Сядзібна-паркавы ансамбль Лубенскіх

Сядзібна-паркавы ансамбль Лубенскіх — помнік сядзібна-паркавай архітэктуры ў аграгарадку Межава Аршанскага раёна Віцебскай вобласці, колішні маёнтак графа Льва Лубенскага. Занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны рэгіянальнага значэння.

Славутасць
Сядзібна-паркавы ансамбль Лубенскіх
Межава. Сядзібна-паркавы ансамбль Любенскіх (02).jpg
54°37′36,46″ пн. ш. 30°18′31,6″ у. д.HGЯO
Краіна Беларусь
Аграгарадок Межава
Архітэктурны стыль неабарока[1], мадэрн
Заснавальнік Леў Францавіч Лубенскі
Дата заснавання канец XIX ст.
Будаўніцтва канец XIX ст.—пачатак XX ст.
Будынкі:
сядзіба • бровар • парк • сад
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Г000136шыфр 213Г000136

ГісторыяПравіць

У XVIII—XIX стагоддзях Межава належала магнатам Любамірскім. Пасля смерці Канстанціна Любамірскага маёнтак перайшоў у валоданне да яго дачкі Ганны (1838—1917), якая выйшла замуж за камер-юнкера расійскага двара графа Францішака Лубенскага (1834—1891). Наступным (і апошнім) уладальнікам Межава стаў Леў Лубенскі, які атрымаў маёнтак як пасаг ад сваёй маці.

У канцы XIX стагоддзя Лубенскі заклаў у Межаве сядзібу ў стылі мадэрн, якая складалася з палаца, парка, бровара і гаспадарчых пабудоў. Месца для размяшчэння было выбрана на схілах лагчыны, утворанай ручаём Варанец і ракой Аршыцай. За савецкім часам у сядзібе размяшчаўся клуб, які быў часткова разбураны падчас Другой сусветнай вайны. У 1953 годзе сядзіба была адноўлена ў стылі сталінскага ампіру. Цяпер у колішнім маёнтку адначасова дзейнічаюць крамы, клуб і праваслаўная царкава — прыход храма Серафіма Сароўскага[2].

АрхітэктураПравіць

Палац размешчаны на заходнім беразе яра, у паўночнай частцы парка, паблізу вуліцы. Мураваны двухпавярховы палац пабудаваны ў стылі неабарока. Мае складаную планіровачную канфігурацыю і шматпланавую прасторавую кампазіцыю. Асноўны аб’ём накрыты паўвальмавым мансардавым дахам. Да асіметрычнага галоўнага фасада прыбудаваны высокі прамавугольны з двухсхільным пакрыццём лесвічны аб’ём, да якога па баках далучаныя больш нізкія прыбудоўкі з вальмавым і пластычным шатровым пакрыццямі. Пяцігранная апсіда ўнутранай капліцы з гранёным пакрыццём выступае на бакавым фасадзе. У дэкоры выкарыстаныя ляпныя гірлянды, чырвоная дахоўка[3].

У 1950—1953 гадах да будынка быў далучаны працяглы аднапавярховы корпус, вылучаны на галоўным фасадзе шасціслуповым порцікам. Цяпер у ім месціцца ўпраўленне эксперыментальнай базы «Межава» і клуб, таксама праваслаўная царква.

Перад палацам знаходзіцца партэр, за якім пладовы сад. З паўднёвага боку палаца парк пейзажнага тыпу. На скрыжаванні галоўнай алеі і ручая перакінуты мост.

ПаркПравіць

Парк быў разбіты ў 1901 годзе з выкарыстаннем існуючых прысадаў, захаваўся часткова. Займае плошчу каля 8 га. Адносіцца да тыпу штучна створаных пейзажных паркаў. Размешчаны на перасечаным рэльефе, падзеленым ярама з ручаём, найболей ацацлелая частка парку займае высокі мыс, створаны выгінам ракі Аршыцы і ярам. Гэта дазволіла сфарміраваць вадаёмы, у адносінах да якіх вызначаліся відавыя кропкі і ствараліся перспектывы. Захаваліся маляўніча пракладзеныя сеткі дарожак. Насаджэнні чаргуюцца з невялікімі палянкамі. У цэнтральнай частцы парка насыпаны курган з пляцоўкай для музыкантаў, каля падножжа кургана была танцавальная пляцоўка.

 
Куток парку

У кампазіцыях вялікіх і малых груп дрэў выкарыстаны хвойныя пароды: хвоі веймутава, Банкса, Мурэя, кедравая, еўрапейская і звычайная, лістоўніца еўрапейская, піхта сібірская, дугласія шэрая[4].

Зноскі

  1. Лазука Б.А. Беларуская архітэктура XIX - пачатку XX стагоддзя // Гісторыя сусветнага мастацтва. Рускае і беларускае мастацтва XIX - пачатку XX стагоддзя. — Беларусь, 2011. — С. 355. — 430 с. — ISBN 978-985-01-0880-7.
  2. Сядзіба ў стылі мадэрн у МежавеРадыё Рацыя, 2018 (бел.) 
  3. Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5., С.304
  4. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш.— Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя, 1985,— 496 с., іл., С.110

ЛітаратураПравіць

  • Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с.: іл. — ISBN 5-85700-078-5.
  • Межево // Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. — Минск : Ураджай, 1989. – С. 189–191.
  • Межевский усадебно-парковый комплекс // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 120.
  • Сядзіба // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 465.

СпасылкіПравіць