на плантацыях.

Японская акупацыя і надзвычайнае становішча правіць

Уварванне японскіх войскаў на паўвостраў Малака адбылося 8 снежня 1941 года, а ўжо ў лютым 1942 імі была занята ўся тэрыторыя, улучаючы і Сінгапур.

Пасля капітуляцыі Японіі ў Малаю вярнуліся англічане і прапанавалі план стварэння Малайскага Саюза. Распрацаваны ў гады вайны праект рэгуляваў дачыненне ўлад да розных этнічных груп.

Малайская частка насельніцтва адрэагавала надзвычай рэзка на прапанову англічан. У сакавіку 1946 была створана Аб'яднаная малайская нацыянальная арганізацыя (АМНА) — першае малайскае палітычнае аб'яднанне, якое дзеяла ў маштабах усёй краіны і выяўляла інтарэсы малайскага грамадства. Малайскі Саюз аказаўся нежыццяздольным, і 1 лютага 1948 года на змену яму прыйшла Малайская Федэрацыя. Паколькі гэта была нацыянальная дзяржава малайцаў, то нацыянальныя меншасці адчулі сябе зняважанымі.

У ліпені 1948 года пачалася ўзброеная барацьба з брытанскім каланіяльным урадам. Брытанскія ўлады абвясцілі ў краіне надзвычайнае становішча. Урад Малайзіі вырашыў перасяляць кітайцаў у так званыя «новыя сёлы». У 1949 годзе ўрад Вялікабрытаніі заявіў пра хуткае стварэнне незалежнай Малайскай дзяржавы. У 50-х гадах сітуацыя ў краіне стабілізавалася, аднак надзвычайнае становішча скасавалі толькі ў 1960 годзе. Зрэшты ў 1960 годзе быў прыняты Закон пра ўнутраную бяспеку, які дазваляў без суда ўтрымваць у турме да 2-х гадоў любога грамадзяніна краіны, калі ўлады лічылі, што яго дзеянні пагражаюць бяспецы[1].

Атрыманне незалежнасці і стварэнне дзяржавы Малайзія правіць

 
Абвяшчэнне незалежнасці (1957 г.)

Асаблівасцю мясцовых выбараў 1952 года стала паспяховае ўзаемадзеянне дзвюх нацыянальных палітычных партый — Аб'яднанай малайскай нацыянальнай арганізацыі і Кітайскай асацыяцыі Малаі (КІМ). З далучэннем да іх Індыйскага кангрэса Малаі (ІКМ) гэтыя тры палітычныя партыі стварылі адзіную Саюзную партыю, якая ў новай дзяржаве стала кіруючай. Пры прэм'ер-міністру Тунку Абдул Рахмане пачалася замена англічан на адказных дзяржаўных пасадах малайцамі. Між тым саміх малайцаў турбавала тое, што колькасць індыйцаў і кітайцаў у іх краіне дасягнула 45 %.

У 1963 годзе была створана незалежная дзяржава — Федэрацыя Малайзія, у склад якой таксама ўвайшлі населеныя малайцамі Сінгапур, Сабах і Саравак. У 1965 годзе Сінгапур, што ўзначальваўся Лі Куанам Ю, выйшаў са складу федэрацыі.

Міжэтнічныя сутыкненні і новы курс дзяржавы правіць

У цэнтры агульнай выбарчай кампаніі 1969 года стаялі такія вострыя пытанні, як мова і адукацыя. Калі ў выніку выбараў кіруючая Саюзная партыя, якая абвыкла да перамог, пазбавілася выяўнай перавагі ў парламенце (2/3 месцаў), апазіцыйныя партыі арганізавалі ў Куала-Лумпуры мітынг у гонар сваёй перамогі. Мітынг скончыўся масавымі хваляваннямі. За чатыры дні сітуацыя стабілізавалася, хоць некаторыя выпадкі гвалту фіксаваліся цягам двух месяцаў.

Прыкметай змены курса дзяржавы стала стварэнне міністэрства нацыянальнага адзінства, якое распрацавала новую ідэалогію Рукунегара («Дамова пра вернасць дзяржаве»). Урад пачаў доўгатэрміновы курс рэформаў, якія павінны былі да 1990 годзе перабудаваць грамадства, згуртаваўшы ўсе нацыянальнасці, і стварыць «новага малайзійца». Спосабам дасягнення гэтай мэты стала Новая эканамічная палітыка (НЭП). У 1974 годзе была створана кааліцыя Барысан насіянал (Нацыянальны фронт), якая з'яднала большасць палітычных партый краіны.

 
Сучасны Куала-Лумпур, з вежамі нафтавай кампаніі Петронас.

Нягледзячы на пазітыўныя вынікі НЭПа, улады яшчэ да 1990 года змушаны былі прызнаць недасяжнасць большасці пастаўленых мэт. Але значны эканамічны ўзрост, штогадовыя тэмпы якога ў 80-х складалі 8 %, згладзіў недахопы палітыкі развіцця. Надалей палітыка НЭПа атрымала назва «Перспектыва 2020 года», адпаведна якой Малайзія да 2020 года павінна была ўвайсці ў групу дзяржаў з развітай эканомікай. Асаблівасцю новага падыходу стаў перанос цэнтра значнасці на вытворчасць прадукцыі электроннай прамысловасці. Малайзія прыступіла да выканання праграм па ахове навакольнага асяроддзя. У наш час урад краіны дагэтуль пільнуецца курса стварэння «новага малайзійца».

З 1981 кабінет міністраў узначальвае Махатхір Махамад. За гады яго кіравання ў 1983 годзе паўстаў канфлікт паміж уладай і кіруючай дынастыяй, які завяршыўся кампрамісам, па якім улада манарха абмяжоўвалася ў дачыненні прыняцця асобных законаў. Падчас кіравання Махітара краіна дасягнула значных эканамічных поспехаў. На парламенцкіх выбарах 1999 года зноў здабыла перамогу ўзначаленая ім кааліцыя Народны фронт, у якую ўваходзілі 14 партый. У 2003 годзе прэм'ер-міністрам Малайзіі стаў Абдула Ахмад Бадаві, у 2009 годзе ён перадаў свае паўнамоцтвы Наджыб Тун Разаку.

Зноскі