Усевалад Сцяпанавіч Фальскі

(Пасля перасылкі з Усевалад Фальскі)

Усе́валад Сцяпа́навіч Фа́льскі (7 сакавіка 1886, або 8 сакавіка 1887 — пасля 1926) — беларускі грамадска-палітычны, дзяржаўны і культурны дзеяч, акцёр; адзін са стваральнікаў беларускага прафесійнага тэатра.

Усевалад Сцяпанавіч Фальскі
Usievaład Falski.jpg
Народны камісар замежных спраў ССРБ
1919 — 1919
Пераемнік М. Пятроў
Нараджэнне 7 сакавіка 1886(1886-03-07) ці 8 сакавіка 1887(1887-03-08)
Смерць не раней за 1927
Член у
Дзейнасць палітык, грамадскі дзеяч, акцёр, дзеяч культуры, тэатральная прафесія

БіяграфіяПравіць

Нарадзіўся ў вёсцы Лошыца Мінскага павета Мінскай губерні (цяпер у межах горада Мінска)[1]. Скончыў тры курсы Ляснога інстытута ў Пецярбургу. У 1906 годзе далучыўся да беларускага руху. На працягу 1915—1918 гадоў удзельнічаў у арганізацыі і быў старшынёй Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, Мінскага таварыства працаўнікоў мастацтва[2]. Быў жанаты[1].

Выканаўца вядучых роляў у спектаклях «Паўлінка» Янкі Купалы, «Пашыліся ў дурні» Марка Крапіўніцкага, «Модны шляхцюк» Каруся Каганца, «Бязвінная кроў» Уладзіслава Галубка і інш. Быў членам Мінскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, намеснікам старшыні Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску, прадстаўніком Беларускай рады на Дэмакратычнай нарадзе 1917 года на Усебеларускім з’ездзе адзін з лідараў фракцыі левай плыні. Са жніўня 1918 года ў Маскве, удзельнічаў у стварэнні маскоўскай беларускай секцыі РКП(б). Узначальваў камісарыят замежных спраў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі (студзень 1919). У 1919 годзе двойчы арыштаваны савецкімі ўладамі, у т.л. летам 1919 года быў сярод расстрэльных заложнікаў, якіх чэкісты вывезлі ў Смаленск пры адступленні бальшавікоў з Беларусі[3].

Быў вызвалены са Смаленскай катаржнай турмы 7 мая 1919, перайшоў фронт і вярнуўся ў заняты польскімі войскамі Менск[4]. У часе польскай акупацыі Беларусі (1919—1920) намеснік начальніка раёна эксплуатацыі лясоў[2]. Выконваў вядучыя ролі ў «Паўлінцы» Янкі Купалы, «Модным шляхцюку» Каруся Каганца, іншых пастаноўках Таварыства беларускай драмы і камедыі. Браў удзел у грамадскіх арганізацыях, быў сябрам Беларускай арганізацыі дапамогі ахварам вайны. Пасля стварэння ў кастрычніку 1919 Беларускай вайсковай камісіі працаваў там перакладчыкам[4].

У 1921 годзе намеснік загадчыка аддзела мастацтваў, вучоны сакратар Акадэмічнага цэнтра Наркамата асветы БССР. Арыштаваны 3 верасня 1921 года ў Менску і асуджаны паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 23.9.1921 за «дапамогу ў шпіянажы»[1] да расстрэлу, замененага на 5 гадоў зняволення, якія адбываў у смаленскай катаржнай турме[3]. Вызвалены ў 30 мая 1923 годзе[1], працаваў справаводам рабфака пры Смаленскім універсітэце. Са снежня 1925 года жыў у Кіеве[3], працаваў дырэктарам драматычнага тэатра імя Марыі Занькавецкай, перапісваўся з Інбелкультам.

Неаднаразова хадайнічаў перад урадам Беларусі, каб дазволілі вярнуцца дамоў. Апошняе вядомае дакументальнае сведчанне пра У. Фальскага датуецца 26 студзеня 1926 года. Далейшы лёс невядомы[2][3].

Рэабілітаваны Ваеннай пракуратурай Рэспублікі Беларусь 6 жніўня 1996 года[2]. Асабовая справа У. Фальскага № 20479-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[1].

Зноскі

  1. а б в г д Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары… Т.3., кн.2.
  2. а б в г Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 16: Трыпалі — Хвіліна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2003. — Т. 16. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0263-6 (т. 16). С. 331
  3. а б в г Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары… Т.2.
  4. а б nashaniva.by

ЛітаратураПравіць