Сядзібна-паркавы комплекс Жукоўскіх
Сядзібна-паркавы комплекс Жукоўскіх — сядзібна-паркавы комплекс на паўночнай ускраіне вёскі Дашкаўка Магілёўскага раёна, на высокай тэрасе Дняпра.
Славутасць | |
Сядзібна-паркавы комплекс Жукоўскіх | |
---|---|
53°44′14″ пн. ш. 30°16′22″ у. д.HGЯO | |
Краіна | |
Месцазнаходжанне | |
Архітэктурны стыль | эклектыка і мадэрн |
Дата пабудовы | XX стагоддзе |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 513Г000491 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Парк закладзены ў другой палове XIX ст. у маёнтку Жукоўскага[1], цяперашні сядзібны дом пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы. Дом — помнік эклектычнай архітэктуры з элементамі стылю мадэрн[2].
11 жніўня 1877 года ў сядзібе, якой тады валодалі Эдвард Жукоўскі , магілёўскі павятовы маршалак, і яго жонка Эмілія з Цеханавецкіх , спыняўся славуты мастак Напалеон Орда, які замаляваў яе.
Архітэктура
правіцьПарк
правіцьПа асноўнай кампазіцыйнай восі, арыентаванай у кірунку ўсход — захад, ідзе цэнтральная ўязная алея, парадная частка парку з вялікім (дыяметрам 54 м) колам і сядзібны дом, пабудаваны на краю тэрасы. Сіметрычна дому, падкрэсліваючы вось перспектывы, размешчаны дзве кулісы з елкі звычайнай, пасаджаныя кветнікам дыяметрам 4 м. Вонкавая пара куліс прадстаўлена невялікімі групамі таполі белай[1].
Пярэдні план поймы Дняпра ўтваралі старыцы з перакінутымі праз пратокі дэкаратыўнымі масткамі і будынак вадзянога млына. Стромкі схіл тэрасы над поймай быў пакрыты дыванам газона з групамі кустоў і адзіночнымі дрэвамі. З гэтага боку парк практычна не мае граніц, ён зліваецца з маляўнічымі поймавымі далечынямі[1].
Пейзажная частка парку знаходзіцца з паўночнага боку ўязной алеі. На процілеглай тэрыторыі (паўднёвая частка сядзібы) быў вялікі пладовы сад. Цяпер тут размешчаны абласная станцыя хімізавання сельскай гаспадаркі і Магілёўская дзяржаўная сельскагаспадарчая доследная станцыя. Паркавыя насаджэнні выцягнуты ўздоўж уязной алеі. Дамінуючае становішча займае вадаём, у цэнтры якога знаходзіўся востраў (разбураны падчас чысткі сажалкі ў 1968 г.). Пераважнай пародай з’яўляецца бяроза. Яна расце ў выглядзе невялікіх светлых масіваў ці (часцей) утварае змяшаныя насаджэнні з асінай, дубам, клёнам рознага ўзросту і поўнасці. Асабліва дэкаратыўныя спелыя, ва ўзросце больш 100 гадоў, бярэзнікі з якасным разнатраўна-злакавым газонам без выражанага падлеску і маладняку. Экзоты ў парку нешматлікія. Захаваліся адзіночныя дрэвы конскага каштана, кусты спірэі, паркавых руж, іргі каласістай, рабінніку рабіналістага і інш. Усяго адзначана 34 найменні. Лісце асноўных парод сімвалічна захаваны ў дэкаратыўным ляпным фрызе ў гасцінай сядзібнага дому[1].
Парк захаваўся часткова. На паляне пастаўлены помнік воінам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны. Належыць эксперыментальнай базе «Дашкаўка»[1].
Сядзібны дом
правіцьБудынак асіметрычнай кампазіцыі. Асноўны прамавугольны ў плане аб’ём накрыты пакатым вальмавым дахам. На паўднёвым фасадзе пяцігранны эркер, завершаны паўшатром. Да ўсходняга тарца асноўнага аб’ёму прылягаюць невялікая аднапавярховая прыбудова з аднасхільным дахам і масіўны трох’ярусны вежападобны аб’ём[2]. Становішчам вежы вызначаўся добры агляд поймы Дняпра[1]. Паверхі аддзелены прафіляванымі цягамі. Рытм рознавялікіх прамавугольных аконных праёмаў адвольны, вызначаны ўнутранай структурай і памерамі памяшканняў. Частка паўднёнага фасада паміж эркерам і прыбудовай, якая адпавядае параднай зале ўнутры, рытмічна расчлянёна 3 арачнымі аконнымі праёмамі[2].
Унутраная планіроўка анфіладная. З уваходнага вестыбюля па 2-і паверх вядзе драўляная лесвіца. Парадная зала перакрыта люстраным скляпеннем з плафонам, аздобленым ляпнымі разеткамі. Па перыметры залы ідзе ляпны фрыз з раслінным арнаментам у выглядзе кветак, пладоў і лісцяў. Уваходныя праёмы завершаны трохвугольнымі сандрыкамі з ракавінамі ў тымпанах і ляпнымі картушамі з выявамі экзатычных звяроў[2].
Зноскі
- ↑ а б в г д е Федорук А. Т. Дашковка // Садово-парковое искусство Белоруссии. — Минск: Ураджай, 1989. — 247 с. — 10 300 экз. — ISBN 5-7860-0086-9.
- ↑ а б в г Т. В. Габрусь. 1565. Сядзібны дом // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
Літаратура
правіць- Т. В. Габрусь. 1565. Сядзібны дом // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Магілёўская вобласць. — 408 с., іл.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сядзібна-паркавы комплекс Жукоўскіх
- Сядзібна-паркавы комплекс Жукоўскіх на сайце Глобус Беларусі (руск.)
- Сядзібна-паркавы комплекс Жукоўскіх на сайце «Архіварта»