Будслаўскі абраз Маці Божай
Будслаўскі абраз Маці Божай — адзін з найбольш шанаваных каталіцкіх абразоў Беларусі. Знаходзіцца ў Касцёле Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі, Будслаў ў вёсцы Будслаў.[1] Галоўная ўрачыстасць абраза Маці Божай Будслаўскай святкуецца 2 ліпеня. 28 лістапада 2018 года урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай («Будслаўскі фэст») была ўнесеная ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКА[2][3].
Гісторыя
правіцьАбраз напісаны невядомым майстрам у XVI стагоддзі. Падараваны ў 1598 Папам Рымскім Кліментам VIII мінскаму ваяводзе Яну Пацу з находы яго пераходу з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода вельмі шанаваў абраз і змясціў яго ў сваім віленскім палацы . Пасля смерці Паца абраз перайшоў да капелана Ісака Салакая, які перавёз яго ў Даўгінава. У 1613 падараваў яго Будслаўскаму кляштару бернардзінаў, саступіўшы просьбам манахаў.
Паводле некаторых гістарычных звестак, цудоўнае з’яўленне Маці Божай айцам-бернардзінцам адбылося ў Будславе яшчэ ў 1588 годзе: пасля абраду святога хрышчэння народ убачыў незвычайнае святло, якое заззяла з неба і асвяціла капліцу і хаты. З гэтага часу і пачаліся першыя паломніцтвы ў Будслаў.
Абраз праславіўся цудамі вылечвання, якія апісаў пробашч Э. Зялевіч у кнізе «Задыяк на зямлі» (1650), і ў 1635 годзе быў перанесены ў галоўны алтар на месца абраза «Наведванне Марыяй Лізаветы».
Першы цуд, зафіксаваны ў 1617 годзе, — вяртанне зроку пяцігадоваму хлопчыку Іасафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым святаром-кармелітам. У той жа дзень Рэджынальд Тышкевіч пазбавіўся ад эпілепсіі, якая мучыла яго сем гадоў. Зялеевіч апісаў 42 цудоўных аздараўленняў і эпізод з Янам Вронскім, ротмістрам надворнай харугвы Яна Кішкі — вялікага гетмана і полацкага ваяводы. Паранены ротмістр патрапіў у маскоўскі палон у 1632 годзе і змог шчасліва вярнуцца дзякуючы зароку перад абразам, які належаў яго таварышу Лукашу Уладоўскаму. Магчыма, таму Ян Кішка стаў разам з віленскім гвардыян бернардзінцаў Фларыянам Калецкім і сямействам Далмат-Ісайкоўскіх адным з фундатараў каменнага касцёла ў 1633—1643 гадах. Той жа Калецкі падараваў 1-й палове XVII ст. шату для абраза.
У 1643 годзе майстар з Полацка Андрэй Кромер пабудаваў каменны касцёл, для якога майстар Пётр Грамель стварыў унікальны драўляны алтар, у яго і быў змешчаны цудатворны абраз. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў абраз быў часова вывезены ў мястэчка Саколка (Беласточчына). Бернардзіны Літоўскай правінцыі прапагандавалі культ абразу, ад пачатку ХІХ ст. друкавалі з яго гравюры. Пасля скасавання кляштару ў 1859 вядомасць абразу зменшылася. Тым не менш, у міжваенных «Каталогах Віленскай епархіі» сярод дзесяці касцёлаў з цудатворнымі абразамі Маці Божай згадваецца і Будслаўскі.
Ад пачатку 1990-х аднаўляецца культ абразу. Ад 1990 штогод адбываюцца паломніцтвы пілігрымаў, прымеркаваныя да 2 ліпеня. У 1991—1992 абраз быў рэстаўраваны В. Лукашэвічам. 2 ліпеня 1996 папскі нунцый архібіскуп Дамінік Грушоўскі абвясціў папскае пасланне, у якім Маці Божая Будслаўская названая патронкай Мінска-Магілёўскае архідыяцэзіі, у народзе лічыцца Апякункай Беларусі. 2 ліпеня 1998 года кардыналам Казімірам Свёнткам цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай быў каранаваны папскімі каронамі.
Святкаванне 400-годдзя здабыцця абраза
правіцьПерэгрынацыя напярэдадні святкавання 400-годдзя здабыцця Будслаўскага абраза Маці Божай, пачалася ў кастрычніку 2012 года ў мінскім Архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі і завершыцца фэстам у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе ў ноч з 5 на 6 ліпеня.
На ўрачыстасці ў Будслаў запрошаны праваслаўныя, мусульмане, іўдзеі, пратэстанты, прадстаўнікі дзяржаўнай улады і дыпламаты. Паводле рашэння Папы Рымскага Францыска старшыня Папскага савета па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан-Луі Таран будзе легатам пантыфіка на ўрачыстасцях. Ён плануе таксама адслужыць імшу ў архікафедральным касцёле беларускай сталіцы 7 ліпеня.
На ўрачыстасці ў Будслаў прыбыў і рэлікварый з машчамі каталіцкай святой з Францыі ?— Тэрэзы Немаўля Ісуса (Тэрэзы Малой ).
У гонар юбілею Будслаўскага абраза Маці Божай у Беларусі выпушчаны манета і паштовая марка.
Апісанне
правіцьАбраз намаляваны алеем на палатне памерам 72×65 см, іканаграфічна належыць да заходне-еўрапейскага тыпу Адыгітрыі. На зваротным баку дошкі знаходзіцца надпіс з каштоўнымі звесткамі аб гісторыі абраза і аўтара. Іканаграфія тыпу Адыгітрыі, трактаваная вольна, у духу італьянскага Рэнесанса. Маці Божая намаляваная да поясу, у чырвонай адзежы, белым галаўным уборы і цёмна-зялёным мафорыі з карункавай аблямоўкай. Асоба з правільнымі рысамі, мадэлёўка аб’ёму светлаценевая, левая палова ў глыбокім цені. Дзіцятка на левай руцэ ў вольнай паставе, у светлым хітоне і цёмна-жоўтым плашчы. Пухлыя ручкі працягнутыя да Маці: правая дабраслаўляе, а левай Ісус Хрыстос як бы дае Маці гранат, шматзначны знак вечнага жыцця, а таксама Хрысціянства, шматлікіх вернікаў якога адлюстроўваюць зерні. Асоба прыгожая, з тонкімі рысамі, погляд накіраваны на гледача. Фон высветлены, салатава-шэрага адцення, німбы вохрыстыя, разграфлёныя вострымі прамянямі.
На абразе — срэбны аклад, арнаментаваны вольна раскінутымі колерамі, і карона з каштоўнымі камянямі. Абраз складзены ў срэбную раму з арабескавым арнаментам у стылі позняга Рэнесанса, у арнамент упісаная постаць святога Казіміра і, магчыма, святой Ядзвігі. Усе гэтыя ўпрыгожванні належаць да найлепшых узораў ювелірнага мастацтва ў Беларусі. На абароце дошкі знаходзіцца надпіс з каштоўнымі звесткамі пра гісторыю абраза і алтара.
Гл. таксама
правіцьЗноскі
- ↑ ЭнцВКЛ 2005.
- ↑ Celebration in honor of the Budslaŭ icon of Our Lady (Budslaŭ fest) (англ.). ЮНЕСКА (5 лістапада 2018). Праверана 28 лістапада 2018.
- ↑ ЮНЕСКА ўключыла Будслаўскі фэст у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны . Наша Ніва (28 лістапада 2018). Праверана 28 лістапада 2018.
Літаратура
правіць- Ярашэвіч А. Будслаўскі абраз Маці Божай // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 353. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3).
- Брама да неба: Спеўнік пілігрыма Мінск-Будслаў. — Мн., 2008.
- Будслаўская базіліка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі / Рэд. Ю. Паўлюкевіч. — Мн., 2005.
- Падарожжа ў Будслаў: зборнік. — Мн.: Беларускі кнігазбор, 2002
- Кс. Владислав Завальнюк. История Будславской базилики // Pro Christo. 1998.
- Інакенцій Русецкі OFM. Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай // Pro Christo. 2001.
- Ежы Кавальчык. Старажытны алтар // Pro Christo. 2001.
- Аляксандр Ярашэвіч. Цудадзейны і старажытны // Наша вера. 2001 № 16, 2.
- Аляксандр Ярашэвіч. Роспісы Будслаўскага касцёла // Наша вера. 2001 № 16, 2.
- Інеса Багдзевич. Жывая вада з-пад каменю граху // Рэспубліка. № 155—156 19/07/2002
- Уладзімір Шык. Да Маці Божай Будслаўскай // Народная Воля № 135 11/07/2002
- В Будслав — поклониться иконе // Витебский Курьер. № 50 05/07/2002
- Анатолий Варавва. Путеводитель / Дороги ведут в Будслав // Путешественник. № 4(164) 2001.
- Галіна Калевіч. З гарачым сэрцам зімою — у Будслаў // Ave Maria 2001 № 1 (68).
- Ольга Надольская. Будслав. История белорусской Ченстоховы // Белорусская деловая газета. № 811 02/08/2000.
- Ирина Бут-Гусаим. Заступница Полесья белорусского // Белорусская деловая газета. № 797 08/07/2000
- Анатоль Клешчук. У Будславе — уся Беларусь // Звязда № 125 (23976) 8/07/2000.
- Василий Грынь. Будслав // Газета Автобизнес — Weekly № 17 (214) 4/05/2000.
- Антон Потоцкий. Будславский ружанец // Советская Белоруссия № 312 (20796) 9/12/2000.
- Ольга Надольская. В Беларуси возрождается паломничество // Газета ИМЯ № 209 15/07/1999.
- Людмила Селицкая. Пришли пилигримы на будславский фест // Советская Белоруссия. № 179 11/07/1998
- Корона для покровительницы Беларуси // Белорусская деловая газета. № 481 06/07/1998
- Ірына Жарнасек. Мы Твае дзеці // Ave Maria 1998 № 8-9 (46-47).
- Ірына Жарнасек. Дзённік пілігрыма да Маці Божай Будсласкай // Ave Maria 1995 № 7-8 (9-10).
- Алесь Высоцкі. У Будславе будзе два фэсты // Рэгіянальная газета.
- Рэлігія і царква на Беларусі. Энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Г. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Будслаўскі абраз Маці Божай
- Да 400-годдзя здабыцця Будслаўскага абраза Маці Божай // Дасье БелТА
- Партал Kraj.by. Архіў навін рубрыкі «400-годдзе здабыцця іконы Маці Божай у Будславе» Архівавана 19 лютага 2014.