Ру́ндзі, бару́ндзі (саманазва Barundi) — афрыканскі народ, асноўнае насельніцтва Бурундзі. Болей за 1 млн рундзі жыве ў іншых краінах, у тым ліку Танзаніі, Угандзе, Руандзе. Агульная колькасць (2020 г.) — 13 201 400 чалавек[1][2]

Рундзі
(Barundi)
Агульная колькасць 13201400 (2020 г.)
Рэгіёны пражывання Бурундзі
Мова кірундзі
Рэлігія анімізм, культ продкаў, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы сукума, баганда, баньяруанда, нколе, кіга

Паходжанне правіць

Асаблівасцю рундзі з’яўляецца тое, што яны, падобна да суседзяў баньяруанда, падзяляюцца на этнічныя або нават расава-сацыяльныя групы, што дысперсна насяляюць краіну Бурундзі, — тутсі, хуту і тва. Відавочна, гэтыя групы маюць рознае паходжанне. Тва лічацца нашчадкамі найбольш старажытнага насельніцтва — пігмеяў, якія за стагоддзі суіснавання з іншымі групамі згубілі родную мову і прыстасавалі сваю культуру да пазнейшых мігрантаў. У нашы дні яны складаюць каля 1 % жыхароў Бурундзі і ўяўляюць сабою найбольш сацыяльна не абароненую супольнасць, пазбаўленую правоў на зямлю і ўдзелу ў мясцовым самакіраванні. У 1 тысячагоддзі н. э. у раён Вялікіх азёр з захаду перасяліліся земляробы-банту. Яны сфарміравалі аснову сучаснай групы хуту, што складае большасць насельніцтва.

Значна болей спрэчнай з’яўляецца праблема паходжання тутсі. У XIX ст., калі пачаліся кантакты паміж рундзі і еўрапейцамі, тутсі з’яўляліся прывілеяваным пластом насельніцтва, якое адрознівалася ад хуту галоўным заняткам — жывёлагадоўляй і некаторымі антрапалагічнымі прыкметамі. Тутсі вышэйшыя за хуту і маюць больш вузкія абрысы твару[3]. У канцы XVI ст. адзін з родаў тутсі стварыў дзяржаву Бурундзі. У XVIII ст. у ёй склалася кліентэла, калі тутсі выступалі ў якасці ўладальнікаў зямлі і патронаў залежных ад іх хуту. Шлюбы паміж дзвюма групамі насельніцтва практыкаваліся, хаця не былі звычайнай справай. Разам з гэтым, тутсі і хуту размаўлялі на адной мове кірундзі, што паходзіць з моў банту, спавядалі адзіную рэлігію і прытрымліваліся аднолькавых звычаяў. Першыя еўрапейскія місіянеры палічылі тутсі нашчадкамі заваёўнікаў-хамітаў, што падначалілі сабе мірных земляробаў.

У 19161962 гг. Бурундзі апынулася пад фактычным каланіяльным кіраваннем Бельгіі. Бельгійскія ўлады фармальна прызнавалі роўнасць усіх груп насельніцтва, але на самой справе арыентаваліся на тутсі. Размежаванню тутсі і хуту садзейнічала ўвядзенне пашпартоў, дзе ўказвалася этнічнае паходжанне іх уладальнікаў. Пасля абвяшчэння незалежнасці Бурундзі ў 1962 г. узаемныя адносіны дзвюх груп суправаджаліся вострымі палітычнымі і ваеннымі канфліктамі. Грамадзянская вайна паміж імі была спынена толькі ў 2006 г.[4] На працягу канфліктаў другой паловы XX — пачатку XXI ст. працягваліся дыскусіі аб паходжанні тутсі. Частка палітыкаў і навукоўцаў працягвала прытрымлівацца версіі пра тое, што тутсі — нашчадкі пазнейшых мігрантаў-нілотаў з поўначы або ўсходу. У якасці доказу прыводзілася існаванне сярод тутсі родаў, якія паходзілі ад іншаземцаў баньяругуру і хіма. Другая частка сцвярджала, што тутсі мелі аднолькавае паходжанне з хуту, вылучыліся пасля сярэднявечча з-за розніцы ў занятках, уліванне ў іх шэрагі жывёлагадоўцаў іншаэтнічнага паходжання не было вызначальным, а самастойную тоеснасць тутсі набылі пад уплывам бельгійскай каланіяльнай палітыкі[5]. Сучасныя генетычыя даследаванні не вырашылі гэтай спрэчкі, паколькі даюць шырокую прастору для тлумачэнняў. Яны паказваюць, што генетычна тутсі і хуту аднолькава блізкія да суседзей-банту[6]. Але асобныя даследчыкі на прыкладах малых выбарак дэманструюць магчымасць паходжання тутсі па мужчынскай лініі ад нілотаў[7][8].

Культура правіць

 
Традыцыйныя барабаны

Бурундзі мае высокую шчыльнасць насельніцтва, прычым большасць сканцэнтравана ў сельскай мясцовасці. Нават у нашы дні сельская гаспадарка з’яўляецца асновай эканомікі[9]. Экалагічныя ўмовы краіны дазваляюць сезонна выкарыстоўваць адныя і тыя ж землі ў якасці палеткаў і пашы. Традыцыйна земляробства лічылася галоўным заняткам хуту, а жывёлагадоўля — тутсі. Тутсі разглядаліся як уладальнікі зямлі, якім хуту былі абавязаны выплочваць даніну часткай ураджаю. Калі сям'я хуту трапляла ў цяжкае эканамічнае становішча, яны звярталіся да тутсі і атрымоўвалі ў карыстанне карову. Гэта рабіла хуту фармальна залежнымі ад патронаў-тутсі. Збяднелыя тутсі маглі страціць статак і таксама заняцца земляробствам, але звычайна атрымоўвалі падтрымку ад сваіх сваякоў і працягвалі займацца жывёлагадоўляй.

Адгонная жывёлагадоўля ніколі не давала вялікіх прыбыткаў. Большасць традыцыйнай ежы рундзі складаюць прадукты земляробства. Яны здаўна вырошчвалі проса, бабовыя, клубневыя і бананы. Дыета ўтрымоўвае пераважна вугляводы, адчуваецца недахоп бялку. У некаторых раёнах у мінулым гэта выклікала хваробу квашыяркор. Праблема бялкова-энергетычнага голаду вырашаецца часцей спажываннем рыбы, а не мяса. Найбольш важны раён рыбалоўства — узбярэжжа возера Танганьіка. Лясныя рэсурсы краіны бедныя, таму паляванне нават у мінулыя часы адыгрывала толькі дадатковую ролю ў забеспячэнні. Найбольш распаўсюджаныя рамёствы: пляценне, ганчарства і разьба па дрэву. Выраб керамікі здаўна лічыцца галоўным заняткам тва.

Распаўсюджаным відамі страў з’яўляюцца суп з бабовых і вадкая каша ўгалі́. Захоўваюцца некаторыя харчовыя табу накшталт забароны ўжывання малака разам з бабовымі. Ялавічыну ядуць пасля смерці кароў, потым саджаюць рогі ў зямлю побач з хацінай, каб атрымаць поспех. Папулярны напой — піва, якое п’юць праз саломіну.

У Бурундзі толькі 2 дастаткова вялікія гарады. Асноўны від паселішча — буйная вёска з раскіданай планіроўкай. Блізкія сваякі звычайна селяцца побач, вядуць супольную гаспадарку, аднак у кожнай малой нуклеарнай сям’і ёсць свая хаціна. Традыцыйныя круглявыя жытлы будуюць з камянёў і гліны, крыюць саломай. Тутсі часцяком жывуць па-за межамі вёскі ў асобным родавым падворку ў акружэнні загонаў для кароў. Тва селяцца асобнымі групамі на ўскраінах вёсак.

Рундзі захоўваюць шчыльныя сваяцкія і рэгіянальныя сувязі, а таксама падзел па расава-сацыяльнай прыкмеце. Галоўнай грамадскай адзінкай з’яўляецца пашыраная сям’я на чале з самым старым мужчынам або старэйшым братам. Сям’я аб’яднана супольнай гаспадаркай або ўзаемнай дапамогай, якая захоўваецца нават пасля пераезду чальцоў у іншую мясцовасць ці ў горад. Яны наведваюць сваякоў, удзельнічаюць у сямейных святах, аказваюць дапамогу ў гаспадарцы. У мінулым была пашырана палігінія. Сямейная маёмасць перадаецца па мужчынскай лініі, большую частку спадчыны атрымоўвае старэйшы сын. Галоўныя абавязкі жонкі — клопат пра хатнюю гаспадарку і дзяцей. Імёны дзецям даюць старэйшыя сваякі падчас спецыяльнай цырымоніі. Яны ўключаюць асабістае імя, сямейнае прозвішча і некалькі мянушак. Сем’і аб’ядноўваюцца ў роды. Найлепей родавая арганізацыя прадстаўлена сярод тутсі, якія вядуць сваю генеалогію на працягу некалькіх стагоддзяў. Роды могуць мець асабістыя сімвалы.

Для прыкладнога мастацтва характэрны роспісы на сценах з яркімі геаметрычнымі малюнкамі. Народная паэзія звязана з музычным мастацтвам, існуе «спеў шэптам» пад музыку з пераказам генеалагічных і гістарычных паданняў. У часы манархічнай улады сфарміравалася традыцыя карыенда ігры на барабанах, якія суправаджалі святочныя танцы.

Мова правіць

Мова кірундзі адносіцца да групп моў банту, вельмі блізкая да мовы кіньяруанда. З’яўляецца афіцыйнай у Бурундзі, вывучаецца ў школах, выкарыстоўваецца ў сродках масавай інфармацыі і літаратуры.

Рэлігія правіць

Традыцыйная рэлігія заснавана на анімістычных вераваннях і кульце продкаў. Вярхоўным бажаством лічыцца стваральнік сусвету Іману. У мінулым існаваў яго асобны культ на чале са жрацом кірангу. У паўсядзённым жыцці большую ролю адыгрывае шанаванне духаў прыроды і продкаў, якія з’яўляюцца заступнікамі жывых людзей перад Іману.

З канца XVIII ст. рундзі пазнаёміліся з ісламам дзякуючы гандлярам-суахілі, якія дзейнічалі ў раёне возера Танганьіка. Аднак манархі Бурундзі адмоўна адносіліся да распаўсюджання гэтай рэлігіі ў сваёй дзяржаве. Спроба каталіцкіх місіянераў распаўсюдзіць хрысціянства ў канцы XIX ст. таксама выклікала рэпрэсіі з боку валадара. Пад ціскам нямецкіх, а потым бельгійскіх каланіяльных уладаў хрысціянства пачало распаўсюджвацца толькі з пачатку XX ст., прычым хуту прымалі пераважна каталіцызм, а тутсі далучаліся да пратэстанцкіх канфесій.

У 2010 г. 88,9 % вернікаў спавядалі хрысціянства, прычым большасць складалі каталікі, 2,5 % — іслам, 8,09 % — традыцыйную рэлігію[10].

Зноскі

Спасылкі правіць