Міхась Модэль

(Пасля перасылкі з М. М. Модэль)

Міхась Модэль (сапр. Мендэль Моўшавіч Модэль, 31 сакавіка (13 красавіка) 1904, мястэчка Камень, Лепельскі павет, Віцебская губерня — 26 кастрычніка 1980) — беларускі крытык, тэатразнавец. Член СП Беларусі з 1934 года. Пісаў пад псеўданімамі М. Каменскі, М. Майсееў, М. Міхайлаў, М. Міхасеў; крыптанімамі М., М. М.

Міхась Модэль
Род дзейнасці крытык, тэатральны крытык, тэатразнавец
Дата нараджэння 31 сакавіка (13 красавіка) 1904
Месца нараджэння
Дата смерці 26 кастрычніка 1980(1980-10-26) (76 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Месца працы
Партыя
Член у

Біяграфія правіць

Нарадзіўся ў сям’і адваката. Скончыўшы ў 1921 годзе школу 2-й ступені ў Лепелі, працаваў старшынёй лепельскага павятовага камітэта камсамола. 3 1921 года ў Мінску. Вучыўся на медыцынскім (да 1924 года) і педагагічным (да 1926 года) факультэтах БДУ, але ніводны з іх не скончыў (сярод прычын была і хвароба).

Працаваў сакратаром аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КПБ (1923—1925), рэдактарам Клімавіцкай акруговай газеты (1925-26 гг.), дырэктарам Цэнтральнага партыйнага клуба ў Мінску (1927—1930), інструктарам аддзела культуры і прапаганды ЦК КПБ (1930—1932). З 1932 года навуковы супрацоўнік Інстытут літаратуры і мастацтва Беларускай акадэміі наук. У 1935—1937 гадах узначальваў тэатральны аддзел Упраўлення па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў, адначасова (1932—1937) быў намеснікам галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». З 1937 года — літкансультант, у 1940—1941 гадах — адказны сакратар СП БССР. У пачатку Айчыннай вайны эвакуіраваўся ў Тамбоў, потым — у Ташкент, дзе быў намеснікам дырэктара тэатра імя Ахунбаева. У 1943—1944 гадах — дырэктар тэатра імя Маякоўскага ў Андзіжане (Узбекская ССР), у 1944—1948 гадах — загадчык літаратурнай часткі тэатра оперы і балета ў Мінску, з 1945 года працаваў у рэдакцыі часопіса «Полымя», з 1949 года — літсупрацоўнікам газеты «Літаратура і мастацтва». З 1962 года персанальны пенсіянер. Узнагароджаны медалём.

Член КПСС. Член Саюза пісьменнікаў БССР з 1934 года, член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1947 года.

Творчасць правіць

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1926 г. Пісаў пераважна пра яўрэйскі тэатр («5 год творчай дзейнасці Яўрэйскага дзяржаўнага тэатра БССР», 1932; «Пра яўрэйскую савецкую драматургію, пра крытыку», 1933; «Яўрэйскаму тэатру патрэбен новы рэпертуар», 1947) і беларускім тэатры і драматургію («Этапы развіцця беларускай драматургіі», 1935; «Пра Дзяржаўны тэатр оперы і балета БССР», 1937; "Першы беларускі балет «Салавей», 1939; «Агляд беларускай драматургіі», 1940; «Сучасная беларуская драматургія», 1946; «А. М. Астроўскі і беларускі тэатр», 1948; «Драматургія Еўсцігнея Міровіча», 1958; «Мастацтва сцэнічнай мініяцюры», 1966; «3 дынастыі Уладамірскіх», 1970; «У промні бязлітаснага пражэктара», 1972; «Зінаіда Браварская; Аляўціна Карзянкова», 1978)[1].

У 1930-я гады прытрымліваўся апалагетычных, вульгарна-сацыялагізатарскіх поглядаў. Драматургічныя творы і спектаклі па іх ацэньваў у асноўным з пазіцый «правільнасці ўскрыцця класавай сутнасці драматычных канфліктаў». Ваяўніча выступаў супраць твораў нацыянальнай беларускай тэматыкі (п’есы «Апраметная» В. Шашалевіча, «Кастусь Каліноўскі» Е. Міровіча, «Скарына, сын з Полацка» М. Грамыкі і інш.). У артыкулах пасляваеннага часу імкнуўся пазбягаць вульгарызатарскіх трактовак.

У перыяд кампаніі па барацьбе супраць касмапалітызму (канец 40-х гадоў) падвяргаўся крытычным нападкам у прэсе, з-за чаго ў 1940-50 гг. нідзе не друкаваўся.

Сведчанні сучаснікаў правіць

Пісьменнік Кузьма Чорны ў сваім дзённіку змясціў Модэля сярод іншых, якіх называе «прыжывальшчыкамі і хлебаедамі»:

(4 кастрычніка 1944):

«Так Бэнда лез у беларускую крытыку, Клімковіч у беларускую літаратуру, Александровіч у культуру і грамадскую дзейнасць (сабе на кар’еру), Дадзіёмава[2] ў мастацтва і цэнзуру і Модаль усюды, куды толькі льга лезці» [3].

Мастак Яўген Ціхановіч ўспамінаў:

"Тэатральны крытык Мендэль Модэль не шкадаваў чорных фарбаў, каб крытыкаваць драматургію Галубка за яе меладрамнасць, у якой ён бачыў толькі нацдэмаў і нацыяналяналізм[4], (…) ён ўсюды бачыў толькі нацдэмаў і напісаў шмат артыкулаў у розных часопісах пра адсутнасць класавай барацьбы і пра іншыя хібы … " [5].

Зноскі

  1. І. У. Саламевіч. Модэль Міхась // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. — Т. 2. — 571 с. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0259-8.
  2. З чэрвеня 1943 начальнік Галоўліта, органа цэнзуры ў БССР
  3. Кузьма Чорны. Выбраныя творы. — Мн.: Беллітфонд, 2000. — С. 590. — (Беларускі кнігазбор).
  4. Яўген Ціхановіч . Партрэт стагоддзя. — Мн .: Лімарыус, 2015. — С. 453. — 530, [1] с. — (Беларуская мемуарная бібліятэка). — 300 экз. — ISBN 978-985-6968-48-1.
  5. Там жа С. 15

Літаратура правіць

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугаджары / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 10. — С. 512.
  • Модэль Міхась // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал. І. Э. Багдановіч [і інш.]. — Мн., 1994. — Т. 4. — С. 329—331.