Латгальская мова

(Пасля перасылкі з Латгальская)

Латгальская мова (саманазва: latgalīšu volūda) — тэрмін, якім пазначаюць мову латгальцаў, насельнікаў рэгіёна Латгалія, які размяшчаецца на ўсходзе Латвіі. Частка мовазнаўцаў лічыць латгальскую мову асобнай[1][2], трэцяй жывой балцкай мовай; аднак у цэлым пытанне самастойнага статусу мовы з'яўляецца спрэчным[3]. Літаратурная норма латгальскай мовы прызнаецца і ахоўваецца латвійскім заканадаўствам як разнавіднасць латышскай мовы[4].

Латгальская мова
Саманазва latgaļu volūda
Краіны Латвія
Рэгіёны Латгалія, Сэлія, Відзэмэ, Сібір, Башкартастан
Агульная колькасць носьбітаў 250 000
Статус уразлівая
Класіфікацыя
Катэгорыя Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Балта-славянскія мовы
Балцкія мовы
Усходнебалцкія мовы
Латышская мова
Латгальская
Пісьменнасць лацінка
Моўныя коды
ISO 639-1
ISO 639-2
ISO 639-3 ltg
Atlas of the World’s Languages in Danger 376
Ethnologue ltg
IETF ltg
Glottolog east2282
Вікіпедыя на гэтай мове

Гісторыя правіць

 
Балцкія плямёны прыблізна ў XII ст.
 
Працэнтная доля чалавек, якія штодзённа карыстаюцца латгальскай, ад насельніцтва адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Латвіі (2011).

Першапачатковыя гістарычныя латгалы (не блытаць з сучаснымі латгальцамі) з'яўляліся ўсходнебалцкім племем, арэал пражывання якога знаходзіўся на тэрыторыі сучасных рэгіёнаў Латгалія і Відзэмэ. Прадстаўнікі латгалаў размаўлялі на латышскай мове, якая паступова распаўсюдзілася на ўсёй тэрыторыі сучаснай Латвіі і ўспрыняла некаторыя асаблівасці вымерлых на цяперашні момант балцкіх куршскай, земгальскай, селонскай моў, а таксама фіна-ўгорскай ліўскай мовы.

Па выніках войнаў Швецыі з Рэччу Паспалітай Латгалія стала аддзеленай ад астатняй тэрыторыі сучаснай Латвіі, патрапіўшы ў склад Інфлянцкага ваяводства — гэты чыннік мог стаць фактарам моўнага адасаблення ад маўлення, распаўсюджанага ў Відзэмэ і іншых частках Латвіі.

Сучасная латгальская літаратурная традыцыя стала развівацца ў часы XVIII ст. на падмурку народных гаворак латышоў усходу Латвіі. Першай друкаванай кнігай па-латгальску, што здолела захавацца, з'яўляецца Evangelia toto anno (бел.: «Евангелле на ўвесь год»), выдадзеная ў 1753 годзе. Першыя латгальскія арфаграфічныя сістэмы засноўваліся на польскай аснове і выкарыстоўвалі шрыфт Антыква, што адрознівалася ад латышскай мовы астатняй Латвіі, у якой выкарыстоўваўся гатычны шрыфт. З'яўляючыся своеасаблівым паўночна-ўсходнім фарпостам каталіцтва, Латгалія прываблівала езуіцкіх святароў, што стала прычынай распаўсюджвання твораў на рэлігійную тэматыку, календароў і паэзіі.

Выданне кніг па-латгальску (як і па-літоўску) трапіла пад забарону ў перыяд з 1865 па 1904 гг. У прыватнасці, узнікла забарона на ўжыванне лацінскага алфавіта (гл. кніганошы), што было выклікана паўстаннямі, якія на той час актывізаваліся на тэрыторыі былой Рэчы Паспалітай. Падчас забароны была даступная толькі невялікая колькасць кантрабанднай рэлігійнай літаратуры і частка рукапісных твораў. Сярод падобных твораў вылучаюцца календары селяніна-самавучкі Андрыўса Юрджыса.

Па скасаванні забароны распачаўся перыяд адраджэння літаратурнай традыцыі, пачалі з'яўляцца першыя газеты, падручнікі і граматыкі. У 1918 годзе Латгалія стала часткай Латвійскай Рэспублікі, з 1920 па 1934 гг. абедзве літаратурныя традыцыі развіваліся паралельна. На гэты час прыпадае арыгінальны пераклад Новага Запавету на латгальскую мову святаром і даследчыкам Алаізійсам Броксам, апублікаваны ў 1933 годзе. Пасля перавароту Карліса Улманіса ў 1934 годзе, прадмет латгальскі дыялект быў выведзены з школьнай праграмы і было скасавана яго ўжыванне ў дзяржаўных установах, што тлумачылася як частка захадаў па стандартызацыі моўнае палітыкі ў краіне.

У 1920-30 гады ў Сібіры, куды падчас сталыпінскай аграрнай рэформы перасялілася некалькі тысяч латгальцаў, было ўстаноўленае выкладанне латгальскай мовы ў школах), выпускаліся кнігі, газеты, часопісы, адкрылася латгальскае аддзяленне ў Ачынскім педагагічным тэхнікуме (Краснаярскі край). Развіццё мовы ў Сібіры было спынена з прычыны рэпрэсій 1937-38 гадоў.

Латгальская размоўная мова захавалася ва ўжытку падчас савецкай анексіі Латвіі ў перыяд з 1940 па 1991, у той час як з 1959 да 1989 года спынілася кнігавыданне на гэтай мове. Між тым, некаторыя прадстаўнікі латгальскай інтэлігенцыі ў міграцыі працягвалі публікаваць кнігі на латгальскай мове і даследаванні пра яе. Серад падобных аўтараў вылучаецца, у прыватнасці, Мікелс Букшс.

Сучасны статус правіць

З аднаўленнем незалежнасці Латвіі назіраецца прыкметнае падвышэнне цікавасці да латгальскай мовы і культурнай спадчыны. Мова выкладаецца ў якасці факультатываў у некаторых універсітэтах, у Рэзэкнэ існуе арганізацыя «Выдавецтва латгальскага культурнага цэнтра» на чале з Янісам Элкснісам, якая займаецца выданнем новых і старых кніг на латгальскай мове. У 1992 годзе Юрысам Цыбульсам і Лідэяй Лэйкума быў выдадзены першы латгальскі буквар.

У дваццаць першым стагоддзі адзначаецца пашырэнне прысутнасці латгальскай мовы ў культурным жыцці Латвіі. Мова з'яўляецца на тэлеканалах, ствараюцца музыкальныя гурты з выкананнем сваёй творчасці па-латгальску (напрыклад, Borowa MC, Dabasu Durovys), якія набываюць папулярнасць на агульнадзяржаўным узроўні. У 1991 годзе рэжысёрам Янісам Стрэйчсам быў зняты фільм «Дзіця чалавечае» паводле аднайменнай аповесці пісьменніка Яніса Клідзэйса, у 2007 годзе фільм быў прызнаны лепшым латвійскім мастацкім фільмам паводле вынікаў галасавання гледачоў нацыянальнага латвійскага тэлебачання.

Законам пра дзяржаўную мову 2000 года дэкларуецца ахова, захаванне і развіццё пісьмовай латгальскай мовы як разнавіднасці латышскай.

За цяперашнім часам носьбітамі латгальскай мовы прызнаюцца 150 тыс чалавек[5], паводле некаторых падлікаў латгальскай мовай валодае 69,5% ад насельніцтва Латгаліі[6]. Колькасць носьбітаў скарачаецца праз міграцыю насельніцтва ў буйныя гарады, адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі, нізкі прэстыж.

Класіфікацыя правіць

Латгальская мова ўваходзіць у склад усходнебалцкай галіны балцкай групы індаеўрапейскай моўнай сям'і, куды таксама ўваходзяць латышская, жамойцкая і літоўская мовы. Мова мае ўмераную ступень словазмяняльнасці, колькасць формаў дзеяслова і назоўніка, характэрная для іншых балцкіх і славянскіх моў.

Геаграфія і дыялекты правіць

Латгальская мова распаўсюджаная перадусім у Латвіі, існуюць некаторыя супольнасці носьбітаў Сібіры, Расія.

Латгальскія дыялекты могуць падзяляцца на тры асноўныя групы — паўночны, цэнтральны і паўднёвы. Гэтыя тры групы з'яўляюцца ўзаемназразумелымі і адрозніваюцца адзін ад аднаго толькі нязначнымі зменамі ў галосных, дыфтонгах і некаторымі зменамі ў канчатках. Гаворкі цэнтральнай Латгаліі (мясцовасцей Юасмуйжа, Вуаркава, Відсмуйжа, Віляні, Саксцігалс, Узулайнэ, Макашані, Дрыцані, Гайгалава, Біержы, Цілжа, Наўтрані) утвараюць фанетычную аснову сучаснага стандарту латгальскай мовы. Літаратура XVIII ст. больш знаходзілася пад уплывам паўднёвых гаворак.

Афіцыйны статус правіць

Паміж 1920 і 1934 годам латгальская мова выкарыстоўвалася ў органах мясцовага самакіравання і школах Латгаліі. На цяперашні час латгальская не мае афіцыйнага статусу ў будзь-якім рэгіёне Латвіі, аднак існуе ахова мовы на заканадаўчым узроўні (гл. вышэй) і арфаграфічная камісія, падтрымліваная дзяржавай. Статус латгальскай як асобнай мовы або дыялекту латышскай быў прадметам вострых дыскусій у XX стагоддзі. Так, прыхільнікі мовы (напрыклад, лінгвісты Антанс Брэйдакс і Лідзія Лэйкума) выказваюць думку пра вызначэнне латгальскай як асобнай мовы; афіцыйна латгальская лічыцца часткай латышскай, маючы на ўвазе існаванне двух стандартаў для латышскай мовы — латышскага і латгальскага.

Пісьмовасць правіць

У латгальскай мове выкарыстоўваецца алфавіт на лацінскай аснове, ён утрымлівае 35 літар. Арфаграфія падобная на латышскую, аднак мае дадатковыя літары: y, якая адлюстроўвае гук [ɨ], адсутны ў стандартнай латышскай, і ō, якая захавалася з арфаграфіі латышскай мовы да 1957 года.

Ніжэй прыведзены пералік літар латгальскага алфавіта з гукамі (паводле IPA), якім адпавядаюць гэтыя літары.

Верхні
рэгістар
Ніжні
рэгістар
Вымаўленне
A a [ɑ]
Ā ā [ɑː]
B b [b]
C c [t͡s]
Č č [t͡ʃ]
D d [d]
E e [e]
Ē ē [eː]
F f [f]
G g [ɡ]
Ģ ģ [ɟ]
H h [x]
I i [i]
Y y [ɨ]
Ī ī [iː]
J j [j]
K k [k]
Ķ ķ [c]
L l [l]
Ļ ļ [ʎ]
M m [m]
N n [n]
Ņ ņ [ɲ]
O o [o]
Ō ō [oː]
P p [p]
R r [r]
S s [s]
Š š [ʃ]
T t [t]
U u [u]
Ū ū [uː]
V v [v]
Z z [z]
Ž ž [ʒ]

Прыклад правіць

Малітва Ойча наш па-латгальску:

Myusu Tāvs, kurs esi dabasūs,
slaveits lai tūp Tovs vōrds.
Lai atnōk Tova vaļsteiba.
Tova vaļa lai nūteik, kai dabasūs,
tai ari vērs zemes.
Myusu ikdīneiškū maizi dūd mums šudiņ.
Un atlaid mums myusu porōdus,
kai un mes atlaižam sovim porōdnīkim.
Un naved myusu kārdynōšonā,
bet izglōb myusus nu ļauna Amen.

Зноскі

  1. Lazdiņa, Sanita; Marten, Heiko F. 1 // Latgalian in Latvia: A Continuous Struggle for Political Recognition. — Journal on Ethnopolitics and Minority Issues in Europe, 2012. — Т. 11. — С. 66-87.
  2. Виноградова В. Д. 1 // Латгалы. Этнос и язык. — Вестник Томского государственного ўниверситета. История, 2011. — Т. 13. — С. 141-143.
  3. Druviete, Ina. Recenzija par pētījumu "Valodas loma reģiona attīstībā (лат.). Politika.lv.. Праверана 6 лістапада 2013.
  4. Valsts valodas likums (лат.). LATVIJAS REPUBLIKAS TIESĪBU AKTI. Likumi.lv. Праверана 6 лістапада 2013.
  5. UNESCO Interactive Atlas of the World’s Languages in Danger (англ.). UNESCO.. Праверана 6 лістапада 2013.
  6. Latgaliesu valodai grib noteikt regionalas valodas statuss (лат.). TVNET.. Праверана 6 лістапада 2013.

Літаратура правіць

  • А. Брейдак. Латгальский язык // Языки мира. Балтийские языки. М., Academia, 2006.

Спасылкі правіць

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
латгальскай