Банджа́ра, вядомыя таксама як ламбані, ламані, гармаці і інш. — народ у Індыі, Пакістане і Бангладэш. Жывуць пераважна ў Раджастхане, Гуджараце і Сіндзе. Агульная колькасць - 707 400 чал. (2015 г.)[1][2]. У літаратуры часцяком параўноўваюцца з цыганамі ці нават называюцца індыйскімі цыганамі[3].

Банджара
Агульная колькасць 707400 (20915)
Рэгіёны пражывання  Індыя - 6147000

 Пакістан - 90000
 Бангладэш - 3400

Мова банджары
Рэлігія індуізм, іслам
Блізкія этнічныя групы гуджаратцы, раджастханцы, сіндхі

Паходжанне

правіць

Згодна паданням саміх банджара, яны вядуць свой род ад Крышны або ад раджпутаў. Сярод індыйцаў банджара вядомы пад 53 рознымі найменнямі. Індыйскі вучоны Матырадж Ратход, сам банджара па паходжанню, сцвярджае, што найбольш старажытнае іх найменне ламані з’явілася ўжо ў IV ст. да н. э. пасля іх міграцыі на захад паўвострава Індастан з тэрыторыі сучаснай афганскай правінцыі Гор, а назва банджара ўкаранілася толькі ў часы Вялікіх Маголаў. Махан Найк, другі вучоны-банджара, лічыць, што гэты народ — выхадзец з Харапы.

Лінгвістычныя даследаванні паказваюць, што мова банджары́ блізкая да моў сіндхі, гуджараці і раджастхані. Акрамя таго, сучасныя банджара жывуць пераважна ў рэгіёне паўночна-заходняй Індыі і паўднёва-усходняга Пакістана. Такім чынам, гэта тэрыторыя найхутчэй з’яўляецца карэннай для гэтага народа.

Той факт, што банджара вядуць качавы лад жыцця, спрыяў таму, што ўжо з XIX ст. некаторыя аўтары атаяснялі іх з цыганамі. Сучасныя вучоныя лічаць, што цыганы паходзяць з заходняй часткі Індастана і генетычна блізкія да жыхароў Пенджаба, а іх мова блізкая да заходніх арыйскіх моў[4][5]. Гэта сведчыць пра тое, што цыганы і банджара сапраўды могуць мець адзінае паходжанне.

Гісторыя

правіць

У старажытнасці банджара займаліся рубкай лесу і перавозкай грузаў на паўночным захадзе Індастана. У сярэднявечных арабскіх крыніцах яны ўзгадваюцца як гандляры драўнінай. Рассяленне банджара за межы рэгіёна першаснага пасялення пачалося толькі ў другой палове 2 тысячагоддзя н. э. Як транспартоўнікі і забеспячэнцы яны мелі прывілегіі ў імперыі Вялікіх Маголаў. Яны служылі манархам Хайдарабада і дзяржавы маратхаў. Брытанская Ост-Індская кампанія выкарыстоўвала іх паслугі перавозчыкаў пры заваяванні Індыі. Акрамя таго, яны былі вядомы як дробныя гандляры збожжам, какосамі, соллю і спецыямі.

У 1793 г. брытанскія ўлады забаранілі качавы лад жыцця банджара. Гэта прывяло да супраціўлення ў форме крадзяжоў, нападаў і рабаўніцтва і стварэння паўкрымінальных ваенных фарміраванняў у лясах Дэкана. У пачатку XX ст. банджара арганізавалі адкрытае паўстанне супраць брытанцаў на захадзе Раджастхана і Гуджарата. Лідар паўстання Гавіндгіры Махарадж высоўваў не толькі палітычныя, але і рэлігійныя патрабаванні. У 1913 г. ён і каля 1000 яго прыхільнікаў былі арыштаваны. Супраць дзейнасці банджара былі накіраваны брытанскія крымінальныя акты 1897 г. і 1924 г.

Падчас падзелу былой брытанскай калоніі на незалежныя Індыю і Пакістан у 1947 г. многія банджара сталі ахвярамі рэлігійных ганенняў. У сучаснай Індыі банджара ўваходзяць у афіцыйны спіс племянных груп адывасі, якія маюць пэўныя льготы і дзяржаўную падтрымку. У Індыі і Пакістане вылучыўся пласт інтэлектуалаў-прадстаўнікоў гэтага народа.

Культура

правіць
 
Танец гхумар

Банджара здаўна вялі качавы і паўкачавы лад жыцця, займаліся дробным гандлем і перавозкамі. Падчас сутычак з адміністрацыяй Брытанскай Індыі ў XIX - першай трэці XX стст. многія мужчыны-банджара займаліся крымінальнай дзейнасцю. Вобраз банджара як качэўнікаў-гандляроў і злачынцаў да нашых дзён існуе ў Індыі і Пакістане. Пераслед вымусіў сем'і банджара сяліцца ў лясных і горных зонах, паасобку ад вёсак у паселішчах танда. Там яны займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, гандлявалі з суседзямі маладняком коз. Пасля абвяшчэння незалежнасці Індыі і Пакістана многія банджара жывуць у гарадах, дзе ствараюць асобныя часовыя лагеры з шатроў або арандуюць памяшканні. У Індыі асноўны прыбытак атрымоўваюць ад дзяржаўнай і грамадскай сацыяльнай дапамогі, займаюцца дробным гандлем, жабрацтвам, арганізуюць відовішчы.

Банджара маюць надзвычай складаную сацыяльную арганізацыю. Індуісты падзяляюцца на 22 касты, якія паходзяць ад розных рэгіянальных груп. Акрамя таго, вылучаюцца падкасты і буйныя экзагамныя роды пада. Мусульмане не прызнаюць каставага падзелу, але таксама вылучаюць буйныя родавыя калектывы. Унутраны падзел роду і яго арганізацыя індывідуальны, залежаць ад традыцыі. Кожная каста і род маюць свой асобны статус. З-за сацыяльнай канкурэнцыі паміж выхадцамі з розных каст і родаў могуць быць варожыя адносіны. Асобна стаяць касты слуг і музыкантаў дхаадзі, музыкантаў і паэтаў бхаат.

Банджара трымаюцца паасобку ад іншага насельніцтва і абмяжоўваюць кантакты дзелавымі стасункамі. Сябе яны называюць гармаці ("жывёлагадоўцы"), а іншаэтнічныя групы — кор. Апошняе слова можа ўжывацца ў абразлівым значэнні. У сельскай мясцовасці і гарадах банджара ствараюць абшчыны, якія падобна іх паселішчам, завуцца танда. У абшчынах жывуць прадстаўнікі розных каст і родаў. На чале абшчыны стаіць "губернатар", які абіраецца з прадстаўнікоў найбольш значнага рода або атрымоўвае званне па спадчыне.

У мінулым былі шырока распаўсюджаны дзіцячыя шлюбы. Выбар нявесты звычайна рабілі бацькі. У нашы дні часцей сустракаюцца шлюбы пасля 16 гадоў па ўзаемнай сімпатыі. Банджара арганізуюць вельмі маляўнічы вясельны абрад. Жаніх частуецца бетэлем. Маладыя абменьваюцца рытуальнымі падарункамі — кавалкамі варанага рысу, масла і цукру, пасля чаго сем разоў абыходзяць вакол сваякоў. Вяселле доўжыцца некалькі дзён. У першы дзень прынята без меры ўжываць алкагольныя напоі. Сем'і пашыраныя або нуклеарныя. На чале сям'і стаіць бацька.

Банджара знакаміты багатай традыцыйнай вопраткай жанчын, якая уключае спадніцу, доўгі лёгкі шалік, разнастайныя ўпрыгожванні з золата і срэбра. Маюць разнастайны фальклорказкі, легенды, песні, мужчынскія і жаночыя танцы, тэатральныя відовішчы, што суправаджаюцца традыцыйнай музыкай. Найбольш вядомае свята ўсіх банджара — Новы год угады, які святкуецца ў канцы сакавіка.

Рэлігія

правіць

Большасць банджара Індыі спавядаюць індуізм. Сярод іх шмат прыхільнікаў Лакшмі. Усе банджара Бангладэш і Пакістанамусульмане.

Зноскі

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць