Хіндустанцы

Хіндуста́нцы (дэванагары: हिन्दुस्तानी) — агульная назва індаарыйскага насельніцтва Індыі, якое карыстаюцца мовай хіндустані. Жывуць пераважна ў штатах Утар-Прадэш, Хар’яна, нацыянальным сталічным рэгіёне Дэлі, на поўначы штата Мадх’я-Прадэш. Паколькі ў навуковай літаратуры і статыстыцы статус хіндустані канчаткова не вызначаны, яны не вылучаюцца як асаблівая група пры падліке насельніцтва. Агульная колькасць складае некалькі сот мільёнаў чалавек.

Хіндустанцы
(हिन्दुस्तानी)
Family 1.JPG
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Індыя
Мова хіндустані
Рэлігія індуізм, іслам, сікхізм
Блізкія этнічныя групы гуджаратцы, раджастханцы, канвар

ПаходжаннеПравіць

Хіндустанцы з'яўляюцца нашчадкамі адначасова насельніцтва старажытнай паўночнай Індыі і прадстаўнікоў Ямнай культуры, якія мігрыравалі ў Паўднёвую Азію каля 3500 гадоў таму. Генетыкі сцвярджаюць, што сучасныя паўночныя індыйцы ўспадкавалі індаеўрапейскае паходжанне пераважна па мужчынскай лініі[1]. Перасяленне суправаджалася распаўсюджваннем ведыйскай мовы і рэлігіі. У старажытных творах Рыгведа і Артхашастра неіндаеўрапейскае насельніцтва звалася словам даса (санскрыт: दास). Яно значыла адначасова ворагаў і слугаў. Аднак з сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. гэтае слова не ўжывалася ў дачыненні да насельніцтва верхняй і сярэдняй плыні ракі Ганг і яго прытокаў[2]. Вызначаная тэрыторыя стала месцам фарміравання хіндустанцаў.

Першапачаткова нашчадкі індаеўрапейскіх мігрантаў стварылі каля 16 дзяржаў. У 317 - 180 гг. да н. э. усе яны ўвайшлі ў склад імперыі Маур’яў[3], цэнтрам якой стала Інда-Гангская раўніна. У імперыі распаўсюджваліся адзіныя прыклады культуры, мовы санскрыт і пракрыт, супольная рэлігія будызм. Моцныя культурныя кантакты захоўваліся нават пасля яе знікнення. Адным з галоўных культурных цэнтраў на поўначы Індыі стаў Варанасі[4]. У ім сфарміравалася некалькі рэлігійна-філасофскіх школ, якія аказалі моцны ўплыў на распаўсюджанне індуізму. З 1000 г. распаўсюджвалася літаратурная форма хіндустаніхіндзі.

Мусульманскія заваяванні XII - XVI стст. суправаджаліся перасяленнем новых груп мігрантаў з Цэнтральнай Азіі і Ірана. Цвярскі купец Афанасій Нікіцін заўважыў наступнае[5]:

У Індыйскай зямлі княжаць усе харасанцы, і баяры ўсе харасанцы. А гундустанцы ўсе пешыя і ходзяць перад харасанцамі, якія на конях...

Пачынаючы з эпохі Дэлійскага султаната вышэйшыя колы насельніцтва шырока выкарыстоўвалі персідскую мову[6]. Уплыў мусульманскай культуры асабліва адчуваўся на паўночным ўсходзе, дзе ўзнікла мова ўрду як стандартызаваны варыянт хіндустані.

Да сярэдзіны XX ст. хіндустанцы вылучыліся як асаблівая група з супольнай гісторыяй, многімі агульнымі рысамі прафесійнай і пабытовай культуры, але істотнымі моўна-дыялектнымі разыходжаннямі, тэрытарыяльна-адміністрацыйным падзелам, рэгіянальнымі, рэлігійнымі і каставымі асаблівасцямі.

Асаблівасці культурыПравіць

ГаспадаркаПравіць

 
Ткацкае рамясво ў Варанасі

Тэрыторыя, населеная хіндустанцамі, — старажытны развіты рэгіён земляробства[7]. Кліматычныя і геаграфічныя ўмовы дазваляюць атрымоўваць багатыя ўраджаі на працягу ўсяго года, але патрабуюць значных намаганняў для паляпшэння меліярацыі і ірыгацыі. Большасць земляробчых гаспадарак маюць малую плошчу і развіваюцца як комплексныя. Важную ролю ў побыце сялян мае жывёлагадоўля. Прычым, з часоў міграцыі старажытных арыяў галоўнай свойскай жывёлай застаецца карова. Таксама трымаюць буйвалаў, зебу, хатнюю птушку, на пашавых землях — авечак і коз.

Рамесніцкая дзейнасць узнікла ў старажытнасці. Характэрна вылучэнне прафесійных каст, якія спецыялізуюцца на пэўнай вытворчасці. Асабліва развіты ганчарства, ткацтва, апрацоўка металаў, ювелірная справа[8]. Паўночная Індыя — радзіма некалькіх архітэктурных стыляў[9]. З XX ст. інтэнсіўна развіваецца прамысловасць.

ПаселішчыПравіць

Для сельскай мясцовасці характэрны адносна невялікія вёскі да 300 двароў. Яны месцяцца ўздоўж дарог або папросту на неўрадлівых землях, часцяком далёка ад крыніц вады. Гэта тлумачыцца высокай шчыльнасцю насельніцтва і каштоўнасцю зямлі, прыдатнай для сельскай гаспадаркі. Жытлы будуюцца кварталамі шчыльна адно да іншага. На поўдні ад Дэлі вёскі часцяком не маюць планіроўкі, аднак для іх характэрны прысядзібныя надзелы з садамі і агарожай. Найбольш старыя вёскі належаць прадстаўнікам адной касты, іх жыхары спецыялізуюцца на пэўнай дзейнасці. Традыцыйныя вясковыя жытлы ўзводзяцца з дрэва, камянёў і гліны. Каля 200 - 100 гадоў таму распаўсюдзіліся цагляныя будынкі, змацаваныя гразевым растворам, з пляскатымі дахамі. У 1991 г. яны складалі 17% ад жыллёвага фонда Індыі[10]. Дамы простых сялян і сельскагаспадарчых рабочых аднапакаёвыя[11].

Гарадскія паселішчы вядомы з ведычнага перыяда. У 1 тысячагоддзі н. э. былі складзены правілы індуісцкай архітэктуры Васту Шастра. Яны ўключалі 5 розных форм планавання горада[12]. У эпоху Вялікіх Маголаў планаванне гарадоў стала абавязковым. Вылучаліся сталічныя гарады з умацаваннямі, знутры якіх будаваліся сталыя рэзідэнцыі імператара і вярхоўных вяльмож, з шырокімі плошчамі перад галоўнай брамай, гарады вакол крэпасцяў, часовыя гарады-рэзідэнцыі. Іх жыхары былі служачымі, гандлярамі і рамеснікамі, займаліся сельскай гаспадаркай. У 1629 - 1643 гг. насельніцтва Агры складала 660 тысяч чалавек[13] (для параўнання ў Лондане жыло каля 350 - 400 тысяч чалавек, у Мінску — 4-5 тысяч чалавек). У XX ст. з'явіліся інавацыйныя формы планавання сучасных гарадоў, прыкадам чаму з'яўляюцца Новы Дэлі і Чандыгарх.

КухняПравіць

Кухня хіндустанцаў адрозніваецца рэгіянальнымі і рэлігійнымі асаблівасцямі. Так, індуісты не ўжываюць ялавічыну, а мусульманесвініну. Наогул, мясныя стравы прадстаўлены ў мусульманскай кухне лепей, чым у індуісцкай. У Хар'яне пераважаюць простыя сельскія стравы на аснове збожжавых, бабовых і вяршковага масла. У мінулым хлебныя аладкі році пяклі з 3 розных відаў мукі, хаця ў нашы дні пераважаюць аладкі з пшаніцы[14]. У штаце Утар-Прадэш вылучаюць 3 рэгіёны з рознымі традыцыямі кулінарыі[15]. Тут папулярны стравы з гародніны, сыра і яек. Наваколлі Агры славяцца цукеркамі з сока гарбуза. Хіндустанская кухня вядома шырокім выбарам спецый, якія дадаюць у стравы ў змяшаным выглядзе (т.з. масала).

СпасылкіПравіць

ЗноскіПравіць