Семінолы (англ.: Seminole), або Мікасукі (саманазва Mikasuki) — індзейскі народ у ЗША. Жывуць пераважна ў Фларыдзе і Аклахоме. Агульная колькасць (2014 г.) — 15 400 чал.

Семінолы
(Mikasuki)
Агульная колькасць 15400 (2014 г.)
Рэгіёны пражывання ЗША
Мова мікасукі, маскогі
Рэлігія хрысціянства, культ продкаў, татэмізм
Блізкія этнічныя групы крык, алабама, чыкаса, апалачы, чакта

Гісторыя правіць

Семінолы вылучыліся з плямён індзейцаў, прамых продкаў крык, якія насялялі даліну ракі Місісіпі. У выніку ваенных сутычак паміж індзейцамі і брытанскімі пасяленцамі ў Караліне і Алабаме ў пачатку XVIII ст. частка крык, а таксама прадстаўнікі суседніх плямён мігрыравалі ў Фларыду, якая ў той перыяд належала Іспаніі. Карэннае насельніцтва Фларыды накшталт тымукуа да таго часу фактычна знікла з-за эпідэмій і сутычак з іспанцамі і індзейцамі з поўначы. Два найбольш буйныя перасяленні крык у Фларыду адбыліся ў 1767 г. і 1778 г. У 1771 г. у іспанскіх дакументах упершыню быў выкарыстаны тэрмін «семінолы». Лічыцца, што ён паходзіць ад ісп.: Cimarrón, але самі семінолы сцвярджаюць, што назва паходзіць з іх асабістай мовы (yat'siminoli, літаральна «вольныя людзі»).

Менавіта ў другой палове XVIII ст. у Фларыдзе адбывалася культурнае яднанне семінолаў, да якіх далучаліся крэолы і беглыя негры з паўночнаамерыканскіх калоній. Іспанскія ўлады не абмяжоўвалі самакіраванне асобных груп перасяленцаў, аднак сачылі за тым, каб яны не склалі адзінага палітычнага аб’яднання. Тым не менш, у 1783 г. узгадваўся іх адзіны правадыр Ахая. Семінолы актыўна запазычвалі еўрапейскія звычаі — асвойвалі сельскую гаспадарку, будавалі жытло еўрапейскага тыпу, займаліся гандлем. У XIX ст. іх было прынята называць «адным з цывілізаваных плямён».

Першыя сутычкі семінолаў з амерыканскімі плантатарамі назіраліся яшчэ ў канцы XVIII ст., калі індзейцы са згоды іспанцаў рабілі набегі на тэрыторыю Джорджыі. У 1816 г. урадавыя войскі ЗША атакавалі памежную крэпасць, якую кантралявалі семінолы, і знішчылі 306 чалавек. У 1818 г. амерыканцы спалілі шэраг індзейскіх і іспанскіх паселішчаў на поўначы Фларыды. Гэты інцыдэнт увайшоў у гісторыю як «першая семінольская вайна».

Сітуацыя абвастрылася пасля далучэння Фларыды да ЗША ў 1819 г. Паміж выхадцамі з амерыканскіх штатаў і семіноламі пачаліся канфлікты з-за ўласнасці на зямлю. 28 мая 1830 г. быў прыняты закон аб перасяленні індзейцаў з тэрыторый на ўсход ад Місісіпі, у тым ліку з Фларыды. Ён прадугледжваў згоду з боку перасяленцаў і значную кампенсацыю за згубу зямель. Але ў рэчаіснасці армія ЗША парушала прынцып добраахвотнасці. У 1835 г. правадыр семінолаў Асі-Ахола (вядомы таксама як Ацэола) падняў паўстанне. Хаця ён быў захоплены ў палон і памёр у турме, яго паплечнікі працягвалі барацьбу да 1842 г. У выніку «другой семінольскай вайны» ЗША згубілі 1500 сваіх грамадзян, пераважна салдат. Аднак большасць семінолаў была вымушана падпарадкавацца закону і перасялілася на тэрыторыю Аклахомы.

Перасяленцы ў Аклахому сутыкнуліся з далейшым пераследам з боку амерыканскай заканадаўчай сістэмы, якая абмяжоўвала іх землекарыстанне. Акрамя таго, узніклі спрэчкі з раней пераселенымі ў Аклахому іх сваякамі-крык. Семінолы выступалі саюзнікамі Канфедэрацыі падчас Грамадзянскай вайны ў ЗША. Зямельныя спрэчкі былі ўрэгуляваны толькі ў 1909 г. У 1924 г. яны атрымалі амерыканскае грамадзянства. З 1934 г. дзейнічае сістэма самакіравання Семінольскай Нацыі, прызнаная федэральным урадам.

Каля 500 семінолаў не пакінулі Фларыду і схаваліся ў раёне Эверглейдс. У 18551858 гг. паміж семіноламі Фларыды і амерыканскімі войскамі зноў успыхнуў канфлікт, вядомы як «трэцяя семінольская вайна». Ён скончыўся заключэннем дагавора, паводле якога былі створаны дзве рэзервацыі, падпарадкаваныя федэральнаму ўраду, дзе індзейцы захоўвалі правы на зямлю і самакіраванне. З пачатку XX ст. прадпрымаюцца захады да адраджэння культуры фларыдскіх семінолаў. У 1976 г. суд задаволіў патрабаванне фларыдскіх семінолаў кампенсаваць іх зямельныя страты з 1823 г. на суму каля 18 млн долараў.

Культура правіць

Да перасялення ў Фларыду продкам семінолаў было знаёма ручное земляробства, якім займаліся жанчыны. У першых іспанскіх запісах семінолы ўзгадваюцца пераважна як паляўнічыя і збіральнікі, хаця ў іх мелася свойская жывёла — сабакі і коні. Да пачатку XIX ст. яны асвоілі таварную сельскую гаспадарку, вырошчвалі на продаж кукурузу, бананы, садавіну, цукровы трыснёг, трымалі коней і кароў. Мужчыны займаліся доглядам жывёлы, ваеннай справай, лічыліся добрымі гарбарамі. Гарбарскае рамяство асабліва добра захавалася сярод семінолаў Фларыды. Праца на зямлі, выраб кошыкаў і ўпрыгожванняў з’яўляліся жаночай справай.

У мінулым семінолы жылі ў адносна невялікіх стацыянарных вёсках. Такі тып паселішча захаваўся ў Фларыдзе. Падчас вымушанай міграцыі ў забалочаныя раёны фларыдскія семінолы пачалі будаваць чыкі, драўляныя каркасныя хаціны на па́лях без сцен. Дах накрывалі трыснягом. Бярвёны счаплялі з дапамогай вяровак. Чыкі выдатна прыстасаваны да фларыдскага клімата з яго частымі ўраганамі. Сярод семінолаў Аклахомы пераважаюць сучасныя пабудовы еўрапейскага тыпу.

Традыцыйная жаночая вопратка складалася з доўгай спадніцы, кароткай блузы з доўгімі рукавамі, вялікай колькасці пацеркаў і караляў. Мужчыны апраналі кашулю з шырокім разрэзам, доўгую насцегнавую повязь, галаву ўпрыгожвалі цюрбанам з некалькіх адрэзкаў ваўнянай тканіны. У XX ст. у моду ўвайшлі аплікацыі і адзенне, пашытае з лапікаў. Яго часцяком дэманструюць у якасці нацыянальнай вопраткі і прадаюць як сувенір.

Асновай сацыяльнай арганізацыі ў мінулым была малая нуклеарная сям'я. Зямля, на якой знаходзіліся пабудовы, належала жанчыне і перадавалася па жаночай лініі. Адлік сваяцтва таксама вёўся па жаночай лініі. Такім чынам, дзеці, народжаныя ў шлюбе з іншаземцамі або нават у пазашлюбных адносінах, лічыліся роўнымі з астатнімі семіноламі. Главой сям’і, аднак, быў мужчына. Сем’і аб’ядноўваліся ў 7 кланаў, што кіраваліся старэйшымі мужчынамі. Кожны клан меў сваю татэмную выяву. Шлюбы па-за межамі клана не заахвочваліся. Кланавая сістэма захавалася ў семінолаў Фларыды. Аднак у семінолаў Аклахомы падчас перасялення і размеркавання зямлі адбыўся падзел на 14 тэрытарыяльных груп, якія адрозніваюцца сваімі дыялектамі.

Інстытут ваенных правадыроў вядомы здаўна. Відавочна, ён пачаў адыгрываць важную ролю ў перыяд перасялення на поўдзень, калі мігранты-семінолы сутыкаліся з іншымі плямёнамі. Але ў канцы XVIII ст. з’явіўся інстытут адзінага правадыра, які прадстаўляў перад еўрапейцамі ўсіх семінолаў. Яго ўлада не была безумоўнай, магла быць аспрэчана з боку іншых правадыроў. Тым не менш, інстытут адзінага правадыра адыграў важную ролю ў гады войн з амерыканцамі, а потым — пры перасяленні ў Аклахому.

У наш час семінолы Фларыды маюць супольнае кіраванне дзвюма рэзервацыямі. Галоўным кіруючым органам з’яўляецца Агульная Рада на чале з выбраным вярхоўным правадыром і яго намеснікам. У Агульную Раду ўваходзяць прадстаўнікі ад кожнага клана. Асобнай судовай сістэмы няма. У сярэдзіне XX ст. для вырашэння фінансавых пытанняў семінолы Фларыды зарэгістравалі карпарацыю, якая прадстаўляе эканамічныя інтарэсы ўсіх сталых жыхароў рэзервацый. Карпарацыя валодае прамысловымі прадпрыемствамі, займаецца турызмам і гандлем. На чале карапарацыі стаіць рада дырэктараў.

Нацыя семінолаў Аклахомы не мае сваёй рэзервацыі. Яе адносіны з федэральным урадам ЗША рэгулююцца праз дамову. Прадстаўніцтва Нацыі знаходзіцца ў паселішчы Вевока, дзе збіраюцца абраныя правадыры тэрытарыяльных груп. Яны зацвярджаюць супольныя законы, аднак на ўзроўні кожнай групы могуць прымацца падзаконныя акты. 8 сакавіка 1968 г. была прынята Канстытуцыя Нацыі семінолаў Аклахомы. Агульнай радзе правадыроў падпарадкоўваецца некалькі выканаўчых дэпартаментаў, якія часткова фінансуюцца самімі семіноламі, часткова — федэральным урадам ЗША.

Семінолы маюць багаты фальклор. Распаўсюджаны гістарычныя паданні, легенды, казкі. Танцы маюць рытуальнае значэнне.

Чорныя семінолы правіць

Чорнымі семіноламі прынята называць семінольска-негрыцянскіх крэолаў. Паселішчы беглых неграў-рабоў з поўдня ЗША ўзніклі сярод семінолаў у канцы XVIII ст. і ў далейшым стала пашыраліся, паколькі семінолы не прызнавалі рабства. Чарнаскурыя пасяленцы звычайна разглядаліся як саюзнікі, але часцяком уступалі ва ўзаемны шлюб з індзейцамі і жылі па іх законах. Яны прымалі актыўны ўдзел у так званых «семінольскіх войнах». У 1842 г. разам з індзейцамі з Фларыды ў Аклахому перасялялася каля 800 чорных семінолаў.

У 1849 г. генеральны пракурор ЗША пастанавіў, што чорныя семінолы працягваюць заставацца рабамі, не маюць агульных правоў атрымоўваць зямлю разам са свабоднымі людзьмі і павінны здаць зброю. У адказ частка чорных семінолаў перайшла на бок Мексікі. Іншыя пераязджалі ў Канаду. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны тыя, што засталіся, атрымалі ва ўласнасць невялікія надзелы зямлі, але хутка згубілі іх у выніку махінацый з боку буйных белых землеўладальнікаў.

У наш час у ЗША жыве каля 700 чалавек[1], якія размаўляюць на крэольскай семінольскай гаворцы.

Мовы правіць

Семінолы Аклахомы размаўляюць на мове маскогі, агульнай з іх суродзічамі-крык. Семінолы Фларыды размаўляюць на мове мікасукі. Нягледзячы на адзінае паходжанне, абедзве мовы істотна адрозніваюцца лексічна.

Рэлігія правіць

Старажытная рэлігія семінолаў захоўвае рысы шанавання продкаў, а таксама прыродных з’яў. Абрадавы гадавы цыкл прысвечаны земляробству, татэмам груп і кланаў, складаецца з мужчынскіх і жаночых танцаў, гульні ў мяч, нанясення рытуальных пашкоджанняў і г. д. У семінолаў Аклахомы захоўваюцца спецыяльныя месцы для арганізацыі абрадаў.

У XIX ст. семінолы прынялі хрысціянства. Большасць вернікаў з’яўляецца пратэстантамі.

Зноскі

Спасылкі правіць