Рэйхстаг (Свяшчэнная Рымская імперыя)

Рейхстаг (ням.: Reichstag — «дзяржаўны сход») — вышэйшы закона-дарадчы орган Свяшчэннай Рымскай імперыі. Папярэднікам рэйхстага ў якасці інстытута, які прадстаўляе інтарэсы палітычнай эліты імперыі, з’яўляўся гофтаг — надворны савет пры імператары, які ўзнік у XII стагоддзі. У рамках правядзення «імперскай рэформы» у 1495 годзе было дасягнута пагадненне паміж імператарам Максіміліянам I і вышэйшымі саслоўямі імперыі аб заснаванні рэйхстага як вышэйшага прадстаўнічага органа імперскіх саслоўяў з заканадаўчымі і судовымі функцыямі. Вестфальскім мірным дагаворам 1648 года паўнамоцтвы рэйхстага былі істотна пашыраны, у выніку чаго ён ператварыўся ў вярхоўны заканадаўчы орган улады і цэнтральны элемент усёй канстытуцыйна-прававой сістэмы Свяшчэннай Рымскай імперыі. З 1663 года рэйхстаг набыў пастаянны характар і да падзення імперыі ў 1806 годзе засядаў у Рэгенсбургу.

Малюнак пасяджэння рэйхстага Свяшчэннай Рымскай імперыі, 1675 г.

Структура правіць

Рэйхстаг складаўся з трох калегій:

  • Савет курфюрстаў (ням.: Kurfürstenrat), у склад якога ўваходзілі курфюрсты імперыі (першапачаткова сем, к канцу XVIII стагоддзя — восем чалавек);
  • Савет імперскіх князёў (ням.: Reichsfürstenrat), у склад якога ўваходзілі свецкія і духоўныя імперскія князі, кожны з якіх меў адзін голас, а таксама імперскія графы і імперскія прэлаты, якія валодалі, адпаведна, чатырма і двума калектыўнымі галасамі. Савет імперскіх князёў падзяляўся на курыі свецкіх (63 члена ў 1800 г.) і духоўных (37 членаў у 1800 г.) князёў;
  • Савет гарадоў (ням.: Städterat), у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі свабодных імперскіх гарадоў (51 член у 1800 г.), аб’яднаных у дзве калегіі: Швабскую і Рэйнскую.

Парадак працы правіць

Скліканне рэйхстага здзяйсняў імператар па ўзгадненню з курфюрстамі. Кола пытанняў, якія выносіліся на абмеркаванне рэйхстага, вызначаў імператар аднаасобна. Абмеркаванне і прыняцце рашэння ажыццяўлялася асобна па калегіях большасцю галасоў, прычым Савету курфюрстаў і Савету імперскіх князёў належаў вырашальны голас. Галасаванне было тайным. Рашэнне лічылася прынятым, калі яго аднагалосна падтрымалі ўсе тры калегіі і імператар. З 1663 г. рэйхстаг ператварыўся ў стала дзеючы орган, які засядаў у Рэгенсбургу.

Кампетэнцыя правіць

У кампетэнцыі рэйхстага знаходзіліся выданне агульнаімперскіх законаў, абвяшчэнне вайны і заключэнне міру, утварэнне і скасаванне імперскіх органаў кіравання і суда, скліканне і роспуск імперскай арміі, зацвярджэнне падаткаў і эканамічная палітыка, пытанні земскага міру і суіснавання розных рэлігійных канфесій. Пасля Вестфальскага міру рэлігійныя пытанні былі вынесены ў кампетэнцыю імперскай дэлегацыі па справах веры, якую на парытэтнай аснове фарміравалі прадстаўнікі каталіцкіх і пратэстанцкіх імперскіх саслоўяў, што выключыла магчымасць зрыву рэйхстага з-за канфесійнага супрацьстаяння.

Рэйхстаг меў ролю вярхоўнага органа саслоўнага прадстаўніцтва ў імперыі, быў адным з найважнейшых сувязных элементаў імперскай сістэмы і каналам вырашэння ўнутраных канфліктаў і супярэчнасцей[1]. Рэйхстаг таксама выконваў функцыі абмежавання імператарскай улады, а пасля Вестфальскага міру, які замацаваў статус рэйхстага як вышэйшага заканадаўчага органа імперыі, стаў цэнтрам інтэграцыйных працэсаў і апорным пунктам усёй імперскай канструкцыі[2].

Спіс рэйхстагаў правіць

Пералік рэйхстагаў Свяшчэннай Рымскай імперыі з 1495 года. Пра больш раннія імперскія соймы гл.: Гофтаг.

Год Месца правядзення Старшыня Асноўныя рашэнні
1495 Вормс Максіміліян I Сцвярджэнне «Імперскай рэформы» і земскага міру, заснаванне Імперскага камеральнага суда, увядзенне ўсеагульнага падатку («агульны пфеніг»)
1496/97 Ліндау Максіміліян I Адмова выдаць субсідыі імператару, пастановы супраць раскошы і высылка цыган з Германіі
1497/98 Фрайбург Максіміліян I Адмова выдаць субсідыі імператару, закон аб вінаробстве і піваварстве
1500 Аўгсбург Максіміліян I Арганізацыя першых шасці імперскіх акруг, мерапрыемствы па падтрыманні земскага міру
1505 Кёльн Максіміліян I Урэгуляванне спрэчкі аб Ландсгуцкай спадчыне, адхіленне прапаноў па паглыбленні імперскай рэформы, адмова выдаць субсідыі
1507 Канстанц Максіміліян I Парадкаванне працэдуры фарміравання і парадку функцыянавання Імперскага камеральнага суда, выдача субсідый на паход імператара ў Італію для каранацыі
1510 Аўгсбург Максіміліян I Канфлікт паміж імперыяй і Даніяй пра статус Гамбурга, прызнанне Гамбурга свабодным імперскім горадам
1512 Трыр/Кёльн Максіміліян I Завяршэнне арганізацыі сістэмы імперскіх акруг
1518 Аўгсбург Максіміліян I Правал спробы забяспечыць абранне Карла Іспанскага рымскім каралём, адмова ад фінансавання вайны з туркамі, зняцце імперскай няміласці з Пфальца, выступленне Марціна Лютэра пасля закрыцця рэйхстага
1521 Вормс Карл V Выступленне Лютэра перад рэйхстагам, абвяшчэнне Вормскага эдыкта супраць Лютэра, заснаванне Імперскага ўрада, зацвярджэнне імперскага матрыкула і парадку ўдзелу саслоўяў у фінансаванні вайны з туркамі
1522 Нюрнберг Фердынанд I Абмеркаванне парадку выканання Вормскага эдыкта
1522/23 Нюрнберг Фердынанд I Забарона выдання лютэранскай літаратуры і прапаганды лютэранства
1524 Нюрнберг Фердынанд I Пацверджанне Вормскага эдыкта, імперскі закон аб гандлю
1525 Аўгсбург Фердынанд I Супакаенне Германіі пасля Сялянскай вайны, прыпыненне Вормскага эдыкта
1526 Шпаер Фердынанд I Фактычнае прыпыненне Вормскага эдыкта, прыцягненне імперскіх саслоўяў да вырашэння рэлігійнага канфлікту
1529 Шпаер Фердынанд I Аднаўленне дзеяння Вормскага эдыкта, Шпаерскі пратэст, асуджэнне анабаптызму
1530 Аўгсбург Карл V Правал спробы аднаўлення адзінства царквы, абвяшчэнне «Аўгсбургскія веравызнання» лютэран, «Тэтрапалітанскага веравызнання» цвінгліянінаў і каталіцкага «Аспрэчання», патрабаванне імператара рэсекулярызаваць царкоўную маёмасць
1532 Рэгенсбург Карл V Зацвярджэнне агульнаімперскага крымінальнага ўкладання (Constitutio Criminalis Carolina), выдача субсідый на вайну з туркамі, спыненне праследаванняў пратэстантаў
1541 Рэгенсбург Карл V Безвыніковы дыспут паміж каталікамі і лютэранамі
1542 Шпаер Фердынанд I Выдача субсідый на вайну з туркамі
1542 Нюрнберг Фердынанд I  
1543 Нюрнберг Фердынанд I  
1544 Шпаер Карл V Спыненне судовых працэсаў супраць пратэстантаў, фактычнае санкцыянаванне секулярызацыі, выдача субсідый на вайну з Францыяй і туркамі
1545 Вормс Карл V Безвыніковыя перамовы па пытанні рэформы царквы
1546 Рэгенсбург Карл V Безвыніковы багаслоўскі дыспут, імперская няміласць Гесэну і Саксоніі, падрыхтоўка Шмалькальдэнскай вайны
1548 Аўгсбург Карл V «Рэйхстаг у даспехах», Аўгсбургская часовая пастанова па канфесійных пытаннях, зяцвярджэнне агульнаімперскага паліцэйскага ўкладання, правал спроб рэфармавання імперыі, палажэнне аб Імперскім камеральным судзе, Бургундскі дагавор аб статусе Нідэрландаў, адхіленне цэхаў ад удзелу ў муніцыпалітэтах імперскіх гарадоў
1550/51 Аўгсбург Карл V Правал плана ратацыі імператарскага прастола паміж аўстрыйскай і іспанскай лініямі Габсбургаў, выгнанне цыган з Германіі, павышэнне стаўкі імперскага падатку («агульнага пфеніга»), манетная рэформа
1555 Аўгсбург Фердынанд I Аўгсбургскі рэлігійны мір, зацвярджэнне прынцыпу канфесійнага парытэту ў працы Імперскага камеральнага суда, перадача функцый падтрымання земскага міру імперскім акругам
1557 Рэгенсбург Фердынанд I Пацверджанне рэлігійнага міру, пратэст лютэран супраць «Духоўнай абмоўкі», выдача субсідый для вайны з туркамі
1559 Аўгсбург Фердынанд I Выдача субсідый для вайны з туркамі, манетная рэформа
1566 Аўгсбург Максіміліян II Прызнанне дэкрэтаў Трыдэнцкага сабору, выдача субсідый для вайны з туркамі, фактычнае прызнанне кальвінізму, уніфікацыя грашовай сістэмы, апала супраць Вільгельма фон Грумбаха
1567 Рэгенсбург Максіміліян II Выдача субсідый для вайны з туркамі, пакрыццё расходаў на прыгнечанне паўстання Грумбаха
1570 Шпаер Максіміліян II Правал ваеннай рэформы, закон аб кнігадрукаванні, урэгуляванне спрэчкі аб саксонскай спадчыне паміж эрнесцінскай і альбертынскай лініямі Ветынаў
1576 Рэгенсбург Максіміліян II Абмеркаванне «Духоўнай абмоўкі», смерць імператара Максіміліяна II
1582 Аўгсбург Рудольф II Выдача субсідый для вайны з туркамі, забарона пераходу права голасу біскупстваў у рэйхстагу пасля іх секулярызацыі да пратэстанцкіх адміністратараў, забарона імперскім гарадам змяняць канфесію, вызначэнне статусу старых і новых імперскіх князёў
1594 Рэгенсбург Рудольф II Выдача субсідый для вайны з туркамі, роспуск візітацыйнай камісіі Імперскага камеральнага суда
1597/98 Рэгенсбург Рудольф II Выдача субсідый для вайны з туркамі, стварэнне камітэта рэйхстага для рэвізіі судовых актаў Імперскага камеральнага суда
1603 Рэгенсбург Рудольф II Выдача субсідый для вайны з туркамі, адмова зацвердзіць прысуд пра рэстытуцыю чатырох секулярызаваных манастыроў у Швабіі
1608 Рэгенсбург Рудольф II Адмова зацвердзіць рашэнне аб перадачы Донаўвёрта Баварыі, зрыў рэйхстага курфюрстам Пфальцскім, фарміраванне Евангелічнай уніі і Каталіцкай лігі
1613 Рэгенсбург Маціяс Зрыў рэйхстага з-за супярэчнасцей паміж каталікамі і пратэстантамі
1640/41 Рэгенсбург Фердынанд III Падрыхтоўка Вестфальскага мірнага дагавора, увядзенне неабходнасці абавязковага зяцвярджэння рэйхстагам рашэнняў імператара аб дараванні статусу імперскага саслоўя
1653/54 Рэгенсбург Фердынанд III Апошняе пасланне да імперыі, узвядзенне палажэнняў Вестфальскага мірнага дагавора ў ранг імперскага канстытуцыйнага закона, зяцвярджэнне новага працэсуальнага ўкладання Імперскага камеральнага суда
1663-1806 Рэгенсбург   Пастаянны рэйхстаг

Крыніцы правіць

  1. Прокопьев А. Ю. Германия в эпоху религиозного раскола: 1555—1648. — СПб, 2002
  2. Schindling 1980.

Літаратура правіць

  • Брайс Дж. Священная Римская империя. — М., 1891.
  • Всемирная история. Т. 3-5 — М., 1957.
  • Прокопьев А Ю. Германия в эпоху религиозного раскола: 1555—1648. — СПб, 2002. ISBN 5-93762-014-3.
  • Шиндлинг А., Циглер В. Кайзеры. — Ростов-на-Дону, 1997. ISBN 5-222-000222-2
  • Angermeier H. Reichsreform 1410—1555. — München, 1984. ISBN 3-406-30278-5.
  • Hartmann P. C. Das Heilige Römische Reich deutscher Nation in der Neuzeit 1486—1806. — Stuttgart 2005. ISBN 3-15-017045-1.
  • Prietzel M. Das Heilige Römische Reich im Spätmittelalter, Darmstadt, 2004. ISBN 3-534-15131-3
  • Anton Schindling: Der Westfälische Frieden und der Reichstag, in: Hermann Weber (Hrsg.), Politische Ordnungen und soziale Kräfte im Alten Reich (= Veröffentlichungen des Instituts für Europäische Geschichte Mainz, Beiheft 8). Wiesbaden 1980, S. 113–153.