Байга (саманазва: बैगा) — народ і каставая група ў Індыі, карэннае насельніцтва Чхатысгарха, Мадх’я-Прадэш і Джхаркханда. Невялікая група байга таксама жыве ў Бангладэш. Агульная колькасць (2021 г.) — 572 100 чалавек[1].

Байга
(बैगा)
Young Baiga women, India.jpg
Агульная колькасць 572100
Рэгіёны пражывання Індыя, Бангладэш
Мова чхатысгархі
Рэлігія індуізм, анімізм
Блізкія этнічныя групы хіндустанцы, канвар

ПаходжаннеПравіць

Назва «байга» азначае людзей, якія займаюцца лекаваннем і магіяй. Нягледзячы на тое, што яны здаўна кантактавалі з гондамі і запазычвалі іх лексіку, яны размаўляюць на індаеўрапейскай мове. Лічыцца, што першасным месцам іх рассялення былі горныя раёны Чхатысгарха. Сярод гондаў байга выконвалі функцыі жрацоў. Тым не меней, байга адасабляюць сябе ад брахманаў, кажуць, што Бхаван (бог-стваральнік) даў ім сякеру, а брахманам — прылады для пісьма.

Асаблівасці культурыПравіць

Байга звычайна селяцца ў лясной мясцовасці. Самі яны гэта тлумачаць адмовай апрацоўкі зямлі з дапамогай плуга па рэлігійных прычынах, а таму жыццё ў развітых земляробчых раёнах ім падаецца непрымальным. У мінулым групы байга захоўвалі надзвычайную мабільнасць, маглі пакідаць раней населенае імі месца, а таму сярод іх не прынята мець вялікую колькасць асабістай маёмасці. Спробы адміністрацыі Брытанскай Індыі ў канцы XIX — пачатку XX ст. мадэрнізаваць грамадства байга, забяспечыць іх маёмасцю і ператварыць у сталых земляробаў не мелі поспеху.

Аснова традыцыйнай эканомікіпаляванне і збіральніцтва. Яны збіраюць ядомыя плады, карэнне, лісце, грыбы, яйкі дзікіх птушак, палююць на самых розных жывёлін, у тым ліку мангустаў і пацукоў. Пры магчымасці займаюцца рыбалоўствам. Тым не меней, яны залежаць ад сельскай гаспадаркі, у тым ліку земляробства. Апошняе прыстасавана да іх рэлігійных перакананняў. Байга сякуць і выпальваюць надзелы лесу, пасля чаго кідаюць зярняты ў попел. Пасля сезонных дажджоў пасеяныя такім чынам культуры прарастаюць. Зямля амаль не апрацоўваецца да збору ўраджая. Байга вырошчваюць гародніну, збожжавыя расліны, опіумны мак, сачавіцу і г. д. Звычайнай ежай лічыцца рысавы булён, у які кідаюць кавалкі іншага харчу. Прыкладна праз тры гады палеткі страчваюць урадлівасць. Іх пакідаюць. У пошуках новых лясных аблогаў могуць перанесці ўсё паселішча на новае месца.

Жывёлагадоўля адыгрывае другасную ролю. Трымаюць свінняў, кароў, буйвалаў. Хатнія рамёствы разлічаны на забеспячэнне ўласнай гаспадаркі, абмежаваны простай апрацоўкай жалеза і драўніны. Часам на продаж плятуць цыноўкі. Тканіны купляюць або абменьваюць у суседзей.

Вёскі байга нагадваюць чатырохкутнік. Яго межы вызначаны камянямі і густымі зараснікамі дзікіх раслін. Ва ўнутранай частцы вакол мяжы будуюць жытлы. Значную частку вёскі займае супольны пляц. Вясковыя могілкі месцяцца ў зарасніках за жылымі хацінамі. Апошнія ўяўляюць сабою двухкамерныя бамбукавыя пабудовы з адзіным уваходам. У бліжэйшай да ўвахода камеры трымаюць хатняе начынне і агмень для абагрэву. У аддаленай камеры спяць, часам гатуюць ежу, арганізуюць куток для сямейных рэлігійных рытуалаў. Звычайна перад уваходам робяць навес, прастору пад якім выкарыстоўваюць для гаспадарчых патрэб і баўлення часу. Да хацін прымыкаюць загоны для свінняў, прычым іх архітэктура мала адрозніваецца ад жылой. Нават у нашы дні байга аддаюць перавагу ручным керамічным вырабам, начынню з драўніны, гарбузоў і лісця.

Традыцыйная вопратка байга надзвычай сціплая. Мужчыны затуляюць цела кавалкам тканіны. У мінулым насілі доўгія валасы, сабраныя ў пук. Традыцыйнае жаночае адзенне лугра — доўгі кавалак ружовай тканіны, абгорнуты вакол таліі, грудзей і перакінутая праз плячо. Да яе прыкладаецца кароткая спадніца. Жанчыны ўпрыгожваюцца металічнымі бранзалетамі, завушніцамі, каралямі, з 5 гадоў робяць на твары і іншых частках цела татуіроўкі.

Галоўная прычына, дзякуючы якой адносна невялікі народ байга захаваў самабытнасць, — эндагамія. Шлюбы з прадстаўнікамі іншых этнасаў і каст здараюцца толькі ў выпадку рэдкага выключэння. Болей за тое, знутры грамадства байга існуюцьь эндагамныя супольнасці джаці, паміж якімі адбываецца суперніцтва за прэстыж. Джаці падзяляюцца на экзагамныя аб'яднанні гарх і гоці, што уяўляюць тэрытарыяльна-сваяцкія адзінкі, звычайна адлічваюць пачатак роду ад адзінага бацькі, радзей дзеда. У некаторых выпадках дазваляюцца шлюбы паміж дзядамі або бабулямі з іх унукамі. Здараюцца дзіцячыя шлюбы і шматжонства. Найбольш распаўсюджаны малыя нуклеарныя сем'і, дзе галоўную ролю адыгрывае мужчына. Адлік сваяцтва адбываецца па мужчынскай лініі. Разводы дазволены, але ўся сямейная маёмасць пры гэтым перадаецца мужу. Сям'і належыць занятае ёю жытло і апрацаваная зямля. На чале вёсак стаяць прызначаныя старасты мукадам.

Амаль усю сваю гісторыю байга шчыльна звязаны з гондамі, выконваюць сярод іх функцыі жрацоў, лекараў і арганізатараў рытуалаў. Гонды лічаць байга выдатнымі магамі, што могуць выклікаць дождж, спыніць землятрус, абараніць ад дзікіх жывёл. Хаця шлюбы паміж прадстаўнікамі гэтых народаў забаронены, яны маюць многія супольныя звычаі. Байга часцяком наведваюць кірмашы і святы, запрашаюцца на вяселлі. Яны знакаміты як выдатныя танцоры, вынаходнікі танца карма.

МоваПравіць

Байга размаўляюць на дыялекце байгані, які ў нашы дні прызнаны часткай мовы чхатысгархі. Утрымоўвае шмат лексічных запазычванняў з мовы гондаў.

РэлігіяПравіць

Байга — індуісты, складаюць асобную рэлігійную касту. Захоўваюцца многія магічныя і анімістычныя абрады.

Зноскі

СпасылкіПравіць