Серафім (Шахмуць)

дзеяч Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі (1901—1946)

Серафім, свецкае імя Раман Раманавіч Шахмуць (15 ліпеня 1901, в. Падлессе, цяпер Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць — меркавана 5 сакавіка 1946, Унжанскі лагер[ru] НКУС, Горкаўская вобласць) — беларускі святар, архімандрыт Рускай праваслаўнай царквы. Служыў у Заходняй Беларусі, актыўны ўдзельнік аднаўлення праваслаўнага жыцця Беларусі за нямецкай акупацыяй у час Другой сусветнай вайны. Рэпрэсаваны савецкімі ўладамі.

Серафім
Дзейнасць ігумен
Нараджэнне 15 (28) ліпеня 1901
Смерць мерк. 5 сакавіка 1946(1946-03-05) (44 гады)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Кананізаваны Рускай праваслаўнай царквой як свяшчэннамучанік у 2000 годзе. Дзень памяці 24 жніўня (дзень арышту), а таксама ў Саборы святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай і Саборы беларускіх святых.

Біяграфія

правіць

Раннія гады

правіць

Нарадзіўся ў беднай шматдзетнай сялянскай сям’і Рамана і Алены Шахмуцяў, беларус паводле паходжання[1]. З дзяцінства наведваў Свята-Духаву царкву ў родным Падлессі[1] (настаяцель быў Іосіф Кезевіч[1]). Меў імкненне да царкоўнага жыцця, калі іншыя дзеці бавіліся звычайнымі гульнямі, ён часта з палачак рабіў крыжыкі, апранаў як епітрахіль фартух і «правіў службу».

Нягледзячы на крайнюю беднасць, у 1915 годзе скончыў двухкласнае народнае вучылішча ў Ляхавічах. У тым жа 1915 годзе памёр бацька, і маці засталася з дзецьмі адна. З 1916 года стаў паслушнікам мінскага Свята-Духава манастыра, але ў 1917 годзе праз падзеі Першай сусветнай вайны вярнуўся ў Падлессе, на акупаваную нямецкімі войскамі тэрыторыю[1].

Заходняя Беларусь

правіць

У 1921 годзе здаў экзамен на псаломшчыка, служыў у Спаса-Праабражэнскай царкве ў Вяляцічах Барысаўскага павета. Потым перабраўся ў Заходнюю Беларусь, якая апынулася ў складзе Польшчы, з чэрвеня 1922 года паслушнік жыровіцкага Успенскага манастыра ў Слонімскім павеце Навагрудскага ваяводства, дзе 1 красавіка 1923 года прыняў манаскі пострыг з імем Серафім. Праз добрыя пеўчыя здольнасці, яму даручылі клірасны послух, стаў добрым рэгентам і ўстаўшчыкам. Рукапаложаны архіепіскапам Панцелеймонам (Ражноўскім) у іерадыякана ў 1926 годзе, а ў 1935 годзе ў іераманаха. У 1926 годзе накіраваны ў прыход вёскі Курашова Бельскага павета Беластоцкага ваяводства. Актыўна займаўся місіянерскай дзейнасцю сярод мясцовых жыхароў, якія ў 1920-я — пачатку 1930-х гадоў перайшлі да уніі. У канцы 1939 года архіепіскапам Панцелеймонам (Ражноўскім) узведзены ў сан ігумена, потым архімандрыта[1].

Другая сусветная вайна

правіць

У часе Другой сусветнай вайны, са жніўня 1941 года архімандрыту Серафіму і айцу Рыгору Кударэнку мітрапалітам Панцелеймонам (Ражноўскім) даверана аднаўленне царкоўнага прыходскага жыцця на акупаванай нацыстамі тэрыторыі Беларусі. Дарогай у Мінск місіянеры наведвалі вёскі і мястэчкі Капыльскага, Слуцкага, Уздзенскага раёнаў, дзе збіралі на імя мітрапаліта прашэнні вернікаў з просьбай адкрыцця царкоўных прыходаў. З лістапада 1941 да пачатку 1942 года служыў у Мінску ў царкве былога Спаса-Праабражэнскага жаночага манастыра. У студзені 1942 года з айцом Рыгорам Кударэнкам выехаў на Віцебшчыну, дзе зноў збіраў прашэнні пра адкрыццё бажніц, правіў богаслужэнні, хрысціў дзяцей. Пазней місіянеры наведалі Быхаў, Жлобін, Магілёў, Гомель. У Чонках Гомельскай вобласці адкрылі жаночы манастыр. Увосень 1943 года вярнуліся ў Мінск. Служылі ў Свята-Духавай царкве. У час адступлення нямецкіх войскаў, у чэрвені 1944 года місіянеры пераехалі ў Гродна[1].

6 верасня 1944 года разам з Рыгорам Кударэнкам арыштаваныя органамі НКУС у Гродне, праз 5 дзён перавезены ў Мінскую турму. Абвінавачваліся ў актыўным супрацоўніцтве з СД (Служба бяспекі рэйхсфюрара СС). Архімандрыт Серафім катэгарычна адмаўляў гэтае абвінавачванне. Архімандрыт Серафім, айцец Рыгор Кударэнка і айцец Іван Шышла асуджаны Асобай нарадай пры НКУС СССР 7 ліпеня 1945 года да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў. Этапаваны, напэўна, ва Унжанскі лагер МДБ Горкаўскай вобласці (ст. Сухабязводнае[ru]). Архімандрыт Серафім загінуў у зняволенні[1], паводле афіцыйнай версіі памёр ад сардэчнай недастатковасці.

Пасля смерці

правіць

Рэабілітаваны Пракуратурай Беларусі 22 красавіка 1994 года. Групавая справа архімандрыта і іншых № 35844-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[1].

У 1999 годзе Сінодам Беларускай праваслаўнай царквы далучаны да ліку святых навамучанікаў. У 2000 годзе кананізаваны Архірэйскім Саборам РПЦ[1].

Зноскі

Літаратура

правіць
  • Кривонос Феодор, свящ. Синодик за веру и Церковь Христову пострадавших в Минской епархии (1918—1951 гг.). — Киевец, 1996. — С. 23.
  • Кривонос Феодор, свящ. Миссионеры военных лет // Царкоунае слова. Белоруссия, 1996. 3 красавіка. N 5(50). — С. 8-9.
  • Кривонос Феодор, священник. Жития священномучеников Минской епархии (1-я половина XX века). — Минск, 2002. — 148 с.
  • Маракоў Л. У. Серафім (Шахмуць) // Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967. Энцыклапедычны даведнік у 2-х тамах. Т. 2. — Мн., 2007.
  • Charkiewicz J. Męczennicy XX wieku. Martyrologia Prawosławia w Polsce w biografiach świętych. — Warszawa: Warszawska Metropolia Prawosławna, 2008. — ISBN 978-83-60311-11-0
  • Męczennicy XX wieku. Martyrologia Prawos³awia w Polsce w biografiach świętych. — Warszawa, 2004. — S. 137—145.
  • Mironowicz, M. Nowe źródło do żywota świętego archimandryty Serafina Szachmucia (1901—1946) / Marcin Mironowicz // Latopisy Akademii Supraskiej / Pod red. M. Kuczyńskiej. — Białystok : Fundacja «Oikononos», 2015. — Tom 6: Cerkiew w droze (2015 r.). — S. 127—132.
  • Житія и Жизнеописанія новопрославленныхъ святых и Подвижниковъ Благочестія, въ Русской Православной Церкви просіявшихъ (отъ царствованія царя-мученика Николая II Александровіча і до нашихъ дней). — СПб., 2001. — Т. 2 (августъ-декабрь);
  • Жития священномучеников Минской епархии; Православный календарь на 2004 год / Сост. Кулаженко Л. Е., Матрунчик Т. А. — Мн., 2003. — С. 91;
  • Кривонос Феодор, протоиерей. Незабвенный пастырь. Преподобномученик Серафим Жировицкий. — Минск : ВРАТА, 2016. — 52 с.
  • Слесарев А. В. Новооткрытые сведения о миссионерском служении преподобномученика Серафима (Шахмутя), архимандрита Жировичского // ΧΡΟΝΟΣ. Церковно-исторический альманах. — 2017. — № 4. — С. 113—122;
    • Слесарев А. В. Новооткрытые сведения о миссионерском служении преподобномученика Серафима (Шахмутя), архимандрита Жировичского // Ведомости Минской митрополии. — 2017. — № 5 (135). — С. 71-74.
  • Миронович А.. Серафим (Шахмуть) // Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2021. — Т. LXII. — С. 559—560. — 752 с. — ISBN 978-5-89572-069-1.
  • Слесарев А. В. Миссионерское служение преподобномученика Серафима (Шахмутя) на Гомельщине в годы немецкой оккупации (1942—1943 гг.) // Труды Комиссии по канонизации святых Белорусской Православной Церкви. — Жировичи : Изд-во Минской духовной семинарии, 2022. — Вып. 5. — С. 37—46.

Спасылкі

правіць