Прошча — месца, якое, паводле ўяўленняў вернікаў, надзелена незвычайнымі надпрыроднымі (сакральнымі) сіламі i ўласцівасцямі[1]. Характэрных, галоўным чынам, для паўночнага Палесся. Агульная рыса для ўсіх святых месцаў такога тыпу — устойлівы характар рытуальных дзеянняў (ахвяраванні, абраканні), арганізаванасць сакральнай прасторы (наяўнасць крыжоў, агароджаў, каплічак), а таксама прымеркаванасць іх калектыўнага ўшанавання да пэўных свят каляндарнага кола[2].

Святая крыніца (прошча) у в. Шчыткавічы Старадарожскага раёна. І. Сербаў, 1915

У навуковы ўжытак тэрмін прошча ўвёў у канцы XIX ст. Мікалай Андрэевіч Янчук. Згодна са «Слоўнікам беларускай мовы» І. І. Насовіча, прошчай у XIX ст. называлі «асвечанае месца пры крыніцы з пастаўленым пры ім распяццем ці капліцай з іконай, да якіх на свята рабілі крыжовы ход». Прошчамі называлі таксама маленне аб дараванні грахоў з ахвярапрынашэннямі ў якім-небудзь месцы, што лічылася святым ці цудатворным (параўн. укр.: проща «багамолле»)[1].

Вера ў прошчы генетычна звязаная з культам прыроды. Некаторыя прошчы ўзніклі з паганскіх свяцілішчаў. Аднак этнографамі зафіксавана ўзнікненне прошчаў i ў XIXXX стст., калі з пэўным месцам звязвалася якая-небудзь падзея, што лічылася цудам (напрыклад, хуткае збаўленне ад хваробы[1], яўленне Божай Маці чалавеку[2]). Прошчам пакланяліся, іх наведвалі, каб пазбавіцца ад хвароб, рабілі ахвярапрынашэнні (аброчныя тканіны, кветкі, ежа, грошы і інш.). Значная частка прошчаў была прызнана хрысціянскім духавенствам i знаходзілася пад яго апекай. Каля такіх прошчаў нярэдка будавалі капліцы, цэрквы, касцёлы, у дні рэлігійных святаў наладжвалі крыжовыя хады i богаслужэнні. Часта рытуальным цэнтрам прошчы[2] лічыліся некаторыя камяні з не зразумелымі надпісамі, камяні-следавікі, паглыбленні на якіх нагадвалі формай чалавечую ступню, што лічылі следам Божай Маці, крыніцы i калодзежы, вада з якіх, згодна з па шыраным меркаваннем, вылечвала ад пэўных хвароб (пераважна вачэй), некаторыя азёры (напрыклад, Свіцязь, якое лічылася святым возерам), узгоркі (пераважна самыя высокія ў дадзенай мясцовасці), не каторыя адметныя дрэвы[1]. Даволі часта ў якасці прошчы фігуруе месца, дзе рэальна знаходзіўся хрысціянскі храм, што і надае азначанаму локусу статус святога[2].

Найбольш вядомымі прошчамі з'яўляюцца Сіняя крыніца (Сіні калодзеж) каля Слаўгарада, Святая крыніца ў Палыкавічах каля Магілёва (раней там жа рос i святы дуб), Святая горка каля Смілавічаў, нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага, Святы (Дажбогаў) камень каля в. Крамянец Лагойскага, крыніца каля в. Крынічкі (Пупелічы) Барысаўскага, камень-следавік i крыніца каля в. Сянежыцы Навагрудскага, Дзюравы камень каля в. Каптаруны Пастаўскага, ліпа каля в. Капланцы Бярэзінскага раёнаў і інш. Прошчамі у гаворках паўночна-заходняй Беларусі называюць таксама пасвечаны хлеб[1].

Зноскі

Літаратура правіць

Спасылкі правіць