Зямяне
Зямяне, зямляне (польск.: ziemianie, ziemiaństwo, ад ziemia — зямля[1][2]; ст.-бел.: земяне, земляне[2][3]), уладальнікі зямельнай маёмасці або надзелаў[3], дзедзічы дабротаў, абывацелі земскія[1]; сацыяльны слой (саслоўе), які вылучыўся цягам працэсу фарміравання феадальнага грамадства і існаваў на абшарах гістарычнай Рэчы Паспалітай да сярэдзіны XX стагоддзя[1]. У рускай мове блізкім адпаведнікам ёсць слова «помещики»[4], якое ў тым жа значэнні ўжываецца ў беларускай літаратурнай мове («памешчыкі»)[5].
![](http://upload.wikimedia.org/wikipedia/commons/thumb/a/a2/Kossakowscy.jpg/300px-Kossakowscy.jpg)
(Граф стаіць злева ў белым капелюшы, перад ім сядзіць на зямлі жонка Соф'я Бовэр Сайнт-Клайр з дзіцём, у цэнтры трымае сноп каласоў нявестка Марыя (жонка сына Юзафа), апошняя ўладальніца Вялікай Бераставіцы).
Значэнні тэрміна
правіцьУ старапольскай мове зямянамі называлася як шляхта, якая насяляла пэўныя землі (напрыклад, ziemiaństwo krakowskie, ziemiaństwo płockie і г. д.), так і агулам усе тыя, хто займаўся земляробствам, апрацоўваў зямлю (сяляне, халопы). У апошнім значэнні паняцце было ва ўжытку ў польскамоўнай культуры яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя, аднак найчасцей зямянамі называлі шляхту, якая мела ў валоданні маёнткі[1].
Асаблівасцю саслоўя зямян ёсць спадкаемнасць і апора на зямельную ўласнасць, г. зн. валоданне і выкарыстанне зямлі (у надмагільных эпітафіях часта сустракаецца вызначэнне «абывацель земскі» (польск.: „obywatel ziemski”), што з'яўляецца сведчаннем аб шляхецте памерлага).
У Вялікім княстве Літоўскім (ВКЛ) назва «зямяне» стала пашырацца сярод шляхты ў XV—XVI стагоддзі, спачатку пераважна на заходніх землях (Падляшшы і Валыні)[2][6]. Гэта тлумачыцца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ[2]. Вызначальным для зямян было ўмоўнае ці безумоўнае валоданне зямельнымі надзеламі, што адрознівала іх ад беззямельнай шляхты[6], і ўжо ў XVII стагоддзі пазначэнне землеўладальнікаў зямянамі стала шырока распаўсюджаным у ВКЛ[2].
У больш вузкім значэнні зямянамі ў ВКЛ называлі асобную катэгорыю ваенна-служылага насельніцтва. Попіс войска ВКЛ 1528 года дакладна адрознівае пошты (ваенныя атрады) баярскія ад зямянскіх[2]. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва пачалі атаясамлівацца («зямяне або баяры»)[2][6]. Заможная частка зямян злівалася са шляхтаю, бяднейшая (блізкая па становішчы да панцырных баяраў Полаччыны) захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вялікім князем ці феадаламі. Зямяне павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну, але ў выпадку вайны іх не сплачвалі, а мусілі ставаць з канём і рыштункам у войска. Зямяне выступалі не пад павятовай харугвай, а толькі ў атрадзе пана. У адрозненне ад шляхты, зямяне не ўдзельнічалі ў сойміках. Да пачатку XVIII стагоддзя зямяне як асобная катэгорыя ваенна-служылага насельніцтва амаль зусім зніклі. На ўсходніх землях ВКЛ у канцы XVIII стагоддзя яшчэ жылі ўсвяцкія зямяне (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) гэтыя зямяне былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі. Шмат каму з зямян удалося даказаць сваё шляхецкае паходжанне перад дваранскімі дэпутацкімі сходамі[2].
У XIX стагоддзі, з тым як шляхта стратаціла манаполію на валоданне зямельнай маёмасцю, да ліку зямян пачалі адносіць агулам буйных і сярэдніх, вячыстых (спадчыных, дзедзічных) і дачасных (часовых, арэндатараў) землеўладальнікаў, не толькі шляхецкага паходжання[1]. Са скасаваннем прыгоннага права зямельная ўласнасць стала галоўным паказчыкам эканамічнай заможнасці зямян[7], і агульнапрынятым стала да іх адносіць уладальнікаў маёнткаў памерам не менш за 50 га[1].
Прадстаўнікі з ліку заможных зямян часта называліся абшарнікамі (польск.: obszarnik, ад тэрміна „obszary dworskie”, які ўжываўся ў сістэме статыстычнага ўліку ў Галіцыі)[1].
У сучаснай польскай гістарыяграфіі тэрмін «зямяне» (згодна з моўнай традыцыяй) выкарыстоўваецца таксама для пазначэння сацыяльна-культурнага слоя, для прадстаўнікоў якога маёнтак і двор пры ім былі асновай існавання: акрамя ўладальнікаў і іх сем'яў, таксама арэндатары і ўпраўляючыя (адміністратары) маёнткамі. Часам сярод зямян вылучаюць у якасці асобнага слоя ўладальнікаў латыфундый, якія найчасцей прыналежылі да даўняй магнатэрыі і мелі арыстакратычныя тытулы[1].
Гісторыя пасля падзелаў Рэчы Паспалітай
правіцьПрацэс трансфармацыі саслоўя зямян у канцы XVIII — XIX стагоддзях адбываўся ў варунках палітычных нягодаў і сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў. У 1795—1807 гадах адбыліся гвалтоўныя змены палітычнай, эканамічнай і прававой сітуацыі для шляхты-землеўладальнікаў: заняпад і гібель дзяржавы пазбавіў яе ўдзелу ў дзяржаўным кіраванні, а таксама значнай часткі даходаў з трымання зямельных надзелаў на каралеўшчыне і эканоміях. Да таго ж гэта ўсё суправаджалася палітычнымі рэпрэсіямі і канфіскацыяй маёмасці[1].
У Варшаўскім герцагстве Канстытуцыя 1807 года , а на землях, далучаных да Прусіі, рэформенны эдыкт 1808 года ліквідавалі, парушаную ўжо Канстытуцыяй 3 траўня, шляхецкую манаполію на валоданне зямлёй. Шэрагі буйных землеўладальнікаў пачалі папаўняцца чужым дваранствам з манархій, падзяліўшых паміж сабой Рэч Паспалітую, а таксама разбагацелымі мяшчанамі, часта іншароднага паходжання. Нягледзячы на гэтыя перамены, карэнная шляхта засталася ядром зямян, складала не толькі найбольшую іх частку, але і фарміравала ў польскім грамадстве культурныя ўзоры і кірункі палітычнай дзейнасці[1].
На тэрыторыях, далучанных да Прусіі, ужо ад часу першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) зменшыўся абшар зямлі, які знаходзіўся ў руках польскіх зямян. Высокія падаткі і кантрыбуцыі, адмысловае прававое рэгуляванне, няўменне мадэрнізаваць гаспадарку прывяло да страты палякамі зямельных дабротаў, іх маёнткі станавіліся прадметам гандлю і спекуляцый. Раней за ўсіх польскія зямяне спынілі сваю прысутнасць у Сілезіі, у другой палове XIX стагоддзя — у Памор'і. Больш павольна гэты працэс праходзіў у Вялікапольшчы, але і там пад канец XIX стагоддзя немцы валодалі каля 64% агульнага абшару буйной зямельнай маёмасці. Найменшыя змены ў стане валодання зямян адбыліся ў Галіцыі[1]. Вялікія страты панеслі зямяне ў заходніх губернях Расійскай імперыі, і паводле царскага закона 1865 года «палякам», г. зн. каталікам, наогул было забаронена набываць зямлю ў Заходнім краі[1][7]. Значна меншыя страты зямяне мелі ў Царстве Польскім, дзе аднак у 70-х гадах XIX стагоддзя распачаўся працэс драблення маёнткаў і пераходу дворскіх зямель у рукі сялян, што было выклікана эканамічнымі цяжкасцямі (неабходнасцю пераходу фальваркаў на рэйкі капіталістычнага гаспадарання, заснаванага на вольным найме)[1].
Па выніках эканамічных, сацыяльных і палітычных змен (а менавіта, наступстваў прамысловай рэвалюцыі, скасавання прыгоннага права, рэпрэсій пасля паразы шэрагу вызваленчых паўстанняў і г. д.) да стану зямян перастала адносіцца вялікая колькасць сярэдняй і дробнай шляхты: частка вылучылася ў стан інтэлігенцыі, частка — у стан сялян, пэўная частка далучылася да стану рабочага пралетарыяту[8]. З іншага боку, зняцце станавых бар'ераў прывяло да таго, што ў шэрагах зямян з'явіліся таксама прадстаўнікі буржуазіі, якія прымалі шляхецкі стыль жыцця, набывалі арыстакратычныя тытулы і ўваходзілі ў сваяцтва з прадстаўнікамі шляхецкіх радоў.
На тэрыторыях былой Расійскай імперыі, якія апынуліся пад уладай Саветаў, саслоўе зямян (памешчыкаў) было ліквідавана ў лістападзе 1917 года паводле Дэкрэта аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў[7].
У межах жа Другой Рэчы Паспалітай зямяне яшчэ працягвалі быць важнай сацыяльнай групай, захоўваючы ў прыватных кантактах шляхецкую тытулатуру. Паводле Сакавіцкай канстытуцыі 1921 года , адноўленая польская дзяржава больш не прызнавала радавыя і саслоўныя прывілеі. Аднак спецыфічныя станавыя стасункі ў грамадстве яшчэ захоўваліся, асабліва на Крэсах Усходніх. Былі вядомы сітуацыі, характэрныя для даўняй шляхты, як то: цалаванне «пана» ў руку, зварот да селяніна, незалежна ад яго веку, на «ты», а ў свядомасці сельскага насельніцтва захоўваўся стары станавы падзел на «халопаў» і «паноў». У перыяд 1921—1938 гадоў па выніках аграрнай рэформы, працэсу драблення зямельных надзелаў і эканамічных цяжкасцей (асабліва падчас вялікага эканамічнага крызісу 1930—1935 гадоў) памеры ўладанняў зямян зменшыліся больш чым на 20%[1].
Канец існавання зямян як сацыяльнага слоя ў Польшчы быў пакладзены Другой сусветнай вайной і яе наступствамі (перасяленне вялікай колькасці насельніцтва, змена палітыка-эканамічнага ладу, страта ўсходніх тэрыторый), а таксама аграрнай рэформай 1944—1945 года , якая пазбавіла зямян матэрыяльных падстаў існавання. Зямельныя маёнткі памерам больш за 50 га былі нацыяналізаваны, былыя ўладальнікі атрымалі ў абмен пажыццёвыя пенсіі чыноўнікаў VI групы. Зямяне, якія мелі заслугі ў барацьбе з нямецкімі акупантамі, атрымалі больш высокую кампенсацыю[1][9].
З 1989 года нашчадкі зямян у Польшчы актыўна намагаюцца вяртання нацыяналізаванай зямельнай уласнасці ці, калі гэта не магчыма, атрымання справядлівай кампенсацыі. Асаблівай увагі заслугоўвае спроба дамагчыся прызнання ў якасці акта юрыдычна несапраўднага нават у сучаснай заканадаўчай сістэме дэкрата Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення (ПКНВ) ад 6 верасня 1944 года, паводле якога была праведзена аграрная рэформа, пазбавіўшая зямян сваёй маёмасці[10].
Гл. таксама
правіцьБібліяграфія
правіць- Блануца А. В. Пани і шляхта-зем'яни в системі обігу земельних володінь на Волині в другій половині XVI ст. // Наукові праці Кам'янець-Подільського держ. педагогічного університету: Історичні науки. — 01/2005. — Т. 14. — С. 161—178.
- Вяроўкін-Шэлюта У. Зямяне, зямляне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 461.
- Довнар-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Т. 1. — К., 1901.
- Пичета В. И. История сельского хозяйства и земледелия в Белоруссии. Ч. 1. — Мн., 1927.
- Мілаванаў В. Памешчыкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — С. 393.
- Яковенко Н. Українська шляхта з кінця XIV до середини XVII століття. Волинь і Центральна Україна. — К.: Критика, 2008. — С. 245—294.
- T. Chrzanowski. Dziedzictwo. Ziemianie polscy i ich udział w życiu narodu, Kraków, Znak, 1995.
- A. Kwilecki. Ziemiaństwo wielkopolskie, Warszawa 1998.
- T. Piekarski. Ziemiaństwo Mazowsza Płockiego w latach 1918—1939, Poznań 2013.
- W. Roszkowski. Gospodarcza rola większej prywatnej własności w Polsce 1918—1939, Warszawa 1986.
- S. Rudnicki. Ziemiaństwo polskie XX wieku, Warszawa 1996.
- I. Rychlikowa. Ziemiaństwo polskie 1789—1864. Zróżnicowanie społeczne, Warszawa 1983.
- J. Sikorska-Kulesza. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w XIX wieku, Ajaks, 1995.
- A. Wójtowicz. Ród Petrykowskich, Linia kujawsko-mazowiecka, Bytom 2008.
- A. Wójtowicz. Ród Sulińskich, Linia sieradzko-mazowiecka, Bytom 2009.
- J. Żarnowski. Społeczeństwo II Rzeczypospolitej 1918—1939, Warszawa 1973.
- Ziemiaństwo a ruchy niepodległościowe w Polsce XIX—XX w., red. W. Caban, M. B. Markowski, Kielce 1996.
- Ziemiaństwo polskie 1795—1945. Zbiór prac o dziejach warstwy i ludzi, red. J. Leskiewiczowa, Warszawa 1985.
Зноскі
правіць- ↑ а б в г д е ё ж з і к л м н о Ziemianie, Internetowa encyklopedia PWN [dostęp 2017-09-08].
- ↑ а б в г д е ё ж Вяроўкін-Шэлюта У. Зямяне, зямляне // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 3. Гімназіі — Кадэнцыя / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 461. — ISBN 985-11-0041-2.
- ↑ а б Земянинъ, земенинъ, зэмянинъ // Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 12. Зашкодный — Злотницкий / Склад. З. К. Турцэвіч і інш.; Гал. рэд. А. І. Жураўскі. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — С. 223. — ISBN 5-343-00744-9; Землянинъ, земленинъ // Там жа. — С. 217.
- ↑ Земяне // Энциклопедическій словарь. Т. XIIa. Земперъ — Имидокислоты / Издатели: Ф. А. Брокгаузъ (Лейпцигъ), И. А. Ефронъ (С.-Петербургъ). — СПб.: Типо-Литографія И. А. Ефрона, 1894. — С. 545.
- ↑ Памешчык // Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. Т. 8. Н — П / Уклад. Г. А. Цыхун і інш.; Рэд. В. У. Мартынаў. — Мн.: Навука і тэхніка, 1993. — С. 142. — ISBN 5-343-00962-X.
- ↑ а б в Русина О. В. Зем'яни // Енциклопедія історії України: у 10 т. Т. 3. Е — Й / Редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін.; Інститут історії України НАН України. — К.: Наук. думка, 2005. — С. 353. — ISBN 966-00-0610-1.
- ↑ а б в Мілаванаў В. Памешчыкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Т. 5. М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1999. — С. 393. — ISBN 985-11-0141-9.
- ↑ Jolanta Sikorska-Kulesza. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Białorusi w XIX wieku, Ajaks, 1995.
- ↑ Norbert Kołomejczyk, Bronisław Syzdek. Polska w latach 1944—1949. Warszawa 1971, s. 48.
- ↑ Olgierd Molik. Polskie Towarzystwo Ziemiańskie alarmuje: ta ustawa to usankcjonowanie komunistycznego bezprawia, PCh24.pl, 2015-07-01 [dostęp 2017-09-08].