Несцер Фёдаравіч Сакалоўскі
Несцер (Нестар) Фёдаравіч Сакало́ўскі (9 лістапада 1902, в. Вешкі, Бярозкаўскі сельсавет, Докшыцкі раён — 13 лістапада 1950) — беларускі кампазітар, хормайстар, фалькларыст. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны[1]. Аўтар музыкі Дзяржаўнага гімна БССР.
Несцер Фёдаравіч Сакалоўскі | |
---|---|
Асноўная інфармацыя | |
Дата нараджэння | 9 лістапада 1902 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 13 лістапада 1950 (48 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Краіна | |
Альма-матар | |
Месца працы |
|
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | кампазітар, хормайстар, фалькларыст |
Жанры | класічная музыка |
Узнагароды |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў вёсцы Вешкі (зараз у Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці Беларусі).
У 1908 годзе сям’я Сакалоўскіх пераехала ў Мінск. Несцер займаўся ў Першай працоўнай школе, дзе навучыўся спяваць, іграць на балалайцы, быў акцёрам школьнага тэатра. У 1921—1923 гадах працаваў харыстам украінскай тэатральнай трупы. У 1923 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію. Пасля звальнення ў запас стаў акцёрам і хормайстрам Беларускага трэцяга дзяржаўнага тэатра[1]. Скончыў Мінскі музычны тэхнікум (1931, клас кампазіцыі М. Аладава)[2]. У 1932—1935 гадах вучыўся ў Беларускай кансерваторыі. У 1931—1937 гадах кіраўнік самадзейных хораў[2]. Адзін з арганізатараў і хормайстар (1937—1941) Ансамбля беларускай народнай песні і танца Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У гады Вялікай Айчыннай вайны Несцер Сакалоўскі знаходзіўся ў эвакуацыі, потым некаторы час быў чырвонаармейцам, але быў адкліканы з часці для заняткаў творчай працай. З 1943 года быў мастацкім кіраўніком Палескага абласнога ансамбля песні і танца. З 1944 года начальнік аддзела мастацкай самадзейнасці Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР, з 1946 года старшы рэдактар рэдакцыі музычнай літаратуры Белдзяржвыдавецтва[1].
Памёр 13 лістапада 1950 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску на Вайсковых могілках.
Творчасць
правіцьАўтар музыкі Дзяржаўнага гімна БССР (словы М. Клімковіча), песень на словы Я. Купалы, Я. Коласа, П. Броўкі, А. Русака, М. Машары, М. Чарота, А. Якімовіча і іншых, інструментальных мініяцюр, вакальных сюіт на тэмы беларускіх народных песень[1][2]. Найбольш папулярная «Песня пра Нёман» (словы А. Астрэйкі). Запісаў і апрацаваў больш за 500 песень (у тым ліку «Ой ты, белая бярозанька», «Падушачка», «Чабарок», «Чаму зязюля не кукавала») і інструментальных найгрышаў[1][2].
Памяць
правіцьІмя Н. Ф. Сакалоўскага прысвоена Гомельскаму каледжу мастацтваў[1], Докшыцкай дзіцячай школе мастацтваў. Яму прысвечана кніга І. Г. Нісневіча «Кампазітар Нестар Сакалоўскі» (Мн., 1969). У 2015 годзе кінастудыя «Беларусьфільм» стварыла дакументальны фільм, прысвечаны жыццю і дзейнасці Несцера Сакалоўскага.
Зноскі
Літаратура
правіць- Жураўлёў Дз. М., Слабодчыкава Т. Г. Сакалоўскі Несцер Фёдаравіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 87. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Сакалоўскі Несцер Фёдаравіч // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 642. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.
- т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
- Нісневіч І. Г. Кампазітар Нестар Сакалоўскі. — Мн., 1969
- И песня и слово // Народнае слова. — 1998. — 13 студз. — С. 3.
- Сакалоўскі Нестар Фёдаравіч // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Докшыцкага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2004. — С. 636.
Спасылкі
правіць- Канцэрт-прысвячэнне: да 115-годдзя з дня нараджэння Несцера Сакалоўскага Архівавана 27 мая 2021. // Мінскі дзяржаўны музычны каледж імя М. І. Глінкі
- Несцер Фёдаравіч Сакалоўскі на сайце анлайн-энцыклапедыі «Беларусь у асобах і падзеях»