Абарона Гродна (1941)
Абарона Гродна вялася савецкімі войскамі напачатку Вялікай Айчыннай вайны, з 22 чэрвеня па 25 чэрвеня 1941 года.
Перадгісторыя
правіцьПасля паражэння Польшчы ў абарончай вайне 1939 года змянілася канфігурацыя заходняй часткі дзяржаўнай мяжы СССР. Утварыўся ў тым ліку магутны выступ у бок Германіі ў раёне Беластока. Адпаведна, і германская мяжа мела выступ у савецкую тэрыторыю ў раёне Сувалкаў. Сувалкаўскі выступ меў важнае тактычнае значэнне. Тут у выпадку нападу праціўнік мог выйсці самым кароткім шляхам (8-10 км) да Нёмана, а затым уздоўж яго заходняга берага - да Гродна (20 км), у тыл асноўным сілам войскаў савецкай 3-й арміі.
Сілы бакоў
правіцьНа Гродна наступалі нямецкая 9-я палявая армія і 3-я танкавая група з групы армій «Цэнтр». Асноўны ўдар на поўнач ад горада наносіў нямецкі 8-ы армейскі корпус 9-й арміі ў складзе 8-й, 28-й і 161-й пяхотных дывізій, умацаваны 14 дывізіёнамі буйнакалібернай артылерыі, штурмавымі сапёрнымі батальёнамі.
Баі з праціўнікам у раёне Гродна велі войскі савецкай 3-й арміі Заходняга фронту ў складзе часцей 56-й і 85-й стралковых дывізій 4-га стралковага корпуса і 29-й танкавай дывізіі 11-га механізаванага корпуса, 68-га ўмацаванага раёна і інш.
Вермахт | РСЧА |
---|---|
Група армій «Цэнтр» (генерал-фельдмаршал Ф. фон Бок) |
Заходні фронт (маршал С. К. Цімашэнка) |
Другі эшалон[1]
|
|
22 чэрвеня
правіцьКаля 3 гадзін раніцы з штаба савецкага 122-га знішчальнага авіяпалка паступілі сігналы аб тым, што выразна чуваць шум варожых авіяматораў. Аб’явіўшы трывогу, камандзір 11-й змешанай авіядывізіі палкоўнік П. Ганічаў вылецеў у бок Гродна. З 4 да 8 гадзін раніцы на горад было здзейснена 6 налётаў нямецкай авіяціі, у кожным з якіх удзельнічала ад 30 да 60 самалётаў. Бамбардзіроўкі працягваліся ўвесь дзень. Авіяцыйныя удары па савецкіх ваенных аэрадромах прывялі да вялізных страт у баявой тэхніцы з савецкага боку, з першага дня вайны нямецкаму камандаванню ўдалося заваяваць панаванне ў паветры.
122-гі знішчальны авіяполк паспеў падняць у паветра да з’яўлення варожых бамбардзіроўшчыкаў свае асноўныя сілы (15 самалётаў, у асноўным няспраўных, не змаглі ўзляцець і былі знішчаны). П. Ганічаў загадаў 122-му палку перабазіравацца на аэрадром Ліда, дзе знаходзіўся камандны пункт дывізіі, але хутка і па гэтай авіябазе нямецкія бамбардзіроўшчыкі нанеслі ўдар, пры гэтым камдыў П. Ганічаў быў смяротна паранены.
Нямецкая 161-я пяхотная дывізія ўдарыла ў слабаабсталяваны сутык савецкіх 3-й і 11-й армій і, амаль не сустракаючы супраціву, выйшла да Нёмана ў раёне Друскенікаў. Перадавыя атрады са складу дывізіі выйшлі да Нёмана ўжо да 7:30 раніцы.
З фронту супраць савецкай 56-й дывізіі (штаб дывізіі у ноч на 22 чэрвеня перамясціўся на камандны пункт дывізіі ў в. Свяцк) у яе паласе на ўчастку граніцы ў 40 км дзейнічалі 28-я лёгкая пяхотная і 8-я пяхотная дывізіі. Пасля магутнага артылерыйскага ўдару пяхота вермахта перайшла ў наступленне. 56-я дывизія РСЧА не вытрымала націску, была змята, і да 10 гадзін яе астаткі пачалі адыходзіць на ўсход і паўднёвы ўсход. Да 8-9 гадзін раніцы нямецкая пяхота пры падтрымцы некалькіх танкаў прарвалася да каманднага пункта 56-й дывізіі. У сутыкненнях з палявымі часцямі вермахта і выкінутымі ў тыл дэсантнікамі камандаванне было рассеяна, кіраўніцтва дывізіяй страчана. Да 13-14 гадзін дня група камандзіраў знаходзілася ўжо ў глыбокім тыле нямецкіх войск, якія, прарваўшы аборону, прасоўваліся да Нёмана.
На поўнач ад Гродна праціўнік навёў пантонныя пераправы цераз Нёман ля вёсак Гожа і Грандзічы і прасунуўся на Азёры. На шляху да Гродна нямецкія войскі наткнуліся на супраціў недабудаваных вузлоў абароны Гродзенскага УРа, але абыйшлі ўмацаванні і занялі Ліпск і Сапоцкіна. Пасля поўдня немцы выступілі ў напрамку Дамбровы, да вечара без бою ўвайшлі ў пакінуты Аўгустаў.
На дальніх подступах да Гродна першымі ўступілі ў бой воіны 86-га Аўгустоўскага пагранатрада, якія мелі толькі стралковую зброю. Падраздзяленні 56-й стралковай дывізіі, адбіваючы неаднаразовыя атакі, трымалі абарону на Аўгустоўскім канале на поўнач ад Сапоцкіна. Побач з імі вялі агонь з дотаў воіны 68-га УРа. Да 10 гадзін праціўнік абышоў іх з левага флангу і тылу абаронцаў рубяжа.[4]
Палкі 29-й танкавай дывізіі ў 11 гадзін атакавалі буйныя сілы праціўніка на рубяжы Лойкі — Галынка ў напрамку на Сапоцкін. У сустрэчным баі яны прыпынілі прасоўванне нямецкіх войск. Лётчыкі 11-й змешанай авіадывізіі падрымлівалі контратаку 29-й танкавай дывізіі, адбівалі налёты праціўніка на Гродна і аэрадромы дывізіі. Лявей 29-й спрабавала прасунуцца на Ліпск 33-я танкавая дывізія, што дыслакавалася ў Сакулцы. У другой палове дня перадавыя нацысцкія часці выйшлі да р. Ласосна на захад ад Гродна, дзе былі спынены палка́мі 85-й стралковай дывізіі (дыслакавалася ў раёне Гродна). На поўнач ад горада з праціўнікам, які фарсіраваў Нёман, уступілў у бой полк 85-й стралковай дывізіі і акружная школа малодшага начсастава пагранічных войск. Да канца дня правы фланг і цэнтр абароны былі прарваны, контрудар сіламі мехкорпуса захлынуўся, толькі на левом флангу адносна паспяхова стрымлівалі непрыяцеля часці 27-й стралковай дывізіі супраць якой дзейнічалі 256-я і 162-я пяхотныя дывізіі са складу 20-га армейскага корпуса вермахта.
У свяязі з пагрозой акружэня войскі 3-й арміі ў ноч на 23 чэрвеня пакінулі Гродна і адышлі на паўднёвы ўсход ад горада — на рубеж рэк Котра і Свіслач.
Па выніках першага дня вайны савецкае галоўнае камандаванне зрабіла вывад, што ў асноўным баі вяліся паблізу граніцы, і для ўдару ў адказ сіл дастаткова. Войскам загадвалася магутнымі контрударамі ў фланг і тыл знішчыць сувалкаўскую групоўку праціўніка і да канца дня 24 чэрвеня авалодаць раёнам Сувалкі. На наступны дзень патрабавалася перайсці ў наступленне.
23 чэрвеня
правіцьНа досвітку, пераправіўшыся цераз Нёман з поўначы ад Гродна, 161-я пяхотная дывізія вермахта пачала далейшае прасоўванне па паўночным беразе ракі. Авангард 28-й пяхотнай дывізіі, переадолеўшы ачаговае супраціўленне савецкіх войск, з раніцы ўвайшоў у Гродна. Аўтадарожны мост цераз Нёман быў часткова разбураны, але сапёры за некалькі гадзін яго адрамантавалі. Немцы занялі правабярэжную частку горада, а таксама пачалі прасоўвацца на ўсход у бок Скідаля.
З мэтаю ліквідацыі прарыву з Сувалкскага выступу камануючы войскамі Заходняга фронта Дз. Паўлаў вырашыў нанесці контрудар сіламі механізаваных карпусоў 3-й і 10-й армій. Ён загадаў генерал-лейтэнанту І. Болдзіну стварыць ударную групоўку ў складзе 6-га і 11-га механізаваных карпусоў і 36-й кавалерыйскай дывізіі 6-га кавалерыйскага корпуса і нанесці ўдар у агульным напрамку Беласток — Ліпск з задачай разграміць праціўніка на левым беразе р. Нёман[5]. Удар меў быць нанесены раніцай 23 чэрвеня з раёна паўднёвей Гродна ў паўночным кірунку — у фланг нямецкай групоўцы, што наступала з Сувалкскага выступа. Усе злучэнні, якія прызначаліся для нанясення контрудара, аб'ядноўваліся ў конна-механізаваную групу пад камандаваннем І. Болдзіна.
Аднак нанесці магутны ўдар не было магчымым. Перадусім таму, што на яго напрамку знаходзілся толькі 11-ы механізаваны корпус 3-й арміі. Але з ім генералу Болдзіну так і не ўдалося ўстанавіць сувязь. 6-ы механізаваны корпус яшчэ ўдзень 22 чэрвеня па загаду камандавання 10-й арміі заняў абарону на ўсходнім беразе Нарава. Гэты корпус лічыўся самым укамплектаваным у Чырвонай Арміі, меў на той час 1022 танкі, з іх 352 КВ і Т-342. Аднак для высоўвання ў новы раён яму неабходна было выйсці з бою і здзейсніць 45-кіламетровы марш.
Злучэнні 6-га кавалерыйскага корпуса знаходзіліся ў розных раёнах, а 6-я кавалерыйская дывізія, акрамя таго, вяла баі на ломжынскім напрамку. Для збору злучэнняў конна-механізаванай групы патрабаваўся значны час. Да таго ж высоўванне войск ва ўказаныя ім раёны было звязана з вялікімі цяжкасцямі, таму што варожая авіяція бесперапынна наносіла сканцэнтраваныя і масіраваныя ўдары па іх колонах на маршы, і яны неслі вялікія страты, асабліва ў танках.
Зранку 23 чэрвеня злучэнні і часці 3-й арміі, пасля таго як уначы пакінулі Гродна, дзейнічалі ў разрозненых групоўках, вялі цяжкія баі з наступаўшымі на ўсіх напрамках групоўкамі нямецкіх войск. 56-я стралковая дывізія, рассеченная на дзве часткі, адыходзіла ўздоўж левага і правага берагоў Нёмана. Галаўныя сілы 85-й стралковой дывізіі ў складзе двух стралковых і аднаго гаўбічнага артылерыйскага палкоў пад бесперапыннымі атакамі авіаціі, да канца дня замацаваліся на р. Свіслач. Яе 59-ы стралковы полк разам з часткай сіл 56-й стралковай дывізіі і атрадам пагранічнікаў пасля адыходу ад Гродна заняў абарону ўздоўж р. Котра, на поўнач і поўдзень ад Скідаля. 27-я стралковая дывізія прыкрывала раён Сакулкі, частка яе падраздзяленняў няўдала спрабавала адбіць Дамброву.
Адыход стралковых войск прыкрывалі 29-я і 33-я танкавыя дывізіі 11-га механізаванага корпуса, якія дзейнічалі без артылерыйскай падтрымкі і авіяцыйнага прыкрыцця. У выніку іх баявыя парадкі бесперапынна траплялі пад удары нямецкай авяацыі, якая метадычна знішчала танкі і іншую баявую тэхніку. Пад ціскам праціўніка корпус вымушаны быў адысці на рубеж Сакулка, Кузніца, Фолюш. Асабліва значным быў адыход левафланговай 33-й танкавай дывізіі. 29-я танкавая дывізія да 17 гадзін адышла ад Гродна ўсяго на некалькі кіламетраў на поўдзень, на рубеж Гібулічы, Альшанка.
У адпаведнасці з атрыманым загадам на контрудар з поўдня ад Гродна штабы 6-га механізаванага і 6-га кавалерыйскага корпусаў пачалі высоўванне сваіх злучэнняў у зыходныя раёны ў Супрасльскай пушчы. Аднак адсутнасць службы рэгулявання на маршрутах 6-га механізіаванага корпуса, неразбярыха на дарогах, прывялі да вялікай колькасці аварый і страты часу. Марш адбываўся ва ўмовах безраздзельнага панавання ў паветры нямецкай авіяцыі, у выніку яе ўдараў толькі 7-я танковая дывізія страціла на працягу дня 63 танкі, да таго ж былі разгромлены ўсе палкавыя тылы[6].
Практычна не змаглі сканцэнтравацца ў зыходных раёнах для контрудара і злучэнні 6-га кавалерыйскага корпуса. Калі яго 6-я кавалерыйская дывізія ўвогуле не атрымала загаду на контрудар і працягвала пасля цяжкіх баёў пад Ломжай адыходзіць на ўсход, то 36-я кавалерыйская дывізія падчас маршу з раёна Ваўкавыска ў напрамку Гродна падвяргалася бесперапынным ударам авіаціі і на працягу некалькіх гадзін была рассеяна па навакольных лясах[7].
Такім чынам, ні адно са злучэнняў конна-механізаванай групы І. Болдзіна, прызначанае для нанясення 23 чэрвеня контрудара на гродзенскім напрамку, у зыходныя раёны выйсці не змагло.
24 чэрвеня
правіцьЗранку 24 чэрвеня да Нёмана ў раёне Гожы прарваўся 213-ы полк 56-й стралковай дывізіі разам з іншымі групамі, што прымкнулі да яго. На кароткі час быў захоплены нямецкі пантонны мост. Пад агнём праціўніка, несучы вялікі страты, байцы перапраўляліся на супрацьлеглы бераг. Уцалелыя групы накіраваліся далей у бок Ліды.
Даведаўшыся аб захопе Гродна, Дз. Паўлаў удакладніў задачы групы Болдзіна і 3-й арміі. Конна-механізаваная група ў складзе 6-га і 11-га механізаваных карпусоў і 36-й кавалерыйскай дывізіі павінна была авалодаць Гроднам і развіць наступленне па абодвух берегах Нёмана. Дапаможныя ўдары планавалася нанесці сіламі 85, 56 і 27-й стралковых дывізій 3-й арміі з задачамі выйсці на поўнач ад Гродна.[8]
Да світання часці 6-га мехкорпуса ў асноўным вышлі на зыходныя пазіцыі. На працягу дня злучэнні контрударнай групоўкі пры падтрымцы франтавой авіяціі 3-га дальнебамбардзіровачнага корпуса здолелі дабіцца некаторага поспеху. Не вытрымаўшы іх удару, 256-я нямецкая пяхотная дывізія была вымушана адыйсці. Да вечара танкі 6-га мехкорпуса выйшлі ў паласу абароны 27-й стралковай дывізіі. Тым часам супраць савецкіх войск камандуючы групай армій «Цэнтр» фельдмаршал Ф. Бок накіраваў асноўныя сілы 2-га паветранага флоту. Нямецкія самалёты бесперапынна наносілі ўдары, пазбаўляючы часці 3-й арміі і групы Болдзіна магчымасці манеўру. З фронту праціўнік арганізаваў жорсткую супрацьтанкавую абарону, так што савецкія танкісты неслі вялікія страты.
85-я стралковая дывізія наступала на Гродна з паўднёвага ўсходу, пад бамбёжкамі і авіяцыйнымі абстрэламі несла вялікія страты ў людзях і тэхніцы. Да вечара наступленне захлынулася. Слабаўзброеная 204-я механізаваная дывізія, якая прыбыла з раёна Ваўкавыска, ўтрымлівала пазіцыі на р. Ласосна, прыкрываючы левы фланг наступаючай танкавай групоўкі.
На працягу дня ішлі баі на рацэ Котра, савецкія войскі абаранялі Скідаль. Да вечара немцам удалося прарваць абарону ў некаторых месцах. Уначы савецкія падраздзяленні пачалі адступленне на Лунна.
25 чэрвеня
правіцьНягледзячы на далейшае пагаршэнне аператыўнай абстаноўкі ў выніку выхаду нямецкіх танкавых груп да Баранавічаў і Маладзечна і пагрозы акружэння ўсёй беластоцкай групоўкі Заходняга фронту, войскам былі пакінуты ранейшыя задачы. Цяжкія баі пад Гроднам працягваліся і 25 чэрвеня, але наступальныя магчымасці савецкіх войск хутка вычарпаліся. Праціўнік тым часам падцягнуў сюды супрацьтанкавую і зенітную артылерыю, а таксама 129-ю пяхотную дывізію.
85-я стралковая дывізія, адбіўшы некалькі атак праціўніка, працягнула наступленне, заняла некалькі вышынь і лінію старых рэдутаў перад Гродна, захапіла свой летні лагер на беразе Нёмана, асобныя падраздзяленні ўварваліся ў Гродна і выйшлі ў раён з паўночнага захаду ад горада.
204-я матарызаваная дывізія ва ўзаемадзеянні з 29-й танкавай дывізіяй дасягнула раёна Каробчыцы, Караліно, ахопліваючы Гродна з паўднёвага захаду, але затым 29-я танкавая дывізія адышла і замацавалася на ўсходнім беразе р. Ласосна.
Група Болдзіна без артпадрыхтоўкі, лабавымі танкавымі атакамі амаль без падрымкі пяхоты спрабавала ўзламаць абарону праціўніка, насычаную сродкамі супрацьтанкавай барацьбы. Невялікія тактычныя ўкліньванні заканчваліся авіяналётамі і адводам уцалелых танкаў. Група траціла сілы, людзей і баявую тэхніку ў бессэнсоўных атаках. Пры гэтым адсутнічала ўзаемадзеянне з суседзямі, заканчваліся боепрыпасы і паліва.
29-я танкавая дывізія сваім правафланговым 128-м палком у раёне Кузніцы ўступіла ў бой з часцямі нямецкай 162-й пяхотной дывізіі, якая падышла сюды. Не вытрымаўшы атакі пры моцнай артылерыйскай падтрымцы, полк адышоў. У тылавом раёне 29-й дывізіі збіраліся і прыводзілі сябе ў парадак падраздзяленні 27-й стралковай дывізіі. Рэшткі 36-й кавалерыйскай дывізіі трымалі пазіцыі ў раёне Крынак і Адэльска.
6-я кавалерыйская дывізія з раніцы 25 чэрвеня ў зыходным раёне для наступлення трапіла пад моцную бамбардзіроўку з паветра. Яе 94-ы полк страціў радёстанцыю і ўсю артылерыю, быў забіты камандзір палка. Кавалерысты 6-й дывізіі былі рассеяны і ў беспарадку пачалі адыходзіць у лясы на паўднёвы захад ад мястэчка Нова Воля і далей у напрамку Ваўкавыска. З-за адсутнасці паліва была знішчана частка машын 35-га танкавага палка.
У раёне Скідаля працягвалі баі асобныя падраздзяленні 59-га палка з 85-й дывізіі і 184-га палка — з 56-й. Перастрэлкі ішлі ўсю ноч на 25-е і ўвесь дзень 25 чэрвеня, пакуль нарэшце немцам не ўдалося поўнасцю авалодаць горадам.
Увечары 25 чэрвеня савецкае галоўнакамандаванне дазволіла генералу Дз. Паўлаву адвесці войскі ў ноч з 25 на 26 чэрвеня.
Адступленне савецкіх войск
правіць11-ы мехкорпус, гэтак жа як і 85-я дывізія, атрымаў загад адступіць на мяжу р. Свіслач, аднак па рашэнні камкора генерал-маёра Д. Маставенка застаўся на рубяжы Пагараны, Гібулічы, Кузніца, Сакулка, які утрымліваў да зыходу 26 чэрвеня. З улікам прарыву нямецкіх частак ад Кузніцы на Індуру паласа абароны 11-га мехкорпуса ад Пагаран да Сакулкі ўжо была разарвана на дзве часткі, і 33-я танкавая дывізія апынулася адрэзана ад асноўных сіл корпуса і адкінутая ў паласу конна-механізаванай групы Болдзіна.
У ходзе баёў 11-ы мехкорпус панёс вялікія страты. Паводле дадзеных палкавога камісара Андрэева, «у танкавых дывізіях засталося не больш за 300—400 чалавек, а ў мд — па адным няпоўным батальёне ў палку, танкаў — да 30 штук і да 20 бронемашын. Усе невялікія тылы дывізій былі спалены або расстраляныя авіяцыяй праціўніка, якая ганялася літаральна за асобнымі машынамі…»[9]
Злучэнні 3-й арміі тым часам пачалі адступленне з раёна Гродна на Масты — Навагрудак. 27-я стралковая дывізія, якая з 25 чэрвеня займала рубеж на рацэ Свіслач, прыкрываючы адыходзячыя часці, трапіла ў акружэнне і была знішчана. Прыкрываючыся высунутымі да перапраў ля Лунна і Мастоў часцямі 204-й матарызаванай дывізіі, астаткі злучэнняў 3-й арміі прасоўваліся ў напрамку Навагрудка, а затым Стаўбцоў. Частку баявой тэхнікі даваялося пакінуць на заходнім беразе Шчары ў раёне Слоніма. Злучыцца з асноўнымі савецкімі сіламі ім удалося толькі пад канец ліпеня ў раёне Рагачова.
Вынікі
правіцьГрупе Болдзіна ўдалося на некалькі сутак прыкаваць да Гродна значныя сілы праціўніка і нанесці яму істоны ўрон. Камандаванне групы армій «Цэнтр» было вымушана перакінуць сюды два армейскіх корпусы і павярнуць некаторыя часці 3-й танкавай групы генерала Гота. Контрудар аблегчыў, хоць і ненадоўга, становішча 3-й арміі. Аднак перахапіць ініцыятыву савецкім войскам не ўдалося, прычым механізаваныя корпусы панеслі вялізныя страты: напрыклад, у 11-м мехкорпусе засталося ўсяго 50 танкаў[10].
Галоўнымі прычынамі няўдалага зыходу контрудара стала адсутнасць надзейнай авіяцыйнай і артылерыйскай падтрымкі і зенітна-артылерыйскага прыкрыцця. Савецкія войскі панеслі значныя страты ў матэрыяльнай частцы і людзях ад авіяцыі і супрацьтанкавай артылерыі. Акрамя таго, з-за дрэннай арганізацыі забеспячэння яны пачалі цярпець недахоп у боепрыпасах і паліве.
Зноскі
- ↑ Тут пералічаныя злучэнні, якіяпадтрымлівалі 8-ы армейскі корпус.
- ↑ Знаходзілася на маршы з Полацка ў Крэва і ў Гродна да пачатку вайны так і не патрапіла
- ↑ У раён Гродна да пачатку вайны не патрапіў
- ↑ Абаронцы рубяжа на Аўгустоўскім канале працягвалі баі ў акружэнні. У ноч на 24 чэрвеня частка з іх вырвалася з кольца і, пераправіўшыся церез Нёман, адышла на ўсход. Гарнізоны асобных дотаў біліся да 26 чэрвеня.
- ↑ ЦАМО РФ. Ф. 208. Оп. 4857. Д. 11. Л. 48.
- ↑ Иринархов Р. С. Западный Особый. — С. 260.
- ↑ Иринархов Р. С. Западный Особый. — С. 261.
- ↑ Иринархов Р. С. Западный Особый. — С. 299.
- ↑ БЕЛОРУССКИЕ ХРОНИКИ, 1941 ГОД
- ↑ ЦАМО РФ. Ф. 208. Оп. 2511. Д. 206. Л. 34.