Сяргей Васілевіч Тарасаў
Сяргей Васільевіч Тарасаў (20 студзеня 1961, г. Мінск, БССР) — беларускі археолаг, гісторык, пісьменнік. Кандыдат гістарычных навук (1992), дацэнт[2].
Сяргей Васілевіч Тарасаў | |
---|---|
Дата нараджэння | 20 студзеня 1961 (63 гады) |
Месца нараджэння | |
Род дзейнасці | археолаг, гісторык, кінасцэнарыст, пісьменнік |
Навуковая сфера | археалогія[1], гісторыя[1] і film screenwriting[d][1] |
Месца працы | |
Навуковая ступень | кандыдат гістарычных навук |
Навуковае званне | |
Альма-матар | |
Член у |
Біяграфія
правіцьУ 1982 годзе скончыў Мінскі педінстытут. З 1982 года працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР: лабарант, навуковы супрацоўнік, у 2001—2006 гадах загадчык аддзела археалогіі сярэдневяковага перыяду. У 1992 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Гісторыка-тапаграфічная структура Полацка IX—XVIII стст.». Адначасова ў 1995—1998 гадах намеснік галоўнага рэдактара рэдакцыі літаратурна-мастацкіх праграм Беларускага тэлебачання[2].
З 2006 года дацэнт кафедры паліталогіі і гуманітарных навук, дацэнт кафедры паліталогіі і эканомікі Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва. Адначасова вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска[2].
Член Саюза беларускіх пісьменнікаў. Член праўлення Беларускага камітэта па помніках і памятных мясцінах (ICOMOS). Член Міжнароднага савета музеяў (ICOM). Член Еўрапейскай асацыяцыі археолагаў. Член праўлення Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Член Савета па манументальнай прапагандзе і мастацтве Рэспублікі Беларусь[2].
Навуковая дзейнасць
правіцьЗ’яўляецца спецыялістам у пытаннях узнікнення і развіцця беларускіх гарадоў IX—XVIII стст., прыняцця і распаўсюджання хрысціянства на Беларусі, спалучэння і ўзаемаадносін хрысціянства і паганства, узнікнення і развіцця культавага дойлідства XI—XIII стст., пісьменнасці і эпіграфікі. Даследаваў археалагічныя помнікі старажытнага Полацка: праводзіў раскопкі Верхняга замка, Ніжняга замка, першапачатковага гарадзішча і паселішча, Вялікага і Запалоцкага пасадаў, паселішчаў на Востраве, Задзвінні і іншых раёнаў старажытнага Полацка. Адкрыў месцазнаходжанне Полацкага пасада IX—X стст., некалькіх невядомых раней паселішч-спадарожнікаў Полацка XI—XII стст. Вылучыў асноўныя этапы развіцця гісторыка-тапаграфічнай структуры Полацка IX—XVII стст., заканамернасці фарміравання гарадской дэмаграфіі.
Быў удзельнікам міжнароднай праграмы эксперыментальнага плавання на копіях старажытных караблёў па Дзвіне, Дняпру і Прыпяці. У 1984—1986 гадах браў удзел у археалагічных даследаваннях Мінскага замчышча, гарадзішча на рацэ Менцы. У 2000—2006 гадах даследаваў старажытны Мінск, рабіў раскопкі і назіранні на вуліцах Няміга і Гандлёвая, у Верхнім горадзе, Ракаўскім прадмесці, ажыццяўляў археалагічны нагляд на будаўніцтве гасцініцы «Еўропа» і іншых аб’ектаў. З’яўляецца суаўтарам навуковай канцэпцыі музея гісторыі Мінска.
Аўтар больш чым 50 навуковых прац, у тым ліку, апублікаваных у Расіі, Украіне, Польшчы, Германіі, ЗША, Швецыі. Таксама з’яўляецца аўтарам падручніка «Мая Радзіма — Беларусь» для 4-га класа агульнаадукацыйнай школы і суаўтарам навуковых дапаможнікаў для ВНУ.
Аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў, суаўтар мастацкіх зборнікаў. Мастацкія творы друкаваліся таксама ў Расіі, Украіне, Літве.
У 1987—1999 гадах быў аўтарам і вядучым шэрага праграм Беларускага тэлебачання: Аўтар і вядучы праграм «Крок», «Вецер вандраванняў», «Скарбы беларускай гісторыі», «Кола гадзіны», «Беларускі хата».
Аўтар сцэнарыяў мастацкіх і дакументальных фільмаў «Иди и смотри», «Пастка для зубра. Вітаўт», «Пастка для зубра. Ягайла», «Да вас, сучаснікі мае», «Званы Сафіі», «Слава Оршы», «Буквар», «Замкі Беларусі», «Беларусь на крыжы вякоў» і іншых.
Бібліяграфія
правіць- Еўфрасіння — Офрасіння — Афрасіння Полацкая. Яе час, яе крыж. Мінск, 2021.
- Археалогія Беларусі: час, таямніцы, скарбы, людзі: нататкі археолага. Мінск, 2017.
- Мнение: сборник эссе. Минск, 2014.
- Усяслаў Чарадзей. Мінск, 2012.
- Фрэскі: Абразкі і апавяданні. Мінск, 2004.
- Полацк IX—XVII ст.: Гісторыя і тапаграфія. Мінск, 1998; 2001.
- Чарадзей сёмага веку Траяна: Усяслаў Полацкі. Мінск, 1991.
- Удзел у калектыўных працах
- Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь: вучэбны дапаможнік для 4-га класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Мінск, 2018.
- Мая Радзіма — Беларусь: вучэбны дапаможнік для 3-га класа агульнаадукацыйных школ. Мінск, 2001.
- Археалогія Беларусі: у 4 т. Т. 4: Помнікі XIV—XVIII стст. Мінск, 2001.
- Гісторыя Беларусі: у 6 т. Т. 1: Старажытная Беларусь: ад першапачатковага засялення да сярэдзіны XIII ст. Мінск, 2000.
Зноскі
Літаратура
правіць- ТАРАСАЎ Сяргей Васільевіч // Сучасныя беларускія даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага : біябібліяграфічны даведнік / С. П. Марозаў. — Гродна-Каўнас: ЮрСаПрынт, 2022. — 290 с. — ISBN 978-985-7257-57-7, 978-609-96340-1-2.
- Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2: Л—Я. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0549-2. — С. 346.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8. — С. 440.
- Тарасаў Сяргей Васілевіч // Корзенко Г. В. Историки Беларуси в начале XXI столетия : биобиблиографический справочник. — Минск, 2007. — С. 382.