Перапахаванне ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў

Перапахаванне ўдзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў адбылося ў Вільні 22 лістапада 2019 года.

Неагатычная могілкавая капліца[lt], у якой у 2019 годзе былі перапахаваныя ўдзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў.

Выяўленне рэшткаў паўстанцаў і ідэнтыфікацыя

правіць

У 2017 годзе падчас раскопак на гары Гедзіміна ў Вільні літоўскія археолагі выявілі рэшткі 21 паўстанца, у тым ліку іх лідараў Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага[1].

У сакавіку 2019 года літоўскія даследчыкі пацвердзілі ідэнтыфікацыю рэшткаў Каліноўскага метадам выключэння астатніх, а таксама праз супастаўленне ўзросту, метаду смяротнага пакарання і параўнання чэрапа з фатаздымкам[1].

У ліпені 2019 года для параўнання ДНК эксгумавалі магілу брата Кастуся Каліноўскага Віктара ў Свіслачы (Гродзенская вобласць), бо ў лідара паўстання не засталося нашчадкаў па мужчынскай лініі[1].

Дзяржаўную камісію ў справе перапахавання ўзначаліў прэм'ер-міністр Літвы Саўлюс Сквярняліс. Польскія ўлады актыўна супрацоўнічалі ў перамовах пра мемарыялізацыю, а беларускі бок асаблівай зацікаўленасці не праявіў. Беларуская грамадскасць дамаглася таго, каб на кожным надмагіллі апроч надпісаў па-літоўску і па-польску была і беларуская мова[1].

У канцы верасня шэраг беларускіх інтэлектуалаў звярнуліся да літоўскіх уладаў з просьбай перадаць рэшткі аднаго з галоўных нацыянальных герояў для перапахавання ў Беларусі. Літоўскі бок не адрэагаваў, бо не атрымаў афіцыйнага звароту ад беларускіх уладаў[1].

У Вільні перапахаваюць рэшткі 20 з 21 знойдзеных паўстанцаў — навукоўцы не здолелі ідэнтыфікаваць ксяндза Станіслава Ішору. Ёсць генетычныя дадзеныя нашчадкаў, якія жывуць у Літве і Польшчы, але аналіз паказаў, што сярод пахаваных яго няма[1].

Падрыхтоўка

правіць

Перапахаванне

правіць

У 8.30 салдаты ротаў ганаровай варты Арміі Літвы і Войска Польскага вынеслі два дзясяткі невялікіх драўляных трунаў з унутранага двара Палаца вялікіх князёў[2]. Міністэрства абароны Беларусі ідэю далучыцца да ўрачыстасці праігнаравала[2], на петыцыю з просьбай даслаць ганаровую вахту на цырымонію перапахавання і аказаць паўстанцам вайсковыя ўшанаванні, арганізаваўшы артылерыйскі салют у Мінску ў гэты дзень, з Мінабароны коратка адказалі, што гэта «не ўяўляецца магчымым»[3]

Труны былі перанесены ў суседні Кафедральны саборы Св. Станіслава і Св. Уладзіслава ў на Кафедральнай плошчы, у якім адбылася цырымонія развітання[4]. Дзве першыя труны перад алтаром, у якой знаходзіліся парэшткі кіраўнікоў паўстання, Кастуся Каліноўскага і Зыгмунта Серакоўскага, былі накрытыя чырвоным штандарам з паўстанцкім гербам — літоўскай «Пагоняй», польскім арлом і нябесным заступнікам арханёлам Міхаілам[2].

На плошчы перад саборам сабраліся сотні ахвотных стаць сведкамі гістарычнай падзеі, сярод якіх найбольш было беларусаў, якія трымалі бела-чырвона-белыя сцягі, партрэты Каліноўскага і самаробныя плакаты з яго цытатамі[2].

На цырымоніі прысутнічалі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда, а таксама былыя літоўскія кіраўнікі Вітаўтас Ландсбергіс і Валдас Адамкус. Беларусь, Украіна і Латвія абмежаваліся чыноўнікамі менш высокага рангу[2]. Афіцыйную дэлегацыю Беларусі прадстаўляў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка[4]. У складзе беларускай дэлегацыі таксама былі супрацоўнікі дыпмісіі нашай краіны ў Літве, прадстаўнікі кіраўніцтва Міністэрства культуры, Нацыянальнай акадэміі навук, служачыя Следчага камітэта Беларусі[5].

На цырымоніі развітання з паўстанцамі прысутнічалі таксама кіраўнікі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на чале са старшынёй Рады БНР Івонка Сурвіла, пісьменнік Уладзімір Арлоў, мастакі Аляксей Марачкін, Генадзь Драздоў, спявачка Кася Камоцкая, перакладчык Лявон Баршчэўскі, скульптар Гэнік Лойка, грамадскія дзеячы Павел Белавус, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Пальчыс, Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, палітыкі Станіслаў Шушкевіч, які быў персанальна запрошаны як першы кіраўнік незалежнай Беларусі, Уладзімір Някляеў, Павел Севярынец, Мікола Статкевіч, Аляксей Янукевіч, праваабаронец Алесь Бяляцкі, журналіст Іосіф Сярэдзіч, выдавец Павел Жук і іншыя[4].

Пасля прыбыцця афіцыйных асоб і кіраўнікоў замежных дэлегацый доступ у храм часова прыпынілі, за тым, што адбываецца ўнутры, можна было назіраць на вялікіх экранах[2].

Святую імшу служылі архібіскуп-мітрапаліт Гінтарас Грушас і біскупы і ваенныя капеланы з Літвы, Польшчы і Беларусі. У прыватнасці, слова пра Кастуся Каліноўскага прамаўляў каталіцкі архібіскуп мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч[2].

Пасля цырымоніі ўскладання кветак кіраўнікі дэлегацый выступілі з прамовамі[5].

Ён выступаў па-беларуску, запэўніў, што Каліноўскі назаўжды ўпісаны ў гісторыю Беларусі. Аднак калі заявіў, што асобу кіраўніка паўстання не трэба выкарыстоўваць у палітычных мэтах. Натоўп на вуліцы стаў асвістваць Петрушэнку, скандаваць «ганьба»[4].

Пасля працэсія рушыла да могілак Росы. Труны Каліноўскага і Серакоўскага, накрытыя сцягам паўстанцаў, правезлі на лафеце, прычэпленым да ваеннага пазадарожніка, астатнія труны — на дзясятку катафалкаў. Вайскоўцы Літвы і Польшчы ў парадных мундзірах выстраіліся ў ганаровы эскорт. Наперадзе рушылі барабаншчыкі і святары. За імі — вышэйшыя асобы і святары. Следам рушыла калона пад нацыянальнымі сімваламі сваіх краін[2].

Па дарозе спыніліся каля Вострай брамы, дзе адбылася малітва[4] за душы забітых герояў, вышэйшыя асобы пераселі ў свае аўтамабілі і чакалі ўжо на месцы пахавання[2].

Пасля развітальных прамоў труны ўклалі ў адмысловыя нішы, абсталяваныя ў капліцы. Сцяг з труны Зыгмунта Серакоўскага атрымаў у памяць пра падзею Анджэй Дуда, з імем Каліноўскага — Гітанас Наўседа. Пасля прагрымеў памятны салют з усіх відаў зброі у гонар кіраўнікоў і ўдзельнікаў паўстання[2].

Ад вечара 22 лістапада пантэон герояў адкрыты для грамадскага наведвання[2].

Зноскі